«Дзе не ступала нага Лукашэнкі». Частка ІІІ
Дзе не ступала нага Лукашэнкі
«Лепш не пішыце, за гэтым стаяць высокія людзі»
Рэпартаж з той Шклоўшчыны, дзе Лукашэнку бачылі толькі ў тэлевізары
частка ІІІ

Аляксандар Лукашэнка мае некалькі рабочых паездак на месяц. Мы налічылі амаль 400 афіцыйных візытаў у розныя рэгіёны Беларусі за час ягонага знаходжаньня ва ўладзе.

І ўсё ж пры такой актыўнасьці засталіся месцы, куды Лукашэнка не прыяжджаў ні разу. Як выглядаюць такія раёны, мы паказвалі на прыкладзе Сеньненшчыны і Воранаўшчыны.

Апошні рэпартаж праекту «Дзе не ступала нага Лукашэнкі» — са Шклоўшчыны. І хоць гэта найбольш папулярны рэгіён ягоных візытаў, з сапраўднай Шклоўшчынай, як мы высьветлілі на месцы, Лукашэнка не знаёмы. Мы зьезьдзілі ў вёскі, дзе Лукашэнку бачылі толькі ў тэлевізары.

photo

Што такое Шклоўшчына

  • адлегласьць ад Менску – 220 км
  • Адлегласьць ад дзяржаўнай мяжы (з Расеяй) — 85 км
  • Колькасьць насельніцтва — 26,8 тысячы чалавек;
    у тым ліку ў райцэнтры —16,2 тысячы
  • Колькасьць насельніцтва ў 1989 годзе — 43,4 тысячы чалавек

Этнічны склад

  • беларусы — 94%
  • расейцы — 4,5%
  • іншыя— 1,5%

Разьмеркаваньне галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году:

  • Лукашэнка — 85%
  • Кебіч — 6%
  • Дубко — 2,3%
  • Новікаў — 1,8%
  • Пазьняк — 1,6%
  • Шушкевіч — 0,9%

Сярэдні заробак — 836,4 рубля, адзін з самых высокіх у Магілёўскай вобласьці

Самыя буйныя прадпрыемствы ў раёне:

  • ААТ «Папяровая фабрыка „Спартак“»
  • ААТ «Шклоўскі масларобны завод»
  • ААТ «Шклоўскі камбікормавы завод»
  • РУП «Завод газэтнай паперы»
  • РУП «Завод газэтнай паперы», філіял «Домабудаваньне»
  • ПУП «Камбінат каапэратыўнай прамысловасьці»

Вядомыя людзі ва ўладзе:

  • Аляксандар Лукашэнка, прэзыдэнт Беларусі з 1994 году
photo


Чаму з роднага саўгасу Лукашэнкі ўцякаюць людзі
«Вам тут ніхто нічога ня скажа, — упэўнены Аляксандар, былы трактарыст, якога год таму звольнілі з саўгасу „Гарадзец“. — Людзі баяцца, што іх выганяць з хаты».
photo
Пра саўгас «Гарадзец» згадваецца ўжо ў першых сказах палітычнай біяграфіі Аляксандра Лукашэнкі. У 1994 годзе ён балятаваўся на прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці дырэктара гэтага сельскагаспадарчага прадпрыемства. Лукашэнка доўгі час апекаваўся роднай гаспадаркай. У 2006 годзе саўгас перадалі Беларусбанку, які інвэставаў сюды вялікія грошы.
«Калі быў банк, сюды на працу са Шклова прыяжджалі, з Воршы і нават зь Віцебску», — кажа Аляксандар. Сам ён сюды пераехаў у 2008-м з Бабруйску.
photo
У тыя часы ў гаспадарку закупілі шмат новай тэхнікі, заробкі былі высокія, працаўнікі ўвесь час атрымлівалі прэміі і падарункі. «Гарадзец» мусіў стаць прыбытковым. Але як толькі банк-спонсар сышоў, саўгас стаў шараговай гаспадаркай зь вечнымі даўгамі.
Пра былую веліч вёскі і аднайменнага саўгаса нагадваюць новыя адміністрацыйныя будынкі банку, сельсавету, крамаў. Яны сапраўды ствараюць уражаньне гораду, а ня вёскі. Але за чысьцінёй і дагледжанасьцю Гарадца — «дзіра», лічаць мясцовыя.
photo
«Якая паказальная вёска? Выглядае ўсё тут прыгожа, — кажа Аляксандар. — На мэханічным двары прыгожа, на паперы прыгожа. А калі капянуць, там нічога прыгожага і няма».
Па ягоных словах, цяпер многія жыхары Гарадца езьдзяць на працу ў Магілёў, Шклоў і на падпрацоўку ў Расею. Сам ён таксама ўладкаваўся на працу ў абласным цэнтры, да якога 40 км і куды рэгулярна ходзяць аўтобусы.
«Гарадзец ніхто не чапае, бо баяцца. Каб людзі ўцякалі з роднага калгасу прэзыдэнта — ня можа такога быць», — лічыць Аляксандар.
photo


Каля Лукашэнкавай вёскі пабудавалі гатэль, які 5 год ня могуць прадаць. Ён развальваецца
У «банкаўскія» часы каля Гарадца пабудавалі запраўку і прыдарожны гатэль. Цяпер ён развальваецца, таму што больш як пяць год будынак ніхто не выкарыстоўвае.
«Там ужо рамонт трэба рабіць, — кажа ахоўнік. — Бо нікому гатэль не патрэбны».
За дзень да чарговага прыезду Лукашэнкі — на купальскі фэст у Александрыі ў ліпені — вакол запраўкі косяць траву.
«Абкасілі ўсё, бо думалі, што Лукашэнка будзе ехаць па нашай дарозе», — лічыць пэнсіянэрка Валянціна. Гатэль пабудавалі на ўчастку, які раней належаў ёй.
«Цяпер кажуць, на запраўку кліент знайшоўся, а гатэль ня хочуць. Дык аддалі аблвыканкаму ці ў раён. І сказалі, што будзе дом састарэлых тут», — кажа Валянціна.
Эканаміст Пётра Мігурскі называе гэты комплекс мазалём на эканамічным целе Шклоўскага раёну.
«Убухалі вельмі шмат грошай, а што рабіць з гэтым, ня ведаюць», — кажа эканаміст.
photo
Праз колькі часу ахоўнікі пачалі бянтэжыцца ўвагай журналістаў да даўгабуду ў родным саўгасе Лукашэнкі. І засьцерагаюць, што гэтая тэма — небясьпечная для агалошваньня.
«Я думаю, у рэпартажы вашым пра гатэль гэты ня трэба пісаць, — кажа адзін зь іх. — У такім ракурсе, што пабудавана і не прадаецца. За гэтым стаяць высокія людзі».

«Лукашэнку на Шклоўшчыне не ідэалізуюць»,
або як «разбалавалі» жыхароў раёну
photo

Пётра Мігурскі — эканаміст, аўтар кнігі пра карупцыю ў Магілёўскай вобласьці. Ён распавёў Свабодзе, ці сапраўды Шклоўскі раён эканамічна пасьпяховы і па якім прынцыпе Лукашэнка выбірае, якую гаспадарку наведаць.


— Ня трэба казаць, што Лукашэнку ідэалізуюць. Калі ён прыяжджае, працаўнікоў прымушаюць завышаць свае заробкі.
У «Сіпакове» аднаму сказалі перад выступам, што калі хочаш працаваць, дык назавеш прэзыдэнту 700 рублёў. Гэта паказуха, б’е цераз край. Так, даяркі атрымліваюць 800 і 1000, але асноўная маса — па 200–300 рублёў.

Я б не казаў, што Шклоўскі раён вельмі пасьпяховы. Шклоўская папяровая фабрыка «Спартак» — рэкардсмэн па стратах: ад 23 да 25 мільярдаў за год на старыя грошы. Цяпер яе далучылі да заводу газэтнай паперы.
photo


