Чаму ў краіне з найбольшай у Эўропе колькасьцю міліцыянтаў* бракуе ўчастковых і даішнікаў і чаму самагубствы ў сілавых структурах здараюцца ўсё часьцей? У спэцпраекце Свабоды падпалкоўнік, які не даслужыў да пэнсіі, былы ўчастковы і малады сьледчы распавядаюць, чаму людзі масава сыходзяць зь міліцыі.
Частка IV. Яўген, 24 гады, Берасьце. Год таму звольніўся са Сьледчага камітэту. Працуе мэнэджэрам
Што б ты ні зрабіў, цябе ўсе адно пакараюць
Праз год працы ў Сьледчым камітэце я звольніўся адтуль. З майго выпуску працэнтаў трыццаць або больш з тых, хто пайшоў у Сьледчы камітэт, ужо звольніліся. Хоць там былі неблагія заробкі. З усімі прэміямі год таму выходзіла 1300-1400 рублёў на месяц, плюс-мінус.
Цяпер кожны з тых, хто звольніўся, вінаваты дзяржаве 36 тысяч рублёў. Нават калі ты адпрацаваў 1, 2 або 4 гады, усё роўна ты плаціш за ўсе пяць гадоў, якія ты мусіў адпрацаваць. Калі б не адпрацоўка, звольнілася б яшчэ болей людзей. Гэта дакладна.
Людзі пайшлі на звычайную цывільную працу. На дыплём увогуле ніхто не глядзіць. Нехта стаў дальнабойшчыкам. Нехта пайшоў у будаўнічую краму. Я працую ў аўтасалёне.
Чаму? Камусьці надакучыў гэты маразм, камусьці прапанавалі іншае добрае месца.
У пляне нэрвовай сыстэмы там немагчыма працаваць. Ты пастаянна на нэрвах, агрэсіўны. Ад таго, што ты не пасьпяваеш, ты пастаянна на агрэсіі. Калі я сышоў, стаў больш спакойны, ураўнаважаны.
Хаця сама праца была цікавай, але там зашмат таго, што зусім не патрэбна. Напрыклад, ідэалягічныя бессэнсоўныя рэчы. Раскажу адну сытуацыю.
Сядзіш працуеш. Заўтра трэба здаваць справу пракурору. У цябе яшчэ ёсьць дзень і ноч наперадзе. Усё шчыльна расьпісана: усутыч, але ты нібыта павінен пасьпець. У гэты момант заходзіць у кабінэт начальнік і кажа: «Зьезьдзі на сустрэчу. Вэтэран будзе выступаць. Трэба пасядзець паслухаць».
Я кажу: «У мяне справы. Я не магу. Калі б я быў вольны, няма пытаньня».
Адказ быў такі: «Я табе сказаў едзь, значыць едзь».
Я кажу: «Пачакайце. Я зараз не пасьпею скончыць справу. Заўтра ранкам я не пасьпею яе здаць. Пракурор вас пакарае. Вы мяне пакараеце».
Ён стаіць і кажа: «Так і будзе».
Я: «Дык а што мне тады? Я не паеду — вы мяне сёньня пакараеце. Я паеду — вы мяне заўтра пакараеце».
І вось такія незразумелыя сустрэчы то з вэтэранамі, то «шышка» невядома адкуль прыедзе, і трэба проста пасядзець для масоўкі. Тое, што ў цябе справы, нікога не хвалюе.
Калі звольніўся, было адчуваньне, што выйшаў зь вязьніцы
Пасьля школы я думаў, што міліцыя — гэта прэстыжна, гэта ня нейкі прадавец у краме на касе. Дый бацькі казалі: «Ідзі туды, там і кормяць, і апранаюць, менш клопатаў, жытло здымаць ня трэба». Для іх гэта плюс.
Калі я разьмяркоўваўся, мой цесьць настаяў, каб я пайшоў у Сьледчы камітэт. Ён былы міліцыянт. Казаў аб прэстыжы Сьледчага камітэту.
Праца ў Сьледчым камітэце — гэта сядзець цэлымі днямі, нешта друкаваць, адзін і той жа аркуш насіць пяць разоў да пяці чалавек падпісаць. Камусьці не спадабаецца коска, і ты ўсё перарабляеш.
У гэтай працы няма вольнага часу. Зусім. З кожным днём гэта цісьне, цісьне, цісьне. Я ня ведаю, можа, у іншых такога няма. Але колькі я размаўляў з хлопцамі, такое паўсюль. Бывае нават і горш.
