Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі за год стала на 3,6 тысячы інвалідаў больш


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

3 сьнежня адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў. Гэты дзень быў абвешчаны ААН у 1992 годзе, каб прыцягнуць увагу да праблемаў людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, абароны іх годнасьці, правоў і дабрабыту.

Па стане на 1 лістапада 2019 году ў Беларусі налічвалася 571 645 чалавек з інваліднасьцю, якія атрымлівалі пэнсіі праз стан здароўя, у іх ліку 33 054 дзяцей-інвалідаў ва ўзросьце да 18 гадоў.

Прыблізна 200 тысяч зь іх — людзі працаздольнага ўзросту, але ня ўсе могуць працаваць па стане здароўя. Працоўную рэкамэндацыю маюць 113 тысяч чалавек, крыху больш за 60% зь іх працуюць.

На 2018 год у Беларусі налічвалася 72 дамы-інтэрнаты для дарослых і састарэлых інвалідаў, у якіх жылі 17 671 чалавек, і 9 дамоў-інтэрнатаў для дзяцей, дзе жылі 1382 чалавекі. З 2017 году адкрыліся два дадатковыя дамы-інтэрнаты для дарослых, але закрыўся адзін для дзяцей. Зьвестак за 2019 год на момант публікацыі няма.

Чаму інвалідаў становіцца больш

На 1 лістапада 2018 году налічылі 568,0 тысячы інвалідаў, зь якіх блізу 32 тысяч былі ва ўзросьце да 18 гадоў. Такім чынам, колькасьць людзей з пэнсіяй па інваліднасьці за год вырасла прыблізна на 3600 чалавек.

Прычынамі гэтага называюць рост агульнай працягласьці жыцьця і лібэралізацыю прызнаньня інваліднасьці, а таксама рост колькасьці траўмаў і цяжкіх хваробаў (перадусім анкалягічных і сардэчна-судзінных), якія вядуць да інваліднасьці.

Колькі плацяць інвалідам

У Беларусі людзям з інваліднасьцю могуць плаціць або пэнсію за працоўны стаж, або, калі чалавек ня мае такога стажу, сацыяльную пэнсію.

Пэнсіі тых, хто меў стаж, залежаць ад ранейшага сярэднямесячнага заробку: пры 1 групе інваліднасьці даюць 75% заробку, пры 2-й — 65%, пры 3-й — 40%.

Сацыяльныя ж пэнсіі складаюць каля 200 рублёў: у сярэднім інваліду 1 групы ў канцы 2019 году выплачваюць 255 рублёў і 1 капейку, 2-й — 220,34 рубля, 3-й — 197,06 рубля.

Дзецям-інвалідам у залежнасьці ад ступені страты здароўя плацяць ад 185,46 да 255,01 рубля на месяц.

Таксама дзяржава плаціць пэнсіі па доглядзе за інвалідамі і старэйшымі за 80 гадоў: 231,83 рубля на месяц, калі даглядаюць аднаго, і 278,20 рубля, калі двух і больш.

Сярэдні бюджэт пражытковага мінімуму, да якога прывязаныя сацыяльныя пэнсіі, складае 231,83 рубля (177,79 рубля для пэнсіянэраў).

Беларусь абавязалася ствараць роўныя ўмовы для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі

Беларусь у 2016 годзе далучылася да Канвэнцыі ААН аб правах людзей з інваліднасьцю, узяўшы на сябе абавязаньні ствараць роўныя ўмовы для людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, у тым ліку праз удасканаленьне заканадаўчай базы.

На момант публікацыі так выглядала старонка сайту Міністэрства працы пра Нацыянальны плян рэалізацыі палажэньняў Канвэнцыі аб правах інвалідаў
На момант публікацыі так выглядала старонка сайту Міністэрства працы пра Нацыянальны плян рэалізацыі палажэньняў Канвэнцыі аб правах інвалідаў

Ужо 2 гады ў Беларусі працуюць над законам «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». На разгляд у парлямэнт перададзены праект закону, які мае бараніць правы людзей з інваліднасьцю і найперш не дазваляць іх дыскрымінацыі.

Падчас абмеркаваньня закону з удзелам грамадзкіх арганізацый аспрэчвалася нават яго назва: «Закон аб людзях з інваліднасьцю» або «Закон аб інвалідах». Аднак дзяржаўныя органы ў выніку настаялі на тэрміне «інвалід», супраць якога выступалі грамадзкія арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG