Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта ведае толькі ён». Зьявілася відэа памяці гаспадара незвычайнай сядзібы пад Наваградкам


Сяргей Коваль, лістапад 2018 году
Сяргей Коваль, лістапад 2018 году

Сюжэт «Скаванае жыцьцё» зьявіўся на відэасэрвісе Youtube 1 студзеня. Відэа прысьвечанае бізнэсоўцу і мэцэнату з Наваградку Сяргею Ковалю, які год таму скончыў жыцьцё самагубствам.

Родныя Коваля не далі дазволу здымаць фільм

Сяргею Ковалю было 47 гадоў. Ён зрабіў у родным Наваградку бізнэс на гандлі рэчамі з Расеі. ​Некалькі гадоў таму адкрыў фэнтэзі-сядзібу Літоўка. Туды мог свабодна ўвайсьці любы ахвотны. Асаблівасьцю сядзібы стала сумяшчэньне ў адным месцы сымбаляў і знакаў розных культураў і рэлігій. За адзін уікэнд яе наведвалі да 4 тысяч чалавек. Дзякуючы Ковалю ў Наваградку каля музэю габрэйскага супраціву адкрылі помнік габрэйскай дзяўчынцы Міхле Сасноўскай, якую расстралялі нацысты.

Сюжэт памяці Коваля стварыла рэжысэрка Анжэла Гусева, родам з Малдовы, якая цяпер жыве ў Расеі.

На фільм не далі дазволу родныя Сяргея. Яны таксама не дазволілі здымкі на тэрыторыі ўжо закрытай тады сядзібы Літоўка. У Коваля засталіся маці, жонка, дзьве дачкі.

Відэа складаецца з успамінаў сяброў, знаёмых, калег Коваля. Яны ўзгадваюць, якім чалавекам быў Сяргей, гавораць пра ягоныя апошнія месяцы жыцьця, разважаюць пра сэнс сядзібы Літоўка і іншыя праекты, якія ён не пасьпеў рэалізаваць. Частка відэа прысьвечаная Дзьмітрыю Бондару, сябру Сяргея, які называе сябе сьвятаром старакаталіцкай царквы. У відэа ўдзельнічае ягоная маці. Напрыканцы 2018 года пасьля затрыманьня Бондара, Коваль закрыў сядзібу Літоўка для наведваньняў і неўзабаве сышоў з жыцьця.

«Сяргей Коваль — гэта дарослае дзіця, якое знайшло свой шлях радавацца жыцьцю і якое хацела навучыць іншых, як гэта рабіць... Усе ўспрынялі Сяргея, як актора, які зачараваў. Насамрэч, ён не іграў. Насамрэч гэта быў Сяргей, які ён ёсьць», — кажа ў відэа дырэктарка музэю габрэйскага супраціву Тамара Вяршыцкая.

У відэа ўвайшлі архіўныя фрагмэнты зь Сяргеем Ковалем і Дзьмітрыем Бондарам з адкрытых крыніц.

«Ён выглядаў забітым чалавекам»

Здымкі адбываліся ў Наваградку неўзабаве пасьля сьмерці Сяргея.

Рэжысэрка Анжэла Гусева расказала Свабодзе, што і пасьля працы над фільмам яна ня ведае адказу, чаму Сяргей вырашыў сысьці з жыцьця.

Рэжысэрка Анжэла Гусева
Рэжысэрка Анжэла Гусева

«Гэта ведае толькі ён. Найбліжэйшыя сябры і родныя, ніхто ня ведае пра гэта. Як я магу?.. Гэта ведае толькі той чалавек, які закрыў за сабой дзьверы... Я так і не змагла знайсьці адказу на пытаньне, чаму пры такой падтрымцы, а яго многія людзі падтрымлівалі, ён усё ж закрыў Літоўку і ўсё ж зрабіў гэты крок [суіцыд — РС]... Чаму ён сышоў? Можа, сапраўды, зразумеў, што ўсё зрабіў. "Усё, хлопцы, я зрабіў, што мог, а далей вы самі"», — разважае рэжысэрка.

Яна пазнаёмілася зь Сяргеем выпадкова, калі прыехала ў Наваградак па іншым праекце напрыканцы 2018 году, незадоўга да ягонай сьмерці, калі ўжо закрылася Літоўка. Яны камунікавалі два дні. Потым перапісваліся ў інтэрнэце, віншавалі адно аднаго з новым годам за некалькі гадзін да сыходу Сяргея.

«Мяне Сяргей узрушыў як чалавек... Я была проста ашаломленая тым, як выглядае Сяргей. Ён выглядаў забітым. У ягоных вачах не было жыцьця. Гэта былі вочы, поўныя трывогі, болю, татальнай адзіноты. Ён казаў, што баіцца адкрываць Літоўку, што забралі ўсе відэакамэры, і ён ня можа несьці адказнасьць за людзей, якія наведваюць Літоўку. Ён вельмі перажываў», — распавядае Анжэла.

«Як ён дарыў людзям сябе!»

У сюжэце няма ўспамінаў пра Сяргея-мэцэната. Са словаў рэжысэркі, гэта фільм пра той пэрыяд, калі Сяргей набыў Літоўку і зьмяніўся, дзякуючы ёй, пра асэнсаваньне жыцьця чалавекам.

«Як ён дарыў людзям сябе! Я больш не сустракала такіх людзей у сваім жыцьці. Вельмі мудры, разумны, вельмі расхінуты чалавек», — Анжэла расказвае пра Сяргея і чуваць, як пачынае плакаць, і стрымлівае сябе.

Яна называе свой сюжэт эксклюзіўным, бо ў ім пра Коваля ўзгадваюць ягоныя сябры, якія раней не выказваліся з гэтай нагоды. Рэжысэрка падкрэсьлівае, што ўсе ахвотна прынялі ўдзел у здымках.

«Усе пакутавалі ад сыходу Сяргея, а не праз тое, што закрытая Літоўка. Хаця яе закрылі — і Сяргей павесіўся. Гэта дзіўна, але ўсе па ім сумавалі, пакутавалі, хварэлі, а не па Літоўцы», — кажа Анжэла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG