Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

22:50 31.3.2020

Санэпідэмстанцыя забараніла грамадзкае разьвітаньне з акторам Дашкевічам у Віцебску

Пра гэта Свабодзе стала вядома ад сваякоў Віктара Дашкевіча.

Пахаваньне адбудзецца заўтра, але на ім будуць прысутнічаць толькі сваякі. Цела Віктара Дашкевіча з моргу ў чыгуначным шпіталі адразу адвязуць на могілкі.

Грамадзкае разьвітаньне не дазволілі эпідэміёлягі.

Актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч памёр у аўторак.

У мэдычную ўстанову ён трапіў 21 сакавіка з дыягназамі «пнэўманія» і «хранічная абструкцыйная хвароба лёгкіх», падчас лекаваньня яму двойчы рабілі тэст на наяўнасьць каранавірусу, і другі з тэстаў паказаў станоўчы вынік.

Афіцыйна прычынай сьмерці Віктара Дашкевіча стала «неўдакладненая пнэўманія».

08:16 1.4.2020

Лічбы на раніцу 1 красавіка

  • У сьвеце зафіксавалі больш за 859 тысяч выпадкаў COVID-19: каля 188,5 тысяч у ЗША, амаль 106 тысяч у Італіі, 96 тысяч у Гішпаніі, 82 тысячы ў Кітаі, 72 тысячы ў Нямеччыне, 52 тысячы ў Францыі, 44,5 тысячы ў Іране, 25 тысяч у Вялікай Брытаніі, 16,5 тысячы ў Швайцарыі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі звыш 42 тысяч чалавек. Зь іх 12 428 у Італіі, 8464 у Гішпаніі, 4054 у ЗША, 3523 у Францыі, 3309 у Кітаі, 2898 у Іране.
  • Выпісалі звыш 178 тысяч пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 638,6 тысячы, зь іх амаль 33 тысячы ў цяжкім стане.
  • У Беларусі на 30 сакавіка пацьвердзілі 152 выпадкі інфікаваньня новым каранавірусам: 47 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 105 «знаходзяцца пад мэдычным кантролем і на лячэньні». 31 сакавіка Мінздароўя не паведаміла пра новыя выпадкі, але пацьвердзіла першую сьмерць інфікаванага.
09:10 1.4.2020

У ЗША за дзень памерлі 912 пацыентаў, улады прагназуюць яшчэ ад 100 тысяч да 240 тысяч сьмерцяў

У Злучаных Штатах зафіксавалі рэкордныя 24,7 тысячы новых выпадкаў COVID-19 на дзень і рэкордныя 912 сьмерцяў за адзін дзень. Эпіцэнтар эпідэміі — у штаце Нью-Ёрк. Мэр гораду Нью-Ёрк папрасіў дадатковую дапамогу і заявіў, што пік эпідэміі будзе дасягнуты яшчэ хіба празь некалькі тыдняў. Афіцыйны прагноз сьмерцяў ад COVID-19 у ЗША — ад 100 тысяч да 240 тысяч. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што «наперадзе вельмі пакутныя два тыдні», але ён спадзяецца, што «мы пабачым сьвятло ў канцы тунэлю».

У Заходняй Эўропе распаўсюд каранавірусу не спыняецца, але шмат у якіх краінах ужо не паскараецца. У Італіі апошнія два дні фіксавалі толькі па 4 тысячы новых выпадкаў і менш за 900 сьмерцяў на дзень (на піку 21 сакавіка было 6557 новых выпадкаў на дзень), стабілізавалася колькасьць новых выпадкаў і сьмерцяў у Гішпаніі, новых выпадкаў — у Нямеччыне і Вялікай Брытаніі (колькасьць сьмерцяў яшчэ расьце, 31 сакавіка зафіксавалі адпаведна 130 і 381).

09:12 1.4.2020

Колькі сумленных дактароў могуць зламаць мэханізм фальсыфікацыяў?

Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.​

Сьцісла:

Карбалевіч

  • Рыторыка Лукашэнкі супярэчлівая. З аднаго боку, псыхоз. З другога боку, трэба рабіць захады супраць распаўсюду пандэміі.
  • Міністэрства аховы здароўя дзейнічае ў межах палітычных задач, сфармуляваных Лукашэнкам.
  • Калі сытуацыя набудзе трагічны трэнд, то, не выключаю, і некаторыя дзяржаўныя ці абдзяржаўленыя структуры спыняць маўчаньне. І, магчыма, плаціну прарве.

Цыганкоў

  • Параўнаньні лініі беларускіх уладаў з палітыкай Трампа зусім недарэчныя і неадпаведныя, але Лукашэнка лічыць, што такія параўнаньні з ЗША яму дадаюць пункты.
  • Нармальная і правільная статыстыка перш за ўсё спрыяла б зьніжэньню панікі, але відавочна, што прадстаўнікі ўлады — закладнікі адной устаноўкі.
  • Калі будзе 15 тысяч (пры гэтым тысяча ў адным нейкім месцы), а міністэрства будзе казаць 150, то гэта ўжо ня можа прайсьці незаўважаным.
  • Давер да ўлады можна падрываць — гэта і ёсьць палітыка.

Чытаць цалкам >>

09:13 1.4.2020

Заразіўся каранавірусам падчас рэпэтыцыі. Што афіцыйна паведамілі пра памерлага актора Дашкевіча

У эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» 31 сакавіка намесьніца начальніка Галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Віцебскага аблвыканкаму Людміла Кавалёва расказала пра першую ў Беларусі сьмерць інфікаванага новым каранавірусам.

Кавалёва паведаміла, што:

  • Віктар Дашкевіч паступіў у лякарню 24 сакавіка з дыягназам «двухбаковая пнэўманія»;
  • падчас лекаваньня яму зрабілі тэст на новы каранавірус, які даў станоўчы вынік;
  • ён кантактаваў з «патэнцыйнай крыніцай» COVID-19 на рэпэтыцыі, гэта быў «грамадзянін з замежжа»;
  • у Дашкевіча былі «спадарожныя захворваньні»: хранічная абструктыўная хвароба лёгкага ў цяжкім цячэньні, эмфізэма, пнэўмасклероз, дыхальная недастатковасьць 2 ступені, хранічнае лёгачнае сэрца, хранічная недастатковасьць кровазвароту;
  • гэтыя захворваньні прывялі да дыхальнай недастатковасьці, а тое, што быў станоўчы тэст на каранавірус, толькі «таксама ўскладніла цячэньне асноўнага захворваньня»;
  • родзічы памерлага цяпер знаходзяцца дома, у іх каранавірус ня выявілі.

Пра сьмерць Віктара Дашкевіча стала вядома 31 сакавіка. У даведцы аб сьмерці Дашкевіча ня згадвалася каранавірусная інфэкцыя, прычына сьмерці — «неўдакладненая пнэўманія». Жонка памерлага раней расказвала, што яе і мужа паклалі ў шпіталь яшчэ 21 сакавіка, а не 24-га.

09:16 1.4.2020

«П’яны кіроўца лядовага камбайну на хакейным полі — бесьсьмяротны». Сацсеткі пра каранавірус і Лукашэнку

Беларусы спрабуюць разгадаць «рэбусы» Міністэрства аховы здароўя і зьдзіўляюцца «стабільнасьці» сытуацыі з пандэміяй каранавірусу ў Беларусі. Што яны публікуюць у сацсетках — у аглядзе Свабоды.

Больш тут >>

09:18 1.4.2020

Беларусь папрасіла ў Расеі дапамогі ў барацьбе з каранавірусам, — «Коммерсант»

Расейскае выданьне «Коммерсант» са спасылкай на крыніцы ў дзяржструктурах сьцьвярджае, што Беларусь накіравала ў Расею афіцыйныя запыты з просьбай дапамагчы ахоўнымі маскамі, тэст-сыстэмамі, апаратамі штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Падобныя запыты, кажуць інфармаваныя асобы, па дыпляматычных каналах дасланыя практычна ўсе краіны СНД, за выключэньнем Украіны і Туркмэністану.

