Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

11:00 2.4.2020

У ЗША больш за 80% насельніцтва застаецца дома, каб спыніць распаўсюд COVID-19

З 1 красавіка чатыры штаты ЗША далучыліся да больш як 30, дзе ўлады загадалі жыхарам застацца дома, каб утаймаваць пандэмію COVID-19. Больш за 5 тысяч чалавек ужо сталі ахвярамі каранавіруснай інфэкцыі ў ЗША.

Губэрнатары Флорыды, Джорджыі, Місісіпі і Нэвады таксама патрабуюць, каб жыхары абмежавалі ўезд і выезд і пакідалі месца жыхарства толькі дзеля таго, каб купіць ежу

ці лекі. У цяперашні час гэтай палітыкай кіруюцца 39 штатаў і акруга Калюмбія, дзе пражывае больш за 80% насельніцтва ЗША.

Колькасьць памерлых ад COVID-19 у ЗША па-ранейшаму ніжэйшая, чым у Італіі, дзе ад каранавіруснай інфэкцыі загінулі 13 155 чалавек, а таксама ў Гішпаніі, дзе загінулі 9 387. Але Злучаныя Штаты на першым месцы ў колькасьці заражаных — такіх выпадкаў у краіне амаль 217 тысяч, як сьведчаць зьвесткі з Унівэрсытэту Джона Гопкінса.

Амэрыканскія мэдыцынскія экспэрты прагназуюць, што ад 100 000 да 240 000 чалавек у ЗША могуць памерці, нават калі будуць выконвацца карантынныя абмежаваньні адносна захворваньня на COVID-19, выкліканыя каранавірусам.

11:36 2.4.2020

Праваслаўны мітрапаліт Павел абляціць межы Беларусі з малітвамі аб спыненьні пандэміі

2 красавіка з 9 да 12 гадзін адбудзецца аблёт дзяржаўных межаў Беларусі з галоўнымі сьвятынямі — шанаванымі копіямі іконы Божай Маці Жыровіцкай і Крыжа Эўфрасіньні Полацкай, а таксама крыжам-машчавіком, з малітвай аб спыненьні распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі. Мітрапаліт Павел напярэдадні разаслаў ліст усім начальнікам эпархій, каб яны паведамілі сьвятарам і прыхаджанам і далучыліся да дзеі ва ўсіх храмах сваімі ўзмоцненымі малітвамі аб спыненьні сьмяротнай пошасьці.

11:41 2.4.2020

АПТЭЧКА. 22 НОВЫЯ АДКАЗЫ ПРА КАРАНАВІРУС

ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Пандэмія каранавірусу ахапіла ўсе кантынэнты і ўжо забрала дзясяткі тысячаў жыцьцяў. Як засьцерагчыся ад хваробы, як быць з працай, як захаваць спакой і раўнавагу. Вось адказы на многія пытаньні, што ўзьнікаюць падчас пандэміі. Гэтая інфармацыйная база будзе ўвесь час дапаўняцца.​ Чытайце па спасылцы >>

11:42 2.4.2020

Урад Беларусі заплянаваў падтрымку эканомікі ва ўмовах пандэміі на 110 млн рублёў

У Беларусі на падтрымку эканомікі з прычыны пандэміі каранавірусу плянуецца накіраваць каля 110 млн беларускіх рублёў, паведаміў 2 красавіка прэм'ер-міністар Сяргей Румас. Праект гэтай праграмы ўраду быў зацьверджаны на паседжаньні Саўміну 31 сакавіка і накіраваны на зацьвярджэньне Аляксандру Лукашэнку.

11:43 2.4.2020

Андрэйчанка заявіў, што сытуацыя з каранавірусам у Беларусі пад кантролем

«Своечасовае прыняцьце дзяржавай дакладных прэвэнтыўных захадаў дазволіла ўзяць сітуацыю пад кантроль. Вельмі важна, што грамадзяне з разуменьнем ставяцца да таго, што адбываецца, захоўваюць спакой і вытрымку, але самай глыбокай удзячнасьці заслугоўваюць нашы лекары за прафэсіяналізм, мужнасьць і самаадданасьць, якую яны праяўляюць, выконваючы сваю высакародную місію», — сказаў Уладзімер Андрэйчанка на адкрыцьці сэсіі Палаты прадстаўнікоў.

