«Выносілі з інсультам, дзядоў, бабак». Што адбываецца ў Іўі, дзе пацьвердзілі выпадак каранавірусу
У Горадзенскай вобласьці пацьвердзілі чацьвёрты выпадак каранавірусу. Са шпіталя ў горадзе Іўе, дзе ляжыць мужчына, пачалі масава выпісваць пацыентаў.
Іншы жыхар Іўя, у якога сын плянава ляжыць у івейскім шпіталі на абсьледаваньні, расказаў Свабодзе пра сытуацыю ў лякарні.
«Трэці паверх [шпіталя] цалкам ачысьцілі ад хворых і нямоглых. Усіх пазабіралі дахаты. На маіх вачах, гэта я ўсё бачыў, як яны выносілі, з інсультам, дзядоў, бабак, нехадзячых — усіх, з нэўралёгіі. Ачысьцілі ўсё цалкам, увесь трэці паверх. Усіх выпісалі», — кажа суразмоўца.
Як лечаць ад каранавірусу ў Беларусі і за мяжой. Расказваюць лекары і хворыя
У Беларусі ўсіх хворых на каранавірус шпіталізуюць на два тыдні мінімум. Нават калі ў чалавека няма сымптомаў. А вось у за мяжой у шпіталі трапляюць толькі цяжка хворыя, а большасьць людзей знаходзіцца на хатнім карантыне.
Свабода пагаварыла з бэльгійскім лекарам і валянтэрам Чырвонага Крыжа з Ісьляндыі, каб даведацца, як лечаць у іх ад COVID-19.
«Куды і навошта вязуць нашых дзяцей?!» У Капыльскім раёне школьнікаў масава правяраюць на на каранавірус. ФОТА
Раніцай у нядзелю, па вёсцы Новыя Доктаравічы, што найбліжэй да школы, пачалі хадзіць мэдыкі і браць аналізы ва ўсіх дзяцей. Дарослым адмаўлялі, толькі мералі тэмпэратуру. Прычына — падазрэньне на хваробу ў адной з настаўніц Доктаравіцкай сярэдняй школы. Яе шпіталізавалі больш за два тыдні таму.
30 сакавіка дзяцей сабралі і павезьлі ў Капыль, у раённы шпіталь. Рэпартаж Свабоды зь месца падзеі чытайце тут >>
У дзіцячым садку ў Менску нянечка захварэла на каранавірус
Чытачка Свабоды расказала рэдакцыі, што ў менскім дзіцячым садку № 566 на каранавірус захварэла нянечка.
«Ёй спачатку паставілі дыягназ грып, а потым яна пачала задыхацца і страціла прытомнасьць. І ёй выклікалі хуткую, адразу праверылі на вірус», — кажа жанчына. Паводле яе, групу, у якой працавала нянечка, закрылі.
Са словаў самой нянечкі, да гэтага яна нікуды ня езьдзіла і ні з кім не кантактавала, хто быў за мяжой, зь яе словаў. Падрабязнасьці чытайце тут >>
«Мы ішлі па калідоры, а за намі распылялі дэзраствор» — што адбываецца ў інфэкцыйным шпіталі ў Віцебску вачыма пацыента на карантыне
Расказваем, як адна віцебская сям’я перажывае эпідэмію каранавірусу бяз панікі, але з самаізаляцыяй і карантынам.
Банкам рэкамэндуюць не падымаць працэнты пры павелічэньні тэрміну або адтэрміноўцы плацяжоў па крэдытах
Нацбанк парэкамэндаваў банкам не павышаць працэнты па крэдытах пры рэструктурызацыі запазычанасьці. Гэта напісана ў лісьце, які рэгулятар разаслаў у банкі. Такое рашэньне Нацбанк прыняў каб аказаць фінансавую падтрымку юрыдычным асобам і насельніцтву з-за каранавірусу і іншых нэгатыўных фактараў.
«Пакуль сьвет шукае лекі ад каранавірусу, Лукашэнка сьмяецца». Што сусьветныя СМІ пішуць пра Беларусь
Пра адсутнасьць у Беларусі жорсткіх мераў па нераспаўсюдзе каранавірусу, а таксама пра заявы і паводзіны Аляксандра Лукашэнкі падчас пандэміі, паведамляюць многія сусьветныя СМІ.
Свабода сабрала некаторыя публікацыі самых уплывовых мэдыяў.
The Washington Post: «У Беларусі аўтарытарны лідэр прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка, як вядома, слаўна пазьдзекаваўся над каранавірусам як „вар’яцтвам і псыхозам“. Яго погляды ўключаюць таксама парады для грамадзян, якія не падзяляюць яго пагарду да каранавірусу: адпраўляйцеся ў сауну, выпіце трохі гарэлкі і вярніцеся да працы».
«Gazeta Wyborcza»: «Лукашэнку не давярае нават Уладзімір Пуцін. Ён загадаў закрыць межы з суседам, зь якім два дзесяцігодзьдзі сумесна стварае Саюз Расеі і Беларусі».
The Times: «У Беларусі, былой савецкай дзяржаве з насельніцтвам 9,5 мільёна чалавек, крамы і рынкі перапоўненыя, тэатры ставяць прэм’еры, а межы застаюцца адкрытымі».
Чытаць поўны тэкст тут.
З галяндзкага музэя, закрытага праз пандэмію, скралі карціну Ван Гога
Злодзеі скралі карціну Вінцэнта ван Гога «Вясновы сад» уначы з музэя Singer Laren у Нідэрляндах, паведамляе Reuters. Галерэя цяпер закрытая для наведваньня з прычыны пандэміі каранавірусу.
Карціна «Lentetuin» альбо «Вясновы сад», якая датуецца 1884 годам, была пазычаная ў музэі Гронінгера ў Нідэрландах. Як растлумачыў дырэктар Эвэрт Ван Ос, прадстаўнікі музэю раззлаваныя, шакаваныя і засмучаныя з прычыны крадзяжу.
Параўнайце дзьве мапы распаўсюджаньня COVID-19 з розьніцай у месяц
Месяц таму каранавірус быў знойдзены ў 40 краінах, сёньня — у 170, сьмяротнасьць на канец лютага ацэньвалася ў 2%, цяпер — 4,7%.
Беларускі тэнісіст пералічыў 10 тысяч эўра для барацьбы з каранавірусам у Беларусі
Шасьціразовы чэмпіён Эўропы па настольным тэнісе Ўладзімер Самсонаў пералічыў 10 тысяч эўра для дапамогі беларускім мэдустановам падчас пандэміі каранавірусу, паведамляе прэс-служба Беларускай фэдэрацыі настольнага тэнісу.
Эўрадэпутаты просяць узмацніць барацьбу з дэзынфармацыяй пра вірус
Некалькі заканадаўцаў Эўразьвязу зьвярнуліся да кіраўніцтва ЭЗ з просьбай узмацніць барацьбу з дэзынфармацыяй з боку Расеі і Кітаю на фоне пандэміі каранавірусу, які выклікае хваробу COVID-19. Яны заявілі, што Пэкін і Масква спрабуюць падарваць рэпутацыю Эўразьвязу і пасеяць недавер сярод мясцовых жыхароў да дэмакратычных каштоўнасьцяў і інстытутаў. Далей чытайце тут>>
У Расеі за парушэньне карантыну ўведзены штраф да 1 млн рублёў
Урад Расеі ўхваліў узмацненьне адказнасьці за парушэньне карантынных захадаў. Пра гэта расказаў расейскі прэм’ер-міністар Міхаіл Мішусьцін. Папраўкі ўводзяцца ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Штрафы ўхвалілі ў наступнай рэдакцыі — пры першым парушэньні:
- для фізычных асоб — ад 15 да 40 тысяч расейскіх рублёў (каля $200 — $500),
- службовых асоб — ад 50 да 150 тысяч рублёў (каля $630 — $1890),
- юрыдычных асоб — ад 200 да 500 тысяч рублёў (каля $2500 — $6300);
У Цэнтральным парку Нью-Ёрку разгорнуць палявы шпіталь
У шпіталі на 68 ложкаў, які стварае хрысьціянская гуманітарная арганізацыя, будуць лячыць пацыентаў з каранавірусам. Перагружаная сыстэма аховы здароўя Нью-Ёрку ў найбліжэйшым часе атрымае пэўную дапамогу. У горад мае прыбыць карабель-шпіталь ВМС для дагляду за звычайнымі пацыентамі, а таксама будзе разгорнуты новы палявы шпіталь для працы з інфікаванымі каранавірусам.