Пры гэтым у Маскве нагадваюць, што для выдзяленьня дапамогі неабходны адмысловы дазвол расейскага ўраду, паколькі 2 сакавіка была прынята пастанова, якая забараняе вываз з краіны мэдычнай прадукцыі.

Камэнтуючы сытуацыю ў Беларусі, суразмоўца «Коммерсанта» выказаў надзею на тое, што там пачнуць «больш адказна» падыходзіць да барацьбы з распаўсюдам COVID-19.

«Мы ад іх абараняемся. Але задачу гэтую трэба вырашаць сумесна, паколькі калі ў адной краіне эпідэмія пойдзе на спад, а ў другой паўстане яе агмень, то пагроза захаваецца», — адзначыў ён.

Аляксандар Лукашэнка вядзе палеміку з каранавірусам, але на ўсялякі выпадак просіць Расею аб дапамозе, непрыхавана іранізуе выданьне.

09:20 1.4.2020

Фанаты футбольнага клюбу «Нёман» зьвярнуліся да беларускіх заўзятараў

Чэмпіянат Беларусі ў футболе да гэтага часу не спынілі, нягледзячы на эпідэмію каранавірусу. Гэтаму дзівяцца, над гэтым сьмяюцца, гэта трансьлююць там, дзе раней і ня думалі трансьляваць. А фанаты горадзенскага «Нёмана» тым часам зьвярнуліся да ўсіх беларускіх заўзятараў.

«Мы, заўзятары ФК «Нёман», хочам зьвярнуцца да ўсіх актыўных заўзятараў краіны. Мы ўсьведамляем, што нам „хтосьці хлусіць“, і праз складаную эпідэміялягічную сытуацыю ў краіне мы перастаём наведваць хатнія і выязныя матчы нашай каманды.

Гэта рашэньне няпростае, нам складана пакінуць каманду без падтрымкі, але сёньня галоўнае — здароўе нашых грамадзян. Мы заклікаем усе фанацкія рухі Беларусі да гэтага. Давайце застанемся дома, зьнізім рызыкі, зьвязаныя з распаўсюджваньнем каранавірусу, абаронім сябе і сваіх блізкіх.

Мы таксама заклікаем АБФФ пад кіраўніцтвам Базанава нарэшце набрацца сьмеласьці і прыпыніць чэмпіянат, як гэта зрабілі ва ўсім сьвеце.

Зычым усім здароўя, не хварэйце! Беражыце сябе і сваіх блізкіх!»

09:31 1.4.2020

Трамп: Расея адправіла ЗША «цэлы самалёт» мэдыцынскага абсталяваньня

У той час, як Злучаныя Штаты працягваюць барацьбу з пандэміяй каранавірусу, прэзыдэнт Дональд Трамп адзначыў, што многія замежныя дзяржавы, у тым ліку Кітай і Расея, дапамагаюць Амэрыцы.

«Я павінен сказаць, у нас склаліся выдатныя адносіны з многімі краінамі, — адзначыў Трамп падчас штодзённага прэс-брыфінгу рабочай групы барацьбы з каранавірусам у панядзелак. — Кітай адправіў нам сякія-такія рэчы, што было выдатна. Расея адправіла нам цэлы самалёт мэдыцынскага абсталяваньня, што было вельмі міла. Іншыя краіны таксама адправілі нам рэчы, чым я быў вельмі прыемна зьдзіўлены».

«Мы чакаем, што расейскі самалёт са сродкамі індывідуальнай абароны прыбудзе заўтра — прэзыдэнт Пуцін прапанаваў гэта прэзыдэнту Трампу падчас учорашняй размовы. Мы неадкладна пачнём выкарыстоўваць усе неабходныя прадметы, ухваленыя Упраўленьнем санітарнага нагляду за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў ЗША (FDA)», — паведамілі расейскай службе «Голасу Амэрыкі» ў Белым доме.

