Чаму ў краіне з найбольшай у Эўропе колькасьцю міліцыянтаў* бракуе ўчастковых і даішнікаў і чаму самагубствы ў сілавых структурах здараюцца ўсё часьцей? У спэцпраекце Свабоды падпалкоўнік, які не даслужыў да пэнсіі, былы ўчастковы і малады сьледчы распавядаюць, чаму людзі масава сыходзяць зь міліцыі.
Частка II. Дзьмітры, 44 гады, Менск. Падпалкоўнік міліцыі. Працуе ахоўнікам у банку
Пасьля Захаранкі міліцыяй пачалі камандаваць вайскоўцы. Тады сышлі многія прафэсіяналы
— Шкадую, што не сышоў раней. Сыходзіў з пасады старшага апэратыўнага дзяжурнага з Савецкага РАУС. У званьні падпалкоўніка.
Я заканчваў Радыётэхнічны інстытут у 1995 годзе, і на апошнім курсе зьявілася магчымасьць пайсьці ў інфармацыйны цэнтар гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных спраў.
Імідж міліцыі тады быў іншы. Гэта былі яшчэ савецкія людзі. Міліцыя ведала межы дазволенага. Тады нават без дубінак хадзілі. Яны зьявіліся толькі на першых мітынгах. Памятаю 1995 год, першая сутычка на старым тэлецэнтры. І нам тады далі дубінкі. Гэта было ў навіну. Ні касак, ні шчытоў — нічога.
Потым усё пачало валіцца. Калі Захаранку прыбралі і прыйшлі Сіваковы і іншыя. Лепш не ўспамінаць. Вось тады вельмі шмат сышло. Менавіта такіх «ваўкоў». Апэратыўнікаў сур’ёзных. Не з палітычных прычын, а таму, што зрабілася цяжэй працаваць. Бо міліцыя і армія — гэта розныя рэчы. А калі камандаваць міліцыяй прыходзіць армейскі палкоўнік, гэта канец (у 1999 годзе міністрам унутраных спраў быў прызначаны вайсковец Юры Сівакоў. — РС). Ёсьць загад — і ты капаеш ад плота і да абеду.
Практычна пачалося перафарматаваньне сыстэмы. Калі раней наверх выбіваліся прафэсіяналы, то з пачатку 2000-х пачалі выбівацца людзі, якія ўмеюць добра браць пад казырок. Якія бездакорна выконваюць загады кіраўніцтва. Раней можна было адстаяць сваю думку перад начальнікам. Цяпер жа чым ты вышэй, тым гэта больш складана зрабіць.
Ну што зьмянілася ў службе? Вось ёсьць даішнікі, участковыя, апэратыўнікі. У іх ёсьць свае абавязкі. А потым адбываецца мітынг — і ўвесь РАУС саджаюць у аўтобусы і вязуць у цэнтар гораду. Хоць там працуе АМАП у экіпіроўцы, шмат унутраных войскаў. А людзі, якіх мітынг абсалютна ня тычыцца, сядзяць гадзінамі невядома дзеля чаго.
Я не перабольшваю пра ўвесь РАУС. Там застаецца толькі дзяжурны нарад, пару чалавек у патрульцы і ДАІ. Усіх астатніх, у каго выходны нават, падымаюць. Гэта павялося з 1990-х. Яно так і будзе. Бо кіраўніцтва засталося з тых часоў, і працаваць па-іншаму яно ня ўмее.
На маіх вачах участковы вывеў за вуха ўзброенага злачынцу з кватэры
Участковы павінен быць тварам міліцыі. Першым чалавекам сыстэмы, з кім сутыкаюцца шараговыя грамадзяне. У прынцыпе, так раней і было.
Калі я працаваў у Партызанскім РАУСе, там былі два ўчастковыя, якія па 20 год адпрацавалі. Дык іх ведаў кожны сабака. Увогуле любы чалавек. Я быў сьведкам, як участковы за вуха вывеў з кватэры бандыта, якога зьбіраліся затрымліваць з узброеным АМАПам. Усе ведалі, што ў таго злачынцы зброя ёсьць, ён быў небясьпечны. Але ўчастковы кажа: «Хлопцы, ня трэба нічога рабіць. Я сам». Ён зайшоў у кватэру і вывеў бандыта за вуха. А той крычаў: «Пятровіч, адпусьці. Даруй мне, так, гэта я, вінаваты». Вось так у маім разуменьні павінны працаваць участковыя. Калі іх нават бандыты паважаюць.
