Татары-мусульмане ў горадзе Іўі (Горадзенская вобласьць) ужо каля 140 гадоў захоўваюць звычай фарбаваць яйкі і частаваць імі дзяцей. Гэта адбываецца раніцай у пятніцу за два дні да каталіцкага Вялікадня. Карэспандэнты Свабоды зьезьдзілі ў Іўе на ўнікальнае для Беларусі сьвята.
Дзеці ведаюць усе хаты, дзе жывуць татары
Пятніца, 30 сакавіка, 5-я гадзіна раніцы. У хатах на вуліцы Савецкай у Іўі праз адну гарыць сьвятло. Уначы выпаў сьнег і на дарозе відаць сьвежыя сьляды. Гэта першыя дзеці ўжо выйшлі зьбіраць пачастункі.
Па яйкі і цукеркі дзеці выходзяць яшчэ да ўзыходу сонца. Яны абыходзяць татарскія хаты Іўя. Гістарычна татарская грамада кампактна жыве ў межах вуліц зь цяперашнімі назвамі Леніна, Савецкая (былая Наваградзкая) і Дружба. Раней тут, за пару кілямэтраў ад цэнтру Іўя, была татарская слабада Мураўшчызна. Паступова горад зьліўся зь вёскай, і ўжо з савецкіх часоў татары сталі гарадзкімі.
«Пачыналася зь першай хаты — на хутары. Там усе дзеці зьбіраліся», — распавядае Бекір Мустафавіч Шабановіч, муадзін, памочнік імама ў мячэце.
Хата Шабановіча — па-за татарскай слабадой. Але ягоная сям’я таксама рыхтуецца да Вялікадня. Дзеці, кажа ён, ведаюць, дзе жывуць татары, і абавязкова прыйдуць па пачастункі да іх.
Мы наведваем Шабановіча ўвечары чацьвярга. Ягоная жонка яшчэ фарбуе яйкі ў рашчыне з лупіньня цыбулі. Яна кажа, гэта традыцыйная фарба. Яйкі досыць адварыць у вадзе з лупіньнем 10 хвілінаў, каб яны набылі чырвона-карычневы колер.
Потым іх трэба пералічыць — мусіць быць прынамсі 41 яйка. Можа быць і больш. Галоўнае, каб колькасьць была няцотная, тлумачыць Бекір Шабановіч. Гэта зьвязана з традыцыяй мусульманскай «садагі» — ахвяраваньня.
На дзьве сям’і пафарбавалі 110 яек
Калі яйкі і цукеркі пералічаныя, татары «перапяваюць садагу» — чытаюць кароткі зварот-просьбу да Алага на арабскай мове.
«Гэта тое самае, што ў касьцёле асьвенчваюць, што ў царкве, — кажа Бекір Мустафавіч. — Перапяваюцца розныя малітвы. Хто хоча — за ўраджай, хто хоча — за здароўе, за ўнукаў».
Перапяваць ахвяраваньне можна самастойна дома. Але ня ўсе татары ведаюць арабскую мову. У савецкія часы мячэць хоць і дзейнічала, але заняткаў арабскай тут не праводзілі. Таму многія нясуць яйкі і цукеркі да старых людзей, якія ведаюць арабскую мову «з польскіх часоў».
«Суседкі маладыя да мяне садагу нясуць. Яны ня ўмеюць. Я ім перапяваю», — кажа 81-гадовая Роза Мустафаўна Якубоўская.
Для сваёй суседкі Ліліі Ібрагімаўны, якая ня ведае арабскай, Роза Мустафаўна напісала «дуайку» (зварот да Алага) кірылічнымі літарамі.
Старыя людзі традыцыйна стараюцца мець на пятнічны Вялікдзень фарбаваныя яйкі. Але ўсё часьцей абмяжоўваюцца цукеркамі. Па-першае, гэта прасьцей, не забірае шмат часу. Па-другое — таньней. Набыць чатыры дзясяткі яек даражэй, чым 40 цукерак.
«Маіх 50 і сынавых 60, — паказвае Лілія Ібрагімаўна на мядніцу і вядро зь яйкамі. — Сыну асобна наварыла. Ён заняты на працы. Штогод для яго адварваю».
Гэта проста сьвята для дзяцей
«Са сьвятам», — з такімі словамі заходзяць дзеці ў кожную хату ды атрымліваюць цукеркі раніцай у пятніцу. Што гэта за сьвята, мала хто з татараў можа патлумачыць. Кожны толькі падкрэсьлівае, што гэта не рэлігійнае сьвята, а хутчэй стары звычай і традыцыя. Хрысьціянскі сэнс у фарбаваньне яек дакладна ня ўкладваецца.
«Гэта не рэлігійны Вялікдзень. Проста для дзяцей увялі такі звычай. Спрад вякоў вечных бегаюць раніцай дзеці», — распавядае Сулейман Мустафавіч Шабановіч.
Сулейману 85 год. Калі ён быў малым, таксама зьбіраў яйкі і цукеркі перад каталіцкім Вялікаднем.
«Я яшчэ быў малым, чатыры гады меў. Бегалі аж ун туды на хутары па мусульманскіх дамах. Сам лётаў і зьбіраў», — кажа ён.
Паводле клясыфікацыі UNESCO, карэнным лічыцца народ, які стала пражыў на адной тэрыторыі 500 гадоў. Летась адзначалася 620-я гадавіна, як татары пасяліліся ў Беларусі. За гэты час татары пазычылі шмат звычаяў у беларусаў.
«Мы побач жылі зь беларусамі, дык мы да іх праспасобіліся», — кажа Ніна Ібрагімаўна.
Татарскія сем’і цяпер не такія вялікія, як раней. А таму на пятнічны Вялікдзень прыходзяць пераважна каталіцкія і праваслаўныя дзеці. Прычым ня толькі зь Іўя, але нават з суседніх вёсак — Ганчароў і Паўлавічаў. Але для татараў няма розьніцы, хто да іх прыходзіць: частуюць усіх.
Найбольшы рух пачынаецца каля 6-й раніцы. Ад хаты да хаты ходзяць натоўпы да 10-20 чалавек. Больш дарослыя дзеці ходзяць самастойна. Малых водзяць бацькі. Некаторых прывозяць на машыне.
«Сваякі зь Менску вось адмыслова прывезьлі да нас сваю дачку, — кажа Вольга з вуліцы Дружба, якая павяла свайго 5-гадовага сына зьбіраць пачастункі. — Для іх гэта такая забава. Яна першы раз у жыцьці сёлета пойдзе».
Заходзіць можна ў любую хату. Няважна, ці вы знаёмыя. Раней амаль усе татары рыхтавалі столік зь яйкамі і слодычамі ўнутры хаты. Але апошнімі гадамі людзі пачалі самі выходзіць да дарогі з кошыкам са слодычамі.
Калі цукеркі і яйкі застаюцца, дарослыя нясуць іх на пятнічны намаз у мячэць і там ужо дзеляцца між сабой.
Звычай паходзіць з канца ХІХ стагодзьдзя
«Татарскі Вялікдзень» адзначаюць толькі ў Іўі. Як даведалася Свабода, у іншых паселішчах, дзе традыцыйна жывуць татары, такога звычаю няма. Сьмілавічы, Наваградак, Слонім — нідзе татары не фарбуюць яек перад каталіцкім ці праваслаўным Вялікаднем.
Рэдкія старажылы ўсё ж прыгадваюць, адкуль узялося сьвята. Айшы Мустафаўне Шабановіч 85 год. Кабета распавядае, што сьвяткаваць Вялікдзень татары сталі на загад «полькі, якая дала татарам зямлю ў Іўі і пабудавала мячэць». Ідзецца пра гістарычную постаць — Эльвіру Замойскую. У 1882 годзе яна сапраўды падарыла зямлю і фундавала будаўніцтва мячэці ў Іўі. Гэта адзіная ў Беларусі мячэць, якая не зачыняла дзьвярэй за савецкім часам.
«Гэта пані так сказала: за яе дабрату каб Коляды і Вялікдзень уважалі, — кажа Айша Мустафаўна. — Два велькія сьвяты на год. А малыя — як атрымаецца. Паспрабуй не пасьвяткаваць — цэлы год будзе няўдача. Паважаем і рускія і польскія сьвяты. Калі хто забыўся, дык мы расказваем адна адной».
Гэтае паданьне пацьвярджае гісторык Ірына Сынкова, кандыдат філязофскіх навук, аўтарка дасьледаваньняў і кніг пра беларускіх татараў. Паводле яе, звычай сапраўды паходзіць ад Эльвіры Замойскай. У памяць пра графіню ў мячэці замацаваная памятная шыльда.
«У іншых гарадах Беларусі не было такой традыцыі. Гэта зьява лякальная. Яна зьвязана толькі з гісторыяй Замойскай», — сказала Свабодзе <>Ірына Сынкова.
Паводле дасьледніцы, такое ўзаемапранікненьне культураў магло ўзьнікнуць толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім. За невялікімі выняткамі, тут не было міжэтнічных сутыкненьняў.
У 1990-я гады традыцыю «татарскага Вялікадня» спрабавалі выкараніць
Хоць «татарскі Вялікдзень» не нясе рэлігійнага зьместу, івейскіх татараў часам крытыкуюць за тое, што яны адыходзяць ад традыцыяў ісламу. Бекір Шабановіч кажа, што ў 1990-я гады ў Іўі спрабавалі спыніць гэтую завядзёнку.
«Хацелі вывесьці гэтую моду. Сказалі, нідзе няма такога. Але тут настоялі: так яно ест і так яно павінна працягвацца. У кожнага свае дзеці, унукі, яны павінны памятаць. Традыцыя гэта такая», — кажа Бекір Мустафавіч.
Іўе — шматэтнічнае мястэчка. У цэнтры гораду, дзе раней быў помнік Леніну, цяпер стаіць памятны знак чатыром рэлігіям: каталіцтву (пераважная канфэсія ў рэгіёне), ісламу (Іўе лічыцца неафіцыйнай татарскай сталіцай Беларусі), праваслаўю і юдаізму. Тут прынята частаваць суседзяў і калег на свае сьвяты.
«У гэтым выпадку ідзецца не пра запазычваньне рэлігійнай традыцыі, а пра сумеснае падтрыманьне народнае традыцыі канкрэтнай мясцовай супольнасьці», — сказала Свабодзе Натальля Кутузава з Інстытуту філязофіі Нацыянальнай акадэміі навук.
Кутузава тлумачыць, што падобныя звычаі ўласьцівыя рэлігійным супольнасьцям, якія працяглы час жывуць у шчыльнай камунікацыі. Напрыклад, хрысьціянам і мусульманам на Балканах і ў Грузіі.
«Хацела б заўважыць, што пячы бабку і фарбаваць яйкі — гэта традыцыя народная, яна існавала ў дахрысьціянскую эпоху і ня ёсьць асобна хрысьціянскай», — сказала Ірына Кутузава.
«Мы ня хочам губляць гэта. Як у нас было раней, так яно і ест»
Нічога надзвычайнага ў «татарскім Вялікадні» няма, лічыць экспэрт у праблемах ісламскага сьвету Сяргей Богдан. Паводле яго, у кожнай краіне іслам адрозьніваецца.
«У культуралягічным і антрапалягічным сэнсе няшмат супольнага маюць мусульмане Беларусі, Інданэзіі або Маўрытаніі, — сказаў Свабодзе Богдан. — І пытаньне ў тым, ці сапраўды нехта мае манаполію вызначаць звычаі як ісламскія і неісламскія».
Ён нагадвае, што беларускія мусульмане даўно сталі анклявам у хрысьціянскім грамадзтве. Некалькі стагодзьдзяў яны мелі мінімальныя сувязі з мусульманскім сьветам. Рэдкія людзі хадзілі ў хадж. Абмен ідэямі, удзел у культурным жыцьці ісламскага сьвету — усё гэта пачало аднаўляцца толькі ў ХХ стагодзьдзі.
«Яны вымушаныя былі засяродзіцца на тым, каб захаваць самыя агульныя рэчы. У такой сытуацыі культурнае жыцьцё адбываецца пад іншым уплывам. Ня дзіва, што татары пачалі пераймаць хрысьціянскія і юдэйскія рэчы», — кажа Богдан.
Івейскія татары тым часам ганарацца ўласным Вялікаднем. Традыцыя тут не памірае. Пра гэта можна меркаваць з таго, як маладыя сем’і рыхтуюць пачастункі на раніцу пятніцы і як самі водзяць дзяцей па іншых хатах, зьбіраючы яйкі і цукеркі.
«Моладзь традыцыю захоўвае, — кажа Бекір Шабановіч. — Усе, хто жывуць тут, усе падтрымліваюць. Мы ня хочам губляць гэта. Мы ня хочам падводзіць каталікоў, праваслаўных. Як у нас было раней, так яно і ест».