10 фантастычных гарадоў, якія варта наведаць гэтай вясной
Жыхары Злучаных Гарадоў Амэрыкі амаль не высоўваюцца з сваіх дамоў, а між паселішчамі ходзяць толькі рэдкія кур’еры. Сайлент-Хіл накрыла туманамі. Палякі пакуль не адкрылі футурыстычны Найт-Сіці. Якія гарады тады наведаць гэтай вясной?
Першакрасавіцкі трэвэл-гайд Свабоды — па віртуальных гарадах зь відэагульняў.
Чытачы Свабоды: на карантын адпраўляюць бюджэтнікаў, чые сваякі працуюць дальнабойнікамі. Улады зьняпраўжваюць
Як паведамілі Свабодзе некалькі чалавек з Горадзенскай вобласьці, з аддзелаў адукацыі прыйшоў вусны загад пайсьці ў плянавы водпуск усім супрацоўнікам, чые сваякі працуюць дальнабойнікамі.
«Пад пагрозай звальненьня», — расказала Свабодзе адна выхавальніца.
Пасьля тэрміновай нарады 31 сакавіка ў аддзеле адукацыі прыйшоў загад адправіць у адпачынак усіх пэнсіянэраў. А таксама абавязалі пайсьці ў карантын супрацоўнікаў школ і дзіцячых садкоў, чые сваякі працуюць кіроўцамі і езьдзяць за мяжу. Пісьмовага загаду, аднак, няма. Гэта вуснае распараджэньне.
«Муж, такім чынам, мусіць працаваць, не заяжджаючы дадому, альбо яму трэба звольніцца, каб не выяжджаць за мяжу», — сказала выхавальніца.
Яшчэ адзін захад — не пускаць на тэрыторыю садкоў бацькоў, якія працуюць дальнабойнікамі.
Пры гэтым Міністэрства адукацыі афіцыйна не абвяшчала карантыну. На антысэптыкі і маскі грошы не выдзяляюцца. Іх выхавальнікі купляюць за небюджэтныя грошы — тыя, што яны зарабілі за кошт платных паслуг.
«Толькі антысэптыку на адзін садок трэба ад 30 да 100 літраў на месяц, — кажа выхавальніца. — А гэта 600-2000 рублёў. Ніхто нам гэтых грошай не дае».
У Міністэрстве адукацыі Свабодзе паведамілі, што такіх рэкамэндацый з боку міністэрства не было. У галоўным упраўленьні адукацыі Горадзенскага аблвыканкаму таксама сказалі, што рэкамэндацый накіроўваць на карантын настаўнікаў і іншых супрацоўнікаў школ, чые сваякі працуюць дальнабойнікамі, не было.
«Большасьць сьмяротных выпадкаў праз каранавірус — у пацыентаў з цукровым дыябэтам» — намесьнік міністра аховы здароўя Ўкраіны
«Гэта ня значыць, што ва ўсіх 17 выпадках захворваньне на каранавірус прывяло да сьмерці. Праводзіцца аналіз. Вывучаючы кожны выпадак, мы адсочваем выпадкі сьмерці праз іншыя прычыны, таму ў хуткім часе на афіцыйным сайце Міністэрства аховы здароўя мы пакажам падрабязную разборку кожнага з 17 выпадкаў. Мы зьвяртаем увагу, што найбольшая колькасьць сьмяротных выпадкаў зарэгістравана сёньня ў хворых на цукровы дыябэт», — сказаў Ляшко.
Па стане на раніцу 1 красавіка ва Ўкраіне зарэгістравана 669 выпадкаў COVID-19. 17 загінулі, 10 выздаравелі.
У Гомлі з каранавірусам шпіталізавалі трэнэра СДЮШАР, дзе раней зафіксавалі першы ў рэгіёне выпадак COVID-19
У Гомлі дыягнаставалі каранавірус у трэнэра зь дзіцячай спартовай школы № 4. Як стала вядома Свабодзе ад крыніцы, блізкай да гэтай установы, трэнэр у акрабатыцы 1972 году нараджэньня ня быў за мяжой.
Цяпер ён у інфэкцыйным шпіталі. «Кантактных асобаў» — іншых трэнэраў школы ў гімнастыцы і акрабатыцы, якія займаліся ў той жа залі, завезьлі ў шпіталь на вуліцы Цыялкоўскага. Там было аддзяленьне анкалягічнага дыспансэру, якое цяпер перапрафілявалі пад інфэкцыйнае. Цяпер дзіцячая спартовая школа на карантыне.
