Пэдагог-арганізатар са Шчучынскага раёну расказаў, як выйшаў з БРСМ, але мусіў працягваць прымушаць дзяцей уступаць у арганізацыю.
«Самому моташна было»
Яўген Лакішык працуе пэдагогам-арганізатарам у Астрынскай сярэдняй школе імя А.Пашкевіч (Цёткі). Гэта ў Шчучынскім раёне на Горадзеншчыне.
Яму 24 гады. Паходзіць зь Берасьцейскай вобласьці. Вучыўся ў пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка. Адпрацоўвае па разьмеркаваньні трэці год. Быў сябрам БРСМ са старшых клясаў школы. Праз 10 гадоў здолеў выйсьці з арганізацыі.
«Мне ўжо даўно ня вельмі падабалася прымушаць дзяцей уступаць у БРСМ. Самому моташна было. Я выконваў ролю сакратара пярвічнай ячэйкі БРСМ у сваёй школе. Мне патрэбен быў матыў, каб выйсьці», — кажа пэдагог.
«Мяне не хвалюе. Вам 5 хвілін, каб вы палічылі колькасьць сяброў»
Як расказаў Яўген, ён напярэдадні Новага году паехаў на Берасьцейшчыну. Папярэдне напісаў заяву на адпачынак за свой кошт. 30 сьнежня яму патэлефанавала бухгальтарка Шчучынскай арганізацыі БРСМ і «ня вельмі добрым тонам пачала патрабаваць нейкую справаздачу за паўгода». Хлопец сказаў, што знаходзіцца не на працоўным месцы.
«Яна адказала: „Мяне не хвалюе. Вам 5 хвілін, каб вы палічылі колькасьць сяброў [БРСМ] у вашай школе і мне патэлефанавалі“. Я па памяці прыгадаў, колькі чалавек, патэлефанаваў. І пасьля гэтага паставіў сабе за мэту канчаткова выйсьці з БРСМ», — кажа Яўген Лакішык.
Хлопец дадае, што яму «ня вельмі падабаецца сама арганізацыя БРСМ». «Бачу, як усё ідзе на паказ ад яго. Я „паказуху“ сам ня вельмі люблю».
Як адбываўся выхад з БРСМ
Далей Яўген Лукашык па кроках расказаў, як выходзіў з моладзевай арганізацыі. Працэс заняў каля тыдня. Яўген пачытаў статут арганізацыі і высьветліў, што выйсьці можна добраахвотна. Знайшоў у сеціве ўзор, як правільна пісаць заяву аб выхадзе, і накіраваў яе ў Цэнтральны камітэт БРСМ у Менску.
Адказ зь Менску прыйшоў на школу аб тым, што заяву перанакіравалі на Шчучын.
У гэты дзень пэдагога-арганізатара выклікалі да сябе дырэктар і намесьніца дырэктара ў выхаваўчай працы, запыталіся, чаму ён хоча выйсьці з арганізацыі. Хлопец расказаў пра непрыемную сытуацыю з бухгальтаркай.
Кіраўніцтва школы пагадзілася зь ягонай пазыцыяй і не перашкаджала яму выходзіць з БРСМ.
22 студзеня прыйшоў адказ са Шчучынскай раённай арганізацыі БРСМ, што Яўген больш не зьяўляецца яе сябрам.
«Я лічу, што да мяне пытаньняў больш ня будзе», — мяркуе хлопец.
Як настаўнік агітаваў вучняў уступаць у БРСМ
22 студзеня Яўген яшчэ выконваў у школе абавязкі сакратара БРСМ. Казаў, што «не было каму перадаць справы». За гэта яму даплачвалі ня больш за 15 рублёў на месяц.
Па словах пэдагога-арганізатара, яму трэба было ўгаворваць дзяцей ад 14 гадоў уступаць у гэтую арганізацыю. «Мне трэба было прыдумляць разнастайныя падставы, як добра быць у БРСМ. Я ім казаў, што глядзяць на сяброўства ў БРСМ пры паступленьні ў ВНУ, ССНУ, ПТУ, пры засяленьні ў інтэрнат... Гэта не зусім праўда. Калі я паступаў ва ўнівэрсытэт у 2013 годзе, на БРСМ тады ніхто зусім не глядзеў. Глядзелі на балы і ці ёсьць накіраваньне», — расказвае настаўнік.
— Ці ёсьць для дзяцей сапраўды добрыя імпрэзы, акцыі, канцэрты, летнікі дзякуючы БРСМ?
— У нас [у школе] ад БРСМ нічога не праводзіцца. Але ў Шчучыне, калі праводзяцца разнастайныя падзеі раённага маштабу, заўсёды прымушаюць дзяцей паўсюль быць у фуфайцы БРСМ.
Пры Лакішыку колькасьць дзяцей у школьнай ячэйцы паменшылася ўдвая: з 60 да 30 чалавек, бо столькі вучняў скончылі школу. 30 дзяцей — гэта каля 40% ад усіх школьнікаў ад 14 гадоў, якія вучацца ў астрынскай школе і патэнцыйна могуць быць сябрамі БРСМ.
У гэтым навучальным годзе яму «ўдалося ўгаварыць» уступіць 17 чалавек. «Як той казаў, абавязак службы», — кажа ён і дадае, што да школы могуць быць пытаньні ад кіроўных органаў з прычыны надта малой колькасьці сяброў БРСМ. У школе чакаюць праверкі.
Дырэктар: «У нас усё у парадку»
Дырэктар Астрынскай сярэдняй школы Сяргей Бадылеўскі на пытаньне, ці дзяцей прымушаюць уступаць у БРСМ, адказаў коратка.
«У нас усё у парадку», — некалькі разоў паўтарыў ён. Болей камэнтаваць па тэлефоне адмовіўся.
Вікторыя Даўгашэя, якая выконвае абавязкі першага сакратара Шчучынскай раённай арганізацыі БРСМ, ад камэнтароў па тэлефоне таксама адмовілася.
Яўген Лакішык расказаў, што ранкам 23 студзеня ў школу прыяжджала першая сакратарка Шчучынскай арганізацыі БРСМ і паведаміла, што ён больш не адказвае за БРСМ у школе.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.