Стрыечная сястра гішпанскага караля Філіпа VI, прынцэса Марыя Тэрэза, памерла ад каранавірусу. Ёй было 86 гадоў. Гэта першая ахвяра пандэміі COVID-19 сярод прадстаўнікоў манархавых родаў Эўропы.
Пра сьмерць Марыі Тэрэзы паведаміў яе малодшы брат, прынц Сікст Генрых Бурбон-Пармскі. Сям'я Пармскіх Бурбонаў — малодшая галіна гішпанскай каралеўскай сям'і.
Марыю Тэрэзу называлі «чырвонай прынцэсай» з-за прыхільнасьці ідэі «сацыялістычнай манархіі». Яна адначасова падтрымлівала манархісцкую партыю карлістаў і крытыкавала капіталізм. Пры гэтым яна лічыла, што замест клясавай барацьбы неабходны пастаянны пошук згоды. У яе не было дзяцей, яна ніколі не была замужам і жыла адна.
Каранавірусам інфікаваныя яшчэ двое прадстаўнікоў каралеўскіх сем’яў: нашчаднік брытанскага пасаду прынц Чарльз, старэйшы сын каралевы Вялікай Брытаніі Лізаветы II, а таксама князь Манака Альбэр II. У самога гішпанскага караля тэст нэгатыўны.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Гішпанія знаходзіцца на другім месцы ў сьвеце па колькасьці сьмерцяў ад каранавірусу. У краіне памерлі больш за 5 тысяч чалавек.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