Спартовыя мерапрыемствы з удзелам дзяцей і падлеткаў спыняюць да 20 красавіка
Міністэрства спорту рэкамэндавала спыніць спартовыя мерапрыемствы з удзелам дзяцей і падлеткаў.
Таксама да 20 красавіка рэкамэндуюць не праводзіць спартова-масавыя мерапрыемствы.
Разам з тым, працягнуцца футбольны, хакейны і гандбольны чэмпіянаты. Рэкамэндуецца выконваць эпідэміялягічныя і санітарныя захады падчас іх правядзеньня.
У мэдунівэрсытэце пра перавод на дыстанцыйнае навучаньне: «пытаньне прапрацоўваецца»
У рэктараце менскага мэдыцынскага ўнівэрсытэту сказалі, што пытаньне пра перавод студэнтаў на дыстанцыйнае навучаньне «прапрацоўваецца».
«Пакуль на гэты конт нічога вам не магу сказаць, пакуль пытаньне прапрацоўваецца. Пакуль мы вырашаем іншыя пытаньні», — сказала карэспандэнту Свабоды першы прарэктар Ірына Мароз.
У Тэлеграм-каналах паведамляецца, што з панядзелка БДМУ на два тыдні пераводзяць на дыстанцыйнае навучаньне, а 10-ы інтэрнат, адкуль забралі хворага, зьбіраюцца закрыць на карантын.
Улады Расеі спынілі вываз сваіх грамадзянаў з-за мяжы
Гэтак робяць, каб абараніць здароўе грамадзян і абмежаваць увоз хваробы з-за мяжы, заявіў апэратыўны штаб ураду Расеі ў барацьбе з каранавірусам. Усяго за мяжой застаюцца ад 25 да 35 тысяч расейцаў
Праз каранавірус з турмаў Францыі вызвалілі тысячы зьняволеных
У Францыі праз эпідэмію каранавірусу з турмаў вызвалілі больш як 6 тысяч чалавек. Міністэрства юстыцыі ініцыявала датэрміновае вызваленьне хворых і тых, у каго неўзабаве скончыцца тэрмін пакараньня.
Каранавірус у Берасьці: захварэла студэнтка з Віцебску
У студэнткі, якая ляжала ў Цэнтральнай гарадзкой бальніцы Берасьця, знайшлі каранавірус. Уначы яе перавезьлі ў інфэкцыйнае аддзяленьне Берасьцейскай абласной клінічнай бальніцы, паведамляе tut.by.
Дагэтуль дзяўчына праляжала тры дні з падазрэньнем на пнэўманію ў Цэнтральнай гарадзкой бальніцы ў палаце, дзе разам зь ёй было пяць чалавек.
«Разам са мной усю палату шпіталізавалі, усіх сваякоў», — сказала яна. Паводле галоўнага лекара ЦГБ Алега Вялічкі «усе кантакты першага ўзроўню перавялі ў інфэкцыйную бальніцу».
Дзяўчына вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным мэдыцынскім унівэрсытэце.
Пасьля пераходу ВНУ на дыстанцыйнае навучаньне яна прыехала ў Берасьце.
Будзь здаровы як тур! Карысныя выразы пра здароўе
Здароўе — абсалютная каштоўнасьць для беларускае мовы. Этымолягі ўглядаюць у ім корань дрэва/дзерава — гатовы магічны эпітэт-параўнаньне у адным слове.
- Здаровага чалавека параўноўваюць ня толькі з быком і дубам, але і зь мітычным турам.
- Стрыжань беларускага традыцыйнага этыкету — зычэньні здароўя. Яны і ў вітаньнях (здароў быў!), і ў разьвітаньнях, і ў падзяках.
- Здароўе — лідэр першай тройкі народных каштоўнасьцяў у сьвяточных зычэньнях і тостах.
- Маем запамінальныя дзеясловы для апісаньня паправунку — адужаць, паправіцца, акрыяць, ачуняць.
«Бяз слова «карантын». Мінкультуры не падтрымала патрабаваньне актораў закрыць тэатры падчас пандэміі
Міністэрства культуры не падтрымала патрабаваньне аб «неадкладным закрыцьці на карантын тэатраў Беларусі». Пэтыцыя зьявілася неўзабаве пасьля таго, як стала вядома пра сьмерць актора віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа Віктара Дашкевіча. Яе падпісалі больш за 860 чалавек.
- У адказе на зварот актораў Мінкультуры ніводнага разу не ўжыла слова «карантын». Урадоўцы адпісалі, што «работа тэатральна-відовішчных арганізацыяў у пэрыяд пандэміі каранавірусу арганізаваная згодна з рэкамэндацыямі Міністэрства аховы здароўя».
- Адзін з аўтараў пэтыцыі актор і рэжысэр Магілёўскага драматычнага тэатру Уладзімер Пятровіч адказ зь Міністэрства культуры называе адпіскай.
На Магілёўшчыне прызнаныя 4 выпадкі захворваньня на каранавірус
Як паведамляе Тэлерадыёкампанія «Магілёў» са спасылкай на галоўнага санітарнага ўрача Магілёўскай вобласьці Сьвятланы Нячай у рэгіёне зарэгістраваныя 3 пацьверджаныя выпадкі COVID-19. Вірус выяўлены ў двух працоўных эмігрантаў, якія прыехалі з Масквы. Гэта жыхары Бабруйску і суседняга зь ім райцэнтру Кіраўску.
Яшчэ адзін пацыент з каранавірусам – у Магілёве. Гэта мясцовы мэдык, які праходзіў навучаньне ў Віцебску. Усе кантакты 1 узроўню далі адмоўныя вынікі. Раней пра пацьверджаны выпадак каранавіруснай інфэкцыі ў Бабруйску паведаміла мясцовае радыё «Зефір-ФМ» са спасылкай на намесьніка галоўнага ўрача Бабруйскай цэнтральнай бальніцы Аксану Крупеніч.
Мацкевіч пра рэакцыі на сьмерці праз COVID-19: «Кіраўнік дзяржавы — чалавек невялікай культуры, бяз густу і шляхетнасьці»
- Кіраўнік дзяржавы — майстра знаходзіць вінаватых, і тлумачыць, што нешта адбылося, таму, што яго не слухалі — у лазьню не хадзілі, не забівалі вірус гарачынёй, і ў хакей не гулялі, вірус не замарозілі
- Няма даверу да афіцыйных зьвестак, няма і рэальных падставаў сумнявацца
- Павольны распаўсюд каранавірусу ў нашай краіне дае час падрыхтавацца
- Давайце зачынім неінфікаваных па хатам, каб не хадзілі на працу, вучобу, у кавярні і на танцулькі! Але хто будзе займацца жыцьцезабесьпячэньнем гэтых хатаў электрычнасьцю, цяплом, вывозіць сьмецьце?
- Тэндэнцыя «больш сацыялізму», калі ня стане дамінуючай, дык можа вельмі ўзмацніцца. Яна ўзмоцніцца максымай «найперш бясьпека, а потым свабода».
- Нават калі пагроза ня мае высокай імавернасьці, місія інтэлектуала вымушае яе перабольшваць гэтую імавернасьць
- Чалавецтва ня мае той салідарнасьці, якую можа адрадзіць.
У Беларусі 440 выпадкаў COVID-19
Як паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале, у Беларусі па стане на 4 красавіка на стацыянарным лячэньні з каранавіруснай інфэкцыяй знаходзіцца 394 чалавекі.
Як піша «Официальный Минздрав», у часткі пацыентаў захворваньне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме. Пасьля праходжаньня лячэньня выздаравеў 41 чалавек. Зарэгістравана 5 выпадкаў сьмерці пацыентаў, у якіх шматлікія хранічныя захворваньні былі абцяжараныя каранавіруснай інфэкцыяй, паведамляецца ў тэлеграм-канале міністэрства.
Ці набліжаемся мы да вакцыны ці леку супраць COVID-19?
Як ідзе распрацоўка супрацьядзьдзя? Ці могуць існыя прэпараты лячыць каранавірус? Адказы ТУТ.
Віцебскі шпіталь плянуе закупіць 50 мяшкоў для трупаў
Віцебскі абласны клінічны шпіталь мае патрэбу ў пакетах для целаў нябожчыкаў. Заяўка зьявілася на сайце дзяржаўных закупак 4 красавіка.
Як вынікае з заяўкі, шпіталю патрэбныя 50 гермэтычных плястыкавых пакетаў для ўпакоўкі трупаў. На гэта зь бюджэту гатовыя выдаткаваць 1400 рублёў. Паставіць пакеты патрэбна на наступным тыдні з 6 да 10 красавіка. Прыняць удзел у тэндэры можна было цягам некалькіх гадзінаў — да 16:00 4 красавіка.
«А як можна жыць са 135 кіляграмамі вагі?» Сын памерлага ад COVID-19 пэнсіянэра адказаў уладам
Сын Уладзімера Сідарава, вайсковага пэнсіянэра, які памёр у Віцебску 2 красавіка, адказаў на камэнтары з нагоды сьмерці яго бацькі кіраўніка вобласьці Мікалая Шарстнёва і кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў сьмерць Уладзімера Сідарава наступным чынам: «Шарстнёў учора мне далажыў, апошні выпадак у яго быў. Пытаюся: „Ну чаму гэты ў цябе памёр?“ А ён кажа: „Аляксандр Рыгоравіч, а як можна жыць са 135 кг вагі?“ Сэрца амаль не працуе, гэта не працуе, гэта баліць, то баліць, букет хваробаў. І вірус атакуе слабых, у якіх няма імунітэту, ну і яму за 70 гадоў было».
У Кітаі прайшоў агульнанацыянальны Дзень жалобы па загінулых ад COVID-19
У Кітаі, дзе пік цяперашняй эпідэміі, мяркуючы па афіцыйнай інфармацыі, пройдзены, 4 красавіка прайшоў агульнанацыянальны дзень жалобы па тысячах загінулых. Па афіцыйна абвешчаных зьвестках, заразіліся новым карпнавірусам 82 500 чалавек, 3 300 зь іх памерлі. Астатнія краіны, дзе пандэмія працягвае пашырацца, рыхтуюцца да новых чалавечым стратаў і эканамічных узрушэньняў, паведамляюць заходнія інфармацыйныя агенцтвы.
Школьныя вакацыі падоўжылі на 6 дзён
Як паведаміла Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, тэрміны вясновых канікул працягваецца на 6 дзён з 6 па 11 красавіка ўключна.
«Адукацыйны працэс у чацьвёртай чвэрці будзе ажыцьцяўляцца з 13 красавіка па 30 траўня», паведамляе міністэрства адукацыі.
Як паведамляе БелТА, міністар адукацыі Ігар Карпенка далажыў Аляксандру Лукашэнку аб сытуацыі, сабраўшы папярэдне думкі і звароты бацькоў вучняў.
Лукашэнка сёньня ізноў гуляў у хакей
Як паведамляе выданьне Трыбуна, сёньня пачалася фінальная сэрыя рэспубліканскага хакейнага турніру аматараў, у якой каманда Менскай вобласьці гуляла супраць каманды прэзыдэнта Лукашэнкі. У тых, хто на трыбунах хацеў захаваць сацыяльную дыстанцыю, наўрад ці гэта атрымалася. На матч, піша Трыбуна, у разгар рабочай суботы паглядзець хакей прыйшоў нават міністар спорту Сяргей Кавальчук.
У пятніцу Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз паўтарыў, што забараняць масавыя мерапрыемствы не зьбіраецца: «Нікога не заганяюць. Проста прапануем: калі хочаце, калі ласка, прыходзьце. Не, значыць, не» — падкрэсьліў Лукашэнка. Наступны матч сэрыі заплянаваны на 11 красавіка.
Лукашэнка і рэальнасьць: слабым тут ня месца
Ці абураюць людзей выказваньні Лукашэнкі пра вагу памерлага ад вірусу і ягонае замілаваньне козачкамі? Ці страціў ён сувязь з рэальнасьцю? Ці сапраўды Беларусь падчас эпідэміі «не такая, як усе»? Як зьвязаныя пандэмія і выбарчая кампанія?Абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.