Насамрэч
У літаральным сэнсе гэта няпраўда — ня існуе ніякай агульнапрынятай нормы росту жанчынаў. Але калі пад нормай разумець сярэдні рост, то ў «вілку» — 165-175 сантымэтраў, якой аддае перавагу Лукашэнка, сапраўды трапляе сярэдні рост дарослых беларусак узросту да 40 гадоў.
Дасьледны цэнтар NCD Risk Factor Collaboration вывучае сярэдні рост мужчын і жанчын па ўсім сьвеце. Навукоўцы цэнтру маюць базу дадзеных па ўзросьце жыхароў 187 краінаў сьвету, народжаных з 1896-га па 1996-ы гады. База ўтрымлівае зьвесткі 18.6 мільёнаў чалавек.
Паводле NCD Risk Factor Collaboration у 2014 годзе 18-гадовыя беларускі (народжаныя ў 1996 годзе) мелі сярэдні рост 166.3 сантымэтры. Паводле сярэдняга росту яны былі на дзевятым месцы сярод самых высокіх жанчын свайго ўзросту ў сьвеце.
Самымі высокімі ў сярэднім жанчынамі ўзросту 18 гадоў у 2014 годзе былі грамадзянкі Латвіі (169.8 см), самымі нізкімі ў сярэднім — 18-гадовыя гватэмалкі (149.4 см).
Графік NCD Risk Factor Collaboration паказвае, што ў інтэрвал, пазначаны Лукашэнкам, траплялі паводле сярэдняга росту беларускі, народжаныя пачынаючы з 1969 году. Народжаныя ў 1969 годзе беларускі ў 18 гадоў мелі ў сярэднім рост дакладна 165 сантымэтраў.
Сярод жанчын, народжаных у наступныя гады, сярэдні рост няўхільна падвышаўся. На большых часовых інтэрвалах адрозьненьні ў сярэднім росьце жанчын (як і мужчын) былі больш значнымі. Жанчыны-раўналеткі Лукашэнкі, якія нарадзіліся ў 1954 годзе, у 18 гадоў мелі ў сярэднім рост 163 см. А беларускі-раўналеткі ХХ стагодзьдзя, народжаныя ў 1900 годзе, ва ўзросьце 18 гадоў мелі ў сярэднім рост 155 см.
Падзяліцеся ў сацыяльных сетках са сваімі сябрамі