09:55 1.4.2020

«Гэта баль падчас халеры». Як выглядае Віцебск падчас эпідэміі каранавірусу. ФОТАРЭПАРТАЖ

Хоць улады не гавораць пра надзвычайную сытуацыю ў горадзе, менавіта зь Віцебску паступаюць самыя вострыя навіны пра эпідэмію каранавірусу.

У параўнаньні зь іншымі гарадамі, на вуліцах Віцебску відаць шмат людзей у масках. Мясцовыя кажуць, яшчэ да нядаўняга часу такога не было. Толькі пасьля выходных, калі зьявіўся загад гарвыканкаму на абмежаваньне масавых мерапрыемстваў і калі стала вядома пра сьмерць актора драмтэатру, які меў COVID-19, людзі раптоўна надзелі мэдыцынскія маскі.


Глядзіце наш фотарэпартаж.

10:00 1.4.2020

У Казахстане ад COVID-19 памёр трэці пацыент. Агульная колькасьць захварэлых — 363

У Казахстане колькасьць ахвяраў каранавіруснай інфэкцыі дасягнула трох чалавек, паведамляе казахская служба Свабоды са спасылкай на апэратыўны штаб барацьбы з пандэміяй.

Прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамар Такаеў заявіў аб дадатковых захадах падтрымкі ў сувязі з пандэміяй. З 1 красавіка да 1 ліпеня мэдыцынскую дапамогу ў краіне будуць атрымліваць усе грамадзяне, нават тыя, у каго няма страхоўкі і права абслугоўвацца ў сыстэме абавязковага мэдыцынскага страхаваньня. Сярод відаў падтрымкі: індэксацыя на 10% пэнсій і дзярждапамогі, а таксама сацыяльныя выплаты ў памеры $95 для тых, хто страціў працу праз пандэмію.

10:29 1.4.2020

«Беларускі кіраўнік ацэньвае сытуацыю з пэўнай бравадай» — прэзыдэнт Літвы не давярае афіцыйнай інфармацыі Беларусі

Літоўскі прэзыдэнт Гітанас Наўседа лічыць, што давяраць афіцыйнай інфармацыі Беларусі аб каранавірусе нельга, сытуацыя там значна горшая. «Мы ня можам давяраць гэтай інфармацыі, якую атрымліваем афіцыйна зь Беларусі, паколькі я лічу, што беларускі кіраўнік ацэньвае сытуацыю з пэўнай бравадай», — заявіў у сераду журналістам кіраўнік Літвы.

«Цалкам магчыма, што сапраўдная статыстыка значна горшая, паколькі мы ведаем пра пэўныя ачагі на беларускай тэрыторыі і выпадкі сьмерці, якія фіксуюцца», — сказаў ён. Паводле словаў прэзыдэнта Літвы, варта абмежаваць кантакты з краінай, якая не кантралюе сытуацыю, калі рызыка сапраўды адчувальная.

10:38 1.4.2020

«Няма крытычнай сытуацыі». Футбольная фэдэрацыя не зьбіраецца спыняць чэмпіянат Беларусі

Старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу Ўладзімер Базанаў перакананы, што ў Беларусі няма крытычнай сытуацыі з распаўсюдам каранавірусу, а значыць, нацыянальнае першынства будзе працягвацца.

Пра гэта функцыянэр завіў у эфіры праграмы «Спорт-кадар» на канале «Беларусь 5».

«Да другога туру закупілі 500 літраў антысэптыку, разьвезьлі па стадыёнах. Самае галоўнае, каб людзі самі разумелі: мылі рукі, часьцей антысэптыкам карысталіся, ня чхалі, хворымі ня шлі на стадыён».

10:40 1.4.2020

Карантын у жартах і мэмах. Як людзі ўсьміхаюцца падчас пандэміі

Падчас пандэміі каранавіруснай інфэкцыі ў сацыяльных сетках людзі дзеляцца рознымі жартамі і мэмамі, каб было прасьцей перажыць пэрыяд карантыну ці самаізаляцыі. Прапануем вам 1 красавіка падборку для лепшага настрою.

