Як малявалі межы Беларусі. Частка VIII. Цэнтральную Беларусь разам зь Менскам гатовыя былі аддаць палякам. Як праходзілі тайныя перамовы ў 1920 годзе
Як малявалі
межы Беларусі.
Частка VIII
Цэнтральную Беларусь разам зь Менскам гатовыя былі аддаць палякам.
Як праходзілі тайныя перамовы ў 1920 годзе

1920 год мог быць пачаткам зусім іншай гісторыі Беларусі. На перамовах у Рызе Польшча прапаноўвала правесьці плебісцыт аб незалежнасьці Беларусі ў яе этнічных межах. А Расея пагаджалася перадаць Польшчы ня толькі Заходнюю, але і Цэнтральную Беларусь разам зь Менскам. Так БССР канчаткова зьнікла б з мапы сьвету.

Сёньня мы апавядаем пра малавядомыя факты рыхтаваньня Рыскага міру 18 сакавіка 1921 году, калі расейскія бальшавікі і палякі таргаваліся за беларускія землі і ўрэшце падзялілі Беларусь між сабой. Прычым, напрыклад, месца жыхарства цешчы аднаго з палітыкаў паўплывала на канчатковую савецка-польскую мяжу.

За два гады савецкай улады Беларуская савецкая рэспубліка зьменшылася ўтрая

У кастрычніку 1920 году Беларусь як дзяржава існавала толькі фармальна. Прайшло амаль два гады з таго часу, як у этнічных межах абвясьцілі Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку Беларусь. Геаграфічныя абрысы першай савецкай беларускай дзяржавы амаль цалкам супадалі зь межамі БНР. Але з таго часу ўсходнія губэрні разам зь Віцебскам, Гомлем, Магілёвам і Смаленскам забралі ў склад РСФСР. Літве перадалі паўночна-заходнюю Беларусь разам зь Вільняй, Горадняй, Лідай, Ашмяной і Браславам. Такім чынам толькі дэ-юрэ тэрыторыя Савецкай Беларусі за няпоўныя два гады скарацілася ўтрая.

Аднак так краіна выглядала толькі на мапе.

Мапа фармальнай БССР па стане на кастрычнік 1920 году
Мапа фармальнай БССР па стане на кастрычнік 1920 году

Папраўдзе Беларусь была яшчэ меншай. У першыя дні кастрычніка 1920 году роўна пасярэдзіне Беларусі спыніліся баі паміж паміж польскімі легіёнамі і Чырвонай арміяй. Ішоў другі год савецка-польскай вайны, асноўныя дзеяньні якой адбываліся на тэрыторыі Беларусі.

У гэты час у Рызе ідуць мірныя перамовы паміж палякамі і расейцамі. Яны абмяркоўваюць будучую савецка-польскую мяжу. Пры гэтым беларускую дэлегацыю да ўдзелу ў гэтых перамовах не дапусьцілі.


Два бальшавікі і два палякі, якія вырашылі лёс Беларусі

1 кастрычніка 1920 году, Рыга, палац Чарнагаловых. Позна ўвечары чацьвёра мужчын сярэдняга веку, у цёмных сурдутах і гальштуках, сабраліся ў невялікай залі на таемную сустрэчу. Хутка і без дыпляматычных цырымоніяў яны вырашылі, якім будзе савецка-польскі мір і дзяржаўныя межы ў выніку гэтага міру.

Кіраўнікі польскай і расейскай дэлегацый, якія вызначалі межы Беларусі ў 1920-1921 гадах. Адольф Ёфэ (зьлева) і Ян Домбскі
Кіраўнікі польскай і расейскай дэлегацый, якія вызначалі межы Беларусі ў 1920-1921 гадах. Адольф Ёфэ (зьлева) і Ян Домбскі

Менавіта гэтыя людзі вырашылі лёс міжваеннай Беларусі і правялі дзяржаўную мяжу, якая на наступныя 19 гадоў разрэзала Беларусь на дзьве часткі.

З аднаго боку стала сядзелі кіраўнік расейскай дэлегацыі, адзін з улюбёных дыпляматаў Леніна Адольф Ёфэ з сакратаром Іванам Лорэнцам. З другога – кіраўнік польскай дэлегацыі Ян Домбскі з сакратаром Аляксандрам Ладасем. Але яны тут толькі прадстаўлялі сваіх кіраўнікоў, з кім амаль штодня раіліся і атрымлівалі інструкцыі праз тэлеграф: Уладзіміра Леніна ды маршала Юзэфа Пілсудзкага.

Палац Чарнагаловых у Рызе, дзе праходзілі перамовы
Палац Чарнагаловых у Рызе, дзе праходзілі перамовы

Гадзіньнік на момант пачатку першай сустрэчы паказваў 22.10. Размова ішла на нямецкай мове, якою выдатна валодалі ўсе чацьвёра, бо атрымалі нямецкую або аўстрыйскую адукацыю.

Адольф Ёфэ (1883–1927) — нарадзіўся ў Сімферопалі ў сям’і купца-мільянэра. Вучыўся ў Бэрлінскім і Цюрыхаўскім унівэрсітэтах. Быў сярод ключавых фігураў савецкай дэлегацыі пры заключэньні Берасьцейскага міру, паводле якога бальшавіцкі ўрад пагадзіўся перадаць Нямеччыне захад Горадзенскай губэрні, а Ўкраіне – усё Палесьсе ад Берасьця да Гомля.

У студзені—лютым 1919-га кіраваў перадачай у склад РСФСР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губэрняў, якія былі часткамі абвешчанай Савецкай Беларусі.

У траўні 1920-га ўзначальваў расейскую дэлегацыю на мірных перамовах зь Літвой, у выніку якіх ад Беларусі адрэзалі паўночна-заходнія тэрыторыі ўключна з Горадняй, Лідай, Ашмяной.

Іоффе
photo

Ян Домбскі (1880–1931) — нарадзіўся ў ваколіцах Львова (на тэрыторыі тагачаснай Аўстра-Вугоршчыны), скончыў Львоўскі ўнівэрсытэт. Да Першай сусьветнай вайны працаваў парлямэнцкім карэспандэнтам газэты «Кур’ер Львоўскі» ў Вене. Адзін са стваральнікаў Польскай народнай партыі. У 1919–1931 гадах быў дэпутатам польскага Сэйму.

Пасьля падпісаньня Рыскага міру ў 1921 годзе кароткі час узначальваў МЗС Польшчы.

Палякі: давайце выведзем ўсе войскі з этнічнай тэрыторыі Беларусі і правядзем плебісцыт

На той час усё яшчэ быў шанец, што Беларусь можа застацца непадзеленай і нават незалежнай. Бо і палякі, і бальшавікі прызнавалі права нацыяў на самавызначэньне і выказваліся за незалежную Беларусь, якая выконвала б ролю буфэра паміж дзьвюма буйнымі варожымі дзяржавамі.

Юзэф Пілсудзкі падчас савецка-польскай вайны ў 1920 годзе
Юзэф Пілсудзкі падчас савецка-польскай вайны ў 1920 годзе

Аднак бачаньне «буфэру» ў кожнага было сваё. Для расейскіх бальшавікоў гэта былі марыянэткавыя савецкія рэспублікі пад поўным кантролем Масквы. Для Польшчы «буфэры» мелі сэнс толькі ў выпадку, калі б там не было расейскіх войскаў. Тут і ніжэй прыводзім урыўкі з успамінаў Яна Домбскага ў кнізе «Рыскі мір», выдадзенай у 1931 годзе ў Варшаве.

З успамінаў Домбскага:

Ёфэ: «Падобна, Польшча хоча стварэньня буфэрных дзяржаваў. Расея такія дзяржавы ўжо стварыла, і толькі такая форма іхнага існаваньня для Расеі прымальная…»

Ладась: (у адказ на пытаньне Ёфэ «Навошта Польшча імкнецца да значнага пашырэньня сваіх межаў на ўсходзе?»):

«Аднаго позірку на мапу дастаткова, навошта Польшча вымушана дамагацца пасоўваньня сваіх межаў. Дзяржава з насельніцтвам 30 мільёнаў чалавек ня можа пагадзіцца на тое, каб армія 130-мільённай дзяржавы знаходзілася ў такой блізкасьці ад яе сталіцы. Лінія Бугу – апошняя абаронная лінія перад Варшавай.

Для Польшчы магчымая толькі такая альтэрнатыва: альбо межы значна далей на ўсходзе, альбо – сапраўдная незалежнасьць Беларусі. У такім выпадку Польшча магла б патрабаваць вываду расейскай арміі на 25 вёрстаў не ад усходняй мяжы Польшчы, а ад усходняй мяжы Беларусі.»

Ёфэ: «З такога гледзішча мы гэтае пагадненьне не разглядалі. Беларусь павінна застацца ў расейскай сфэры ўплыву, паколькі мы маем абавязкі адносна яе грамадзтва і павінны бараніць яе ад вяртаньня польскіх паноў. Гэта – сацыяльнае пытаньне, бо селянін там – рускі, а ўласьнік зямлі – паляк. Шырэйшыя межы Польшчы не выглядалі б справядлівымі ў вачах міжнароднай супольнасьці.»

Ладась: «Разьвязаньне польскім бокам беларускага пытаньня было б успрынята ў сьвеце як найлепей. Расея сама прызнала несапраўдным акт падзелу Рэчы Паспалітай. Такім чынам, гэтая тэрыторыя належыць уласна да Польшчы, і формула разьвязаньня гэтай справы зь лёгкасьцю знайшлася б.»

Ёфэ у адказ рашуча заяўляе, што ягоныя паўнамоцтвы не дазваляюць яму далей рабіць саступкі ў гэтай справе

Ёфэ: «бальшавікам не да Беларусі, трэба заключыць мір за ўсякую цану»

А вось як пераказвае гэты ж фрагмэнт сакрэтных перамоваў, спасылаючыся на сваю гутарку зь Ёфэ, Аляксандар Чарвякоў. Ён як прадстаўнік ураду БССР быў у тыя дні ў Рызе і інфармаваў сваё менскае кіраўніцтва пра тое, як праходзяць перамовы. Але на самыя перамовы Чарвякова не дапусьцілі.

Зь ліста Чарвякова ад 3 кастрычніка 1920 году:

«…Дзеля самавызначэньня Беларусі неабходна, на думку польскага боку, вывесьці польскія войскі на 25 вёрстаў на захад ад заходняй мяжы Беларусі, а чырвоныя войскі на 25 вёрстаў на ўсход ад усходняй этнаграфічнай мяжы Беларусі (г. зн. уключна зь Віцебскай, Магілёўскай, Смаленскай губ.) – і правесьці плебісцыт. На гэта польскі бок гатовы, калі яго патрабаваньне аб межах ня будзе прынятае. Гэтае пытаньне пастаўлена ўльтыматыўна – ці плебісцыт ва ўсёй Беларусі, ці – ніякіх размоваў аб самавызначэньні народаў – і разьдзел Беларусі. (Пра гэта паседжаньне мне казаў Ёфэ).

На маё пытаньне, а якая ж пры гэтым роля самой Беларусі, ён адказаў, што для яго цяпер самае важнае пытаньне – становішча на фронце, і калі становішча на фронце настолькі дрэннае, то трэба заключыць мір, чаго б тое ні каштавала».

