Усе мае Дзяды
arrow_upward
format_size
remove
add
undo
arrow_downward

У вас састарэлая вэрсія браўзэра. Для больш камфортнага і карэктнага прагляду абнавіце свой браўзэр са спасылкі.

Усе мае Дзяды
share
навіны падкасты «Свабода Premium» фактограф спэцпраекты мультымэдыя пра нас кантакты

далучайцеся:

Усе мае Дзяды
Старыя сямейныя фатаздымкі з асабістага архіву Сяргея Лескеця
Чытаць

Мае бабулі захавалі вялікі сямейны архіў фатаздымкаў, найстарэйшыя зь якіх датуюцца трыццатымі гадамі мінулага стагодзьдзя. Аднойчы я іх усе старанна сабраў і склаў у адмысловую тэчку. Пазьней я прывозіў здымкі, якія знаходзіў у апусьцелых хатах Чарнобыльскай зоны, хутарах, якія зьнішчалі пад будаўніцтва Астравецкай АЭС, і клаў побач зь сямейнымі.

Цяпер тут і першыя здымкі з пашпартоў, выдадзеных кайзэраўскай уладай на акупаванай тэрыторыі, кавалеры і дзяўчаты, шлюбныя здымкі, беларусы ў польскім войску і Чырвонай арміі, на працы ў Нямеччыне падчас вайны, вяртанцы зь Сібіру і беларусы, вывезеныя на працу ў Карэлію і на Ўрал...

Мінуў час, і сёньня ўсе гэтыя фота для мяне — здымкі блізкіх і дарагіх мне людзей. Гэта візуальны летапіс майго роду і гісторыі краіны на зжаўцелых аматарскіх фатакартках.

Этнографы сьцьвярджаюць, што да хрышчэньня ў вераньнях нашых продкаў не было панятку пекла. Быў толькі Вырай-рай. Туды адляталі душы памерлых і птушачкамі жылі на галінках Дрэва Жыцьця. Няважна, якім тым быў пры жыцьці. Сьмерць усіх ачышчала, і ўсе душы станавіліся Дзядамі. З галінак дрэва яны назіралі за сваімі жывымі нашчадкамі, часам зьляталіся на сьвята ў родныя хаты. Сьвятыя Дзяды, хадзіце сюды!

Я доўга ня мог зразумець кароткую памяць беларусаў. Часцей за ўсё яна на дзядах-бабулях і спынялася. На могілках ставілі драўляныя крыжы, часам безыменныя. Век іх вельмі кароткі. І гэта мяне моцна бянтэжыла. Гэта бяспамяцтва? Але ж мы захавалі нашыя ўнікальныя абрады і традыцыі і валодаем адным з самых вялікіх у сьвеце зборам фальклёру... Адказ я атрымаў зусім нядаўна.

Ня ведаю большасьці тых людзей, здымкі якіх зьбіраю і захоўваю. Вельмі часта і я не магу сказаць, дзе і калі зробленыя тыя здымкі. Але падсьвядома ведаю, што на іх мае даўнія сваякі і продкі. І гэтае маё «бяспамяцтва» падаравала мне разуменьне куды глыбейшае і адказала на ўсе пытаньні.

Вы ўсе — мае Дзяды.

Першая сусьветная
Personal Ausweis

Пашпарты ўзору 1917 году выдавалі мясцоваму насельніцтву на тэрыторыі Беларусі, акупаванай кайзэраўскім войскам. Дзеля эканоміі перад камэрай садзілі па некалькі чалавек, якія трымалі асабістыя нумары ў руках. Пасьля супольныя здымкі разразалі і ўклейвалі ў дакумэнты.

Для вяскоўцаў гэта былі першыя фота, таму пашпарты старанна захоўвалі. Часам з пашпартоў рабілі першыя сямейныя фотаальбомы. Часьцей за ўсё ў бацькоўскі пашпарт дадавалі здымкі з пашпартоў жонкі і дзяцей альбо пазьнейшыя фота. Вокладку зь нямецкім арлом зьнішчалі, каб не было лішніх пытаньняў ад тых жа палякаў. На пабачаных мною пашпартах зь Вільні паралельна зь нямецкай мовай ідзе беларуская.

