«Калі забараняюць мову, значыць, нечага баяцца»
Ксёндз Генадзь служыць у мясцовым касьцёле. Парафіянаў тут каля 6
тысяч.
Ксяндзу 42 гады. Усю гутарку вядзе па-польску. Сам з Воранава. Змалку вучыў
малітвы па-польску, чуў, як на польскай мове размаўляюць бацька, бабуля. У школе вучыўся на
расейскай мове. Мае від на жыхарства ў Польшчы.
На думку сьвятара, этнічным палякам выхоўваць дзяцей у польскай традыцыі ў
мястэчку ня так проста. Раней ён купляў польскамоўную прэсу ў дзяржаўных шапіках, цяпер
ніводнай газэты ці часопіса па-польску не прадаюць. Рэлігійны спэктакль, які ён падрыхтаваў
зь дзецьмі, не дазволілі паказаць у мясцовым доме культуры, бо ён па-польску.
Ксёндз Генадзь
Ён вёў пры касьцёле бясплатныя курсы польскай мовы для дзяцей. Іх
забаранілі. У той жа час да тэатральнага гуртку, кампутарных курсаў, заняткаў ангельскай і
гішпанскай мовамі ва ўладаў не было пытаньняў.
«Няўжо лепей хадзіць зь півам па парку? Калі забараняюць, значыць, нечага
баяцца: адасобленасьці, сьвядомасьці. Калі ксёндз сунецца ў палітыку, то зрабіце заўвагу,
але калі не, то не чапайце», — перакананы сьвятар.
Салтанішкі — радзіма Віктара Шэймана, якую той ні разу не наведаў
Вёска Салтанішкі — за 50 кілямэтраў ад Воранава, пад самай літоўскай мяжой.
«Вось за тым лесам ужо Літва», — паказваюць вяскоўцы. У машыне на ўскрайку дзяжураць
памежнікі.
Салтанішкі — вёска на 120 дамоў
Вёска вялікая — на 120 сем’яў. Але пайсьці тут можна хіба толькі ў касьцёл,
які перабудавалі зь вясковага клюбу. Там і зьбіраюцца жыхары, каб памаліцца летнім вечарам
безь сьвятара.
Была школа, але і яе закрылі гадоў 8 таму, пазабівалі вокны дошкамі.
Вяскоўцы моляцца ў касьцёле ў Салтанішках
Асаблівай вёску робіць тое, што тут нарадзіўся Віктар Шэйман, якога
называлі правай рукой Лукашэнкі. Кожны ведае хату, дзе жыў у дзяцінстве Віктар з
бацькамі-настаўнікамі, і ахвотна яе паказвае.
Сям’я Шэйманаў пражыла ў Салтанішках нядоўга — неўзабаве пераехалі ў вёску
Тракелі ў тым жа Воранаўскім раёне. Бабуля, што жыла ў колішнім доме Шэйманаў, памерла.
Новых гаспадароў у хаце не засьпелі.
Дом, у якім жыў у дзяцінстве Віктар Шэйман
Суразмоўцы кажуць, што за ўвесь час цяперашні кіраўнік спраў Лукашэнкі так
і не наведаўся ў родную вёску. Нават год малой радзімы ня даў адчуць, што тут бацькаўшчына
дзяржаўнага дзеяча — не пракладалі новых дарог, не будавалі стадыён.
Зачыненая школа ў Салтанішках
«Як звычайна, навялі парадак, пакасілі. Але ён не прыехаў», — кажа жыхар Салтанішак
Віктар.
Адсутнасьць візытаў Лукашэнкі яго таксама не маркоціць.
«Значыць, ня лічыць патрэбным Лукашэнка, каб прыяжджаць. Якая мне розьніца,
ці прыедзе? Асабіста для мяне ня зьменіцца нічога. Вёскі выміраюць», — кажа вясковец.
Жыхар Салтанішак Віктар
Ягоныя дзеці зьяжджаюць зь вёскі. Сам ён ня хоча.
«А куды? Я тут нарадзіўся. Я люблю вёску. У горадзе мітусьня, цеснавата. А
тут выйшлі, пасядзелі на возеры», — кажа Віктар.