Дзяўчына знайшла ў сямейным архіве паэму расстралянага паэта, якая лічылася страчанай
arrow_upward
format_size
remove
add
undo
arrow_downward

У вас састарэлая вэрсія браўзэра. Для больш камфортнага і карэктнага прагляду абнавіце свой браўзэр са спасылкі.

share
навіны падкасты «Свабода Premium» фактограф спэцпраекты мультымэдыя пра нас кантакты

далучайцеся:

Дзяўчына знайшла ў сямейным архіве паэму расстралянага паэта, якая лічылася страчанай
Неверагодныя знаходкі ў сямейным куфры
Чытаць

Рамантычныя лісты прадзеда і прабабулі, дакумэнты пра ўласнасьць, вучнёўскія сшыткі, вершы, безьліч фатаздымкаў — праз асабістыя паперы з сямейнага архіву Аліны Алексенкі праглядаюць рэвалюцыя, беларусізацыя, рэпрэсіі, акупацыя і першыя мірныя дзесяцігодзьдзі савецкай Беларусі.

Аліна са скарбамі
Фатаздымкі з сямейнага архіву
Зялёны драўляны куфар з бацькоўскай кватэры

У бацькоўскай кватэры Аліны стаіць зялёны драўляны куфар. Дзяўчына памятае яго ўсё жыцьцё. Там захоўваліся старыя часопісы «Бурда», газэты, паперы, на якія яна не зьвяртала ўвагі. Але год таму знайшла там сапраўдныя скарбы.


Самы загадкавы і самы каштоўны дакумэнт — кавалак з паэмы Сяргея Астрэйкі «Бэнгалія», якая лічылася страчанай

У свае часы яе называлі «антысавецкай», бо меркавалася, што, апісваючы змаганьне бэнгальцаў з брытанскімі калянізатарамі, Астрэйка наўпрост меў на ўвазе Беларусь. Усе гэтыя гады частка рукапісу была прыхаваная ў зялёным куфры сям’і Самко сярод бабуліных канспэктаў, частушак пра Хрушчова і часопісаў па садаводзтве. Літаратуразнаўца Віктар Жыбуль прысьвяціў знаходцы асобны артыкул у 96-м нумары часопіса «Дзеяслоў».

Сяргей Астрэйка нарадзіўся ў 1912 годзе. Друкавацца пачаў ужо ў вельмі маладым узросьце, а ў 20 гадоў працаваў у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва Беларускай акадэміі навук у Камісіі па складаньні слоўнікаў. Трапіў пад адну з раньніх хваляў рэпрэсій і ў 1933 годзе быў адпраўлены ў ссылку па справе «Беларускай народнай грамады». У 1937 годзе яго расстралялі.

Вядомы сваімі вершамі, артыкуламі і паэмай «Смарагды кроз». Пра «Бэнгалію» казалі як пра самы таленавіты і ўнікальны твор. Лічылася, што ён страчаны назаўжды.

«У Віктара Жыбуля ёсьць тэорыя, як рукапіс кавалка другой часткі паэмы „Бэнгалія“ мог трапіць да маёй бабулі. Ён заўважыў, што на ім ёсьць надпісы алоўкам, і пазнаў почырк Лукаша Бэндэ. Супаставіў біяграфіі Бэндэ і бабулі. Яны ў блізкія часы працавалі ў адной установе (гэта Дзяржаўнае выдавецтва БССР, дзе Бэндэ працаваў у 1933–34 гадах, а Гайлевіч — у 1934–36. — РС). Магчыма, яна знайшла гэты дакумэнт, зразумела, што ў ім ёсьць каштоўнасьць, і захавала».

Рукапіс «Бэнгаліі» з пазнакамі Лукаша Бэндэ
Сяргей Астрэйка (1912 -1937)
Рамантычны ліст прадзеда Франца Гайлевіча да будучай прабабулі Адэліны

Архіў пачынаецца з гісторыі адданага каханьня. Прадзед Аліны — Франц Гайлевіч быў моцна закаханы ў маладую Адэліну. Аднак вялікага дастатку ў яго не было, таму некалькі гадоў закаханыя абменьваліся карэспандэнцыяй. Лісты Франца да Адэліны захаваліся.

«Каханай Адэліне. Маё золатца, гэтая мілая франытка нагадала мне пра твае вочкі, за якія я аддам усё жыцьцё». — Такі надпіс стаіць на адной з паштовак, які прадзед Аліны Франц Гайлевіч адаслаў сваёй каханай Адэліне 19 чэрвеня 1906 году.

«Неяк ён вырашаў гэтую праблему, і ўжо ў даволі сталым узросьце яны змаглі ажаніцца. Мая бабуля Галіна, іхная дачка, нарадзілася ў 1912-м».

