Насамрэч
Падман.
Праўдападобна, Аляксандар Лукашэнка згадаў падзеі 1995 году, калі 11 красавіка дэпутаты Апазыцыі БНФ абвясьцілі галадоўку супраць ініцыяванага прэзыдэнтам рэфэрэндуму аб скасаваньні статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, пазбаўленьні гербу «Пагоня» і бел-чырвона-белага сьцягу статусу дзяржаўных сымбаляў, праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.
Дэпутаты не «валяліся», а сядзелі каля трыбуны на знак пратэсту супраць правядзеньня рэфэрэндуму.
Пасьля абвяшчэньня галадоўкі пытаньні, прапанаваныя Лукашэнкам на рэфэрэндум, не набіралі належнай колькасьці галасоў дэпутатаў. Рэфэрэндум быў пад пагрозай зрыву.
У 2 гадзіны ночы 12 красавіка ў Дом ураду былі ўведзеныя спэцпадразьдзяленьні Міністэрства абароны, міністэрства ўнутраных спраў і Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, дэпутатаў зьбілі. Факт зьбіцьця засьведчыла мэдычная экспэртыза.
Паводле распараджэньня генэральнага пракурора Васіля Шаладонава, была заведзеная крымінальная справа. Сьледчы па асабіста важных справах Яўген Бролішс пацьвердзіў факт зьбіцьця, аднак вызначыць групу асобаў у чорных масках, якія зьбівалі дэпутатаў, не ўдалося, і крымінальную справу прыпынілі.
Пазьней былы першы намесьнік старшыні КДБ генэрал Валер Кез заявіў, што дэпутатаў зьбівала група КДБ «Альфа». Гэта пацьвердзіў і былы міністар унутраных спраў генэрал Юры Захаранка.
Рэфэрэндум адбыўся 14 траўня 1995 году. Паводле дадзеных ЦВК, па ўсіх пытаньнях быў атрыманы патрэбны прэзыдэнту адказ. Дзяржаўная сымболіка была зьмененая, расейская мова атрымала статус другой дзяржаўнай. А ў 1996 годзе Аляксандар Лукашэнка, спасылаючыся на вынікі рэфэрэндуму, распусьціў Вярхоўны Савет 12-га скліканьня.
Падзяліцеся ў сацыяльных сетках са сваімі сябрамі