Савецкі і расейскі кінарэжысэр і актор, дэпутат Дзярждумы Расеі Станіслаў Гаварухін памёр на 83-м годзе жыцьця, паведаміў спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін.
«У 10:37 у санаторыі Барвіха пасьля цяжкай і працяглай хваробы памёр, пайшоў з жыцьця Станіслаў Сяргеевіч Гаварухін», — сказаў Валодзін.
У 2014 годзе Гаварухін быў уганараваны спэцыяльным прызам прэзыдэнта Беларусі «За захаваньне і разьвіцьцё традыцый духоўнасьці ў кінамастацтве».
У 2012 годзе ў лісьце ўкраінскім СМІ Станіслаў Гаварухін, які тады быў кіраўніком перадвыбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Расеі Ўладзіміра Пуціна, пісаў наступнае: «Для мяне рэальнае аб’яднаньне Расеі і Беларусі ў агульную Саюзную дзяржаву — сьвятая справа. Значэньне самога гэтага факту далёка пераўзыходзіць усялякія мажлівыя і неймаверныя прэтэнзіі да парадкаў у Расеі і Беларусі: гэтыя парадкі яшчэ ня раз зьменяцца: Пуцін, Лукашэнка і мы з вамі пойдзем, а агульная дзяржава застанецца... Нягледзячы ні на што, Саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі, як і саму ідэю Славянскага саюзу, нельга здаваць у архіў».
Станіслаў Гаварухін зьняў мноства мастацкіх, мастацка-публіцыстычных і публіцыстычных фільмаў. Сярод найбольш вядомых яго рэжысёрскіх работ — «Вэртыкаль» (1967), «Месца сустрэчы зьмяніць нельга» (1979), «Прыгоды Тома Соера і Гекльбэры Фіна» (1981), «Дзесяць негрыцят» (1987), «Варашылаўскі стралок » (1999 г.).
Палітычная дзейнасьць Станіслава Гаварухіна вядомая ня менш, чым яго творчасьць, прычым яго погляды кардынальна мяняліся, адзначае ВВС.
Падчас гарбачоўскай перабудовы рэжысёр быў заўзятым антыкамуністам.
У дакумэнтальным фільме 1990 году «Так жыць нельга» ён сабраў усе заганы савецкай сыстэмы, а ў «Расеі, якую мы страцілі» 1992 года рэабілітаваў і нават некалькі падхарашыў дарэвалюцыйную эпоху.
Аднак праз тры гады выйшла заключная частка дакумэнтальнай трылёгіі «Вялікая крымінальная рэвалюцыя», прасякнутая зусім іншым настроем.
«Я асабіста ня бачу ніякага іншага лідэра, якому я мог бы даверыць краіну, у якой будуць жыць мае ўнукі», — казаў ён пра Ўладзіміра Пуціна.
На прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі 1996 года агітаваў за камуніста Генадзя Зюганава. У 2000 годзе сам быў кандыдатам на выбарах прэзыдэнта і набраў 0,44% галасоў. У 2011 годзе ўзначаліў перадвыбарны штаб кандыдата Пуціна, і мяркуючы па выказваньнях, здабыў, нарэшце, тую Расею, якая яго задавальняла.
Станіслаў Гаварухін быў кандыдатам Дзярждумы Расеі ўсіх скліканьняў, з 2005 году нязьменна ўзначальваў парлямэнцкі камітэт па культуры.
У сакавіку 2014 году Станіслаў Гаварухін падпісаў зварот у падтрымку дзеяньняў Расеі ў Крыме.
У сакавіку сёлета расейская журналістка Дар’я Камарова абвінаваціла Гаварухіна ў сэксуальных дамаганьнях. Паводле яе словаў, дэпутат прапаноўваў ёй ролю ў абмен на сэкс.
У лістападзе 2016 году Гаварухін заступіўся за фільм Аляксея Ўчыцеля «Мацільда» пра жыцьцё апошняга расейскага цара Мікалая II. У студзені 2015 году не падтрымаў просьбу кіраўніка Саюза кінэматаграфістаў Расеі Мікіты Міхалкова і вядучых расейскіх рэжысёраў да прэмʼера краіны Дзьмітрыя Мядзьведзева — вярнуць мат у кіно. Гаварухін тады заявіў, што фільмы з нецэнзурнай лексыкай у прынцыпе нельга пускаць у пракат.