Прапрабабуля і прапрадзед Аліны
Сям’я Франца і Адэлаіды Гайлевічаў з дочкамі Галінай Ядзьвігай і Галінай Алінай
Скарбы зь зялёнага куфра
Паводле дакумэнту, украінская сям’я Самко ў 1910 годзе набыла дом у Менску

«На што я зьвярнула ўвагу — у дакумэнце падкрэсьліваюцца саслоўі. Напрыклад, сьведка-шляхціч, сяляне-сужэнцы Стэфан Фёдаравіч і Варвара Трафімаўна Самко. Гэта бацькі майго дзеда Аляксандра. Яны прыехалі з Украіны. У іх пасьля нарадзілася двое дзяцей. Жылі яны недалёка ад вакзала, каля вуліцы Маскоўскай».

Бабуля Аліны — Галіна Гайлевіч

Бабуля Аліны — Галіна Гайлевіч — у 20-я гады вучылася ў Чыгуначнай школе, пасьля скончыла літаратурнае аддзяленьне пэдагагічнага інстытуту, вучылася разам з Эдзі Агняцьвет і Станіславам Шушкевічам, зь якім захавала добрыя стасункі праз усё жыцьцё. Скончыла асьпірантуру, пісала дысэртацыю па творчасьці Максіма Багдановіча, але пасьля нараджэньня дзяцей аддала сябе сям’і.

«Я бабулю ніколі ня бачыла. Але ўяўляю яе такой, як на фатаздымках. Мама распавядала, што ў яе было вельмі добрае пачуцьцё гумару.

Яна любіла рабіць застольлі. У яе сям’і з маім дзедам Аляксандрам Самко было шмат сяброў, яны часта прыходзілі, расказвалі безьліч анэкдотаў, частушак, жартаўлівых вершаў. Думаю, яна была вельмі моцнай жанчынай, мела сваю думку. Магу ўявіць, што магла быць катэгарычнай, калі была ў нечым упэўненая».

Сшытак
Анкета

На момант, калі пісалася анкета, знакамітае літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк» ужо было распушчанае. Найхутчэй, так называўся літаратурны гурток у чыгуначнай школе, у якой вучылася Галіна.

Вершы і прозу Галіна Гайлевіч пісала па-беларуску. Падборка яе вершаў апублікаваная ў часопісе «Дзеяслоў» № 96.

Вучнёўскі білет
Вучнёўскі білет
Вучнёўскі білет
Жартаўлівы малюнак з 20-х гадоў

Не сумавалі ў 20-я гады. Альбомы для маляваньня з сур’ёзнымі і жартаўлівымі малюнкамі кажуць пра тыя часы наўрад ці менш, чым афіцыйныя дакумэнты.


«Дзе Галя? Дзе людзі са станцыі мэханізацыі? Дзе мая сям’я?» — невядомы Аліне чалавек напісаў такі ліст яе дзеду Аляксандру Самко ў 1944 годзе.


«З часоў вайны гэта адзіны дакумэнт, які захаваўся. У акупацыю сям’я маёй бабулі засталася ў Менску. Дзед кіраваў тут станцыяй мэханізацыі. Акупацыя найбольш мяне цікавіць і хвалюе цяпер. Людзі не выбіралі, ці заставацца ім тут, але адказваць за гэта ім давялося вельмі доўга».

Вось такое тлумачэньне напісала жонка Аляксандра Самко і Алініна бабуля — Галіна Гайлевіч
Сьведчаньні пасьляваеннага часу

Пасьля завяршэньня Другой усясьветнай сям’я Самко мусіла доўгі час тлумачыць, чаму яны засталіся ў акупацыі. У пэўны момант дзеда Аляксандра звольнілі з інстытуту, нягледзячы на навуковыя і выкладчыцкія заслугі. Маці Аліны распавядала ёй, што ён ня мог нават запэнтаваць вынаходкі пад сваім прозьвішчам, даводзілася пазначаць прозьвішчы калег. Што ня дзіва — адправіцца ў лягер за такі факт біяграфіі таксама было рэальна.

Сям’я зьбірала сьведчаньні ад сяброў і знаёмых пра тое, што Аляксандар Самко падчас акупацыі супрацоўнічаў з падпольлем. Вельмі дапамог ліст ад вядомага мастака-графіка Мікалая Гурло. «Ён фактычна выратаваў сям’ю», — кажа Аліна.

Аляксандар Самко разам зь сям’ёй

Аляксандру Самко ўдалося ўзнавіцца на працы, і ён доўгія гады выкладаў і ўзначальваў катэдру ў Політэхнічным інстытуце ў Менску. Сям’я дружна і весела пражыла разам да самой ягонай сьмерці ў 1967 годзе.


«Адчуваю цяпер адказнасьць распавесьці пра гэта. Бо калі ты сутыкаесься з гэтай кіпай неапрацаваных дакумэнтаў, гэта цябе ставіць у тупік. У самой зьяўляецца жаданьне нешта зрабіць з гэтым творчае — выставу зрабіць, раман напісаць».