Частка V
Пасьля вайны пераможцы падлічваюць ня толькі страты, але і здабыткі. Амаль усе савецкія рэспублікі, якія найбольш пацярпелі ў выніку Другой сусьветнай вайны, у 1945 годзе пашырылі свае тэрыторыі. РСФСР атрымала Кёнігсбэрг, кавалак паўночнай Фінляндыі і палову Сахаліна; Украіна – адрэзанае ад Чэхаславаччыны Закарпацьце з Ужгарадам; літоўцы вярнулі Клайпеду з балтыйскім узьбярэжжам.
І толькі Беларусь пасьля вайны ня толькі не пашырылася, а наадварот, страціла 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Берасьцейскай вобласьці – усяго 14 300 квадратных кілямэтраў тэрыторыі з насельніцтвам каля 640 тысяч чалавек. Як і чаму гэта адбылося?
Прынцыпова лёс Беласточчыны быў вырашаны яшчэ ў лістападзе 1943-га году – на канфэрэнцыі ў Тэгеране. Праўда, ні Беласток, ні Падляшша ў шэраг польскіх прыярытэтаў тады не ўваходзілі. Найчасьцей пры абмеркаваньні «польскага пытаньня» гучалі іншыя тапонімы – Львоў, Вільня, Горадня. Польшча і ў Тэгеране, і ў Ялце мела на сваім баку магутных адвакатаў– амэрыканскага прэзыдэнта Рузвэльта і брытанскага прэм’ера Чэрчыля.
На адмысловай мапе, распрацаванай экспэртамі на Тэгеранскай канфэрэнцыі ў выніку гандлю вакол савецка-польскай мяжы, ажно пяць варыянтаў «лініі Керзана». Самы спрыяльны зь іх пакідаў на польскім баку ня толькі Львоў і Вільню, але і Горадню, Ліду, Ваўкавыск (лінія «С»).
Амэрыканскія дыпляматы першапачаткова давалі прадстаўнікам Польшчы надзею (у найлепшым выпадку) на варыянт «B» (Польшча атрымлівае ўсю Ўсходнюю Галіцыю з Львовам і Віленшчыну з Горадняй), a ў найгоршым — «С» (які пакідаў у межах паваеннай Польшчы Львоў, Цярнопаль і Горадню).
Але ў Сталіна наконт гэтага былі зусім іншыя намеры.
Сталін: Украінскія землі павінны адысьці да Ўкраіны, а беларускія – да Беларусі. Гэта значыць паміж намі і Польшчай павінна існаваць мяжа 1939 году, устаноўленая савецкай канстытуцыяй. Савецкі ўрад стаіць на пункце погляду гэтай мяжы і лічыць гэта правільным.
Чэрчыль: У прынцыпе было прынята, што калыска польскай дзяржавы і народу павінна быць разьмешчана паміж так званай Лініяй Керзана і лініяй ракі Одэр, з уключэньнем у склад Польшчы Ўсходняй Прусіі і Опэльнскай правінцыі. Але канчаткова правядзеньне мяжы патрабуе стараннага вывучэньня і магчымага расьсяленьня насельніцтва ў некаторых пунктах.
Сталін: Расейцы ня маюць незамярзальных партоў на Балтыйскім моры. Таму расейцам патрэбны былі б незамярзальныя порты Кёнігсбэрг і Мэмэль і адпаведная частка тэрыторыі Ўсходняй Прусіі. Тым больш, што гістарычна гэта спрадвечна славянскія землі. Калі англічане згодныя на перадачу нам згаданых тэрыторый, то мы будзем згодныя з формулай, прапанаванай Чэрчылем.