11:49 2.4.2020

215 інфікаваных каранавірусам. Разгадку «рэбусу Мінздароўя» пацьвердзілі Nexta і крыніцы Tut.by

Міністэрства аховы здароўя перастала публікаваць агульную колькасьць інфікаваных новым каранавірусам у Беларусі. Але яны ёсьць у дакумэнце ад Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, які апублікаваў Telegram-канал Nexta, і сапраўднасьць лічбаў пацьвердзілі некалькі крыніцаў Tut.by.

У дакумэнце МНС, які публікуе Nexta, на 1 красавіка і раніцу 2 красавіка лічбы такія:

  • 215 выпадкаў заражэньня COVID-19 па ўсёй краіне;
  • у іх ліку 102 у Менску;
  • 66 у Віцебскай вобласьці;
  • 33 у Менскай вобласьці;
  • 9 у Гомельскай вобласьці;
  • 4 у Горадзенскай вобласьці;
  • 1 у Магілёўскай вобласьці;
  • 53 чалавекі ачунялі;
  • 1 памёр.
11:51 2.4.2020

Як Захад змагаецца зь «віруснай» прапагандай аўтарытарных рэжымаў

Нямецкі фонд Маршала ў ЗША прадставіў экспэртам у Вашынгтоне інфармацыйна-дасьледчы партал Hamilton 2.0 dashboard («Панэль кіраваньня Гамільтана 2.0»).

Аналіз, зроблены з дапамогай гэтага партала, напрыклад, паказвае, што ў апошні час афіцыйны Кітай стаў значна больш агрэсіўны ў сацыяльных сетках. Гэта збольшага зьвязана з інфармацыйнай хваляй, распачатай афіцыйным прадстаўніком кітайскага МЗС Чжао Ліцьзянем, які заявіў у сярэдзіне сакавіка, што каранавірус мог быць завезены ў ачаг заражэньня — Ухань у кітайскай правінцыі Хубэй — у кастрычніку 2019 года вайскоўцамі з ЗША. Цалкам чытайце па спасылцы >>

11:53 2.4.2020

«У нас вялікі рост». Як працуе дастаўка ежы ў час каранавірусу. ВІДЭА

Як выглядае праца кур'ераў службы дастаўкі ежы, якія зьмены адбываюцца ў сэктары грамадзкага харчаваньня і якія ўстановы нясуць найвялікшыя страты ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Пра гэта Свабодзе расказала дырэктар службы дастаўкі ежы Menu.by Ануш Нэрсісян, а таксама адзін з кур'ераў гэтага бізнэсу.

12:12 2.4.2020

СOVID-19 у Чэхіі: там, дзе ёсьць інфармацыя, няма панікі

Міністэрства аховы здароўя абнаўляе інфармацыю тры разы на дзень: 8:30, 18:30, 0:30. Па краіне і па рэгіёнах. Па ўзроставых катэгорыях. Па полу (мужчыны-жанчыны). Штодня, часам і некалькі разоў на дзень, праходзіць урадавая прэс-канфэрэнцыя з жывой трансьляцыяй па агульнанацыянальным тэлебачаньні.

Інфармацыя па гэтай краіне можа быць паказальнай, таму што насельніцтва Чэхіі параўнальнае зь беларускім — 10 мільёнаў. Ад 12 сакавіка ў краіне абвешчана крызіснае становішча, фактычна абмежаваны карантын.

Асабліва ўважліва адсочваецца адзін паказчык: працэнт пазытыўных тэстаў з агульнай колькасьці пратэставаных пацыентаў. Чэскі эпідэміёляг Раман Прымула назваў актуальную лічбу 6,1 працэнта, паводле яго гэта «лічба надзеі» (то бок са 100 тэстаў прыблізна 6 даюць станоўчы вынік). У Італіі гэта лічба для параўнаньня складае 20 працэнтаў.

Чытаць падрабязна >>

12:44 2.4.2020

Прэзыдэнт Філіпінаў загадаў «страляць насьмерць» у носьбітаў каранавірусу, калі яны будуць супраціўляцца

Прэзыдэнт Філіпінаў Радрыга Дутэртэ заявіў, што загадвае паліцыі і арміі «страляць насьмерць» у заражаных каранавірусам, калі тыя будуць супраціўляцца і пагражаць жыцьцям сілавікоў.

«Мой загад паліцыі і арміі: калі ёсьць нейкія праблемы і калі здарыцца так, што яны

ўчыняць супраціў і вашы жыцьці будуць ў небясьпецы — страляйце на паразу, насьмерць. Гэта зразумела? Насьмерць», — сказаў Дутэртэ, выступаючы з тэлезваротам да нацыі.

Ён растлумачыў, што гэта тычыцца і тых, хто быў адпраўлены ў карантын, але не жадае яго выконваць.

У прэс-службе прэзыдэнта заявілі, што ў прамове палітыка былі скарыстаныя «гіпэрбалы», каб прыцягнуць увагу людзей да таго, што ён кажа. А кіраўнік нацыянальнай паліцыі сказаў, што прэзыдэнт у сваёй прамове «прадэманстраваў сур’ёзнасьць сваіх словаў у тым, што тычыцца грамадзкага парадку», і запэўніў, што сілавікі ні ў кога страляць ня будуць.

13:28 2.4.2020

Шэньчжэнь стаў першым горадам у Кітаі, дзе забаранілі есьці сабак і катоў

Шэньчжэнь стаў першым горадам на тэрыторыі мацерыковага Кітаю, які ўвёў забарону на ўжываньне ў ежы мяса сабак і катоў. Адпаведны закон уступіць у сілу 1 траўня, паведамляе ВВС.

24 лютага Нацыянальны народны кангрэс Кітаю выдаў распараджэньне аб забароне есьці мяса дзікіх жывёл і далейшым абмежаваньні гандлю дзікімі жывёламі па ўсёй краіне. Гэтая забарона зьявілася як рэакцыя на каранавірусную інфэкцыю.

Чытаць цалкам.

14:23 2.4.2020

Заўзятары 9 беларускіх футбольных клюбаў заклікалі да самаізаляцыі

Заўзятары 9 беларускіх футбольных клюбаў — «Нёман», «Шахтар», БАТЭ, «Белшына», менскага і берасьцейскага «Дынама», «Віцебск», «Тарпеда-БелАЗ», «Слуцак» — падтрымалі акцыю самаізаляцыі і ня будуць актыўна падтрымліваць свае каманды з прычыны пандэміі каранавірусу, паведамляе спартовы сайт Tribuna.com.

Усяго ў найвышэйшай футбольнай лізе 16 камандаў.

14:26 2.4.2020

«Каранапсыхоз, інфадэмія», «хочуць без вайны перадзяліць сьвет», — Лукашэнка пра каранавірус

Аляксандар Лукашэнка 2 красавіка ў інтэрвію тэлекампаніі «Мир» стаў разважаць пра сьвет пасьля пандэміі каранавірусу. Паводле яго, «глябальныя гульцы» могуць выкарыстаць сусьветны крызіс «у сваіх мэтах».

«А ці не здаецца, што моцныя гэтага сьвету без вайны, Макрон гэта ўжо вайной назваў, праз гэты так званы каранавірусны псыхоз, інфадэмію ў тым ліку, хочуць перадзяліць сьвет?» — спытаў Лукашэнка.

На думку Лукашэнкі, прапанова ААН накіраваць эквівалент 10% валавага ўнутранага прадукту краінаў сьвету на барацьбу з COVID-19 гэта «пустыя грошы» — ён лічыць, што гэтыя грошы нібыта хочуць проста «надрукаваць», а гэта выкліча інфляцыю.

«Нас штурхнулі да таго, што мы павінны спыніцца, сядзець і праесьці тыя бедныя валютныя запасы, якія ў нас ёсьць» — кажа Лукашэнка. Цалкам чытайце тут>>

14:28 2.4.2020

Дэпутаты абмяркоўваюць адміністрацыйную адказнасьць за ўтойваньне інфармацыі пра стан свайго здароўя

Сёньня адбываецца першае паседжаньне другой сэсіі ў Палаце прадстаўнікоў.

На ўваходзе ўсім мералі тэмпэратуру, але дэпутаты прыйшлі бяз масак.

