Звольнілі з працы, не абараніў дыплём, ажаніўся

Віктар Мароз

Затрыманы 3 красавіка на працы,
калі вяртаўся ў офіс зь перапынку на абед.

Правёў за кратамі 90 дзён.

«У мяне ўвогуле такое адчуваньне, што ўсё, што было да арышту, яно ў тумане. Як быццам мне нехта памяць падчысьціў. Ня ведаю нават, як вам апісаць гэтае адчуваньне. Гэта насамрэч «да» і «пасьля». І я вельмі дрэнна памятаю, што было «да»».

«Нарэшце забраў рэчы свае ў сьледчых. Грошы, тэлефон. Гэта тое, што пры сабе было падчас затрыманьня. А тое, што падчас ператрусу забіралі, яшчэ не аддалі. Ня ведаю, ці ўвогуле вернуць. Я, дарэчы, дагэтуль ня ведаю, ці магу нешта вам па справе расказваць — пад падпіскай аб неразгалошваньні я яшчэ, ці ўжо не.

Зараз я закрываю свае справы на старой працы. Новай пакуль няма. Перадаю справы па фірме, якой кіраваў, пакуль мяне не арыштавалі. Фірма шмат працуе зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі, некалькі кліентаў даведаліся пра мой арышт і сталі неяк па-іншаму ставіцца. Хоць раней мы працавалі, не было ніякіх пытаньняў. Заснавальнікі фірмы пасьля гэтага прынялі рашэньне мяне, скажам так, замяніць. Лістом паведамілі мне пра сваё рашэньне, даслалі проста ў СІЗА.

Ці моцна па мне ўдарыла страта працы? Ды ня думаю. Я мяркую, ня трэба на нечым адным зацыклівацца. Гэтая сытуацыя ўвогуле мне дала вялікі штуршок для нейкага разьвіцьця. Зразумеў, што нельга на адным месцы сядзець. Займаўся аптовым продажам матэрыялаў для будаўніцтва, а зараз рабіць бізнэс у Беларусі я ўжо не хачу. Думаю, што проста так ад мяне не адвяжуцца, і таму зараз хачу хаця б месяц паназіраць, нічога ня буду рабіць. Будзем зь сям’ёй жыць на ашчаджэньні часова.

Жонка хоча эміграваць, я таксама задумаўся пра гэта. Мы пакуль ня ведаем дакладна, куды. Я ўвогуле вам скажу: хай яно і дзіка прагучыць, але арышт быў для мяне вельмі пазытыўнай зьявай. Сям’я, вядома, пацярпела. Здароўе маё прасела. Але агулам, глябальна, мы пачалі думаць пра будучыню з жонкай. Раней сядзелі на адным месцы, проста жылі і ўсё.

Я цяпер зразумеў, што нават проста магчымасьці займацца бізнэсам у Беларусі я вычарпаў. Для мяне нічога вышэйшага быць ня можа, чым той узровень, на якім я раней быў.

Жонка зьмянілася, сын. Яму вось толькі-толькі чатыры гады споўнілася. Ня думаю, што ён запомніць усё гэта, але нешта з псыхікай усё адно адбывалася. Заікаўся. Цяпер прайшло, дзякуй богу. Дзіцё хутчэй забывае. А вось у бацькоў маіх і жонкі ня так. Зьявіліся праблемы са здароўем, зараз іх спрабуем вырашыць.

Я б не хацеў зноў туды трапіць, за краты. Але адчуваю, што пагроза рэальная. Груба кажучы, усе, хто засьвяціўся па гэтай справе, будуць пад наглядам. І калі раптам нешта самае дробнае адбудзецца, то можа быць новы арышт. А я не хачу новых выпрабаваньняў для сваёй сям’і. Таму, думаю, будзе разумным працягваць любіць Беларусь на адлегласьці».


Андрэй Дундукоў

Затрыманы 21 сакавіка на беларуска-ўкраінскай мяжы,
калі ехаў зь сям’ёй на адпачынак.

Правёў за кратамі 101 дзень.

«Я сабе і ўявіць ня мог, што такія прыгоды мяне чакаюць. Памятаю, 21 сакавіка мы ехалі ў адпачынак. Хацелі пад Жытомірам па скалах палазіць, летам у мяне быў заплянаваны паход на Эльбрус. Зімой хацелі паўтарыць. Але зараз ужо нават марыць пра гэта не магу. Такія паходы — гэта і грошы, і фізычная падрыхтоўка, і тэхнічная. Цяпер мне не да гэтага».

«Я зараз пакуль працую там жа, дзе працаваў да затрыманьня — рэспубліканскі атрад спэцыяльнага прызначэньня МНС. Калі вызваліўся, то быў упэўнены, што мяне звольнілі. Думаў, што прыйду, мне дадуць нейкую паперку падпісаць, і ўсё. Але справа шырокі розгалас атрымала, і кіраўніцтва пачало камбінаваць. Сказалі, што ня буду працаваць у зьменах, што пакуль на мне крымінальная справа, то буду проста ў распараджэньні кіраўніцтва. І я фактычна зь ліпеня па 6 сьнежня займаўся на працы невядома чым. Вось толькі-толькі на першае дзяжурства заступіў.

Але два тыдні таму мне паведамілі, што кантракт працягваць ня будуць. Сказалі, што можна прайсьці мэдкамісію і камісавацца па мэдычных паказчыках. Але са здароўем, дзякуй богу, усё добра. Таму звальняюць, так.

Шкада. Мне вельмі падабалася мая праца. Самастойна па сэмінарах езьдзіў з задавальненьнем. Разьвівацца ў прафэсійным пляне было цікава. З 2011 году я працаваў у МНС. Зь лютага 2013 вадалазам быў. Што зараз будзе? Ня ведаю, шчыра кажучы. Яшчэ ж толькі крыху больш за тыдзень, як даведаўся пра спыненьне справы.

Няма плянаў дакладных. Езьдзіць працу шукаць буду. Турызмам магу займацца, прамысловым альпінізмам. Хапае сфэр. Адно што невядома, наколькі гэта будзе пастаянная праца. Не пераймаюся асабліва. Як склалася, так склалася.

Калегі выдатна паставіліся да мяне. Шчыра кажучы, я не чакаў нават. Дзякуючы гэтаму выдатнаму фільму прапагандысцкаму ўсе добра зразумелі сытуацыю. Усё, што там паказалі, можна ў любой рыбацкай кампаніі назьбіраць. Хлопцы сказалі, што гэта дурасьць. Дапамагалі сям’і, падтрымлівалі жонку. Хто не ў кіраўніцтве, усе цудоўна ўсё зразумелі. Ды, я думаю, і кіраўніцтва таксама ўсё разумее. Проста паставіліся так, што я нібыта падставіў іх усіх.

З жонкай больш шчырыя адносіны сталі. Мы часам размаўлялі пра жыцьцё ў Беларусі, яшчэ да майго арышту. Я казаў ёй, што ўсё магчыма, усё можа здарыцца, а яна ня верыла. Зараз пагаджаецца, што на самой справе так. Увогуле жонцы было цяжэй на свабодзе, чым мне там за кратамі.

Я мог бы ўладкавацца на працу за мяжой. Працаваць ратаўніком у гарах, напрыклад. Але пакуль такой канкрэтнай мэты зьехаць у мяне няма. Пакуль няма. Тэарэтычна ўсё можа быць, вядома. Неяк мы з жонкай пачыналі гаварыць пра гэта, але Ганна супраць. У яе тут бацькі, яна ня хоча зьяжджаць».


Андрэй Комлік-Ямацін

Затрыманы ўвечары 21 сакавіка каля пад’езду свайго дома,
калі вяртаўся ад бацькоў.

Правёў за кратамі 101 дзень.

«Да ўлады я і раней быў крытычна настроены. А зараз... Азлобленасьць зьявілася нейкая. На сьледчыя органы. За тое, што са мной утварылі і з маёй сям’ёй. Гэта была даволі сур’ёзная жыцьцёвая школа. Ня ведаю толькі, добры гэта быў урок ці ня вельмі. Але ўсё гэта досьвед. Калі ён цябе не забіў, то зрабіў мацнейшым».

«Працую на маторным заводзе, тэрмістам, як і раней, на Ваўпшасава. Рамесьніцтвам яшчэ крыху займаюся, выпускаем адзеньне розных стыляў. У гэтым пляне нічога не зьмянілася. Адзінае, зараз ёсьць складанасьці, зьвязаныя з тым, што мне дагэтуль не вярнулі кампутар. Там у мяне неабходная для працы з адзеньнем інфармацыя. Але зараз вернуць, спадзяюся.

На заводзе да мяне па-чалавечы паставіліся. Ніхто не прапаноўваў звольніцца. Я там ужо 10 гадоў працую, усе мяне ведаюць даўно. Людзі нармальныя там, простыя хлопцы. Падтрымлівалі мяне. Казалі, што ня вераць ва ўсе гэтыя фільмы.

Шчыра кажучы, я ня мог сабе ўявіць, што вось такія рэчы са мной адбудуцца. Што крымінальная справа будзе, затрыманьні, усё гэта. Я з 2006 году ў акцыях апазыцыі ня ўдзельнічаю, нічога такога не раблю. Адзінае, што разьвіваю беларускую традыцыйную культуру. То бок абраў іншы шлях дзейнасьці, разьвіцьця, уплыву на нацыянальныя погляды ў краіне. Не сказаў бы, што гэта нешта радыкальнае.

Адносіны з роднымі і блізкімі зьмяніліся. Ёсьць рэчы, якія я перагледзеў. Раней не разумеў нечага важнага, а гэтыя падзеі дазволілі зразумець. Раней я больш канфліктны быў з роднымі. Усё павінна было быць па-мойму. Цяпер я стаў больш дэмакратычна ставіцца да сямейнага жыцьця. Мне так падаецца, прынамсі. Турма зрабіла мяне больш дэмакратычным.

Шмат новых сяброў зьявілася ў сям’і. Са старых нехта бліжэйшы стаў, нехта аддаліўся. Былі людзі, якіх я лічыў даволі блізкімі, а яны да ўсёй сытуацыі паставіліся ня вельмі прыемна. Ці то яны баяліся нечага, ці яшчэ што.

Зьехаць? Пакуль ня думаў. У мяне раней была магчымасьць зьехаць зь Беларусі. Але вырашыў жыць тут, разьвіваць тут сваю справу. Страх за сябе і сям’ю ёсьць, вядома. Але страх — такая рэч, якую трэба пераадольваць. Прыняць, пераадолець, пазбавіцца ад яго і спадзявацца на лепшае заўжды. Ня думаю, што сытуацыя з маім арыштам паўторыцца. Нават калі пачнуцца новыя пратэсты, то спатрэбяцца новыя фігуры. Спадзяюся, што бомба двойчы ў адну варонку ня падае. Магчыма, недзе ў некага насупраць майго прозьвішча будзе стаяць галачка. Але спадзяюся, што пакінуць мяне ў спакоі».


Міраслаў Лазоўскі

Затрыманы пасярод вуліцы ва ўласным аўтамабілі
ўвечары 21 сакавіка.

Правёў за кратамі 102 дні.

«Я ня мог сабе ўявіць, што такое магчыма. Памятаю, як 21 сакавіка ўдзень глядзеў гэтыя заявы Лукашэнкі пра затрыманьне банды баевікоў, зброю. Тады і ўявіць сабе ня мог, што гэта анонс па мне. Неспадзявана гэта ўсё адбывалася. Як затрыманьне, так і вызваленьне, і закрыцьцё справы. Што гэта было?».

«Знаёмы мне пазваніў і сказаў, што ў інтэрнэце пішуць пра закрыцьцё справы. Нечаканасьць была вялікая. Шмат аналітыкі было, шмат палітолягі пісалі пра зьмякчаны варыянт будучага суду. Але ніхто не прагназаваў закрыцьця справы. Казалі, што могуць быць умоўныя тэрміны. Ніхто ня верыў у тое, што такую гучную справу могуць узяць і закрыць. Але вось цуд адбыўся, дзякуй усім, хто спрычыніўся. Шчыра кажучы, я не лічыў, колькі дзён за кратамі правёў. Выпускалі мяне апошнім, то, відаць, больш за ўсіх. Атрымліваецца, я больш за ўсіх адседзеў. Але дзень-два — гэта ж можна ня ўлічваць.

Я як працаваў да затрыманьня ў выдавецтве «Кнігазбор», так і працую. Дзякуй богу, што дырэктар за час маёй адседкі ня звольніў. Я выйшаў і працягваю займацца тым, чым займаўся. Праўда, напачатку было асьцярожнае стаўленьне з боку іншых людзей, кліентаў. Праца з жывымі людзьмі. Нешта такое пэўнае адчувалася. Але цяпер усё добра. Усе старыя кантакты ўзноўленыя, усё цудоўна. Ніхто з тых, з кім працаваў, не адварочваецца.

Ажаніўся пасьля вызваленьня. 8 верасьня ў нас са Сьвятланай было вясельле. Наша затрыманьне, утрыманьне пад вартай моцна адбілася на родных і блізкіх. Прапанову Сьвятлане я даўно рабіў, яшчэ да сакавіка. Яна ўсё неяк вагалася, мы адкладалі гэта. А тут вось усё гэта здарылася, куды было далей цягнуць. Так што нейкі і шчасьлівы для мяне вынік гэта ўсё мела. Можна і так сказаць.

Адносіны з роднымі, зь сябрамі калі і зьмяніліся пасьля затрыманьня, дык толькі ў лепшы бок. Шмат знаёмых было, зь якімі мы рэдка падтрымлівалі стасункі, а пасьля таго як я трапіў у СІЗА, яны мабілізаваліся. Я, шчыра кажучы, ня думаў, што столькі людзей прапануе дапамогу. Людзі самі выходзілі на сувязь, пыталіся, чым могуць дапамагчы. Такія рэчы не забываюцца. У суседзяў па доме была крыху перасьцярога напачатку — адразу, як мяне вызвалілі. Вось, тэрарыст. Але цяпер таксама ўсё добра. Кажуць, што адпачатку ведалі, што я харошы.

Спадзяюся, што ўсё скончылася. Не хаджу па вуліцах азіраючыся. Зьяжджаць зь Беларусі я дакладна ня буду. Гэтага не пляную і нават ня думаю на гэтую тэму.

Ці не баюся, што па мяне зноў прыйдуць? Гарантаваць ніхто нічога ня можа».


Іван Кавальчук

Затрыманы на ўваходзе ў студэнцкі інтэрнат
увечары 21 сакавіка.

Правёў за кратамі 101 дзень.

«Я думаў пра тое, каб зьехаць з краіны. Не таму, што цяпер страшна. Каб папрацаваць. Падлічыў усе шансы зарабіць на свой дом, на іншае — і вырашыў, што гэта ў Беларусі амаль немагчыма зрабіць».

«Пра тое, што справа закрытая, я даведаўся праз інтэрнэт. Спачатку прачытаў, што справа перададзеная ў пракуратуру. Настрой адразу ўпаў. Я падумаў, што суд будзе, ня ведаю ўсіх гэтых юрыдычных момантаў. А пасьля пачытаў камэнтары — віншую, віншую! Думаю, з чым тут віншаваць? Ужо пасьля мне адвакат усё патлумачыў, я ўзрадаваўся.

Ня ведаю нават, што можна пра гэтую справу думаць цяпер. Усё вельмі нечакана адбылося. Былі пляны па жыцьці, і раптам рэзка ўсё зьмянілася. Я зусім інакш зьбіраўся жыць, цяпер спрабую аднавіць усё пакрысе. Унівэрсытэт плянаваў скончыць, як мінімум. Цяпер мяне адтуль футболяць. Спачатку абяцалі восеньню даць магчымасьць абараніць дыплём, пасьля — празь дзесяць месяцаў. Яны там інтэрпрэтуюць маю адсутнасьць на абароне як непаважлівую прычыну. Я пісаў ім пра прэзумпцыю невінаватасьці, але гэта ніякага значэньня ня мае там. Адпісалі, што я сядзеў у СІЗА абгрунтавана, таму адсутнічаў зь няўважлівай прычыны.

Цяпер маю дакумэнт аб закрыцьці справы, пайду зноў ва ўнівэрсытэт. Дыплём гатовы ўжо, толькі нюансы па афармленьні засталіся. Магчыма, цяпер дазволяць абараніцца. Але я ня ўпэўнены, што атрымаецца. Яны там баяцца ўсе.

На пачатку вясны я плянаваў пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту заняцца сваёй уласнай справай. Хацеў ствараць сайты. Дызайн і вёрстка. Гэта таксама пакуль не ўдалося зрабіць. Спачатку быў за кратамі, пасьля вызваленьня першы час таксама не да гэтага было. Але пляную вярнуцца да гэтай ідэі.

Акрамя сайтаў я зьбіраўся таксама заняцца праектаваньнем катэджаў. Цяпер я працую ў кампаніі, якая займаецца продажам — архітэктар у аддзеле маркетынгу, архітэктар-дызайнэр. Пакуль так. Да затрыманьня я таксама працаваў у кампаніі архітэктарам, але мяне адтуль акуратна пасунулі. Так атрымалася, што праз тыдзень пасьля вызваленьня зь СІЗА напісаў заяву і сышоў. «Раз быў там, значыць, недзе засьвяціўся», — так мне кіраўніцтва казала.

З братам адносіны зьмяніліся, у лепшы бок. Я ў СІЗА вельмі чакаў лістоў ад яго. Брат умеў падбадзёрыць, падняць настрой. Расказваў, што на волі адбываецца. Мы там, за кратамі, зусім нічога ня ведалі. Там жа чатыры сьцяны — і ўсё, ніякай інфармацыі. Ня ўсе лісты ад брата даходзілі, але я вельмі ўдзячны яму. З бацькам і маці, як і раней, усё добра. Хоць маці, відаць, адчула, што я дарослы ўжо, раз са мной такія рэчы адбываюцца. У нас у адносінах усё па-ранейшаму добра, я вельмі люблю сваіх бацькоў.

Фобія, чаканьне новага затрыманьня, напачатку толькі была. Адразу пасьля вызваленьня. Цяпер я ўжо не баюся па вуліцах хадзіць. У фільме Braveheart адзін з герояў кажа свайму войску, якое зьбіралася сысьці з поля бою: «Вы сыдзеце, але пасьля, лежачы ў ложку перад сьмерцю, будзеце шкадаваць аб гэтым». Таму — што мне баяцца? Жыць трэба. Што здарыцца, тое і здарыцца».