У Казахстане пакаралі лекараў, якія не шпіталізавалі ахвяру каранавірусу
Галоўны лекар службы хуткай дапамогі Акмалінскай вобласьці і кіраўнік абласнога ўпраўленьня аховы здароўя атрымалі дысцыплінарныя спагнаньні ў сувязі са сьмерцю 64-гадовай жанчыны. Яна на мінулым тыдні памерла ад COVID-19, стаўшы першай ахвярай гэтай хваробы ў Казахстане. Сьмерць жанчыны стала прычынай вялікага скандалу ў Казахстане. Сын загінулай запісаў відэа, у якім абвінаваціў лекараў у яе сьмерці. Паводле яго, маці некалькі разоў адмовілі ў шпіталізацыі, нягледзячы на пагрозьлівыя сымптомы, і ў выніку яна памерла. Цалкам чытайце тут>>
«Пнэўманій мінімум у 2–3 разы больш», — каранавірус у Віцебску вачыма доктаркі
Доктарка аднаго зь віцебскіх шпіталяў расказвае пра сытуацыю ў горадзе ва ўмовах пандэміі каранавірусу.
Сьцісла:
- У нас усё пачалося з таго, што работнікі абутковых фабрык зьезьдзілі ў Мілян.
- Чатыры шпіталі ў горадзе перапрафіляваныя пад прыём пнэўманій.
- Інфэкцыйны шпіталь працуе цяпер толькі для кантактаў першага ўзроўню.
- Тубэркулёзны дыспансэр закрыты пад пнэўманіі, але там няма аддзяленьня рэанімацыі і апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
- Сродкі індывідуальнай абароны таксама недастатковыя.
- Маску, якую трэба мяняць праз 3 гадзіны, мы носім тыдзень.
- Скурна-вэнэралягічны дыспансэр закрылі пад пнэўманіі, але гэта страшна, бо там нават разводкі па кіслародзе няма
- Пнэўманій у Віцебску вельмі шмат. Як мінімум у 2–3 разы больш (чым звычайна.
- Ня хочацца быць Настрадамусам, але ў нас можа паўтарыцца італьянскі сцэнар
- У чыгуначным шпіталі ў пятніцу было 5 пацьверджаных выпадкаў каранавірусу
- У дзіцячым шпіталі чатыры аддзяленьні аддалі пад пнэўманію.
- Цяпер чыгуначны шпіталь не прымае пацыентаў, перапрафілююць і шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі.
- Лічбы захворваньня як мінімум у два разы большыя, чым кажа Мінздароўя.
- З высокіх трыбун сёньня кажуць, што ў нас нічога няма і ўсё гэта псыхоз. На жаль, гэта не псыхоз.
- Мэдпэрсанал таксама хварэе.
- Трэба падаваць дадзеныя пра колькасьць хворых.
Інтэрвію цалкам чытайце тут>>
Унівэрсытэты Менску перанесьлі дні адчыненых дзьвярэй
Установы адукацыі Менску перанесьлі заплянаваныя дні адчыненых дзьвярэй праз пагрозу распаўсюду каранавірусу.
Дзень адчыненых дзьвярэй анлайн прайшоў у Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце. Падобныя вэбінары правядуць таксама ў Ліцэі БДУ і магістратуры Інстытута бізнэсу БДУ.
