Як яно на самой справе
Першая намесьніца старшыні Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка абвергла словы прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
«Падчас трагічных падзеяў некалькі ўкраінцаў і крымскіх татараў былі параненыя і загінулі. Нашы суседзі павінны ведаць праўду», — сказала Герашчанка.
3 сакавіка 2014 году крымчаніна Рэшата Ахмэтава выкралі пасьля таго, як ён выйшаў з адзіночным пратэстам супраць так званага «рэфэрэндуму» да будынку крымскага ўраду. 15 сакавіка цела Ахмэтава знайшлі са сьлядамі катаваньняў.
Прапаршчык Сяргей Какурын, начальнік складу 13-га фатаграммэтрычнага цэнтру Галоўнага ўпраўленьня апэратыўнага забесьпячэньня Ўзброеных сіл Украіны ў Сымфэропалі, лічыцца першым украінскім вайскоўцам, які загінуў падчас анэксіі Крыму. 18 сакавіка 2014 году, калі расейскія вайскоўцы штурмавалі цэнтар, Какурын быў на назіральнай вышцы і загінуў ад стрэлу снайпэра.
У ноч з 6 на 7 красавіка 2014 году ў Крыме расейскі вайсковец Яўген Зайцаў застрэліў украінскага афіцэра Станіслава Карачэўскага, які ня здрадзіў прысязе на вернасьць народу Ўкраіны. Маёр Карачэўскі служыў у Вайскова-марскіх сілах Украіны і рыхтаваўся да выезду на мацярык.
Падзяліцеся ў сацыяльных сетках са сваімі сябрамі