Джордж Натаніэл Керзан (1859-1925) – міністар замежных спраў
Вялікай Брытаніі ў 1919–1924 гадах. На гэтай пасадзе стаў адным з ініцыятараў
інтэрвэнцыі супраць бальшавіцкай Расеі. Падчас савецка-польскай вайны 1920 году
накіраваў бальшавіцкаму ўраду ноту, у якой патрабаваў спыніць наступ Чырвонай арміі
на лініі, рэкамэндаванай Вярхоўнай радай Антанты ў сьнежні 1919 году ў якасьці
ўсходняй мяжы Польшчы («Лініі Керзана»).
«Лінія Керзана» праходзіла праз гарады Заходняй Беларусі (Горадню — Ялаўку — Няміраў
— Брэст-Літоўск) і Заходняй Украіны (Дарагуск — Усьцілуг, на ўсход ад Грубешава,
цераз Крылаў і далей на захад ад Равы-Рускай, на ўсход ад Перамышля да Карпатаў).
На мапе зь пяцьцю варыянтамі мяжы Сталін асабіста чырвоным алоўкам зарысаваў землі на захад ад лініі «E» (Беласточчыну, Холм і Перамышль). І ўрэшце пагадзіўся на варыянт «E», хоць адначасова пазначыў лінію «F», якая дзяліла паміж СССР і Польшчай Усходнюю Прусію. Што пазьней дало падставу некаторым дасьледчыкам сьцьвярджаць, што Сталін памяняў Беласточчыну на частку Ўсходняй Прусіі, якая адышла да РСФСР.
Геральдыст і ваенны гісторык Леанід Спаткай, аўтар кнігі «Рубцы на целе Беларусі», увогуле лічыць, што вынікі «абмену» даюць права Аляксандру Лукашэнку гаварыць пра перадачу Калінінградзкай вобласьці Расеі ў склад Беларусі альбо аб перадачы яе ў склад Польшчы ўзамен на вяртаньне ў склад Беларусі Беласточчыны.
Прадстаўнікоў Беларусі, чые этнічныя землі дзялілі на канфэрэнцыях у Тэгеране, Ялце і Патсдаме, не запрашалі да абмеркаваньня.
Пра магчымы лёс сваіх заходніх раёнаў тагачаснае кіраўніцтва БССР даведалася з апублікаванай у «Правде» 11 студзеня 1944 году ўрадавай заявы.
«Польшча павінна адрадзіцца не шляхам захопу ўкраінскіх і беларускіх земляў, а шляхам вяртаньня ў склад Польшчы адабраных немцамі ў Польшчы спрадвечных польскіх земляў»…
«Савецкі ўрад ня лічыць нязьменнымі межы 1939 году. У гэтыя межы могуць быць унесены выпраўленьні на карысьць Польшчы ў тым напрамку, каб раёны, у якіх пераважае польскае насельніцтва, былі перададзены Польшчы. У гэтым выпадку савецка-польская мяжа магла б прайсьці прыкладна па так званай лініі Керзана, якая была прынята ў 1919 годзе Вярхоўным Саветам Саюзных Дзяржаў і якая прадугледжвала ўваходжаньне Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюзу».
У заяве не было канкрэтных геаграфічных назваў, і тагачасны кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка не лічыў, што справа канчаткова вырашаная не на карысьць Беларусі. 21 сакавіка 1944-га у сваім выступе на сэсіі Вярхоўнага Савету БССР, гаворачы пра заходнюю мяжу БССР, устаноўленую ў 1939 годзе, ён назваў яе «справядлівай як у гістарычных, так і ў этнаграфічных адносінах». І нават дазволіў сабе рызыкоўны пасаж:
«Узьяднаная беларуская дзяржава не аддасьць нікому і ніколі мэтра зямлі, якая належыць беларускаму народу»
Старшыня прэзыдыюму Вярхоўнага Савета БССР Нічыпар Наталевіч быў больш асьцярожны: на той жа сэсіі ён адзначыў, што да Польшчы не павінна адысьці большасьць раёнаў Беластоцкай вобласьці і папрасіў савецкі ўрад пры вызначэньні мяжы з Польшчай улічыць законнае і справядлівае жаданьне беларускага народу аб’яднаць усе ягоныя спрадвечныя землі ў адзіную савецкую дзяржаву.
На гэтым публічнае змаганьне беларускага кіраўніцтва за межы сваёй рэспублікі было фактычна скончанае. Праўда, Панамарэнка на працягу ўсяго 1944 году актыўна цікавіўся гэтай праблемай. У ягоным асабістым архіве захаваліся сотні дакумэнтаў, большасьць зь якіх – сакрэтныя данясеньні асобых аддзелаў армій і франтоў, якія акупавалі ўсходнюю Польшчу і інфармавалі кіраўніцтва пра грамадзкія настроі ў рэгіёне.
«У размове з палітработнікамі гр-ка Фясяк Марыя з в. Зачарвляны
Беластоцкага раёну сказала:
„Думалі, што будзе савецкая ўлада і мы будзем у беларускай дзяржаве. А цяпер, выходзіць,
зноў пад палякамі...Мы чакалі Чырвоную армію не дзеля таго, каб яна аддала нас пад уладу
Польшчы. Лепш бы вы тады і не прыходзілі...“
Польскае насельніцтва задаволена новай дзяржаўнай мяжой паміж Савецкім Саюзам і
Польшчай, а беларусы выказваюць незадаволенасьць і недаўменьне. Жыхар в. Гайнаўка
Беластоцкага раёну Дзям’ян Мажэткаў:
„Мы рады прыходу Чырвонай арміі. Але навошта бяз нашай згоды нас далучылі да Польшчы?
Няхай бы за гэта пытаньне прагаласавалі“.
З кім бы зь беларусаў ні даводзілася размаўляць, усе вельмі незадаволеныя далучэньнем
Беластоку і Беластоцкай вобласьці да Польшчы»
.
Сталіна цалкам задавальняла заходняя мяжа СССР, якую ён нарысаваў у жніўні–верасьні 1939-га разам з Гітлерам. І просьбы Рузвэльта і Чэрчыля ён, па вялікім рахунку, у ліпені 1944-га мог ужо прапускаць міма вушэй, назіраючы за імклівым наступам сваіх дывізій на захад. Што для яго было неабыякава – дык гэта тое, дзе ў Эўропе праляжа рэальная мяжа ягонай камуністычнай імпэрыі, пра якую ён марыў і якая павінна была прайсьці значна далей на Захад ад фармальнай мяжы СССР.
Калі б Польшча пасьля вызваленьня ад нацыстаў нейкім цудам здолела застацца на заходнім баку ад жалезнай заслоны, яна, без сумневу, не атрымала б і пядзі тых тэрыторый, якія заняў СССР у верасьні 1939-га. А вось дзеля Польшчы паслухмянай, Польшчы камуністычнай Сталін мог пайсьці на саступкі. І пайшоў… Тым больш што страта Беласточчыны зь лішкам была кампэнсаваная за кошт паўночнай часткі Ўсходняй Прусіі. Праўда, кампэнсацыю гэту атрымала зусім не Беларусь.
Калі польскі ўрад у эміграцыі змагаўся за межы новай Польшчы пры пасярэдніцтве амэрыканцаў ды брытанцаў, то польскія камуністы дзейнічалі наўпрост, праз Маскву і Сталіна. З эмігранцкім урадам, які месьціўся ў Лёндане, Сталін у 1944 годзе ўжо весьці справы не жадаў. А вось камуністаў ахвотна прымаў у Крамлі. Праўда, камуністы прасілі таго ж, чаго і антыкамуністы – карэктыў Лініі Керзана на карысьць Польшчы. На кардынальныя саступкі Крэмль не пайшоў, Львоў і Вільню не аддаў, але сёе-тое польскія таварышы ўсё ж вытаргавалі.
У тэрміновым парадку была распрацавана і 27 ліпеня 1944 году падпісана савецка-польская Дамова аб мяжы. Ад СССР яе падпісаў міністар замежных спраў Молатаў, ад Польшчы – кіраўнік часовага пракамуністычнага ўраду Эдвард Асубка-Мараўскі. За аснову прымалася Лінія Керзана. Але дадаткова Польшча атрымлівала дзьве саступкі. Ва Ўкраіне – невялікія тэрыторыі ля горада Крылоў, ля Заходняга Буга; у Беларусі – частку Белавескай пушчы, уключна зь Няміравам, Гайнаўкай, Белавежай і Ялаўкай. (Пазьней гэтая ж дамова легла ў падмурак дамовы аб мяжы ад 16 жніўня 1945 году).
Адметна, што польскія прадстаўнікі прасілі Маскву пра Белавескую пушчу, спасылаючыся на недахоп лесу ў краіне (чатырма гадамі раней такі ж аргумэнт спрацаваў, калі Ўкраіне са складу Беларусі перадалі лясны раён Камень-Кашырскі на Палесьсі). Як пераконваў Сталіна Асубка-Мараўскі, «у выпадку зь Белавескай пушчай нацыянальных праблемаў няма, паколькі зубры ды іншыя жывёлы нацыянальнай прыналежнасьці ня маюць».
Масква аддала Беласточчыну і частку Белавескай пушчы – і на гэтым лічыла справу вырашанай. Польскі ўрад у эміграцыі думаў інакш. У жніўні 1944-га прэм’ер польскага эмігранцкага ўраду Мікалайчык, спрабуючы пераканаць Сталіна ўсё ж пакінуць Польшчы хаця б Львоў, у якасьці аргумэнту нагадаў пра тое, што Львоў ніколі ня быў расейскім.
Раздражнёны Сталін парыраваў: «Затое Варшава была». І дадаў, што палякам пара б перастаць чапляцца да ўжо ўзгодненай 27 ліпеня 1944 году мяжы – тым больш у сытуацыі, калі вырашаецца пытаньне ня столькі пра мяжу, колькі пра іх незалежнасьць.
Апошняй спробай адваяваць для Польшчы Львоў быў выступ прэзыдэнта Рузвэльта на Ялцінскай канфэрэнцыі. У адказе Сталіна была згадка пра Беласточчыну.
Сталін, адказваючы на прапанову Рузвэльта пра тое, што «было б
добра разгледзець пытаньне пра саступкі палякам на паўднёвым участку лініі
Керзана»:
«Павінен зазначыць, што лінія Керзана прыдумана не расейцамі. Аўтарамі лініі Керзана
зьяўляюцца Керзан, Клемансо і амэрыканцы, якія ўдзельнічалі ў Парыжскай канфэрэнцыі
1919 года. Расейцаў не было на гэтай канфэрэнцыі. Лінія Керзана была прынята на базе
этнаграфічных зьвестак насуперак волі расейцаў. Ленін ня быў згодны з гэтай лініяй.
Ён не хацеў аддаваць Польшчы Беласток і Беластоцкую вобласьць.
Савецкі ўрад ужо адступіў ад пазыцыі Леніна. Што ж вы хочаце, каб мы былі меней
расейцамі, чым Керзан і Клемансо? Гэтак вы давядзяце нас да ганьбы. Што скажуць
украінцы, калі мы прымем вашу прапанову? Яны, бадай, скажуць, што Сталін і Молатаў
аказаліся меней надзейнымі абаронцамі расейцаў ды ўкраінцаў, чым Керзан і Клемансо.
Зь якім тварам ён, Сталін, вярнуўся б тады ў Маскву? Не, няхай ужо лепш вайна зь немцамі
працягнецца яшчэ крыху, але мы павінны аказацца ў стане кампэнсаваць Польшчу за кошт
Нямеччыны на захадзе».
Ці былі беларусы адзінымі сярод нацый, якія ўдзельнічалі ў змаганьні з фашызмам, але ў выніку перамогі ня толькі не атрымалі новых тэрыторый, а наадварот, страцілі тое, што мелі да вайны? Не. Страты суседняй Польшчы былі яшчэ большымі. Калі тэрыторыя Беларусі ў 1945 годзе скарацілася ў параўнаньні з 1939-м на 6,4 %, то тэрыторыя Польшчы – на 20 %. Прадчуваючы рэальнасьць такой пагрозы, прадстаўнікі Польшчы на працягу трох апошніх гадоў вайны вялі зацятае змаганьне за свае паваенныя межы. Прычым у змаганьні гэтым дзейсны ўдзел бралі і камуністы, і антыкамуністы, і лібэралы, і кансэрватары, і клерыкалы, і бязбожнікі….
Вялікая актыўнасьць польскага боку ў пытаньні мяжы паступова стала раздражняць ня толькі Сталіна, але і заходніх саюзьнікаў. Неўзабаве пасьля таго, як ім сталі вядомыя падрабязнасьці падпісанага 27 ліпеня 1944-га ў Маскве пагадненьня аб мяжы паміж Молатавым і польскім камуністычным урадам, Чэрчыль заўважыў, што «нямецкія землі, якія маюць перайсьці Польшчы – гэта прамыслова разьвітыя тэрыторыі, а таму значна больш каштоўныя, чым польскія балоты над Прыпяцьцю, якія пяройдуць у рукі Саветаў».
І нават тады, калі, здавалася, ужо была пастаўлена апошняя кропка (падпісана дамова аб мяжы паміж СССР і Польшчай 16 жніўня 1945 году) польскі бок працягваў змаганьне хаця б за асобныя вёскі і невялікія тэрыторыі вакол іх, што прадугледжвалася дамовай. Здавалася б, што можна «наскубці» такім чынам? А вось жа «наскублі». У 1946-1950 гадах Польшча атрымала некалькі дзясяткаў беларускіх вёсак, у 1951-м – шэраг украінскіх. Усяго за пасьляваенныя гэтыя гады тэрыторыя ПНР такім чынам павялічылася яшчэ на 1000 квадратных кілямэтраў.
Апошнім савецкім кіраўніком, які пагражаў адабраць Беласток у Польшчы, стаў Мікіта Хрушчоў. У 1956 годзе, калі «сацыялістычны лягер» скалануўся ад краху сталінізму і ўзьнікла пагроза, што ненадзейны саюзьнік здрадзіць Маскве, Хрушчоў прыгразіў уладам ПНР у выпадку іхнай здрады «карэктурай» дзяржаўнай мяжы на карысьць СССР – з анэксіяй Перамышля, Холма, Замосьця і Беластоку – усіх тых саступак, на якія пайшоў Сталін дзеля сацыялістычнай ПНР.
Але да ажыцьцяўленьня пагрозы, як вядома, справа не дайшла. Сацыялізм у Польшчы абрынуўся толькі ў 1989-м. А Беласточчына так і засталася на польскім баку мяжы.
Быў час, калі Беларусь мела ў сваім складзе Беласток і Друскенікі, але быў і такі, калі за яе межамі апынуліся Гомель і Магілёў. Калі б кола гісторыі павярнулася крыху інакш, у межах Беларусі сёньня маглі б быць Вільня і Смаленск. Але яно магло павярнуцца і ў другі бок — і існавала зусім рэальная небясьпека, што Берасьце, Полацак і Пінск апынуцца ў складзе суседніх дзяржаў. 20-я, 30-я, 40-я гады мінулага стагодзьдзя былі вызначальнымі для сёньняшніх абрысаў Беларусі. Адны правадыры і партыйныя функцыянэры беларускую тэрыторыю пашыралі, другія, наадварот, адрэзвалі альбо спрабавалі адрэзаць цэлыя раёны і вобласьці. Як і чаму гэта адбывалася — распавядаем у праекце пра межы Беларусі.