Калі ты там працуеш, ты знаходзісься быццам у абалонцы. Ты ня бачыш навакольля, ты не цікавісься нічым. Ты цалкам заглыблены ў сваю сфэру.
Я гэта зразумеў, калі звольніўся. Ужо праз год я пайшоў на цывільную службу. У мяне было такое адчуваньне, што зь вязьніцы выйшаў. Штовечар я проста шпацыраваў па праспэкце. Калі некаму староньняму сказаць, ён падумае: «Ты што, ёлупень?» Шчыра, я проста хадзіў па праспэкце ў спартовым касьцюме, слухаў музыку ў навушніках. Разоў пяць туды-назад. Гадзінамі мог так хадзіць. Я глядзеў на людзей, на машыны. Для мяне было так дзіка, быццам я зь бязьлюднага вострава прыехаў. Гэта такое адчуваньне... Ня ведаю, як вам гэта перадаць. Як успомню той час... Ходзіш, на ўсіх глядзіш. Адны сьмяюцца, іншыя не. Заўважаеш такія дробязі. Нібыта нікому гэта не цікава, але ты на ўсё гэта зьвяртаеш увагу. Хто што кажа, хто што будуе, нейкі сэнс жыцьця ў людзей.
А калі там працуеш, у Сьледчым камітэце, ты нічога не заўважаеш. Проста ведаеш, што трэба заўтра прыйсьці, тое і тое зрабіць. Ты як робат.
Адпачынак 40 дзён, але палову часу ты ўсё адно працуеш
У сьледчых вельмі вялікая загружанасьць. Можа, не хапала супрацоўнікаў, можа, людзі шмат парушэньняў робяць. Незразумела. Увесь сэйф быў забіты справамі, страшна глядзець.
Афіцыйна праца з 9:00 да 18:00. Але так ніхто не працуе. Я прыходзіў раніцай, а сыходзіў уначы ці ранкам. Бо ўвесь час нешта не пасьпяваеш. Нехта можа сядзець 2-3 сутак запар.
На гэтай працы ў цябе няма суботы, нядзелі. У цябе ўсе дні аднолькавыя. Начальства не хвалюе нічога. Ён сказаў «У панядзелак ты прыносіш мне вось гэта», і твае праблемы, ці ты зробіш гэта да выходных, ці начамі будзеш рабіць.
Адпачынак афіцыйна быў каля 40 дзён. Але перад ім трэба было здаць усе справы. Пакуль гэтага ня зробіш, будзеш прыходзіць і працаваць падчас адпачынку. Большасьць нашых супрацоўнікаў палову водпуску працавалі, бо справы, справы, справы.
Але людзі працуюць, бо проста трэба. Калі б у іх была нейкая свабода, яны б даўно сышлі. Што іх там трымае? Заробак 20-га стабільна, і гэта добры заробак для нашай краіны. Плюс яшчэ ў тым, што можаш пабудаваць жытло пад выгадны крэдыт.
Старэйшыя заставаліся ўжо «на аўтамаце». І то яны казалі, што раней было прасьцей працаваць. А маладыя сыходзяць. Перавесьціся я хацеў праз 2-3 месяцы. Бо прадчуваў, што мне не спадабаецца. Цэлы год я спрабаваў хоць некуды перавесьціся, хоць у які аддзел, хоць у міліцыю, хоць участковым, хоць у ДАІ, хоць куды. Паўсюль бралі, пытаньняў не было. Але не адпускалі з майго аддзелу. Як я разумею, ніхто ня хоча страчваць свае кадры, бо пачнуцца пытаньні да начальнікаў: «Чаму ад вас малады супрацоўнік пайшоў? Значыць, нешта ня так было».
Праз год я вырашыў звольніцца. Раз мяне не пераводзяць, у аддзеле лепей не становіцца, чаго сябе забіваць?
*Па зьвестках ААН, у 2013 годзе Беларусь уваходзіла і ў топ-3 краін з найбольшай колькасьцю супрацоўнікаў міліцыі на душу насельніцтва: 1447 міліцыянтаў на 100 тысяч чалавек. У 2017 годзе тагачасны міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч казаў пра 405 міліцыянтаў на 100 тысяч чалавек. Але ў гэты лік не ўваходзілі ўнутраныя войскі.
Дасылайце ў тэлеграм нашаму рэдактару @SvabodaBelarus! Ананімнасьць гарантуем