Супоьныя пашпарты ўзору 1917 году, якія выдавалі на тэрыторыі Беларусі, акупаванай кайзэраўскім войскам
Так выглядалі беларусы за часамі Першай сусьветнай вайны
Пётр Зяновіч зь сябрам і любай жонкай

З тае пары (1917 год) у мяне захаваліся яшчэ два здымачкі гарачага патрыёта Беларусі Пятра Зяновіча. Яго імя мала вядомае сёньня. Нарадзіўся ў Лебедзеве Маладачанскага раёну. У чэрвені 1914 году скончыў Маладачанскую настаўніцкую сэмінарыю, працаваў настаўнікам на Віленшчыне. Пісаў лісты і артыкулы ў «Нашу Ніву», укладаў беларуска-польскі слоўнік. З 1919 году працаваў настаўнікам у роднай вёсцы, спрычыніўся ў пачатку 1920-х да адкрыцьця беларускіх школаў у родных ваколіцах. З 1923 году рабіў настаўнікам у школах Віленскага ваяводзтва. Надалей выкладаў і за часамі нямецкай акупацыі.

Арыштаваны ў 1944, абвінавацілі ў «антысавецкай агітацыі». Этапаваны ў Паўночна-Пячорскі лягер НКВД Комі АССР. Загінуў у зьняволеньні. Рэабілітавалі Зяновіча ў 1988 годзе.

Вельмі шмат беларусаў езьдзіла на працу ў ЗША, Аргентыну, Чылі, Латвію. Тут здымкі, якія дасылалі беларускія хлопцы сваім родным з гораду Омага, штат Нэбраска, ЗША ў 1920–30-я гады
Жыцьцё за Польшчай і БССР 1920–30-я гады
Вясельны партрэт прабабкі Вольгі Садоўскай і яе мужа Восіпа Касабуцкага 1930 году

Найранейшым зь сямейных здымкаў можна лічыць вясельны партрэт маей прабабкі Вольгі Садоўскай і яе мужа Восіпа Касабуцкага 1930 году. Прабабка была яшчэ тая аматарка фатаграфіі. Дзякуючы таму, што яна не шкадавала на гэтую забаву грошай, я маю зь дзясятак цікавых сямейных здымкаў пэрыяду 30–40-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Прабабка была аматаркай фатаграфіі

Фатаграфія — што тады і што цяпер — гэта крыху ілюзія: якім хацелася б сябе бачыць, выглядаць у паўсядзённасьці, крыху зманіць перад нашчадкамі, паказаўшы сябе багацейшым і прыгажэйшым. На сьцяну альбо над дзьвярыма ў сенцах вешалася посьцілка саматканая, і зьбіралася ўся сям’я для агульнага здымку. На адной лаве і вакол яе паўставалі ўсе бліжэйшыя сваякі. Бабулі і дзядулі, самі гаспадары, іхныя дзеці, браты, сёстры... Калі дома ёсьць кішэнны гадзіньнік, і не адзін, то будзе ў бацькі і ягонага старэйшага сына абавязкова вісець з кішэні ланцужок, кабеты надзенуць найлепшыя сукенкі і прыбяруць валасы ў модныя грабеньчыкі, дзетак апрануць у прыгожую вопратку.

Сямейныя здымкі пэрыяду 30–40-х гадоў мінулага стагодзьдзя
Здымкі невядомых мне людзей
Розныя клясы насельніцтва з аднаго часу
Заходняя Беларусь, 30–40-я гады

Фатаздымак з абрыўкам газэты, прыклееным да фатакарткі

Але часам надараецца знайсьці з той пары і «студыйныя» партрэты. І цікавыя яны ня толькі зьместам фатаздымку, але і абрыўкам газэты, прыклееным да фатакарткі. Газэта гэта не звычайная, а вельмі папулярная ў Заходняй Беларусі «Беларуская Крыніца». То цалкам верагодна, што сям’я, якая на здымку, залічвала сябе да беларускіх каталікоў-хадэкаў. Паглядзіце, якія твары, якія постаці... Сьветлыя сукенкі, гольфікі, гальштук-мятлік, стылёвыя пінжакі і каралі альбо ружанчык у гаспадыні. Імаверна, здымак зроблены побач з домам гэтых людзей якімсьці заежджым фатографам. Гэта можа падказаць звычайны зэдлік, на якім сядзіць гаспадар, і фон, падвешаны над зямлёю, а не прымацаваны да сьцяны, як было б у студыі.