Менскія спартовыя школы працягваюць працаваць у штатным рэжыме
Сталічныя дзіцяча-юнацкія спартовыя школы (ДЮСШ і СДЮШАР) працуюць у штатным рэжыме, паведамілі агенцтву «Минск-Новости» ва ўпраўленьні спорту і турызму Менгарвыканкаму. Хлопцы розных узростаў займаюцца ў залах пад кіраўніцтвам асабістых трэнэраў, хоць наведвальнасьць школ упала.
Рэспубліканскія і гарадзкія спаборніцтвы перанесьлі на больш позьні тэрмін, адмянілі і трэніровачныя зборы для выхаванцаў сталічных ДЮСШ і СДЮШАР за межамі Менску.
Мініздароўя Беларусі заявіла пра 2 сьмерці пацыентаў з COVID-19. Колькасьць інфікаваных зноў не паведаміла
Паводле Мінздароўя Беларусі, цяпер «зарэгістравалі другі выпадак сьмерці ўзроставага пацыента з наяўнасьцю шматлікіх хранічных захворваньняў, паводле папярэдніх зьвестак, абцяжараных каранавіруснай інфэкцыяй».
Міністэрства аховы здароўя Беларусі 1 красавіка паведаміла ў сваім Telegram сьвежыя лічбы пра колькасьць выпадкаў COVID-19: за апошні дзень 5 пацыентаў выпісаныя, яшчэ 157 «знаходзяцца пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні».
30 сакавіка Мінздароўя паведамляла пра 152 выпадкі інфікаваньня новым каранавірусам: тады 47 пацыентаў былі «выпісаныя або рыхтаваліся да выпіскі», яшчэ 105 былі «пад кантролем мэдыкаў і на лячэньні».
Колькі выпісалі за два дні, можна зразумець зь сёньняшняга і ўчорашняга паведамленьня: цяпер выпісалі 5, днём раней — 6, сумарна 11. Ды колькі выпісаных былі ў ліку 47, якія днём раней былі «выпісаныя або рыхтаваліся да выпіскі», невядома.
Таксама невядома, колькі зьявілася новых пацыентаў з дыягназам COVID-19 і колькі агулам выпадкаў каранавірусу зафіксавалі на 1 красавіка. На лячэньні, у параўнаньні зь мінулым паведамленьнем, стала на 52 чалавекі больш.
Зьявілася гіпотэза пра сувязь паміж сьмяротнасьцю праз COVID-19 і прышчэпкай супраць сухотаў
Амэрыканскія эпідэміёлягі заявілі, што знайшлі сувязь паміж сьмяротнасьцю ад COVID-19 у розных краінах і тым, як даўно і наколькі шырока ў іх ужывалі вакцыну БЦЖ, якую выкарыстоўваюць для барацьбы з сухотамі. Вынікі дасьледаваньня былі апублікаваныя на партале medRxiv.
«Краіны, у якіх унівэрсальная вакцынацыя з дапамогай БЦЖ не была прынятая, у тым ліку Італія, Нідэрлянды і ЗША, наймацней пацярпелі ад COVID-19», — пішуць навукоўцы.
Паводле іх, вакцынацыя БЦЖ зьнізіла ўзровень заражэньня вірусам. На думку дасьледчыкаў, камбінацыя паніжанай сьмяротнасьці і захворваньня можа зрабіць гэтую прышчэпку адным з галоўных інструмэнтаў у барацьбе з COVID-19.
- У Беларусі прышчэпку БЦЖ робяць немаўлятам, яна знаходзіцца ў календары абавязковых прышчэпак.
- На сайце medRxiv, дзе было апублікаваныя вынікі дасьледаваньня амэрыканскіх навукоўцаў, адзначаецца, што гэтае дасьледаваньне яшчэ не сэртыфікаванае экспэртнай ацэнкай, што яго нельга выкарыстоўваць у клінічнай практыцы.