Аляксандар Чарвякоў, прадстаўнік беларускага ўраду ў Рызе, якога не дапусьцілі да перамоваў
Аляксандар Чарвякоў

Бальшавікі сьпяшаліся заключыць мір з Польшчай як найхутчэй. На гэта ў іх была свая прычына. У гэты самы час Чырвоная армія ваявала супраць белых на поўдні Расеі і ў Крыме. Каб уратаваць бальшавіцкі рэжым, Ленін мусіў перакінуць усе сілы на барацьбу зь белым генэралам Пятром Урангелем. А таму баявыя дзеяньні на савецка-польскім фронце трэба было скончыць.

Генэрал Урангель (па цэнтры). Дзеля барацьбы зь ім Ленін сьпяшаўся заключыць мір з Польшчай як найхутчэй
Генэрал Урангель (па цэнтры). Дзеля барацьбы зь ім Ленін сьпяшаўся заключыць мір з Польшчай як найхутчэй

Ленін, відавочна, разьлічваў, што лёс Рыскага міру будзе прыблізна такім жа, як і лёс Берасьцейскага міру зь Нямеччынай. То бок што мяжа будзе часовай, і як толькі бальшавікі ўзмоцняцца, яны рушаць на захад і захопяць Польшчу.

Ленін на пленуме ЦК РКП(б) 20 верасьня 1920 году пра перамовы з Польшчай:

«Цяпер нам застаецца толькі іх абдурыць, паколькі нашы ваенныя справы кепскія. Пастараемся купіць у іх перамір’е, хоць мала шанцаў, што яны на гэта пойдуць. За бліжэйшыя месяцы мы павінны за ўсякую цану скончыць з Урангелем. А калі мы зь ім скончым, на зьезьдзе Саветаў адрынем гэты мір і рушым усе сілы на Польшчу, калі будзе выгадна».

Палякі адмовіліся ад Меншчыны, бо гэта быў бы «іншанацыянальны кантон»

Вернемся на перамовы ў Рыгу. Усяго за адзін тыдзень бальшавікі пагадзіліся перанесьці савецка-польскую мяжу на 250 км на ўсход -- ад Горадні да Менску. Яшчэ 24 верасьня расейская дэлегацыя прапаноўвала разьмежаваньне, якое амаль супадала з сучаснай беларуска-польскай мяжой. Гэта лінія ад упадзеньня Сьвіслачы ў Нёман (25 км на паўднёвы ўсход ад Горадні) – Белавежа – Каменец.

photo
Кавалерыя Войска польскага падчас Бітвы над Нёманам у 1920 годзе

Кавалерыя Войска польскага падчас Бітвы над Нёманам у 1920 годзе


Але якраз у тыя дні працягвалася Нёманская апэрацыя, легіёны Пілсудзкага занялі Слонім, Баранавічы і Пінск і рухаліся далей на ўсход.

Зь ліста Чарвякова:

«…Польскі бок нават і думкі не дапускаў, што мяжа можа праходзіць празь Сьвіслач, Граева, Высока-Літоўск і г.д., як гэта прапанавана з расейскага боку. Мінімум ейных патрабаваньняў – гэта мяжа крыху на захад Менску так, каб лінія Баранавічы – Лунінец, Сарны адышлі да Польшчы (мяжа павінна прайсьці на ўсход ад былой нямецкай лініі акопаў)».

Для польскага боку на гэты момант было відавочна, што Масква ва ўмовах сваіх татальных няўдачаў на фронце пойдзе і на куды большыя саступкі. Чырвоная армія панічна ўцякала. Колькасьць дэзэртыраў вымяралася сотнямі тысяч.

2 кастрычніка польская дэлегацыя абмяркоўвала, якія новыя тэрыторыі запатрабаваць ад Масквы. Пасьля доўгіх дэбатаў пагадзіліся на лінію Лунінец – Вялейка – Дзісна да Дзьвіны.