Цяпер калі ўчастковы заступае на дзяжурства, у яго гара матэрыялаў. Яму няма калі знаёміцца з насельніцтвам. А яшчэ падчас зьмены выклікі, сямейныя канфлікты. Праз тое, што людзей катастрафічна бракуе, ён ідзе на выклікі адзін. Гэта забараняецца ўнутранымі інструкцыямі. Але што рабіць?
І вось ён 5–7 год папрацуе ў лепшым выпадку — і сыходзіць. «Цякучка» дзікая сярод участковых. Я ўпэўнены, што няма раённага аддзелу, дзе штат участковых укамплектаваны. Не на паперы, а сапраўды.
Чым больш правапарушэньняў, тым лепей
Вялікая загана — гэта «палачная» сыстэма, якая засталася з савецкіх часоў. «Палка» — гэта складзены пратакол за правапарушэньне. Існуюць негалосныя пляны на колькасьць пратаколаў. Але раней найбольш адэкватныя начальнікі не надавалі ім такога значэньня, бо колькасьць пратаколаў ні пра што ня сьведчыць. Гэта як праца сыстэмнага адміністратара. Добры сысадмін — гэта хто ні халеры ня робіць на працоўным месцы. Гэтак жа добры ўчастковы — у яго на ўчастку цішыня, і ён таксама сядзіць і ні халеры ня робіць. Бо ён добра выконвае сваю працу. Ён папярэдзіў, спрафіляктаваў. Народ ведае пра гэта. Ну, гэта ідэал, вядома.
Але палачная сыстэма стварае сытуацыю, калі на ўчастку ўвесь час п’яных затрымліваюць, і сьмецьце валяецца, і сабакі гадзяць. Што ты за ўчастковы, калі ў цябе такі бардак? Фактычна такімі пратаколамі ты расьпісваесься ў сваёй некампэтэнтнасьці.
Гэтыя пратаколы патрэбныя толькі дзеля статыстыкі і каб кіраўніцтва магло адрапартаваць, што эфэктыўна працуе. Насамрэч так толькі ствараецца бачнасьць працы. Участковаму яна дорага каштуе. На кожны выклік ён абавязаны напісаць падрабязны рапарт. Раней як? Тэлефануюць, што малалеткі сабраліся каля пад’езду і кураць. Ну, пайшоў ты, пагаварыў зь імі, папярэдзіў. Напісаў у журнале, што правёў прафіляктычную гутарку. Усе разышліся, усім добра.
Цяпер на такі выклік ты пішаш рапарт. Хто, калі і куды прыйшоў, з кім праведзена гутарка, поўныя імёны. Замест таго каб хутка і якасна разабрацца, каб людзі зразумелі, што міліцыя ёсьць, ён піша вялікі рапарт. А потым сам па гэтым рапарце ён праводзіць праверку, выносіць адмову ва ўзбуджэньні адміністрацыйнай справы. Шмат часу, шмат сьпісанай паперы. І ўсё гэта не патрэбна нікому.
Замест заняткаў па стральбе мы слухаем туфту пра подзьвіг савецкага народу
Мала таго, што міліцыя нагружаная бюракратычнай папяровай працай, дык яшчэ замест прафэсійнай падрыхтоўкі там займаюцца непатрэбнай і вельмі фармальнай ідэалёгіяй. Штомесяц праходзяць заняткі па ідэалёгіі. Гэта з савецкіх часоў засталося. Навошта прыдумляць нешта новае, калі ёсьць добра забытае старое?
Раней пісалі тэзісы 27-га зьезда КПСС, а цяпер — 5-га Ўсебеларускага сходу, ці штогадовага пасланьня прэзыдэнта. І з году ў год ад рукі пад дыктоўку нампаліта міліцыянты пішуць пра веліч і подзьвіг савецкага народу ў траўні, пра незалежнасьць Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені. Адно і тое ж.
Замест гэтага было б цікавей паклікаць старога апэратыўніка, каб ён распавёў нейкія фішкі, майстар-кляс правёў. Ну гэта ж сапраўды карысна.