На шклоўскім ільнозаводзе таксама асаблівых посьпехаў не відаць: часта мяняліся кіраўнікі, заробак ня вельмі высокі, эканамічныя паказчыкі не бліскучыя.
Цяжка было камбікормаваму заводу. Дык яго аддалі Александрыйскаму пад выглядам рэарганізацыі.
Посьпехі Шклоўскага раёну ў сельскай гаспадарцы — не зусім ягоная заслуга. Лукашэнка найчасьцей прыяжджае ў гаспадаркі «Газавік-Сіпакова», «Амкадор-Шклоў», «Александрыю». А яны не адносяцца да мясцовых уладаў ды маюць вялікіх інвэстараў з Магілёва і Менску. Вытворчыя вынікі там сапраўды ёсьць. І падаецца, што Шклоўскі раён — адзін зь перадавых у краіне. Але ў іх такія выдаткі, што жах!
photo
Сама дзяржаўная калгасная сыстэма, якая культывуецца ў Беларусі, ня можа быць пасьпяховай. Ад яе трэба адмаўляцца.
Але трэба сказаць, што без Лукашэнкі Шклоўскі раён зусім прапаў бы. У Шклове няма чаргі на жыльлё. Тут пабудавалі завод газэтнай паперы, дзе заробкі пад тысячу рублёў. Усе аграгарадкі даволі якасныя. У кожнай гаспадарцы па некалькі малочна-таварных фэрмаў.
photo
Тым часам людзей разбалавалі. Ім ня трэба асабліва напружвацца. Калі грошай мала зарабілі, іх дадуць. І хоць датацый мясцоваму бюджэту стала значна меней, Лукашэнку яшчэ раней трэба было б патрабаваць зь мясцовага кіраўніцтва.
«Фэрму зачынілі, працы няма, але дзяржава і прэзыдэнт робяць як трэба»
Як і ў іншых раёнах, у Шклоўскім пазачынялі шмат фэрмаў. У абраных аграгарадках збудавалі вялікія комплексы, і каб напоўніць іх, туды перавезьлі жывёлу з суседніх малых гаспадарак. Так здарылася з Каменнымі Лавамі. Яшчэ 15 год таму ў вёсцы было дзьве фэрмы, дзе працавалі мясцовыя жыхары. Цяпер застаўся будынак адной , якую выкарыстоўваюць як ангар для тэхнікі.
photo
«Фэрмы даўно не працуюць. Штосьці добрае вы можаце знайсьці толькі ў Дабрэйцы. А ў нас сельскі савет застаўся і школа», — кажуць у мясцовай краме.
Да Дабрэйкі — пару кілямэтраў. Туды часта наведваецца Аляксандар Лукашэнка. Бо пасьля таго, як гаспадарку перадалі Магілёўаблгазу, сюды паліліся грошы. А вось у Каменных Лавах прэзыдэнта Беларусі ні разу ня бачылі.
«Лукашэнка сюды не прыяжджаў, — кажа Міхаіл Уладзімеравіч, былы малочнік. — Можа, дарогі дрэнныя ў нас».
photo
Пакуль размаўляем зь вяскоўцамі ля крамы, на працоўных «Жыгулях» прыяжджае старшыня сельсавету Алена Асіпенка. Яна адказвае на ўсе закіды жыхароў Каменных Лаваў.
photo
«Я б сёньня фэрму тут і не аднаўляла б. Няма неабходнасьці. Газэлькі возяць маладых даярак і жывёлаводаў з Каменных Лаваў», — кажа старшыня.
У вялікай некалі вёсцы амаль не засталося працаздольнага насельніцтва. Маладых даярак і жывёлаводаў, пра якіх кажа Алена Асіпенка, няма і дзесяці чалавек. Некаторыя працуюць у Магілёве, што за 20 км ад вёскі. Туды можна дабрацца дызэлем ці на машыне.
«Мы тут не пакрыўджаныя. Калі хочам лепш — трэба старацца яшчэ больш. А дзяржава і прэзыдэнт падтрымліваюць вёску як трэба».
photo

Паверыла Лукашэнку і пераехала ў вёску. Цяпер ня можа атрымаць зямлю
Каля крамы ў Каменных Лавах ужо чатыры гады жыве былая магіляўчанка Жанна. Паслухаўшы Лукашэнкі, яна пераехала ў вёску. Хацела завесьці вялікую гаспадарку. І хоць навокал поўна зямлі, ёй у арэнду аддаюць толькі закінутыя і парослыя хмызамі адрэзкі.
photo
«Я з тых, хто хоча на вёсцы жыць. Пачула па тэлевізары Лукашэнку, што трэба ўсім зямлю даваць. Прыехала сюды, а тут такое», — скардзіцца Жанна.
Яна хацела зарэгістраваць асабістую падсобную гаспадарку, завесьці жывёлу. Але зямлі пад выпас кароваў не даюць, бо яна належыць гаспадарцы «Газавік-Сіпакова».
«Хіба праз 50 сотак калгас зьбяднее?» — рытарычна пытаецца Жанна.
photo
Як і чатыры гады таму, ёй прапаноўваюць альбо ўчасткі за некалькі кілямэтраў ад дому, альбо закінутыя землі.
«Далі такі кавалак, каб трэба было выкарчоўваць самой. Яны самі ня могуць выкарчаваць, а я магу адна?» — кажа Жанна.
photo
Зямля, якую аддалі Жанне ў апрацоўку
Пакуль тое, яна дамаўляецца з суседзямі, якія даюць ёй кавалкі зямлі пад бульбу. Летась трымала 65 галоў курэй, гусей і качак. Сёлета — удвая менш, бо бракуе месца.
«Вось і клюб занядбаны стаіць. Прасіла даць мне яго пад курэй. Мне не далі, а цяпер ён развальваецца. Хутка закапаюць», — кажа яна.
photo
Але, са словаў старшыні сельсавету, на вёсцы ўсё зусім па-іншаму: атрымаць зямлю — няма праблем, а клюб зьнясуць, бо на яго не было попыту.
«Да 3 гектараў даём зямлю, — кажа Алена Асіпенка. — Трэба — дамо і болей».
photo

«Мы тут сьмерць чакаем сваю. Вось і ўсё»
Па зьвестках Белстату, пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады насельніцтва Шклоўскага раёну скарацілася больш як на траціну — з 40,7 тысяч чалавек у 1996-м да 26,8 тысячы ў 2019-м. Калі ўзяць толькі насельніцтва вёсак, дык там адток людзей уражвае нашмат больш. За апошнія 30 год вяскоўцаў на радзіме Лукашэнкі стала ў тры разы меней. У 1989 было 28,5 тысячы, у 2019 — усяго 10 тысяч чалавек.
«Цяпер людзей ня стала, зямля нікому не патрэбная. Засталося што засталося», — кажа дзед Лёша пра сваю вёску Малы Міхайлоў.
photo
Дзед Лёша
Раней у Малым Міхайлове жыло 150 чалавек. Сёньня — 5. Сярод іх дзед Лёша са сваёй жонкай.
«Людзі ці памерлі, ці ў горад зьехалі. Мы тут сьмерць чакаем сваю. Вось і ўсё»
Малы Міхайлоў месьціцца ўбаку ад вялікіх дарог, паступова зарастае лесам. У вёскі такая ж гісторыя зьнікненьня, як і ў многіх іншых на Шклоўшчыне. Раней тут была невялікая фэрма — адзінае месца працы. А калі ў цэнтральнай гаспадарцы пабудавалі вялікі жывёлагадоўчы комплекс, у Малым Міхайлове, як і ў іншых малых вёсках, фэрму зачынілі.
«І ў нас, і ў Цвыркаве жывёлу трымалі. А як фэрмы ня стала, то і людзей ня стала», — кажа дзед Лёша.
photo
Эканаміст Пётра Мігурскі кажа, што падобныя аб’яднаньні, якія прыводзяць да выміраньня малых вёсак, праходзяць па ўсёй краіне, ня толькі на Шклоўшчыне. Выйсьце ён бачыць у тым, каб аддаць зямлю ў прыватную ўласнасьць і дазволіць разьвівацца фэрмэрскім гаспадаркам.
«Для Шклоўскага раёну — нічога не прадумана і не пралічана, — сказаў Мігурскі. — Улады павінны даць раёнам больш самакіраваньня, а малому бізнэсу — дазволіць ствараць працоўныя месцы».
photo

Дзе не ступала нага Лукашэнкі. Увесь праект:



Над праектам працавалі:

Антон Трафімовіч, Андрэй Шаўлюга, Зьміцер Васількоў

13.08.2019 ©, Радыё Свабода