«Дзе не ступала нага Лукашэнкі». Частка І
Дзе не ступала нага Лукашэнкі
Найбяднейшы рэгіён, адкуль паходзіць самы папулярны палітык Беларусі ХХ стагодзьдзя
частка І

Аляксандар Лукашэнка мае некалькі рабочых паездак на месяц. Мы налічылі амаль 400 афіцыйных візытаў у розныя рэгіёны Беларусі за час ягонага знаходжаньня ва ўладзе.

І ўсё ж пры такой актыўнасьці засталіся месцы, куды Лукашэнка ні разу не прыяжджаў. Наш рэпартаж зь Сеньненскага раёну Віцебскай вобласьці — першы ў сэрыі «Дзе не ступала нага Лукашэнкі».



Сеньненшчына і Віцебшчына агулам — бедны і дэпрэсіўны рэгіён Беларусі на фоне іншых абласьцей. Горш толькі на Магілёўшчыне. Тут адны з самых нізкіх заробкаў у вобласьці, самая высокая сьмяротнасьць і значны адток насельніцтва.
За апошнія 30 гадоў насельніцтва раёну скарацілася ўдвая. І гэта пры тым, што ў савецкія часы гэты рэгіён меў той жа статус, які сёньня мае Шклоўшчына. Бо адсюль паходзіў Пётра Машэраў — самы папулярны кіраўнік Савецкай Беларусі.
Чаму сюды ня езьдзіць Лукашэнка і што мясцовыя людзі хацелі б яму сказаць і паказаць, мы даведаліся на месцы.

Інтэрактыўная мапа рабочых паездак Лукашэнкі за 25 год улады

Радыё Свабода
0 - ня быў
1 - 1
2 - ад 2 да 5
3 - ад 6 да 10
4 - ад 11 да 15
5 - ад 16 да 20
6 - ад 21 да 25
7 - больш за 25

Што такое Сеньненшчына

  • адлегласьць ад Менску – 210 км
  • адлегласьць ад дзяржаўнай мяжы (з Расеяй) – 100 км
  • колькасьць насельніцтва – 20,7 тысячы чалавек; сярод іх у райцэнтры – 7,2 тысячы чалавек
  • колькасьць насельніцтва ў 1989 годзе – 39,4 тысячы чалавек

Этнічны склад

  • беларусы – 94,2,%
  • расейцы – 4,3%
  • украінцы – 0,8%

Разьмеркаваньне галасоў на выбарах 1994 году

  • Лукашэнка — 61,1%
  • Кебіч — 11,5%
  • Новікаў — 8,6%
  • Дубко — 6,3%
  • Пазьняк — 4%
  • Шушкевіч — 3,2%

Найбуйнейшыя прадпрыемствы ў раёне:

  • КУП ЖКГ
  • Багушэўскі быткамбінат

Сярэдні заробак: 638,8 руб (студзень 2019-га)

Вядомыя людзі ва ўладзе:

  • Пётра Машэраў, кіраўнік БССР у 1965–1980 гадах
  • Мікалай Дамашкевіч, кіраўнік справамі прэзыдэнта і дарадца Лукашэнкі да 2014 году


«Самая вялікая арганізацыя ў нас – гэта райвыканкам»
«Сянно ня самае страшнае месца на Віцебшчыне, — гаворыць па тэлефоне журналістка Яна зь Віцебску, калі я кажу, што мы хочам прыехаць у адзін з найбяднейшых раёнаў краіны. — Там у цэнтры даволі ўтульна, кавярні нават ёсьць».
Калі трапляеш у горад праездам, сапраўды выглядае, што гэта ня самае дрэннае месца на Зямлі. Тут чыста, на дамах сьвежая фарба, помнікі невядомаму салдату і Леніну з Карлам Марксам дагледжаныя.
За райвыканкамам музэй вайсковай тэхнікі пад адкрытым небам. Але ўсё гэта — выключна ўражаньне, якое стварае фасад цэнтральнай вуліцы. За фасадам — самая высокая сьмяротнасьць у вобласьці, закрытыя заводы, схаванае ад афіцыйнай статыстыкі беспрацоўе.
Аляксандар жыве ў вёсцы і прыяжджае ў Сянно ў краму, бо тут лепшы выбар. Раней ён працаваў кіроўцам у райпа, а цяпер жыве толькі са свайго ўчастку.
«Цяпер гэта называецца аграфітнэс. У Менску пра такое ня чулі? — кпіць са свайго беспрацоўнага статусу Аляксандар. — Жыву з гаспадаркі. Яна ў мяне немалая».