Сёньня стрэльбы праводзяцца радзей, чым заняткі з ідэалёгіі. Калі я сыходзіў — былі два разы на год. Калі цяпер раз на квартал — дык гэта ўжо часта. Сказаць амэрыканцу, што ў нас раз на чатыры месяцы страляюць тры патроны, дык ён зьдзівіцца. Маўляў, што ты на вуліцы ўвогуле робіш? Мы ў свой час стралялі мінімум раз на месяц. І без абмежаваньняў. Хто колькі зможа. Удваіх мы маглі высадзіць паўцынка (палову скрыні — РС) патронаў. Стралялі з аўтамата, зь пісталета, нават з гранатамётаў. Хоць нечаму нас вучылі.
Так, у нас таксама былі нампаліты ў 1990-я. Але шмат часу практыцы аддавалася. Пачынаючы з 2000-х панеслася ідэалёгія і палітыка.
Усе разумеюць, што гэта туфта. Аднак людзі, у якіх амаль нічога няма, баяцца, што ў іх яшчэ нешта забяруць.
Імідж міліцыі ўжо ніжэй за плінтус. Я са страхам чакаю часоў, калі міліцыянтаў пачнуць біць на вуліцы за тое, што яны вырабляюць
Усе кажуць, што міліцыі ў нас шмат. Нічога падобнага. Міліцыі, якая працуе «на зямлі», яе вельмі мала. Яе бракуе. І ў хуткім часе будзе катастрафічна бракаваць. Каго ў нас сапраўды шмат, гэта мундзіраў у Міністэрстве ўнутраных спраў. Вось там штаты разьдзьмутыя неймаверна. Нампаліты, упраўленьне кадраў, тылавыя службы. Іх вельмі шмат. І кожны зь іх, каб апраўдаць сваё існаваньне, павінен даваць вынік. А дзе яго ўзяць? Наперад, «на зямлю». У якасьці правяраючых яны трасуць шараговых участковых і даішнікаў.
Вось праз гэтыя праверкі я ў вялікай ступені і сышоў з органаў. Калі да цябе прыяжджае кабінэтны правяраючы і вучыць працаваць, дык гэта сьмешна.
Калі скараціць міністэрства на 80%, гэта ніяк не адаб’ецца на крымінагеннай абстаноўцы. Ніяк. Тое самае зь менскім гарадзкім і абласнымі ўпраўленьнямі ўнутраных спраў. Іх таксама можна скарачаць напалову. Людзі патрэбныя «на зямлі», а не ў кабінэтах.
На фоне таго, што прафэсіяналы ў міліцыі не застаюцца, імідж ведамства ўжо апусьціўся ніжэй за плінтус.
І ён фармуецца ня толькі выхадкамі міністра. Бачылі фота, як Шуневіч парушае правілы дарожнага руху і паркуецца дзе хоча?
Нас прывучаюць да таго, што праўда заўсёды застаецца за міліцыянтам. Нядаўна на скрыжаваньні я ледзь ня стукнуўся ў машыну ДАІ, якая ехала на чырвонае сьвятло. Без маячкоў. Ну, я ў непарлямэнцкіх выразах абурыўся. На што мне даішнік заявіў: «Ня бачыш, што я ДАІ?» У 1990-я такога не было. Былі іншыя моманты. Хабар больш бралі. Але нахабнасьці такой не было. Цяпер практыка, што міліцыя заўжды ў белым, нават калі яна ў чорным. І гэта ідзе ад кіраўніцтва МУС.
І я вельмі шкадую, што не сышоў зь міліцыі раней. Дайшло да таго, што жонка мяне ўначы будзіла, бо кіраваў нарадамі па станцыі ў сьне. Я зразумеў, што яшчэ пару гадоў — і я стану ідыётам.
У цывільным жыцьці я доўга адаптоўваўся. Але потым сьвет набраў фарбаў. Аказалася, ён складаецца ня толькі са сволачаў, але і з нармальных людзей таксама. Як ні дзіўна, іх шмат.
*Па зьвестках ААН, у 2013 годзе Беларусь уваходзіла і ў топ-3 краін з найбольшай колькасьцю супрацоўнікаў міліцыі на душу насельніцтва: 1447 міліцыянтаў на 100 тысяч чалавек. У 2017 годзе тагачасны міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч казаў пра 405 міліцыянтаў на 100 тысяч чалавек. Але ў гэты лік не ўваходзілі ўнутраныя войскі.
Дасылайце ў тэлеграм нашаму рэдактару @SvabodaBelarus! Ананімнасьць гарантуем