Пра перанос дзён адчыненых дзьвярэй паведамілі ў БДТУ, БДУФК і Інстытуце сучасных ведаў імя Шырокава.
На момант публікацыі вядома, што дні адчыненых дзьвярэй у офлайн фармаце плянуюць правесьці ў БДМУ і Інстытуце парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва.
«Гэта новы ўзровень хлусьні, тэрору і нялюдзкасьці». Брытанскі актор і пісьменьнік Стывэн Фрай выказаўся пра Лукашэнку
Брытанскі актор, пісьменьнік і драматург Стывэн Фрай пракамэнтаваў выказваньні Аляксандра Лукашэнкі з нагоды пандэміі каранавірусу.
Фрай напісаў на сваёй старонцы ў Твітэры: «Неверагодную злоснасьць Лукашэнкі доўга ігнаравалі альбо "замяталі ў кут" урады, якім варта было б ведаць лепш, але гэта новы ўзровень хлусьні, тэрору і нялюдзкасьці. Беларусь сапраўды пакутуе...»
Пуцін заклікаў пажылых расейцаў сядзець дома, калі яны хочуць жыць
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заклікаў пажылых расейцаў сядзець дома, калі яны хочуць захаваць жыцьцё. Ён падтрымаў увядзеньне карантыну ў Маскве і Маскоўскай вобласьці і заявіў, што лічыць парушэньне захадаў карантыну злачыннай нядбайнасьцю.
«[Людзям старэйшым за 65 гадоў] трэба шчыра сказаць: калі вы хочаце захаваць сваё здароўе і сваё жыцьцё — вы мусіце заставацца дома. Мы думаем пра вас. Падумайце, калі ласка, і вы пра сябе», — цытуе словы расейскага прэзыдэнта сайт Крамля. Ён сказаў пра гэта на нарадзе са сваімі паўнамоцнымі прадстаўнікамі ў рэгіёнах.
У Маскве памерлі яшчэ чатыры пацыенты з каранавірусам
Яшчэ чатыры пацыенты з хранічнымі захворваньнямі і пацьверджаным заражэньнем каранавірусам памерлі ў Маскве. Пра гэтэ паведамляецца ў афіцыйным Тэлеграм-канале апэратыўнага штабу кантролю і маніторынгу сытуацыі з каранавірусам у Маскве.
«У Маскве памерлі чатыры пацыенты, у якіх быў пацьверджаны дыягназ „пнэўманія“ і атрыманы станоўчы вынік тэсту на каранавірус. Узрост пацыентаў — ад 76 да 86 гадоў. Усе пацыенты мелі хранічныя захворваньні, у прыватнасьці сардэчна-судзінныя», — сказалі ў штабе.
Усяго ў Расеі, паводле інфармацыі на 30 сакавіка, пацьверджана 1836 выпадкаў заражэньня каранавірусам, 11 чалавек памерла, 66 выздаравелі.
Лічбы на раніцу 31 сакавіка
- У сьвеце зафіксавалі больш за 785 тысяч выпадкаў COVID-19: каля 164 тысяч у ЗША, амаль 102 тысячы ў Італіі, 88 тысяч у Гішпаніі, 82 тысячы ў Кітаі, 67 тысяч ў Нямеччыне, 44 тысячы ў Францыі, 41 тысячу ў Іране, 22 тысячы ў Вялікабрытаніі, 16 тысяч у Швайцарыі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі каля 38 тысяч чалавек. Зь іх 11 591 у Італіі, 7716 у Гішпаніі, 3309 у Кітаі, 3167 у ЗША, 3024 у Францыі, 2757 у Іране.
- Выпісалі звыш 165 тысяч пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 582 тысяч, зь іх 29,5 тысяч у цяжкім стане.
- У Беларусі на 30 сакавіка пацьвердзілі 152 выпадкі інфікаваньня новым каранавірусам: 47 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 105 «знаходзяцца пад мэдычным кантролем і на лячэньні».