Беларусы ў польскім войску
Беларусы ў савецкім войску

Школьніцтва
Вёска Баранавічы Пастаўскага раёну. Фота мясцовай школы 1930 году. Вучні школы побач з настаўнікамі
Дзеткі-каталікі на сьвяткаваньні першай камуніі ў мястэчку Жодзішкі. 1930 год
Школьніцтва ў пасьляваенны чаc
Школьніцтва ў пасьляваенны чаc
Школьніцтва ў пасьляваенны чаc
«Райскае жыцьцё»
Калі ўлічваць жыцьцёвы шлях майго дзеда, то гэты здымак зроблены напярэдадні альбо ў самым пачатку вайны. Вёска Сівіца, Смаргонскі раён. 1940 ці 1941 год

Гісторыя была такая. Мой дзед, Лескець Пятро Фёдаравіч, нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Сівіца Смаргонскага раёну Горадзенскай вобласьці. Вёска была зьнішчана пажарам у 1907 годзе, і таму ўсім прыходзілася нялёгка. Самыя сьмелыя і авантурныя ехалі працаваць у ЗША, Францыю альбо Аргентыну і празь некаторы час вярталіся з «добрым прыбыткам», за які можна было купіць зямлю і пабудаваць дом. Іншыя ж спрабавалі палепшыць сваё становішча цяжкай працай.

Савецкая прапаганда праз радыё вяла перадачы пра «райскае жыцьцё» на савецкай тэрыторыі. Дыктары казалі, што там уся зямля падзеленая пароўну і раздадзеная сялянам. Мабыць, гэта і штурхала майго прадзеда на пошукі лепшай долі і авантуру зь пераходам мяжы паміж Польшчай і СССР. Прадзед Фёдар, за прыкладам свайго брата Тараса, які паехаў у Амэрыку працаваць і зарабіць грошы на зямлю, выбраў такі самы шлях, але ў іншай краіне.

Так ці інакш, але прадзед з двума сынамі быў арыштаваны савецкімі памежнікамі ў траўні 1936 году. Паўгода яны ўсе сядзелі ў менскай «амэрыканцы». Чэкісты з асаблівым цынізмам прызначылі суд на 7 студзеня, на Каляды. Фёдара арыштавалі на 4 гады, а старэйшага сына Дзьмітра на тры гады і з турмы ў Менску адправілі ў «Ухтижемлаг» (Ухта-Іжэмскі папраўча-працоўны лягер НКВД існаваў на тэрыторыі Комі АССР у 1938–1955 гадах).

Там яны былі да 1940 году і вярнуліся дахаты ўжо ў далучаную да БССР Заходнюю Беларусь. Да дзяцей «ворагаў народу» ў савецкіх уладаў было асаблівае стаўленьне. Дзеду пашанцавала, што на момант пераходу мяжы з 18-гадовым братам і бацькам яму было ўсяго толькі 12 гадоў. Яму выпала доля трапіць у дзіцячы дом з цыркавым ухілам. Так-так, дзеці ворагаў народу мусілі забаўляць пралетарыят! Там ён навучыўся граць на інструмэнтах, жангляваць і хадзіць на руках.

Пра «прыгоды» падчас зьняволеньня прадзеда я даведаўся толькі сёлета дзякуючы архіўным дакумэнтам, якія апублікавалі валянтэры. «Ухтижемлаг» быў адным з найстрашнейшых месцаў у сталінскім ГУЛАГу. За час прадзедавай адседкі ў 1937–1938 гадах з прыблізна шасьці тысяч асуджаных болей як палову расстралялі. І гэта ня лічачы памерлых ад голаду і хваробаў. Сталіністы выконвалі свае пляны, і калі не было нагоды, то й самыя выдумлялі яе. Згадваецца, што ў гэтым лягеры яны часам накіроўвалі калёну з зэкамі на кулямётную засаду, і іх усіх расстрэльвалі за «спробу ўцёкаў». Можна толькі здагадвацца, што перажыў там мой прадзед і якім цудам ён вярнуўся дадому.

Праца ў Нямеччыне падчас акупацыі
Дзед працаваў у нямецкага фэрмэра, у вялікай гаспадарцы

Да пачатку вайны ўся сям’я зноў была ў зборы. Але і тут ня ўсё добра было. Са словаў бабулі, Пятра павезьлі ў Нямеччыну ў 1942 годзе. Яго працавітасьць і цыркавыя ўменьні яму там вельмі спатрэбіліся. Дзед працаваў у нямецкага фэрмэра, у вялікай гаспадарцы. І калі меркаваць з тых аматарскіх здымкаў, якія ён слаў дадому, жылося яму нядрэнна.

«Артыста» вельмі любілі дзеці фэрмэра, асабліва малодшая дачка. На адным са здымкаў яна нецярпліва выглядае з-за сьпіны дзеда і яго таварышаў у касьцюмах-«тройках». На іншым — трымае за руку.

Асаблівую ўвагу надавала яму і старэйшая дачка фэрмэра, але ніяк праявіць гэтага не магла. Толькі на разьвітаньне падарыла сваё фота зь белым конікам.

Пятро Лескець памёр у 1986 годзе. Памяць аб савецкай турме і дзіцячым доме ня надта дазваляла апавядаць аб працы ў Нямеччыне. Дый у тыя часы не прынята было на такія тэмы гаварыць нават з блізкімі сваякамі. Як скончылася для яго вайна і калі ён вярнуўся дадому, можна толькі здагадвацца. Ягонага брата Дзьмітра і бацьку Фёдара Міхайлавіча рэабілітавалі толькі ў 1995 годзе.

У Нямеччыне падчас акупацыі
У Нямеччыне падчас акупацыі
У Нямеччыне падчас акупацыі
Пасьляваенны час
Здымак перад ад’ездам зь Сібіру

Лёс гэтых людзей мне невядомы. Здымак мне даслаў чалавек, які нічога пра іх ня ведае. Хто гэтыя беларусы з Усходу, якія ў эвакуацыю патрапілі ў Сібір і па сканчэньні вайны вяртаюцца дадому? Альбо проста мясцовыя сібіракі, якіх у тыя часы вельмі часта высылалі ў спустошаныя вайной заходнія рэгіёны Беларусі жыць і працаваць? Мне старыя людзі апавядалі, як у пасьляваенныя галодныя часы савецкія ўлады прысылалі «пастаяльцаў» з Расеі. Мясцовыя іх баяліся і ня надта любілі. Рабіць у гаспадарцы яны не хацелі, але жыць — жылі ў хаце з усімі. І ня выправадзіш такога госьця — баяліся, і сказаць лішняе — ня скажаш. У савецкай імпэрыі быў свой экспэрымэнт — стварэньне савецкага народу.

Карэлія
У Карэліі

Такая ж доля гасьцей на чужой зямлі часам чакала і беларусаў. Мае бабуля і дзядуля па маці атрымалі «шчасьлівую пуцёўку» на лесанарыхтоўкі ў Карэлію. Мне дзед распавядаў, што жыхары былой Заходняй былі на асобным уліку. Да іх не было вялікага даверу, і заўжды іх першымі адпраўлялі на прымусовыя працы. Вярнуліся яны адтуль толькі ў другой палове 60-х

У Карэліі
У Карэліі
У Карэліі
У Карэліі
Цаліна і ўцёкі
Гэты здымак даслалі ў напамін уцякачцы з цаліны (Урал, «Победа». 1 красавіка 1956 г.) Ірыне Гарбачэўскай яе сяброўкі

Адна мая сваячка вымушаная была ехаць зь іншымі дзяўчатамі «падымаць цаліну». Але тое, што яна там пабачыла, тое, як сябе паводзіла савецкая моладзь, выклікала ў яе агіду і шок. Яна ня вытрымала і без дакумэнтаў і грошай вырашыла вярнуцца да бацькоў. Ірына папрасілася праехаць у правадніцы вагона. Браць дзяўчыну з цаліны было небясьпечна і вельмі рызыкоўна, але тая пагадзілася і адвяла яе ў каморку з вугалем. Так Ірына і вярталася. Здымак яна захавала як напамін аб тым побыце і людзях. Але болей зь дзяўчатамі, якія праз пэўны час вярнуліся ў Беларусь, не сябравала.

Хрушчоўская адліга
Пасьляваенныя здымкі
Дзеці. Пасьляваенныя здымкі
Хрушчоўская адліга
Фотакарткі з войска. Пасьляваенныя фатаздымкі

Хрушчоўская адліга і павольнае аднаўленьне жыцьця на старых фатакартках аднаўляюць кола чалавечага жыцьця. Дзеці, школа, вячоркі, моднікі і кавалеры, войска і вясельле, дзяды і ўнукі, пахаваньне...

Хрушчоўская адліга і павольнае аднаўленьне жыцьця на старых фатакартках
Пахаваньне дзіцяці
Пасьляваенныя сьвяты
Вясельле

Сяргей Лескець. Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маладэчанскім раёне. Скончыў БДПУ імя Максіма Танка па спэцыяльнасьці «гісторыя», Беларускі Калегіюм па спэцыяльнасьці «Найноўшая гісторыя». З 2013 году працуе як фатограф-фрылянсэр для шэрагу беларускіх і замежных СМІ (The Guardian, BBC World Service, Atlas Obscura, The Huck, LIFO, Calvert Journal, Belarus Digest і інш.) Яму цікавыя найперш беларуская правінцыя, жыцьцё і паўсядзённасьць, абрады і традыцыі, трансфармацыі ў беларускім грамадзтве.