Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асудзілі спартоўца, які да сьмерці «прабіў фанэру» падлетку-цяжкаатлету з алімпійскай вучэльні


Руслан Сіроцін
Руслан Сіроцін

У судзе Шчучынскага раёна 18-гадовага Руслана Сіроціна асудзілі за тое, што ён незнарок забіў свайго таварыша па спорце Андрэя Дараховіча.

Хлопцу прызначылі 9 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд яшчэ не набыў законную сілу.

Максымальнае пакараньне, якое пагражала хлопцу, — 15 гадоў калёніі.

Трагедыя адбылася сёлета 1 красавіка ў Лідзе ў разьдзявальні пры спартовай залі лідзкай вучэльні алімпійскага рэзэрву. Пасьля трэніроўкі Руслан Сіроцін ударыў ня менш за тры разы ў грудзі 16-гадоваму Андрэю Дараховічу. Ад апошняга ўдару Андрэй упаў, у яго спынілася сэрца, «хуткая» ня здолела яго выратаваць.

Андрэй Дараховіч
Андрэй Дараховіч

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу па артыкуле «Прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці» (ч. 1 арт 144 Крымінальнага кодэксу Беларусі) праз два тыдні пасьля сьмерці Андрэя Дараховіча.

Пазьней справу перакваліфікавалі на ч. 3 арт 147 КК Беларусі («наўмыснае прычыненьне цяжкога цялеснага пашкоджаньня, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека»). Першы артыкул прадугледжваў да трох гадоў калёніі, другі — да 15 год.

Старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч падчас расьсьледаваньня справы адзначыў, што трагедыя з падлеткам была не прыватным выпадкам, а праблемы ў дзейнасьці вучэльні мелі «сыстэмны характар».

Паводле яго, за апошнія гады выхаванцаў абвінавачвалі ў шэрагу злачынстваў, што стала вынікам «бескантрольнасьці за імі з боку трэнэраў, выкладчыкаў, выхавальнікаў і службовых асоб абласнога ўзроўню, якія закліканыя каардынаваць і кантраляваць адукацыйны і выхаваўчы працэс».

У сьнежні 2018 году быў звольнены кіраўнік Горадзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзэрву Тадэвуш Калошыч (лідзкая вучэльня — ейны філіял). Паводле Генпракуратуры, у вучэльні выявілі парушэньні заканадаўства, якія ўшчамляюць правы і законныя інтарэсы навучэнцаў.

Гэты артыкул падрыхтаваны пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG