Тодар Кляшторны нарадзіўся ў вёсцы Парэчча Лепельскага раёну ў 1903 годзе. Пасьля службы вучыўся на рабочым факультэце ў Воршы. У 28 гадоў скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага факультэту БДУ і пачаў працаваць на радыё, у газэтах і часопісах. Быў сябрам літаратурных аб’яднаньняў «Маладняк» і «Ўзвышша».
Кляшторнага часам называлі «беларускім Ясеніным» за падабенства стылю. Былі апублікаваныя некалькі ягоных зборнікаў. Напрыклад, «Кляновыя завеі», вершы зь якога карысталіся вялікай папулярнасьцю сярод падлеткаў, «Сьветацені», «Ветразі», паэма «Палі загаманілі», кніжка для дзяцей «Пра зайца, ваўка і мядзьведзя».
Ён таксама пісаў апавяданьні, займаўся перакладамі. Дапамагаў зь вершамі сваёй дачцэ Тадзіяне (ад імён бацькоў — Тодар і Яніна) і натхніў яе на тое, каб стаць дзіцячай пісьменьніцай.
Арыштаваны ўвосень 1936 году. 29 кастрычніка 1937 года прыгавораны да найвышэйшай меры пакараньня. На наступны дзень расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.
Вярнуцца да галоўнай старонкіМіхаіл Касянкоў нарадзіўся ў 1901 годзе і правёў дзяцінства ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам. Так і зьявіўся псэўданім Міхась Зарэцкі. Першае апавяданьне напісаў у 1921-м: гаварыў, што ўбачыў такі яркі сон, што захацелася яго занатаваць.
Неўзабаве пісьменьнік далучыўся да літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк», а з 1926-ага пачаў рэдагаваць аднайменны часопіс. Ён жа стаў адным з ініцыятараў утварэньня новага літаб’яднаньня «Полымя». Ягоная аповесьць «Голы зьвер» стала настолькі папулярнай, што ў бібліятэках яе пыталіся пастаянна, а калі твор забаранілі, кнігі пачалі выкрадаць. Зарэцкаму належыць і аўтарства першага беларускага рамана, якім лічыцца твор «Сьцежкі-дарожкі».
Пісьменьніка арыштавалі ў лістападзе 1936 года. Сьледчыя НКВД самі чыталі Зарэцкага і прызнавалі яго займальным раманістам. Але ўсё роўна катавалі і здабывалі прызнаньні, прыводзіўшы жонку і дзяцей. У кастрычніку 1937-га пісьменьнік прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў сьнежні 1957 году.
Вярнуцца да галоўнай старонкіМойша Кульбак (часам яго называюць Майсеем) нарадзіўся ў 1896 годзе ў Смаргоні. Ён працаваў настаўнікам у Коўне, Вільні, Смаргоні, вёў настаўніцкія курсы ў Менску. Спачатку пісаў на іўрыце, неўзабаве перайшоў на ідыш, жывую гаворку мільёнаў габрэяў. А ў творах часьцей за ўсё адлюстроўваў жыцьцё беларускіх гарадоў.
Доўгі час Кульбак пражыў у Вільні. Там ён стаў адным з самых папулярных габрэйскіх паэтаў. У 1927 годзе нават узначаліў міжнародны габрэйскі ПЭН-клюб, што ў літаратурным сьвеце лічылася вельмі высокай пасадай. Праўда, праз год паэт вырашыў перабрацца ў Менск, дзе стаў рэдактарам у Акадэміі навук, апрацоўваў анталёгіі.
Зборнікі Кульбака публікаваліся амаль штогод. Гэта былі вершы, раманы, казкі, драмы, п’есы. Ён пераклаў на ідыш творы Купалы, Коласа, Гогаля, Астроўскага.
Кульбаку «не даравалі» яго частых выездаў за мяжу. У 1937 годзе ён быў асуджаны «за сувязь з польскімі выведорганамі». Яго рэабілітавалі ў 1956-м.
Вярнуцца да галоўнай старонкіАлесь Дудар (сапр. Аляксандар Дайлідовіч) нарадзіўся ў вёсцы Навасёлкі сучаснага Петрыкаўскага раёну ў 1904 годзе. Першы верш Дудара апублікавала «Савецкая Беларусь» у 1921 годзе. Праз чатыры гады паэт выдаў ужо ўласны зборнік «Беларусь бунтарская». Ён не баяўся пісаць крытычныя артыкулы, выступаў супраць уплыву Масквы і вышукваў ворагаў сярод беларускіх пісьменьнікаў.
У 1926 годзе выходзіць яго самы вядомы зборнік паэзіі «І залацісьцей, і сталёвей», потым публікуецца паэма «Шанхайскі шоўк», зборнік апавяданьняў «Марсэльеза». У 1929 годзе за верш «Пасеклі наш край папалам» Дудара высылаюць на тры гады ў Смаленск.
Па вяртаньні ў Менск паэт займаецца перакладамі. З расейскай, нямецкай і францускай мовы ён перакладае Пастэрнака, Блока, Гётэ, Шылера, Бамаршэ і іншых усясьветна вядомых аўтараў. У 1936-м Дудара арыштоўваюць як «сябра нацыянал-фашысцкай арганізацыі» яго расстралялі.
Вярнуцца да галоўнай старонкіІзі Харыка крытыкі называюць адным з найлепшых габрэйскіх пісьменьнікаў даваеннай БССР. Ён нарадзіўся ў мястэчку Зэмбін на Барысаўшчыне. Харык працаваў на заводах, вучыўся на мэдычным факультэце БДУ, пабыў аптэкарам і санітарам падчас вайны з палякамі. У 1922 годзе Народны камісарыят асьветы адправіў яго вучыцца ў Маскву ў Літаратурна-мастацкі ўнівэрсытэт. Потым ён працаваў рэдактарам габрэйскага часопісу «Штэрн», узначальваў аб’яднаньне габрэйскіх пісьменьнікаў БССР.
Харык пісаў у асноўным на ідыш. Апублікавана больш за 10 зборнікаў ягонай паэзіі. Часам ён перакладаў на ідыш беларускіх аўтараў, напрыклад Міхася Чарота і Якуба Коласа.
У юнацтве Ізі Харык быў сіяністам. Але ў 1919-м пайшоў у Чырвоную армію, уступіў у Камуністычную партыю. Пазьней былі і паэмы, што ўсхвалялі камуністаў і будаўніцтва Беламорканала. Але ў 1937 годзе Харыка рэпрэсавалі. На паседжаньні, якое цягнулася 15 хвілін, ён быў прыгавораны да найвышэйшай меры пакараньня.
Вярнуцца да галоўнай старонкіАнатоль Ажгірэй нарадзіўся на Меншчыне ў 1902 годзе. Ён вучыўся ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, працаваў журналістам у газэце «Малады араты». У літаратуру прыйшоў ва ўзросьце 20 гадоў і стаў вельмі актыўным удзельнікам літаратурна-грамадзкага руху. Падпісваўся як Анатоль Вольны ці Алёша.
Вольны спрабаваў сябе ў самых разнастайных жанрах. Ён апублікаваў некалькі зборнікаў паэзіі, напрыклад «Чарнакудрая радасьць» і «Табе». Таксама быў адным з пачынальнікаў прыгодніцкага жанру ў беларускай літаратуры: у 1925-м выйшаў ягоны раман «Ваўчаняты» (у суаўтарстве з Дударам і Александровічам). Адзначыўся Вольны і ў ролі кінадраматурга. На яго сцэнары зьнялі 5 фільмаў. Адным з улюбёных жанраў Вольнага стаў фэльетон. Ён выдаў некалькі гумарыстычных і сатырычных зборнікаў.
У 1935 годзе Вольнага прызналі Заслужаным дзеячам мастацтваў БССР, але гэта ня выратавала яго ад трагічнага лёсу. Праз два гады ён быў расстраляны ў Менску як «сябра контрарэвалюцыйнай арганізацыі».
Вярнуцца да галоўнай старонкіМіхаіл Кудзелька, вядомы пад псэўданімам Міхась Чарот, нарадзіўся ў 1896 годзе ў вёсцы Рудзенск — сёньняшні Пухавіцкі раён. Ён вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай сэмінарыі і ў 1918-м пачаў выкладаць у менскай школе.
У Менску Кудзелька трапіў у цэнтар культурнага жыцьця: сьпяваў у хоры, выступаў у трупе Ўладзіслава Галубка і ўдзельнічаў у стварэньні літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк». З 1920-га Чарот пачаў супрацоўнічаць з газэтай «Савецкая Беларусь» і празь некалькі гадоў стаў яе рэдактарам. У 1922 годзе выходзіць першы зборнік Чарота «Завіруха». У гэты ж час публікуецца і адзін з самых вядомых яго твораў — «Босыя на вогнішчы», першая пралетарская паэма беларускай літаратуры. Трохі пазьней зьяўляецца і ня менш вядомая паэма «Карчма», прысьвечаная Янку Купалу.
У пачатку 1930-х Чарот працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, супрацоўнічаў з Саюзам пісьменьнікаў, але сам патроху адыходзіў ад літаратурнай дзейнасьці. У 1937 годзе Міхась Чарот арыштаваны і расстраляны як удзельнік «контрарэвалюцыйнай арганізацыі». Рэабілітаваны ў 1956 годзе.
Вярнуцца да галоўнай старонкіЮлі Таўбін нарадзіўся ў 1911 годзе пад Варонежам у Расеі, але ва ўзросьце 10 гадоў разам зь сям’ёй пераехаў у Мсьціслаў. Інтэлігентны Юдаль (сапраўднае імя паэта), габрэй па нацыянальнасьці, хутка далучыўся да мясцовых літаратараў, уваходзіў у аршанскую філію «Маладняку». Пачаў публікавацца ў 15 гадоў. Ягоныя вершы добра ведалі чытачы «Чырвонай зьмены», «Маладняку», «Полымя», «Узвышша».
Скончыўшы Мсьціслаўскі пэдагагічны каледж у 1931 годзе, паэт паступіў у пэдагагічны інстытут у Менску. Час з 1930 па 1932 гады стаў самым плённым у творчасьці Таўбіна: за гэты пэрыяд ён выпусьціў 5 кніг зь вершамі і паэмамі. Акрамя напісаньня ўласных твораў, ён таксама перакладаў на беларускую творы савецкіх габрэйскіх пісьменьнікаў, Гётэ і Гайнэ.
Першы раз Юлія Таўбіна арыштавалі ў 1933-м, магчыма, празь ліст ад цёткі з-за мяжы. Так на два гады паэт апынуўся ў высылцы. У 1936-м ён арыштаваны паўторна і праз год пакараны сьмерцю. На той момант паэту было 26 гадоў. Юлі Таўбін рэабілітаваны ў абедзьвюх справах у 1956 і 1957 гадах.
Вярнуцца да галоўнай старонкіПлатон Галавач нарадзіўся ў 1903 годзе ў вёсцы Пабокавічы сучаснага Бабруйскага раёну. У 23 гады скончыў Камуністычны ўнівэрсытэт Беларусі. Неўзабаве стаў першым сакратаром ЦК ЛКСМБ і рэдактарам газэты «Чырвоная зьмена».
Напісаў шмат аповесьцяў, апавяданьняў, нарысаў. Большасьць іх зьвязана з грамадзянскай вайной і жыцьцём беларускіх вёсак. Дэбютаваў апавяданьнем «Загубленае жыцьцё» ў «Савецкай Беларусі» ў 1925-м. Праз два гады выпусьціў першы зборнік. Усяго іх было больш за дзесяць.
Калі ў пачатку 1930-х пачалася першая хваля рэпрэсій, Галавач падаў заяву аб выхадзе з партыі. Празаік не пабаяўся пісаць на палітычна рызыкоўныя тэмы, выказваць сваю думку ў артыкулах, лістах, творах.
Яго арыштавалі ў жніўні 1937 году. Перад судом ён пакінуў у камэры запіску са словамі «Гісторыя яшчэ скажа праўду пра нас». Але на судзе, зьнясілены катаваньнямі, прызнаў сябе вінаватым. Расстраляны празь некалькі гадзін. Сям’і паведамілі пра яго сьмерць толькі пасьля 1944-га. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.
