Што важна ведаць пра Дзяды
Што важна ведаць пра Дзяды

Што важна ведаць пра Дзяды

У канцы кастрычніка — на пачатку лістапада беларусы традыцыйна ўшаноўваюць памерлых продкаў. 30 гадоў таму Дзяды сталі і акцыяй памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій.

Тлумачым, як ушанаваць продкаў і не заблытацца.

Дзяды як абрад

Дзяды – старадаўняя народна-рэлігійная традыцыя памінаньня продкаў. У гэты дзень наведваюць магілы продкаў і памінаюць іх за сямейным сталом.

Паводле каталіцкага календара 1 лістапада — Дзень усіх сьвятых. Праваслаўныя вернікі адзначаюць Зьмітраўскую памінальную суботу ў першую суботу перад 8 лістапада.

У першай палове 1990-х у Беларусі Дзяды былі афіцыйным выходным днём і адзначаліся 2 лістапада.

Летась у кастрычніку на сайце zvarot.by зьявілася пэтыцыя з просьбай зрабіць 1 ці 2 лістапада выходным днём. Паводле аўтараў пэтыцыі, выходны патрэбны, каб наведаць могілкі на Дзяды. Зварот падпісалі больш за 2500 чалавек. У адказе на пэтыцыю сьцьвярджалася, што дадаваць да выходных новыя рэлігійныя дні немэтазгодна, а вернікі «ня маюць ніякіх пераваг» над атэістамі.

Дзяды як масавая акцыя

Першую акцыю ў памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў на Дзяды зладзілі моладзевыя згуртаваньні «Тутэйшыя» і «Талака» ў парку Янкі Купалы ў Менску ў 1987 годзе.

А 30 кастрычніка 1988 году ў Менску ля Ўсходніх могілак і Курапатаў адбыліся шматтысячнае шэсьце і мітынг-рэквіем памяці ахвяраў сталінізму. Камуністычныя ўлады сілай разагналі акцыю.

З таго часу штогод у канцы кастрычніка — пачатку лістапада беларускія палітыкі ладзяць шэсьце і мітынг у Курапатах.

Дзяды-2018

Сёлета ў Менску пройдзе 4 акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

28 кастрычніка — «Дзяды». Менскія ўлады дазволілі КХП БНФ правесьці шэсьце і мітынг у Курапатах

29 кастрычніка — «Ланцуг памяці». Мікола Статкевіч заклікаў запаліць зьнічы ля будынку КДБ у Менску. Палітык лічыць бессэнсоўным прасіць у Менгарвыканкаме дазвол на акцыю.

29 кастрычніка — «Ноч расстраляных паэтаў». Зьміцер Дашкевіч арганізуе чытаньні твораў рэпрэсаваных літаратараў у Курапатах.

4 лістапада — Шэсьце ў Лошыцкім яры. КХП БНФ правядзе шэсьце да месца расстрэлаў 1937–1941 гадоў.

Што такое Курапаты?

Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.

Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».

Колькі там забілі?

Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.

Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.

Ці не нацысты гэта забівалі?

Не, бальшавікі.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.

Калі быў пік расстрэлаў?

За ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году супрацоўнікі НКВД расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячоў.

1 лістапада 1937 году ў Курапатах НКВД расстраляў 11 біскупаў і сьвятароў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

Паводле гісторыка Кастуся Тарасава, яшчэ каля 200 сьвятароў Беларускай аўтакефальнай царквы былі высланыя ў сталінскія канцлягеры, дзе бальшыня іх загінула.

Чаму ў Курапаты нясуць крыжы?

З канца 1980-х у Курапатах былі ўсталяваныя некалькі тысячаў крыжоў — на алеі, уздоўж асноўных тропаў, на ямінах-магілах, вакол урочышча. Крыжы ўсталёўваюць сваякі рэпрэсаваных, грамадзкія актывісты і палітыкі. Крыжы вырабляюцца на народныя ахвяраваньні.

У кастрычніку ва ўрочышчы пачалі ўсталёўваць дзяржаўны помнік.

Абарона Курапатаў

Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Ад чэрвеня 2018 году грамадзкія і палітычныя актывісты пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца за 50 мэтраў ад месца расстрэлаў.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м.

Дасьледчыкі мяркуюць, што рэпрэсавалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы.

Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Як даведацца, ці былі рэпрэсаваныя сярод маіх сваякоў?

Сёлета мы абнавілі базу рэпрэсаваных «Картатэка Сталіна». Гэта дакумэнты з сакрэтных архіваў КГБ, якія на пачатку 1990-х ненадоўга прачыніліся і тут жа зачыніліся зноў.

«Картатэка Сталіна» зьмяшчае зьвесткі пра 60 тысяч чалавек. Гэта толькі 10% ад усёй колькасьці рэпрэсаваных у Беларусі. Калі вы маеце дадатковую інфармацыю пра лёсы рэпрэсаваных, напішыце нам radiosvaboda@gmail.com.