СТАТЫСТЫКА

Паводле Белстату, Сеньненшчына амаль увесь час уваходзіць у лік найбяднейшых раёнаў Беларусі.

Дарэчы, у іншых раёнах-аўтсайдэрах Аляксандар Лукашэнка таксама ніколі ня быў. Шаркаўшчына, Вушачы, Шуміліна, Хоцімск, якія ўвесь час «на дне», ні разу ня бачылі кіраўніка дзяржавы за 25 гадоў ягонай улады.


На Сеньненшчыну Аляксандар са сваёй сям’ёй пераехаў 9 гадоў таму. За гэты час, паводле ягоных назіраньняў, раён дэградуе. Найперш ад таго, што працоўных месцаў тут штогод становіцца ўсё меней.
У выніку «аптымізацыі» толькі за апошнія гады ў Сеньненскім раёне закрыліся два льнозаводы, сяльгастэхніка, будаўнічыя ПМК. А ў пачатку 2019 году ў горадзе зьнікла апошняе прамысловае прадпрыемства — малочны камбінат.
«У Сеньнескім раёне няма нічога, — кажа Аляксандар. — Райпа і калгасы. А новыя ў нас толькі крамы адчыняюцца».
Цяпер ва ўсім раёне застаецца два «ўмоўна прамысловыя» прадпрыемствы. Прынамсі райвыканкам залічвае іх да прамысловасьці. Гэта дзяржаўны камбінат бытавых паслуг у пасёлку Багушэўску, дзе шыюць спэцвопратку і бялізну. А ў самім райцэнтры — толькі прадпрыемства ЖКГ.
Куды падзеліся сапраўдныя заводы, тлумачыць 50-гадовы Іван, жыхар Сянна. Раней раён быў вядомы сваімі будаўнічымі арганізацыямі, якія езьдзілі па ўсёй вобласьці.
А потым будаўнічую сфэру рэарганізавалі. ПМК далучылі да Віцебску, а рабочым сказалі: «Мы вас не звальняем, але працоўнае месца цяпер будзе ў Віцебску». Езьдзіць за 50 кілямэтраў штодня ці наймаць жыльлё пры заробку ў 300-400 рублёў немагчыма, і людзі проста засталіся бяз працы.
Іван сярод нямногіх, хто пасьля звальненьня знайшоў працу ў Сяньне. Ён працуе будаўніком у ЖКГ — самай буйной «прамысловай» арганізацыі раёну.
«У нас ёсьць і буйнейшая арганізацыя, — удакладняе Іван. — Вось райвыканкам».
У райвыканкаме ў любых камэнтарах Свабодзе адмовілі. Начальніца аддзелу эканомікі папярэдне пагадзілася на інтэрвію. Але на месцы старшыня райвыканкаму забараніў размаўляць з журналістамі, бо мы ня мелі фармальнага рэдакцыйнага заданьня.


«Зь іншымі вёскамі нашую не параўнаць, бо адсюль Машэраў»
За 35 кілямэтраў на поўнач ад Сянна месьцяцца Машканы — самая вялікая вёска ў раёне. У савецкія часы яна мела статус сёньняшняй Александрыі, радзімы Аляксандра Лукашэнкі.
Тут, у Машканах, вучыўся Пётра Машэраў. Старажылы прыгадваюць, што калі ён прыяжджаў на сваю радзіму ўжо ў якасьці кіраўніка БССР, то заўжды выслухоўваў сваіх землякоў. За час ягонай улады Машканы ператварыліся са звычайнай вёскі ў вялікі пасёлак, дзе жылі больш за тысячу чалавек. З машэраўскіх часоў тут засталіся шматпавярховыя дамы, лякарня, музычная школа, жывёлагадоўчыя комплексы і асфальтаваныя дарогі.
«Каб не Машэраў, тут бы шмат чаго не было», — расказвае ў музэі кіраўніца аб’яднаньня паводле інтарэсаў «Памяць» Тацяна Каранеўская. — «Калгасьнікі яму казалі, што трэба зубапратэзны кабінэт, садок, крама. Ён чуў народ — і рэагаваў».
Вуліца імя Машэрава — галоўная вуліца Машканоў
У вёсцы ўпэўненыя, што толькі дзякуючы Машэраву Машканы сталі аграгарадком. Па інэрцыі ў вёску інвэставаліся грошы ўжо ў часы незалежнасьці. У пачатку 2000-х тут пабудавалі чатырохпавярховыя дамы і новыя сельскагаспадарчыя комплексы. У мясцовую школу дагэтуль ходзяць амаль 200 дзяцей. Яна самая вялікая з усіх вясковых школаў раёну.
«Зь іншымі вёскамі нашую не параўнаць, — кажа прадавачка з крамы „Калі ласка“. — У нас усё працуе. Нават стацыянар дзённы ёсьць. А ў суседніх вёсках — ні ФАПу, ні аптэкі».
Адна з галоўных вуліц у Машканах названая ў гонар Машэрава. Тут ёсьць дзьве шыльды ў ягоны гонар, гандлёвы цэнтар «Машэраўскі». Сама гаспадарка носіць імя кіраўніка БССР — «Саўгас імя Машэрава». Тут самы сапраўдны культ Машэрава.
«Вось тут сьцежка, якой ён хадзіў на кладку цераз рэчку Абалянку, а вось там — стадыён, дзе ён прызямляўся падчас апошняга візыту. А гэта — карціна сустрэчы Машэрава ў Машканах. Праўда, мастак дамаляваў лішняга. З хлебам-сольлю Машэрава не сустракалі ў нас. Ён ніколі не папярэджваў, калі прыедзе», — расказваюць мясцовыя.
Стадыён школы, дзе ў свой час прызямляўся верталёт Машэрава


Адышоў Машэраў — скончылася падтрымка
Машэраў для Машканоў — легендарны пэрсанаж. Але часы неабмежаваных дзяржаўных інвэстыцый скончыліся разам са сьмерцю кіраўніка БССР. Зачынены гандлёвы цэнтар «Машэраўскі» — сымбаль той эпохі.
«Ня могуць прадаўца знайсьці, — тлумачыць прадавачка з суседняй крамы. — Гэта райпоўская крама была».
Пра сапраўднае жыцьцё Машканоў распавядаюць не ў сельсавеце і не ў музэі, але каля крамы. Пэнсіянэр Віктар жыве ў Машканах з 1982 году. Кажа, пасьля сьмерці Машэрава нехта зь Менску прыяжджаў у Машканы толькі аднойчы. У 1995 годзе перад выбарамі ў Вярхоўны Савет сюды наведаўся ці то Кебіч, ці то Грыб.
«Лукашэнка бывае там, дзе нейкая пэрспэктыва ёсьць. А якая ў нас пэрспэктыва? Моладзь, дзеці, — усе адсюль зьяжджаюць», — кажа Віктар.

Віцебская вобласьць у лічбах:

У 2013 годзе цэнтар эканамічных дасьледаваньняў Beroc аднёс Сеньненшчыну да найбольш дэпрэсіўных рэгіёнаў Беларусі. Там была зафіксаваная поўная адсутнасьць магчымасьцяў і рэсурсаў для эканамічнага росту, немагчымасьць нармальнага ўзнаўленьня эканамічных, дэмаграфічных ды іншых рэгіянальных апасродкаваных працэсаў.


Саўгас імя Машэрава калісьці прыцягваў у Машканы работнікаў з усёй краіны. А цяпер той гаспадаркі не існуе. Спачатку ў заможны калісьці саўгас уключалі збанкрутаваныя суседнія гаспадаркі. Потым ужо сам саўгас Машэрава, які быў ня ў стане заставацца на плыву, перадалі ва ўласнасьць Віцебскаму мясакамбінату.
«Гэта ўжо не самастойнае падразьдзяленьне, — кажа Віктар. — Холдынг такі стварылі, каб неяк утрымаць нас».
Віктар настальгуе па былых часах. Вонкава, кажа ён, Машканы хоць і сталі выглядаць лепш, але на самой справе штогод у вёсцы ўсё менш працоўных месцаў, менш крамаў. Банк, быткамбінат, цырульня, лазьня — усё гэта закрылася. Шпіталь зрабілі амбуляторыяй зь дзённым стацыянарам.
«Абяцалі, што будзем жыць, як у горадзе. А стала вельмі нязручна. Стварылі там пансіянат для састарэлых», — кажа Віктар.
Вечарына, прысьвечаная Дню малой радзімы, каля адной з крамаў у Машканах