З аптэк Віцебску зьніклі мэдыцынскія маскі
Ад раніцы 1 красавіка ва ўсім Віцебску немагчыма было набыць мэдыцынскіх масак. Ні аднаразовых, ні шматразовых. На сайце даведкі tabletka.by ёсьць інфармацыя пра 20 аптэк гораду, дзе па стане на сёньняшнюю раніцу былі мэдыцынскія маскі. Але ў наяўнасьці іх нідзе не засталося. Свабода абзваніла ўсе пазначаныя аптэкі, і толькі ў гарадзкім пасёлку Руба за 16 км ад Віцебску адказалі, што ў іх засталося дзесяць масак.
«Але ў мяне тут такая чарга, што зараз усё раскупяць, — паведаміла правізар па тэлефоне. — Маскі мы не рэзэрвуем».
«Пазванілі з санстанцыі і пацьвердзілі выпадак каранавірусу» — цэх № 13 заводу імя Вавілава адпраўлены на карантын
На менскім заводзе імя Вавілава на тыдзень у водпуск адпраўлены гальванічны цэх. У ім працуе да 100 чалавек. Прычына — у адной з працаўніц цэху знайшлі каранавірус. Гэтую інфармацыю, якую 31 сакавіка Свабодзе на ўмовах ананімнасьці перадала крыніца з прадпрыемства, сёньня пацьвердзілі ў адміністрацыі заводу.
«У панядзелак у другой палове дня пазванілі з санстанцыі і сказалі, што ў нашай працаўніцы знойдзены каранавірус, тэст даў станоўчы вынік. У аўторак мы праверылі ўсіх працаўнікоў цэху, ім замяралі тэмпэратуру. Прыкмет іншых захворваньняў ня выявілі, але з мэтай прафіляктыкі прапанавалі працаўнікам цэху да канца тыдня пабыць на хатнім рэжыме. З захаваньнем дзьвюх трэціх заробку. То бок гэты цэх, № 13, сапраўды не працуе, але ўсё прадпрыемства працягвае працаваць, як раней. У цэху № 13 праведзеныя патрэбныя санітарныя захады», — паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара заводу імя Вавілава Вячаслаў Кузьняцоў. Цалкам чытайце тут>>
Генэральны сакратар ААН: пандэмія стала самым сур’ёзным крызісам пасьля Другой сусьветнай вайны
Антонію Гутэрыш заявіў, што яна можа прывесьці да ўзмацненьня нестабільнасьці і канфліктаў у сьвеце. Пандэмія каранавірусу зьяўляецца найбуйнейшым глябальным крызісам з часоў Другой сусьветнай вайны, заявіў генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш, выказаўшы занепакоенасьць, што яна можа справакаваць канфлікты ва ўсім сьвеце, паведамляе Голас Амэрыкі.
Па словах Гутэрыша, маштабнасьць крызісу абумоўленая «захворваньнем, якое ўяўляе пагрозу для кожнага чалавека ў сьвеце, і эканамічным узьдзеяньнем, якое прынясе рэцэсію, якая ня мае паралеляў у нядаўнім мінулым». Больш за 40 тысяч чалавек памерлі ў сувязі з распаўсюджваньнем у сьвеце эпідэміі.
Сусьветная арганізацыя здароўя пра каранавірус у Беларусі: Недахоп зьвестак правакуе страх
Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў у каментары Tut.by заявіў, што Міністэрства аховы здароўя Беларусі павінна палепшыць інфармаваньне грамадзянаў аб сытуацыі з карнавірусам у краіне.
Па яго словах, насельніцтва мусіць мець поўную інфармацыю пра ўсе рызыкі.
«Недахоп зьвестак можа справакаваць страх», — перакананы Батыр Бердыклычаў.
МЗС просіць Літву перадаць дакладныя зьвесткі пра «пэўныя ачагі і выпадкі сьмерці» у Беларусі ад COVID-19
Пра гэта гаворыцца ў камэнтары прэс-сакратара беларускага МЗС Анатоля Глаза, апублікаваным на сайце ведамства. Напярэдадні прэзыдэнт і міністар замежных справаў Літвы выказалі сумневы адносна эфэктыўнасьці прыманых Беларусьсю захадаў для барацьбы з каранавірусам і заявілі аб магчымасьці абмежаваньні авіязносін паміж краінамі.
