Насамрэч
Чыстая праўда. Чатыры ўраджэнцы Беларусі як грамадзяне іншых краінаў атрымлівалі Нобэля.
Сямён Кузьнец (грамадзянін ЗША) — Нобэлеўская прэмія па эканоміцы ў 1971 годзе.
Сямён Кузьнец (Simon Smith Kuznets) нарадзіўся ў 1901 годзе ў габрэйскай сям’і ў Пінску. З 1922 году жыве ў ЗША, у 1924-м скончыў Калюмбійскі ўнівэрсытэт. Узначальваў камітэт па эканамічным росьце пры ўрадзе ЗША. Прэзыдэнт Амэрыканскай статыстычнай, а потым і эканамічнай асацыяцыі. У 1971 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію «за эмпірычнае абгрунтаванае тлумачэньне эканамічнага росту, якое прывяло да новага, глыбейшага разуменьня эканамічнай і сацыяльнай структуры й працэсу разьвіцьця ў цэлым». Памёр у 1985 годзе ў Кэмбрыджы, штат Масачусетс.
Мэнахем Бэгін (грамадзянін Ізраіля) — Нобэлеўская прэмія міру ў 1978 годзе.
Нарадзіўся ў 1913 годзе ў Берасьці, у сям’і сакратара Брэст-Літоўскай габрэйскай супольнасьці. У 1940 годзе быў арыштаваны савецкімі ўладамі ў Вільні, сасланы ў лягер. Выйшаў адтуль у 1941 годзе, уступіўшы ў армію Андэрса. У 1977 годзе ўзначаліў урад Дзяржавы Ізраіль. Заставаўся прэм’ер-міністрам да 1983 году. За мірнае ўрэгуляваньне канфлікту за Сынайскі паўвостраў ён атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру разам з прэзыдэнтам Эгіпту Анварам Садатам. Памёр у 1992 годзе ў Тэль-Авіве.
Шымон Пэрэс (грамадзянін Ізраіля) — Нобэлеўская прэмія міру ў 1994 годзе.
Нарадзіўся ў габрэйскай сям’і ў мястэчку Вішнева (сёньня — Валожынскі раён) у 1923 годзе. У 1932 годзе зь сям’ёй пераехаў у Палестыну. Пэрэс займаў розныя міністэрскія пасады, быў прэм’ер-міністрам Ізраіля ў 1984–1986 і 1995–1996 гадах. З 2007 па 2014 год быў прэзыдэнтам Ізраіля. У 1994 годзе разам з Іцхакам Рабінам і Ясірам Арафатам атрымаў Нобэлеўскую прэмію за мірнае ўрэгуляваньне ізраільска-палестынскага канфлікту. Памёр у 2016 годзе ў Тель-ха-Шамэры.
Жарэс Алфёраў (грамадзянін Расеі) — Нобэлеўская прэмія па фізыцы ў 2000 годзе.
Нарадзіўся ў Віцебску ў 1930 годзе. Скончыў школу ў Менску, вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце (сёньня — БНТУ), потым — у Ленінградзкім тэхнічным інстытуце імя Ўльянава. З 1953 году працаваў у Фізыка-тэхнічным інстытуце імя А. Ф.Ёфэ (узначальваў яго з 1987 па 2003 год). У 1990–1991 гадах быў віцэ-прэзыдэнтам Акадэміі навук СССР. У 2000 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію па фізыцы за разьвіцьцё паўправадніковых гетэраструктур для высакахуткаснай оптаэлектронікі. Памёр у 2019 годзе ў Пецярбургу.
Падзяліцеся ў сацыяльных сетках са сваімі сябрамі