Уся падборка >>

10:40 1.4.2020

Рэпартаж зь Віцебску. Ці сапраўды ў горадзе надзвычайная сытуацыя ў сувязі з каранавірусам

Віцебск закрыты, навокал выставілі блёк-пасты, а шпіталі перапоўненыя хворымі на COVID-19. Такія навіны прыходзілі апошнімі днямі зь Віцебску. Свабода зьезьдзіла ў горад, каб на ўласныя вочы пабачыць, што там адбываецца.

11:01 1.4.2020

Lamborghini запускае вытворчасьць мэдыцынскіх масак

Італьянская аўтамабільная кампанія Automobili Lamborghini пераабсталюе некалькі цэхаў, каб вырабляць хірургічныя маскі і мэдыцынскія шчыткі для шпіталі ў Балёньні. Кампанія плянуе выпускаць па адной тысячы масак і па 200 мэдыцынскіх шчыткоў у дзень.

Раней модны дом Armani заявіў, што пераабсталюе свае заводы ў Італіі і пачне шыць аднаразовыя халаты для лекараў, якія працуюць з пацыентамі з COVID-19.

11:06 1.4.2020

Карантын у жартах і мэмах. Як людзі ўсьміхаюцца падчас пандэміі

Падчас пандэміі каранавіруснай інфэкцыі ў сацыяльных сетках людзі дзеляцца рознымі жартамі і мэмамі, каб было прасьцей перажыць пэрыяд карантыну ці самаізаляцыі. Прапануем вам 1 красавіка падборку для лепшага настрою.

11:22 1.4.2020

Ці ёсьць ужо лекі, якія засьведчылі сваю эфэктыўнасьць супраць COVID-19

Ці ёсьць лекі, якія засьведчылі сваю эфэктыўнасьць супраць COVID-19
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:00 0:00


11:33 1.4.2020

Памерла настаўніца з Доктаравічаў, дзе выявілі каранавірус

Жыхары вёскі Новыя Доктаравічы расказваюць, што памерла настаўніца Натальля А., якую шпіталізавалі з пнэўманіяй каля двух тыдняў таму.

Пра сьмерць Натальлі А. Свабодзе расказаў яе сусед Мікалай, былы настаўнік Доктаравіцкай школы.

«Памерла Натальля, памерла сёньня ўначы, — паведаміў у размове са Свабодай Мікалай. — Я быў раніцай у краме, там людзі расказалі пра гэта. У Доктаравічах ужо ведаюць».

Па словах Мікалая, апошнія пяць дзён Натальля была ў рэанімацыі, лекары змагаліся за яе здароўе. Мэдыкі казалі аднавяскоўцам, што ў яе нібыта быў каранавірус.

У Капыльскай лякарні не адказваюць на тэлефанаваньні.

11:53 1.4.2020

У расейскіх рэгіёнах праз пандэмію абмяжоўваць продаж алькаголю. У Маскве продажы вырасьлі на 148%

У некалькіх расейскіх рэгіёнах на фоне пандэміі каранавірусу абмежавалі продаж алькаголю.

  • З 1 красавіка ў Карэліі сьпіртовыя напоі прадаваць будуць толькі з 10:00 да 14:00. 31 сакавіка продаж алькагольных напояў таксама абмежавалі ў некалькіх раёнах Якуціі. Кіраўнік рэгіёну патлумачыў гэта зафіксаваным ростам колькасьці злачынстваў у стане ап’яненьня.
  • Cябра Грамадзкай палаты Расеі, кіраўнік праекту «Цьвярозая Расея» Султан Хамзаеў накіраваў ва ўрад Расеі ліст з просьбай абмежаваць продаж алькагольных напояў з прычыны каранавірусу. У Маскве пасьля ўвядзеньня рэжыму самаізаляцыі продажы алькаголю вырасьлі на 148%.
  • Гэты рэжым уведзены ўжо больш за ў 30 рэгіёнах Расеі, паведамляецца на сайце апэратыўнага штаба.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG