Людзі свабоды
Людзі свабоды
2017
Асобы, якія ламаюць стэрэатыпы пра людзей з інваліднасьцю

Аляксандра Чычыкава

Перамагла ў конкурсе «Міс сусьвет на інвалідным вазку» і плянуе зладзіць такі ж нацыянальны конкурс у Беларусі

Сяргей Драздоўскі

Шматгадовы абаронца правоў інвалідаў. Сёлета абараніў сваё права жыць у інтэрнаце, адкуль улады хацелі яго выселіць разам з маладой жонкай Анастасіяй. Цяпер пара марыць пра адпачынак каля цёплага мора, куды зьбіраецца ўжо ў лютым

Кіра Ламейка

Шасьцігадовая Кіра перанесла ўжо 24 пераломы. Яна хварэе на незавершаны остэагенэз, ад чаго яе косткі вельмі крохкія. Пасьля публікацыі відэа на Радыё Свабода дзяўчынку запрасілі ў Харватыю, дзе фонд UniHelp аплаціў для яе апэрацыю за 33 тысячы эўра. Калі ўсё будзе добра, то мара дзяўчынкі — пайсьці ў школу сваімі нагамі — мае шанец збыцца

Саша Аўдзевіч

У роднай Лідзе адкрыў «трэнажорку» для людзей з інваліднасьцю, інклюзіўны пляж, зьезьдзіў у падарожжа па Эўропе і робіць жыцьцё ўсіх вакол хаця б трошкі зручнейшым. Ягоная мара на 2018 год — пераплыць праліў Басфор. Дзеля гэтага ён аддана трэніруецца ў басэйне

Вадзім Ліпіньскі

У 22 гады стаў кандыдатам у майстры лыжнага спорту і працягвае трэніроўкі, каб ажыцьцявіць галоўную мару — трапіць на Паралімпіяду

Павал Канавальчык

Фанат рок-музыкі ўлетку стаў зоркай музычнага фэсту і атрымаў ад улюбёнага гурту пажыцьцёвы квіток на канцэрты. Марыць заўжды трапляць на канцэрты любімых гуртоў

Арамаіс Мірак'ян

Калі ён нарадзіўся, дактары казалі, што хлопчык ніколі ня зможа хадзіць. Калі скончыў школу — забаранялі паступаць на факультэт журналістыкі. Усё праз ДЦП. Цяпер Арамаіс — актор і літаратар, пасьпяхова працуе ў «Свабодным тэатры». Арамаіс лічыць, што любы чалавек у Беларусі мае адну мару — свабоду. У палітычным сэнсе гэтага слова

Мікалай Пясецкі

Дае рады ў полі і на гаспадарцы. Кажа, што яго мара — «стаць на ногі ва ўсіх сэнсах слова і вярнуцца да паўнавартаснага жыцьця»

Анатоль Ганько

Страціў зрок на працы. Потым у сям’і нарадзілася другое дзіця. Анатоль асвоіў працу на кампутары і кіруе ўсёй хатняй гаспадаркай. Анатоль не хавае, што галоўная яго мара — каб вярнуўся зрок: «Мару пра тое, каб самастойна адвесьці за руку сына ў першы кляс, а з дачкой пайсьці на выпускны вечар, танцаваць зь ёю і бачыць, якая яна прыгожая»

Дзьмітры і Ліля Цімашковы

Каб клапаціцца пра дачку з ДЦП, Дзьмітры кінуў бізнэс і стварыў каманду «Крылы анёлаў», якая дапамагае дзецям з інваліднасьцю і іх бацькам. Сёлета сям’я пабывала ў ЗША, дзе досьвед падобных праектаў вельмі вялікі. Цяпер яны зьбіраюцца трапіць на маратон у Тэль-Авіве. Спадзяюцца, што нацыянальны авіяперавозчык дапаможа рэалізаваць задуманае. Дзьмітры таксама марыць, што будзе ўзноўлены давоз Лілі да Цэнтру карэкцыйнага навучаньня. Пасьля таго як у верасьні паламаўся аўтобус, мужчына возіць дачку на ровары, а гэта 10 кілямэтраў штодня

Штогадовая намінацыя Беларускай службы Радыё Свабода

Людзі Свабоды

Яны пашыраюць прастору свабоды
для сябе
Беларусі
сьвету

Сачыце за абнаўленьнямі ў сацыяльных сетках