Рэпартаж Свабоды чытайце па спасылцы >>

14:31 2.4.2020

Кіраўніцтва Праваслаўнай царквы абляцела Беларусь на самалёце бізнэс-клясы, які каштуе $5 млн. Схема маршруту

Паводле дадзеных сайту flightradar, мітрапаліт Павел скарыстаўся паслугамі беларускай кампаніі BySky, у якой можна арэндаваць лёгкія аднаматорныя самалёты бізнэс-авіяцыі. Згодна з дадзенымі сайту, аблёт межаў Беларусі адбываўся на самалёце швайцарскай маркі Pilatus (мадэль PC-12/47E, кошт каля 5 мільёнаў даляраў). У кампаніі Свабодзе адмовіліся пракамэнтаваць факт аблёту іх самалётам межаў краіны, а таксама магчымы кошт такога маршруту.

З дадзеных flightradar24 вынікае, што мітрапаліт абляцеў усе абласныя цэнтры, сярэдняя вышыня палёту склала прыкладна 3,5 км. Частка тэрыторыі краіны (Ашмянскі, Астравецкі і Смаргонскі раёны, напрыклад) засталася па-за маршрутам.

14:33 2.4.2020

Чарга ў аптэку ў Менску. ФАТАФАКТ

Аптэка на Лагойскім тракце, 15 у Менску. Унутры - некалькі чалавек. Рэшта пакупнікоў выстраіліся на сацыяльна бясьпечнай дыстанцыі. Фота чытача Свабоды.

14:46 2.4.2020

Колькасьць памерлых ад каранавірусу ў ЗША перавысіла 1000 за дзень

Што ўдвая перавышае гэты паказьнік для дзьвюх самых сьмяротна небясьпечных хваробаў у Амэрыцы — раку лёгкіх і грыпу. Паведамляецца пра 1040 памерлых. Дасьледнікі дапускаюць, што гэты паказьнік вырасьце да сярэдзіны месяца ўдвая.

15:29 2.4.2020

Лукашэнка заявіў пра чатырох памерлых з каранавірусам

Аляксандар Лукашэнка расказаў, што яму паведамляюць пра кожную сьмерць ад пнэўманіі, піша газэта «Звязда». Раней у Беларусі было вядома пра тры выпадкі сьмерці хворых з каранавірусам.

«Іх чацьвёра ўсяго, памерлых ад пнэўманіі, дзе ўскладненьні даў каранавірус, — праінфармаваў ён. — Любы вірус ускладніць хранічныя захворваньні, і навошта "гвалтам" крычаць? Што атрымалася, быццам мы тваім нешта хаваем. Сьмерць чалавека ніколі не схаваеш, таму што кожны родны атрымоўвае даведку ў ЗАГСе».

Паводле Лукашэнкі, «па чацьвёртаму зараз яшчэ ўдакладняюць, ці быў у яго каранавірус».

15:31 2.4.2020

Доктар-беларус працаваў з каранавірусам у Гішпаніі і сам захварэў. Што ён раіць беларусам

Беларус Аляксей Носаў працуе лекарам у адным са шпіталёў гішпанскай Валенсіі, дзе цяпер віруе каранавірус. Калі 29 сакавіка Носаў выйшаў на працу, зразумеў, што не адчувае пахаў. Здаў аналіз на каранавірус і пайшоў дадому. Праз два дні прыйшоў станоўчы вынік.

Свабода пагутарыла з Аляксеем пра тое, што адбываецца ў гішпанскіх шпіталях і як гэта — захварэць на каранавірус, калі ты толькі што ратаваў ад яго людзей. Інтэрвію з Аляксеем Носавым чытайце тут>>

15:34 2.4.2020

Грэцкая праваслаўная царква перанесла сьвяткаваньне Вялікадня

Сынод Эладзкай (Грэцкай) праваслаўнай царквы 1 красавіка прыняў рашэньне аб тым, што ўрачыстая начная велікодная служба, з увагі на эпідэмію каранавірусу, адбудзецца ў канцы траўня. Паводле новаюліянскага календара, якога прытрымліваецца Эладзкая праваслаўная царква, сёлета Вялікдзень у Грэцыі прыпадае на 19 красавіка. Падрабязнасьці тут >>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG