31 кастрычніка суд не задаволіў пазоў Ганны Бахціной да Міністэрства юстыцыі. Экс-адвакатка, якая абараняла фігуранта «Справы патрыётаў» Міраслава Лазоўскага, дамагалася вяртаньня ёй адвакацкай ліцэнзіі і адмены рашэньня кваліфікацыйнай камісіі, якая ў верасьні пастанавіла, што Бахціна ня можа займацца адвакацкай практыкай нібыта празь нізкую кваліфікацыю.

Выпадак Ганны Бахціной далёка ня першы.


Алег Агееў,
пазбаўлены ліцэнзіі адваката пасьля 8 гадоў стажу

Пра тое, што больш ня можа працаваць па прафэсіі, даведаўся на выхадзе зь СІЗА КДБ, дзе ў якасьці абаронцы прысутнічаў на допыце свайго кліента Алеся Міхалевіча. У тэлефоне пабачыў шмат прапушчаных званкоў ад старшыні Менскай калегіі адвакатаў. Афіцыйнай прычынай выключэньня стала інтэрвію «Эўрарадыё», якое, паводле Міністэрства юстыцыі, было «некарэктнай формай выказваньня пра працу СІЗА КДБ», а таксама «парушэньні ў афармленьні дамоваў з кліентамі». Цяпер працуе юрыстам Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама каардынуе праект у сфэры адукацыі для беларускіх юрыстаў па міжнародным праве ў Літве.

«Ці хачу я зноў стаць адвакатам? Думаю, адвакатура ў Беларусі патрабуе рэфармаваньня. Яна павінна стаць незалежнай ад дзяржаўных органаў, менавіта ад Міністэрства юстыцыі. Трэба, каб адвакатура ўспрымалася і грамадзтвам, і самімі адвакатамі як частка грамадзянскай супольнасьці, а не як «вінцік» дзяржаўнай машыны. Калі сытуацыя ў краіне зьменіцца і гэта стане магчымым, я б, верагодна, хацеў бы вярнуцца ў прафэсію».

«У адвакатуру я прыйшоў у 2003 годзе. За год да пазбаўленьня ліцэнзіі стаў сябрам прэзыдыюму Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў.

У мяне дзьве вышэйшыя адукацыі. Першая — вайсковая, даслужыўся да капітана юстыцыі. Пакуль служыў, атрымаў другую вышэйшую — юрыдычную. Пазьней вучыўся ў Вільні на праграме «Міжнароднае права ў абарону грамадзкіх інтарэсаў».

Чаму стаў адвакатам? Я з адвакацкай сям’і, праца адваката ўвесь час перад вачыма была. Маці больш за 30 гадоў працавала, пакуль ліцэнзіі не пазбавілі. Адным загадам Мін’юста са мной. Думаю, я быў нядрэнны ў прафэсіі.

Самае цікавае, што за 8 гадоў прафэсійнай дзейнасьці я тады, у 2010-м, упершыню з сапраўднай палітызаванай крымінальнай справай сутыкнуўся. Я нават ніколі раней ня бачыў асабіста Алеся Міхалевіча, першы раз ужо на допыце ў СІЗА КДБ. Звычайна ўсё адбылося — яго жонка патэлефанавала і сказала, што муж затрыманы, хоча заключыць дамову на яго абарону.

Складанасьці з той справай пачаліся амаль адразу. Мяне доўга не пускалі да кліента ў СІЗА КДБ. Упершыню тады з такім сутыкнуўся. Да абвінавачаных па іншых справах пускаюць адвакатаў, а па справе аб масавых беспарадках — не. Пачаў актыўна абскарджваць гэта, лісты пісаць паўсюль. Адначасова інфармацыя пра катаваньні зьяўлялася ў інтэрнэце. Я хацеў сустрэцца з кліентам, каб даведацца, ці так гэта.

Калі Міхалевіча выпусьцілі, а я ўжо ня быў яго адвакатам, бо ўжо забралі ліцэнзію, мне прыйшло на пошту паведамленьне, што мера стрыманьня ў дачыненьні да яго зьмененая. Такі кур’ёзны момант.

У 2011 годзе шмат адвакатаў працавала па справе аб падзеях на плошчы Незалежнасьці. І сярод нас ня бачыў нейкіх сумневаў, перасьцярогаў — што, маўляў, небясьпечна для нас гэтымі справамі займацца. Не было такога ціску на адвакатаў, як цяпер. Большая частка з нас рабіла шмат чаго для абароны сваіх кліентаў. У паветры не лунала столькі страху, як пазьней. Я ж быў сябрам прэзыдыюму Менскай гарадзкой калегіі. І большасьць сябраў прэзыдыюму працавалі тады па гэтай палітычнай справе, мы былі аднае думкі наконт яе.

Як перажыў пазбаўленьне ліцэнзіі? Складана, вядома. Маім плюсам была дадатковая адукацыя па міжнародным праве. Акурат у час пазбаўленьня ліцэнзіі скончыў навучаньне па праграме ў Вільні, гэта дало магчымасьць уладкавацца на працу. Іншым адвакатам было цяжэй.

Беларусь ужо атрымала ад міжнародных інстытутаў шмат патрабаваньняў аднавіць ліцэнзіі адвакатаў, якіх пазбавілі права на працу праз удзел у працэсах па Плошчы. Савет па правах чалавека ААН, іншыя органы патрабавалі гэтага. Але да гэтага часу нічога не адбылося. Я ня веру, што беларускія ўлады адновяць нашы ліцэнзіі».


Павал Сапелка,
пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі пасьля 16 гадоў стажу

Быў выключаны са складу калегіі адвакатаў, калі працаваў па крымінальнай справе Паўла Севярынца і кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Афіцыйнай прычынай стаў ад’езд за межы Беларусі ў адпачынак, які нібыта ня быў зацьверджаны кіраўніцтвам. У дакумэнтах аб пазбаўленьні права займацца адвакацкай дзейнасьцю ёсьць згадкі пра зварот у Мін’юст па справе Сапелкі тагачаснага старшыні КДБ.

«Тэарэтычна я зараз магу аднавіць ліцэнзію. Прайшло больш за тры гады, можна нанова прэтэндаваць на права займацца адвакацкай дзейнасьцю. Але я не спрабую. Найперш, я ня бачу для сябе магчымасьці працаваць адвакатам у тых умовах, у якіх працуе цяпер адвакатура. У будучыні — магчыма, я не выключаю».

«Першую ліцэнзію мне выдалі ў 1995 годзе. Каля 16 гадоў прапрацаваў. У 1993 годзе скончыў юрыдычны факультэт БДУ, нейкі час працаваў юрыстам у розных галінах права. А потым пастажыраваўся ў Менскай абласной калегіі адвакатаў і атрымаў ліцэнзію. Гэта было сьвядомае рашэньне, я хацеў стаць адвакатам. Падабалася большая свабода ў прыняцьці рашэньняў. Калі ты юрыст на прадпрыемстве, ты зьвязаны думкай кіраўніцтва, яшчэ нейкімі вытворчымі інтарэсамі. А калі ты адвакат, ты больш незалежны. У тым ліку ад думкі свайго кліента. Вядома, ты яе цэніш і ўлічваеш, але дзейнічаеш так, як падказвае ўласнае разуменьне сытуацыі.

Палітызаваныя справы вёў яшчэ да Саньнікава. Абараняў Аўтуховіча, Севярынца, Вінаградава. Цяжка сказаць, каго з актывістаў апазыцыі я не абараняў на адміністрацыйных або крымінальных працэсах. Але не скажу, што я быў сыстэмным адвакатам апазыцыі. Шмат іншых спраў было.

Калі падыходзіць да палітызаваных працэсаў як да безнадзейных, то лепш і не пачынаць працу. Таму што шмат у чым ад адваката залежыць, як такі працэс будзе ўспрымацца. Будзе гэта канвэерная штампоўка прысуду — ці абвінаваўцам давядзецца напружыцца. Можна ўзгадаць справу Мікалая Аўтуховіча. Яму пракурор прасіў у тры разы большы тэрмін, чым у выніку Аўтуховіч атрымаў.

Чым для мяне стала пазбаўленьне прафэсіі? Гэта пазбаўленьне прафэсіі. Я хутка пачаў займацца праваабарончай дзейнасьцю, але гэта было ўжо іншае. Кажуць, што звальненьне — ня меншы стрэс, чым страта блізкага чалавека. Параўноўваюць з разводам. Няпроста гэта было ўспрыняць, трэба было прывыкаць да таго, што ты ўжо не адвакат. Хоць я рыхтаваўся, вядома. Некалькі месяцаў пасьля пачатку справы па Плошчы прачынаўся і думаў, адвакат я ці ўжо не.

Падтрымліваю адносіны з адзінкамі з былых калегаў. Ад мяне ніхто не шарахаўся, але і сумавалі нядоўга. Магчыма, я і калі быў адвакатам, ня ўсім падабаўся, але вось сытуацыя з Тамарай Сідарэнкай мяне больш зьдзівіла, чым уласная. Яна шмат аддала адвакатуры, а яе сыход перажылі вельмі лёгка.

Перад пазбаўленьнем ліцэнзіі я заўважаў, што маладыя адвакаты, якія прыходзілі ў калегію, былі значна лепш падрыхтаваныя і больш матываваныя, чым некалі я на пачатку 90-х. Безумоўна, яны маглі б стаць залатым ядром адвакатуры. Але, на жаль, у адвакатуру ідуць ня толькі ўчарашнія студэнты. Ідуць і юрысты, якія не знайшлі сябе ў іншых сфэрах, і гэта не заўсёды добра».


Тамара Сідарэнка,
пазбаўленая ліцэнзіі пасьля 33 гадоў працы

У 2011 годзе вяла справу Ўладзімера Някляева, пра звальненьне з калегіі даведалася празь некалькі месяцаў пасьля яе завяршэньня. Афіцыйнымі прычынамі стала інтэрвію агенцтву БелаПАН з меркаваньнем пра магчымы мэтанакіраваны нядопуск адвакатаў у СІЗА КДБ і недакладнасьці ў афармленьні дакумэнтаў. Цяпер працуе юрыстам Беларускага Хэльсынскага камітэту.

«Ці буду спрабаваць вярнуцца, аднавіць ліцэнзію? Ведаеце, адзін мой калега спрабаваў, але яму празрыста намякнулі, што ня пройдзе. Таму хадзіць, зьбіраць, пісаць, ледзьве не іспыты здаваць і атрымаць адлуп... Які сэнс? Каб, як Бахціной, сказалі, што я нічога ня ведаю? Таму, на жаль, з адвакатурай, відаць, скончана. У гэтым жыцьці».

«Я адвакатам была з 1976 году, увесь час працавала ў Ленінскім раёне Менску. БДУ скончыла з чырвоным дыплёмам і пайшла працаваць. Адвакатура — гэта было заўсёды цікава і прэстыжна. У савецкі час таксама, таму я хацела туды трапіць. Ва ўнівэрсытэце мяне спачатку разьмеркавалі ў адвакатуру, але потым месца іншай выпускніцы аддалі, а мне сказалі, каб сама ўладкоўвалася. Два гады прыйшлося ў іншым месцы адпрацаваць, але потым я ўсё ж трапіла ў адвакатуру. Судзьдзёй не змагла б працаваць. А вось адвакатура — гэта маё. Я не была звышадвакатам, але працавала, Мін’юст мяне граматамі ўзнагароджваў.

Напачатку, калі толькі заняліся так званай «справай дзекабрыстаў», было адчуваньне, што мы пад узмоцненай увагай. У адным з маіх інтэрвію гаварылася, што можна меркаваць, што адвакатаў мэтанакіравана не дапускаюць да падабаронных. І вось гэта чамусьці моцна не спадабалася. Я так разумею, органам дзяржбясьпекі. Яны выйшлі на Міністэрства юстыцыі, зьвярнуліся туды з заявамі ў дачыненьні да нас. І мяне абвінавацілі ў тым, што я некарэктна выказалася пра нядопуск адвакатаў. Расьпісалі гэта па пунктах, што я ня так зрабіла. Вось такі страшны грэх зьдзейсьніў адвакат — падзяліўся сваёй думкай з журналістамі.

Калі пачаліся праверкі адвакатаў, якія працавалі па «справе дзекабрыстаў», я зьдзівілася. Таму што за 33 гады працы ніколі не сутыкалася з настолькі моцным ціскам.

Да Някляева я таксама займалася палітычнымі справамі. Справай «Партнэрства», справай «14-ці», справай Аўтуховіча-Асіпенкі. Але для мяне гэта ўсё былі ў большай ступені крымінальныя справы, дзе трэба было даказваць нешта, шукаць. Калі бралася за справу Някляева, то, шчыра кажучы, не разумела, чым гэта можа скончыцца. Ды ніхто тады ня ведаў, чым усё гэта можа абярнуцца. Жонка Някляева да мяне напярэдадні 19 сьнежня 2010 году зьвярнулася, падпісала пагадненьне на аказаньне юрыдычнай дапамогі. Я меркавала, што, магчыма, будзе адміністрацыйны арышт. Ужо потым пачалося гэтае «Жалезам па шкле», жарсьці такія.

Пра рашэньне кваліфікацыйнай камісіі даведалася праз тэлефон. Пазванілі і сказалі, што была камісія і я ўжо звольненая. Потым запрасілі на паседжаньне калегіі ў Мін’юст. Там было такое адчуваньне... Як вам сказаць. Я ж рыхтавалася ўсё патлумачыць. Думала, мяне зразумеюць. А калі зайшла, то там... такія твары... На іх нават эмоцый не было. Спрабавала нешта тлумачыць, але марна. Потым у суд зьвярнулася. Таксама бяз выніку.

Але я ж лічыла, што мае доказы ацэняць. Што ня будзе куды падзецца, як толькі прыняць рашэньне на маю карысьць. Таму што для пазбаўленьня ліцэнзіі неабходна два парушэньні на працягу каляндарнага году дапусьціць. А ў мяне адно было ў 2010-м, а другое ў 2011-м. Я была вельмі ўпэўненая, што выйграю.

Потым да Вярхоўнага суду нават дайшла. Але яны нічога ня ўбачылі. Адна судзьдзя запомнілася. Яна чытала вызначэньне па маёй справе, апусьціўшы вочы ўніз. Гэта ёй так сорамна было, такім чынам пратэст выказвала. Максымум, што яна магла зрабіць. Мяне ж усе ведалі там.

Вельмі цяжка было бяз працы. Цяжка было зразумець: чаму? навошта? Усё жыцьцё працавала, а што зараз рабіць? Адзінае, у мяне хоць пэнсія была. Дачка, унук. Шчасьце, што я неяк трапіла ў праваабарончы рух. Хаця сказаць, што не шкадую аб звальненьні, было б няправільна. Гэта ўсё ж была мая прафэсія.
Я калі была адвакатам, то горш сабе ўяўляла, як сыстэма выглядае. Займалася асобнымі справамі, абуралася неправамоцнымі прысудамі. Рабіла сваё, сям’ёй займалася, яшчэ нешта... Была тыповым прадстаўніком адвакацкай супольнасьці. Цяпер я шырэй стала глядзець на справу абароны людзей».