Як піша Домбскі, бурную дыскусію выклікала пытаньне, ці ўключаць у склад Польшчы Менск. Думкі падзяліліся. Прадстаўнікі сацыялістаў Камянецкі і Васілеўскі былі за тое, каб забраць Менск разам з усімі шасьцю паветамі, што складалі тады БССР. Гэтую ідэю падтрымліваў і Домбскі. Адбылося галасаваньне. За ўключэньне Менску і Меншчыны прагаласавалі трое, супраць – шасьцёра. Адзін устрымаўся.

Удзельнік перамоваў Станіслаў Грабскі пазьней згадваў, што польская дэлегацыя вымушана была выбіраць, у якім кірунку пашыраць межы – на поўдні і ўсходзе, з далучэньнем Камянца-Падольскага і Менску, ці на поўначы, з далучэньнем Дзісны і Вялейкі. І ўрэшце аддалі перавагу пашырэньню межаў на поўначы, бо дзісенска-вялейскі калідор злучаў Польшчу з Латвіяй і адрываў Расею ад Літвы. Уключаць жа Менск і Меншчыну палякі не захацелі, каб не ствараць «іншанацыянальны кантон, сфэдэралізаваны з Польшчай».

Масква аддала ўсе беларускія тэрыторыі,
якія патрабавалі палякі

Кіраўнік польскай дэлегацыі Ян Домбскі зафіксаваў у сваіх успамінах, як бальшавіцкая дэлегацыя без аніякіх спрэчак аддала Польшчы ўсе тэрыторыі, якія прасілі палякі.

З успамінаў Домбскага пра сакрэтныя перамовы зь Ёфэ 2 кастрычніка 1920. 18.00:

Домбскі: Адразу назаву лінію, ад якой у кожным разе адступіцца ўжо не змагу. Тая лінія (разгортвае мапу і паказвае на ёй) павінна пралягаць больш-менш наступным чынам: Збруч – Роўна – Сарны – Лунінец -- на захад ад Менску – Дзісна і Вялейка да Дзьвіны. Натуральна, чыгунка павінна быць належным чынам забясьпечана.

Ёфэ просіць удакладніць гэтую лінію, а таксама праясьніць, што маецца на ўвазе пад забесьпячэньнем чыгункі Роўна – Сарны – Лунінец. Уяўляе сабе, што забесьпячэньне лініі складае 3-4 кілямэтры. Ці колькі?

Домбскі: Чыгунка Роўна – Сарны – Лунінец – Баранавічы павінна цалкам належаць Польшчы і быць забясьпечана паласой тэрыторыі прынамсі 30-40 кілямэтраў на ўсход… Далей на поўнач мяжа ішла б уздоўж мяжы паветаў Вялейка і Дзісна так, каб Польшча здабыла калідор і супольную мяжу з Латвіяй.

Кніга з успамінамі Яна Домбскага

Ёфэ просіць удакладніць, дзе больш-менш павінна пралягаць мяжа пад Менскам. Домбскі называе Койданава як прапанаваны памежны пункт. У адказ Ёфэ кажа, што для Расеі будзе вельмі цяжка прыняць гэтую прапанову Польшчы, што яму патрэбныя 2-3 дні, каб атрымаць адказ з Масквы.

Мапа фармальнай БССР па стане на кастрычнік 1920 году
Мапа фармальнай БССР па стане на кастрычнік 1920 году

У сапраўднасьці Масква пасьпешліва прыняла ўсе польскія прапановы і паслухмяна аддала ўсе тэрыторыі, якія запатрабаваў польскі бок, — толькі дзеля таго, каб як найхутчэй спыніць баявыя дзеяньні і сканцэнтравацца на барацьбе зь белымі на поўдні.

Чырвоныя дыпляматы не трымаліся ні за гарады, ні за вёскі. Падчас перамоваў адзін з польскіх дэлегатаў папрасіў пакінуць вёску на польскім баку, хоць яна мела адысьці да саветаў. Маўляў, там жыве любімая цешча. Савецкія дэлегаты тут жа пагадзіліся перарысаваць лінію мяжы так, каб і цешча, і ўся вёска апынуліся ў Польшчы. Пра гэта пісаў гісторык Анатоль Грыцкевіч у сваёй кнізе «Западный фронт РСФСР 1918–1920. Борьба между Россией и Польшей за Белоруссию».

«Далі шэсьць паветаў — дзякуй і за гэта»

Польскія вайскоўцы ў Менску 15 кастрычніка 1921 года
Польскія вайскоўцы ў Менску 15 кастрычніка 1921 года

Ужо 4 кастрычніка польскія прапановы разглядалі ў Маскве. Нягледзячы на пэўны супраціў, большасьць выказалася «за».

Праўда, дамову падпісалі больш як праз тыдзень — 12 кастрычніка. Падпісаньне адклалі на просьбу польскага генэральнага штабу, які хацеў часова захапіць Менск. Навошта яму гэта спатрэбілася? Выявілася, што польская вайсковая выведка, адступаючы зь Менску ў ліпені 1920 году, забыла ў тайніку архівы са сьпісамі сваёй агентурнай сеткі ў бальшавіцкай Расеі. Менск палякі сапраўды захапілі — на два дні, 15–17 кастрычніка. І гэта было зроблена ўжо пасьля падпісаньня мірнай дамовы!

Апошняя старонка Рыскай дамовы зь пячаткамі і подпісамі
Апошняя старонка Рыскай дамовы зь пячаткамі і подпісамі

Канчатковы мір паміж Польшчай і савецкай Расеяй быў падпісаны толькі празь пяць месяцаў — 18 сакавіка 1921 году. Але ніякіх прынцыповых зьменаў за гэты час не адбылося. Беларусь засталася падзеленай так жа, як гэта вырашылі ў Рызе падчас сваіх таемных сустрэчаў Ёфэ і Домбскі на пачатку кастрычніка 1920-га.

У выніку мапа савецкай Беларусі на 12 кастрычніка 1920 года ўяўляла сабой абрубак колішняй Менскай губэрні — 52,3 тыс. кв км. Гэта ў 6 разоў меней за Савецкую Беларусь узору 1919 году і ў чатыры разы меней за цяперашняю тэрыторыю Рэспублікі Беларусі. Пад Ракавам пачыналася Польшча, за Барысавам — савецкая Расея.

Беларуская карыкатура на Рыскі мір, 1921 г
Беларуская карыкатура на Рыскі мір, 1921 г

«Далі шэсьць паветаў — дзякуй і за гэта», — з горкай іроніяй напісаў тады Янка Купала.

Тым ня менш тое, што гэтае маленнечкае марыянэткавае ўтварэньне захавалася, што яно ня зьнікла з мапы падчас савецка-польскай вайны і наступнага гандлю паміж Масквой і Варшавай за тэрыторыі (а зьнікнуць магло!) — пакідала наступным пакаленьням беларусаў шанец, што для Беларусі яшчэ надыдуць іншыя часы і мапа яе будзе зусім іншай.

Пра праект:

Быў час, калі Беларусь мела ў сваім складзе Беласток і Друскенікі, але быў і такі, калі за яе межамі апынуліся Гомель і Магілёў. Калі б кола гісторыі павярнулася крыху інакш, у межах Беларусі сёньня маглі б быць Вільня і Смаленск. Але яно магло павярнуцца і ў другі бок — і існавала зусім рэальная небясьпека, што Берасьце, Полацак і Пінск апынуцца ў складзе суседніх дзяржаў. 20-я, 30-я, 40-я гады мінулага стагодзьдзя былі вызначальнымі для сёньняшніх абрысаў Беларусі. Адны правадыры і партыйныя функцыянэры беларускую тэрыторыю пашыралі, другія, наадварот, адрэзвалі альбо спрабавалі адрэзаць цэлыя раёны і вобласьці. Як і чаму гэта адбывалася — распавядаем у праекце пра межы Беларусі.