«Сёньня, калі сьвет сутыкнуўся з такім магутным выклікам, як ніколі важная салідарнасьць і сумесныя намаганьні, — кажа прадстаўнік беларускага МЗС. — На гэтым фоне зусім незразумела аб якім» недаверы «казалі прэзыдэнт і міністар замежных справаў Літвы. Любыя заявы падобнага роду павінны грунтавацца на дакладнай інфармацыі і фактах, а не на домыслах і чутках. Таму мы былі б удзячныя літоўскаму боку за перадачу нам дакладных зьвестак нейкіх „пэўных ачагі на беларускай тэрыторыі і выпадкі сьмерці, якія фіксуюцца“. Калі, вядома, такія зьвесткі ў яе маюцца на самай справе».
«Пакуль выжываем». Як трымаюцца менскія бары і кавярні ў каранавірусны крызіс
Карэспандэнты Свабоды два дні хадзілі па Зыбіцкай і Кастрычніцкай, каб зразумець, ці стала менш людзей на папулярных вуліцах і як уладальнікі рэстаранаў і кавярняў зьбіраюцца ратаваць свой бізнэс.
У панядзелак на Зыбіцкай не працуе ніводзін бар. У «ДЭПО #2» а 18-й вечара амаль няма людзей, але праз 20 хвілін некалькі столікаў ужо занялі. Дзяўчына на касе кажа, што такі час ня надта ўдалы, каб рабіць высновы пра колькасьць наведнікаў. Але прызнае, што людзей стала значна менш. Рэпартаж цалкам чытайце тут >>
Лукашэнка і каранавірус: слабы лідэр ва ўмовах вострага крызісу
Апошнім часам Аляксандар Лукашэнка з усіх магчымых варыянтаў прыняцьця рашэньняў выбірае чамусьці вельмі сумнеўныя, калі не сказаць — найгоршыя, піша палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.
Сьцісла:
- Ва ўмовах пандэміі кіраўнік Беларусі робіць вельмі дзіўныя, малазразумелыя крокі.
- Замест празрыстасьці і адкрытасьці ўлады па меры росту захворваньняў пачынаюць яшчэ больш хаваць інфармацыю.
- Мы маем клясычную сытуацыю, шырока апісаную ва ўсясьветнай палітычнай літаратуры: так паводзяць сябе слабыя лідэры ва ўмовах вострага крызісу. Гістарычных прыкладаў многа.
- 26 гадоў неабмежаванай улады пры адсутнасьці мэханізмаў зваротнай сувязі з грамадзтвам вядуць да таго, што лідэр перастае адчуваць свой народ, рэальнасьць, пачынае жыць у сваім, уяўным сьвеце.
Колькасьць хворых на COVID-19 у Гішпаніі перавысіла 100 тысяч
У Гішпаніі колькасьць выпадку захворваньня на COVID-19 перавысіла 100 тысяч. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на міністэрства аховы здароўя краіны.
За суткі мэдыкі зафіксавалі больш за шэсьць тысяч новых заражэньняў. Усяго з пачатку пандэміі ў Гішпаніі памерла амаль восем з паловай тысяч чалавек. У краіне ўведзеныя жорсткія карантынныя меры. Гішпанія знаходзіцца на трэцім месцы ў сьвеце па колькасьці выяўленых выпадкаў COVID-19.
Намесьніца міністра аховы здароўя: Нічога небясьпечнага для грамадзян і звышнатуральнага ў краіне не адбываецца
Намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан 1 красавіка ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» расказала пра распаўсюд каранавірусу ў Беларусі.
Што сказала намесьніца міністра здароўя?
- Мінздароўя сваёй працай са студзеня не дапусьцілі лявінападобнага піку каранавірусу, які адбыўся ў Італіі і Гішпаніі. Праз цёплую зіму на 3 тыдні перакінуўся пік захворваньняў ВРІ, грыпу, адэна- і ротавіруснайінфэкцыі. «Наша задача была максымальна стрымліваць распаўсюд каранавірусу, каб не наслаілася адно на іншае».
- «Пасьля піку рэсьпіраторных захворваньняў праз адзін-два тыдня, лекары гэта ўсё ведаюць, пачынаецца другі пік падʼёму пнэўманій».
- Паводле падлікаў Богдан, Беларусь займае 9-е месца ў сьвеце па праведзеным тэстам на каранавірус. Мэдыкі ў Беларусі правялі каля 31 тысячы тэстаў на каранавірус. Таксама лекары адпрацавалі па эпідрасьсьледаваньняў на прадмет наяўнасьці каранавіруса выпадкі з больш чым 30 тысячамі чалавек.
- У Беларусі былі свае праймэры для вырабу тэстаў, іх гатовыя варыянты адпраўлялі ў лябараторыю Сусьветнай арганізацыі здароўя для вызначэньня адсотку іх дакладнасьці. У Беларусі вырабляюць тэсты кругласуткава некалькі лябараторый, а «вялікая колькасьць кампаній абмяркоўвае ўмовы іх паставак».
- «Нічога небясьпечнага для грамадзян і звышнатуральнага ў краіне не адбываецца».
- Мінздароўя распрацавала некалькі пратаколаў, па якім трэба дзейнічаць у рознай эпідэмічнай абстаноўцы. Зараз ведамства працуе па «пратакол першага рэжыму», сярод іншага гэты пратакол прадугледжвае, як часта чыноўнікі будуць камунікаваць са СМІ. «У дадзеным рэжыме працы меркавалася, што будзем інфармаваць грамадзкасьць толькі некалькі разоў на тыдзень».
Колькі хто дае на ратаваньне эканомікі: адной карцінкай
Улады і міжнародныя фінансавыя інстытуты ва ўсім сьвеце выдаткоўваюць трыльёны даляраў, каб супрацьстаяць наступствам пандэміі. І гэта толькі пачатак.
Эўрапейская служба вонкавых сувязяў занепакоена дэзынфармацыяй вакол COVID-19. Асноўныя пункты
Некаторыя дзяржавы і суб’екты, якіх гэтыя дзяржавы падтрымліваюць, імкнуцца выкарыстаць крызіс грамадзкай сыстэмы аховы здароўя для прасоўваньня геапалітычных інтарэсаў. Для гэтага яны часта адкрыта кідаюць выклік аўтарытэту Эўрапейскага Зьвязу і яго партнэраў.
Біл Гейтс назваў тры крокі, неабходныя для перамогі над COVID-19, у тым ліку — татальны карантын
Няма сумненьня, піша Гейтс у сваім артыкуле ў Washington Post, што Злучаныя Штаты ўпусьцілі магчымасьць апярэдзіць новы каранавірус, але акно для прыняцьця важных рашэньняў яшчэ не зачыненае. Выбар, які палітычныя лідэры і бізнэсмэны робяць цяпер, будзе мець вялікі ўплыў на тое, як хутка пачнуць зьмяншацца лічбы, як доўга эканоміка застанецца спыненай і колькім амэрыканцам давядзецца пахаваць свайго блізкага чалавека з прычыны COVID-19.
Купалаўскі тэатар адмяніў спэктаклі на бліжэйшыя 2 тыдні
Тэатар імя Янкі Купалы ў Менску абвясьціў пра адмену паказу спэктакляў 1, 2, 3, 4, 5, 7, 8, 9, 10 і 13 красавіка 2020 году на галоўнай і камэрнай сцэнах.
Квіткі на адмененыя спэктаклі можна здаць да 20 красавіка ў касу тэатра (Энгельса 7а) з 10 а 20:00 альбо скарыстаць іх пры наведваньні таго ж спэктакля да канца сэзона.
Таксама ў тэатры прапануюць гледачам глядзець спэктаклі онлайн, на ютуб-канале Купалаўскага тэатру. Расклад спэктакляў наступны:
- 2.04 — «Ураджай»
- 5.04 — «Жарт to you»
- 7.04 — «Творчы вечар Заслужанай артысткі РБ Тамары Міронавай»
- 8.04 — «Офіс»
- 10.04 — «Хам»
Прафсаюз РЭП прапанаваў Вярхоўнаму суду ўвесьці мараторый на разгляд спраў у сувязі з каранавірусам
Гэта дасьць магчымасьць узмацніць меры па прафіляктыцы распаўсюджваньня COVID-19 сярод наведнікаў судоў, судзьдзяў і супрацоўнікаў судовых структур, лічаць у прафсаюзе.
«Гэтыя меры ўжо прынятыя ў суседніх краінах, напрыклад, у Польшчы і Украіне. Станоўчае рашэньне па гэтым звароце будзе пацьвярджэньнем, што судзьдзі клапоцяцца і абараняюць правы і інтарэсы грамадзянаў Беларусі», — адзначаецца ў заяве.