Фэнтэзійная сядзіба Літоўка пад Наваградкам расчыніць дзьверы для наведнікаў з 22 жніўня.
Уваход у сядзібу зробяць платным: для дарослых 4 рублі, для дзяцей да 10 гадоў — 2 рублі. Пра гэта паведамляецца ў акаўнце сядзібы ў Instagram. Вызначаны графік працы — з 12:00 да 21:00.
«Плянаў на далейшае разьвіцьцё шмат, хацелася б увасобіць у рэальнасьць усё, што задумаў Сяргей (Коваль — заснавальнік сядзібы. — РС), — гаворыцца ў допісе ў акаўнце Літоўкі. — Але на гэта патрэбны час і сродкі. Таму шчыра спадзяёмся на разуменьне, што ня будзе абурэньня, што ўваход цяпер платны... Месца ранейшым, вядома, ужо ня будзе, але я паспрабую зрабіць усё магчымае для яго адраджэньня, каб тата мной ганарыўся!»
Выглядае, што справамі сядзібы будзе займацца старэйшая дачка стваральніка сядзібы Сяргея Коваля Кацярына.
47-гадовы Сяргей Коваль павесіўся 1 студзеня паміж 13 і 15 гадзінай у сваёй кватэры. Ён задумваў комплекс як тэрыторыю, адкрытую для ўсіх у любы час, бясплатна. Праўда, незадоўга да сьмерці, бізнэсовец сумняваўся, ці не зрабіў у такім рашэньні памылку.
Асаблівасьцю сядзібы стала сумяшчэньне ў адным месцы сымбаляў і знакаў розных культураў і рэлігій. Яе працягвалі дабудоўваць. Праект меўся быць бясконцым.
Незвычайны арт-аб’ект прыцягваў шматлікіх турыстаў зь Беларусі і ня толькі. За выходныя тэрыторыю Літоўкі наведвалі 3–4 тысячы чалавек.
Сядзіба закрылася у лістападзе 2018 году, пасьля таго як на тэрыторыі Літоўкі затрымалі «эпіскапа сьвету» Дзьмітрыя Бондара.
Коваль тады адмаўляў сувязь паміж гэтымі падзеямі. У той жа пэрыяд на дзейнасьць сядзібы пачалі скардзіцца некаторыя жыхары Наваградку, бо ўбачылі там прыкметы сатанізму і распусты. Сяргей вырашыў зрабіць перапынак у дзейнасьці сядзібы. Ён прызнаваўся, што ўсе гэтыя падзеі яго прыгнятаюць.
Коваль быў вядомы ў горадзе і як мэцэнат: паставіў на тэрыторыі былога гета помнік габрэйскай дзяўчынцы Міхле Сасноўскай. Плянаваў усталяваць помнік беларускай сям’і, якая хавала ў сябе габрэяў падчас вайны.