«Машэраў быў народным кіраўніком. Таму Лукашэнка ня можа трываць згадак пра яго»
Кіраўнік Вярхоўнага Савету Беларусі і палітычны аглядальнік Свабоды разважаюць, чаму Сеньненшчына застаецца па-за ўвагай Аляксандра Лукашэнкі. Хоць яна месьціцца роўна пасярод самых папулярных у Лукашэнкі раёнаў: Віцебскага, Аршанскага і Шклоўскага.
Мечыслаў Грыб, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі ў 1994–1995 гадах:

— Лукашэнка не наведваецца на Сеньненшчыну, бо гэта радзіма Машэрава. А ён вельмі раўніва ставіцца да асобы Пятра Міронавіча. Я ніколі ня чуў, каб сам Лукашэнка так выказваўся, але гэта відавочна. Машэраў быў народным кіраўніком. Вельмі папулярным.
Лукашэнку далёка да яго, і таму ён ня можа трываць ніякіх згадак пра Машэрава. Таму й праспэкт Машэрава ў Менску перайменаваны. І Лукашэнка ня быў ня толькі ў Сеньненскім раёне, дзе нарадзіўся Машэраў, але і ў Расонскім, дзе Машэраў быў партызанам. Бо Лукашэнка хоча ўвайсьці ў гісторыю як найлепшы кіраўнік Беларусі, і Машэраў яму замінае.
Валер Карбалевіч, палітычны аглядальнік Свабоды:

— Пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады вобраз Машэрава хутка зьнік зь беларускага афіцыйнага ідэалягічнага дыскурсу. І на тое былі дзьве прычыны. Па-першае, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году дачка партыйнага кіраўніка Натальля Машэрава ўступіла ў выбарчую кампанію і адразу ж, безь вялікіх высілкаў, толькі за кошт гучнага прозьвішча, набрала вялікі рэйтынг.
І Лукашэнку давялося прыкласьці вялізныя намаганьні, каб зьняць яе з выбараў. Зразумела, што пасьля гэтага культ Машэрава зьнік зь дзяржаўных мэдыя.
Па-другое, на той час Лукашэнка вырашыў, што перарос свайго куміра, што ён ужо гістарычная фігура большага маштабу, чым Машэраў. У 2005 годзе Лукашэнка выдаў указ аб перайменаваньні менскага праспэкту Машэрава ў праспэкт Пераможцаў, бо езьдзіць кожны дзень на працу па праспэкце імя свайго гістарычнага канкурэнта, напэўна, было для яго непераносным зьдзекам.

«Калі Лукашэнка прыедзе, шмон навядуць і пафарбуюць траву. Але гэта нічога ня зьменіць»
Жыхары Сеньненшчыны расказваюць, чым яны жывуць сёньня і якой яны ўяўляюць будучыню свайго рэгіёну.
Міхаіл зь вёскі Ходцы па мянушцы «губэрнатар», працуе на трактары:
— Я ўжо 7 гадоў працую ў ЖКГ. Сьмецьце зьбіраю. У мяне 13 вёсак — і ўсё аднаму. З кабіны ў кабіну. Я ўсяго кіроўца, са мной мусіць быць грузчык. А няма. І сам ад раніцы да вечара.
ЖКГ у нас — самая вялікая кантора ў Сяньне. Бо прадпрыемствы ўсе пазачынялі. Ільнозавод, дык той ужо даўно. Толькі нашае прадпрыемства засталося адзінае.
Каля дарогі ў вёсцы стаіць Ходцаўская майстэрня. Дык гэта ўжо да «Машэрава» адносіцца. Раней у нас быў свой калгас. Такі быў вялікі. Лепшы, чым у Белай Ліпе. І заробак плацілі — во! Самыя багатыя былі ў раёне, напэўна, нашыя Ходцы. У 1990-я нас закрылі — падключылі да Белай Ліпы. Цяпер з Ходцаў хто ў Машэрава езьдзіць на працу, хто яшчэ куды. На месцы ўжо мала хто працуе.
Мне плацяць нармальна. За 16 дзён 215 рублёў заплацілі. Я тут яшчэ ў калгасе на трактары працую. Гэта «Беларус-80», яму ўжо 30 гадоў. На сьпісаньне ён ужо быў, бо стары. Але трактар крэпкі, езьдзіць выдатна. Яшчэ ў савецкія часы ў саўгас прыгналі яго. І з таго часу ні разу ня лазілі ў каробку перадач. Заводзкая засталася. Толькі падшыпнікі мянялі. А шасьцерні — тут усё заводзкае.
Памірае ў нас шмат маладых. Мой бацька памёр у 37 гадоў. Колькі ў Ходцах было людзей! А моладзі на дыскатэцы! А цяпер разьехаліся, цішыня. Летам трошкі гуляе людзей. А зімой глухамань у нас. Праца — дом, дом — праца.
Сяргей зь вёскі Машканы, пячнік, езьдзіць у Расею на заробкі:
— Я не гляджу тэлевізар ужо паўгода. Там аднолькавыя фільмы, сэрыялы, навіны. Я ня ведаю, што адбываецца ў сьвеце. Проста жыву сваім жыцьцём. Не хачу ўнікаць у іншыя праблемы. Мне трэба купіць сваё жыльлё і завесьці сям’ю. Больш мяне нічога не цікавіць.
Лічыцца, што ў нас найлепшая гаспадарка. Таму што імя Машэрава яшчэ нешта значыць. Я сюды з Задарожжа пераехаў у 2008 годзе, бо там адна фэрма засталася, працы няма зусім. Але што тут адбываецца? За 11 гадоў тут толькі горш стала. У мяне ў працоўнай кніжцы 15 ці 20 запісаў. Як толькі зьяўляецца магчымасьць, я іду на іншую працу. Трымае мяне тут жыльлё. Калі працуеш у калгасе, табе даюць дзе жыць. А сыдзеш — мусіш аўтаматычна вызваліць кватэру. Ды ўсе б даўно зьехалі, калі шчыра, каб не жыльлё.
Хай Лукашэнка да нас прыедзе. Тут шмон навядуць, пафарбуюць траву. Але гэта нічога ня зьменіць.
Каб было што есьці, шмат хто ў Расею езьдзіць. 60-70 тысяч рублёў за месяц можна зарабіць (каля 2 тысяч рублёў. — РС). А калі ў нармальную арганізацыю і фірму — 100 і 120 тысяч можна. Я сэзон адпрацаваў у Расеі і зімой сяджу на рыбалцы, сабе ні ў чым не адмаўляю.
Вось у мяне зараз у кішэні і 2 капеек няма. Я чакаю заробак за травень. Адпрацаваў 408 гадзін за адзін месяц. Але заплацяць мне толькі ў ліпені. І я ня ведаю, колькі. Як жыць да таго часу? Вось рукі маю. Магу печ скласьці.
Дзівосная прырода і ўсяго 4 аграсядзібы на ўвесь раён
Дарога ад Сянна да Машканоў віхляе паміж азёрамі. На Сеньненшчыне яны асаблівыя — вузкія і доўгія, азёры выцягваюцца на кілямэтры, бы рэкі. Гэта далінныя азёры ледавіковага тыпу. Усяго тут 69 азёраў. Разам з гарыстым паводле беларускіх мерак ляндшафтам Сеньненшчына просіцца стаць месцам для прыроднага турызму. Тут магла б быць альтэрнатыва Браслаўскім азёрам, разьмешчаным за 250 кілямэтраў на захад. Але ў Сеньненскім раёне дагэтуль на зямлю глядзяць выключна праз прызму ўраджайнасьці. Хоць землі раёну ўваходзяць у зону «рызыкоўнага земляробства».
На ўвесь раён — 4 аграсядзібы. Мы пагаварылі з гаспадаром адной зь іх. Яе саўладальнік Дзьмітры Рыжык жыве ў Віцебску, працуе ў турызьме. А паралельна трымае аграсядзібу на беразе возера ў вёсцы Машканы. Гэта адзіная аграсядзіба ў вялікай вёсцы, разьмешчанай за 35 кілямэтраў ад Віцебску.
«Мы набылі яе два гады таму ў папярэдняга гаспадара, калі той зразумеў, што бізнэс стратны», — кажа Дзьмітры Рыжык.
Але і ў новых гаспадароў справы ня надта ідуць. За два гады працы сядзіба ня стала прыносіць вялікага прыбытку, а толькі пачала акупляцца. Дзьмітры лічыць, што на аграсядзібным бізнэсе шмат зарабіць складана.
Але для мясцовых сядзіба «Ля Лукамор’я» стала адной з рэдкіх падпрацовак. Пэрсанал наймаюць, каб пакасіць, накалоць дроваў, прыбрацца. Таксама машканцы прыносяць у сядзібу свойскія прадукты: малако, тварог, рыбу, ракаў.
Рэшткі вадзянога млына каля вёскі Машчоны

Сярод турыстаў пераважаюць беларусы. Іх 70%. У асноўным гэта жыхары Віцебску і ваколіцаў. 10% прыпадае на Эўропу, 20% прыяжджаюць з Расеі. Апошнія займаюць сядзібу падчас «Славянскага базару». Бо ад Машканоў да Віцебску менш за 30 кілямэтраў. Бываюць і актыўныя турысты. Напрыклад, раварысты ўхваляюць былы паштовы тракт з Кіева ў Санкт-Пецярбург, дзе сустракаюцца старыя паштовыя станцыі.
«Агратурызм варта разглядаць як добры прыробак для тых, хто пастаянна жыве за горадам, — упэўнены Дзьмітры. — Новую сядзібу цяпер я б будаваць ня стаў. Але калі б жыў у вёсцы, абавязкова прадугледзеў некалькі пакояў для здачы турыстам».
Чалавек, які верыць у будучыню Сеньненшчыны
У навіне 2018 году чытаем пра тое, што мясцовы бізнэсовец набыў старыя памяшканьні «Белтэлекаму» на ўскрайку Сянна за 45 тысяч даляраў, каб зрабіць там турыстычны комплекс. Пасьля ўсяго, што мы пабачылі на Сеньненшчыне, у гэта цяжка паверыць.
«Тут яшчэ працы, хлопцы, — сустракае ў рабочай вопратцы Сяргей Акулёнак. Калі ён вольны ад асноўнай працы, прыяжджае на будоўлю. — Летась за будынак азартна ўзяліся, сёлета я пакуль закінуў. Можа, зімой буду ўсярэдзіне нешта рабіць»
У Сяргея сямейны бізнэс — крама аўтазапчастак і будаўнічых матэрыялаў. Ягоны сын займаецца вытворчасьцю тратуарнай пліткі. Укласьціся ў турызм на Сеньненшчыне вырашылі на сямейнай радзе.
«У нас адзін гатэль на раён, і калі прыяжджае хто ў горад, няма дзе расьсяліць людзей», — кажа Сяргей.
Паводле яго, рабочых часта селяць у гатэлі суседніх гарадоў: Бешанковічаў, Талачына і Чашнікаў. Альбо наймаюць аграсядзібы.
Двухпавярховы будынак мае ператварыцца ў гатэль. У вялікім пакоі, дзе раней стаялі кандыцыянэры, будзе лазьня і пральня. На другім паверсе — банкетная заля. Сяргей не выключае, што ягоны гатэль можа стаць альтэрнатывай рэстарацыі.
«Хоць тут і жывуць 8 тысяч чалавек, а пайсьці ўсё адно няма куды. Нават калі вясельле раз на год праходзіць, умоўна кажучы», — кажа Сяргей.
Бізнэсовец не баіцца, што ўкладзеныя ў турыстычны комплекс у Сяньне грошы будуць змарнаваныя.
«У мяне сын застаўся тут, і таксама бізнэсам займаецца, — кажа Сяргей. — Нашую будоўлю мы павінны выцягнуць. Думаю, будучыню Сянно мае».

Дзе не ступала нага Лукашэнкі. Увесь праект:



Над праектам працавалі

Антон Трафімовіч, Яна Шыдлоўская, Жанна Новік, Андрэй Шаўлюга, Зьміцер Васількоў

17.07.2019 ©, Радыё Свабода