Вярнуцца да галоўнай старонкіІван Пятровіч, вядомы пад псэўданімам Янка Нёманскі, нарадзіўся ў 1890 годзе ў Шчорсах, недалёка ад Навагрудку. У 1909-м Іван скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, а пазьней паступіў на гісторыка-філялягічны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўнівэрсітэту. У 1918 годзе Нёманскі стаў загадчыкам выдавецкага аддзелу Белнацкаму. Літаратурны дэбют Нёманскага адбыўся ў 1922-м, калі часопіс «Полымя» апублікаваў ягонае апавяданьне «Над Кроманьню». Пазьней празаік зьвярнуўся да праблемы падзелу Беларусі паміж каталіцкім і праваслаўным сьветам і напісаў апавяданьне «Рамэа і Джульета на Беларусі».
На працягу жыцьця Нёманскі займаў шмат высокіх пасадаў. Ён працаваў над новым адміністрацыйным падзелам Беларусі, садзейнічаў пуску першых электрычных трамваяў у Менску, выступаў за хуткае засваеньне мэліяраваных плошчаў. Але ў 1935-м яго выключылі з партыі бальшавікоў падчас адной з чыстак і праз два гады расстралялі. Свой апошні раман «Драпежнікі» ён так і ня скончыў. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.
Вярнуцца да галоўнай старонкіЛеанід Юркевіч нарадзіўся ў 1908 годзе ў Чавусах — горадзе на ўсход ад Магілёва. Ён падпісваўся як Юрка Лявонны. У 1931 годзе працаваў у рэдакцыі «Звязды» і адначасова вучыўся на крытычна-творчым аддзяленьні літфаку пэдінстытуту.
Першы зборнік Лявоннага «Камсамольскія вершы» ўбачыў сьвет у Менску ў 1930 годзе. У тым жа годзе выйшла кніга «Штурм». А ў 1931-м адразу тры: «Жалезныя віхуры», «Крок пяцігодкі», «Разьбег». І ў 1932-м апошні прыжыцьцёвы зборнік — «Стала і мужна». Разам зь Сяргеем Грахоўскім пераклаў на беларускую мову раман Жуля Вэрна «80 000 кілямэтраў пад вадой». У ягоным перакладзе выйшлі апавяданьне Дзьмітрыя Фурманава «Чырвоны дэсант» і раман чэскага літаратара Івана Ольбрахта «Ганна-пралетарка».
30 кастрычніка 1936 году Лявоннага арыштавалі ў Менску — на вул. Фурманскай, д. 9, кв. 2. А 28 кастрычніка 1937 году паэта як «сябра шпіёнска-дывэрсійнай арганізацыі» прысудзілі да расстрэлу.
Вярнуцца да галоўнай старонкіВалеры Маракоў нарадзіўся ў 1909 годзе ў Менску. У 16 гадоў пачаў супрацоўнічаць з часопісам «Піянэр Беларусі», друкаваўся ў «Чырвонай Полаччыне», сябраваў з аб’яднаньнем «Маладняк». Пасьля двух курсаў пэдагагічнага тэхнікуму быў прызначаны загадчыкам літаратурнага аддзелу «Савецкай Беларусі».
У 1926-м апублікаваў першы зборнік вершаў «Пялёсткі». Хутка выйшаў наступны зборнік «На залатым пакосе». Многія заўважалі, што трывожнасьць і засмучанасьць вершаў Маракова ня вельмі пасавала да маладосьці паэта.
Пасьля першай хвалі рэпрэсій Маракоў прадчуваў, што прыйдзе і яго чарга. Ён нават набыў наган, каб абараняцца. Але яго арыштавалі на вакзале, а ня дома, дзе ён трымаў зброю. На допытах Маракоў зьдзівіў сьледчых сваёй мужнасьцю. Ён так і не прызнаў сябе вінаватым і ня здаў нікога з таварышаў, якія ўжо сьведчылі на яго. У кастрычніку 1937-га, калі паэту было 28 гадоў, Маракова прысудзілі да найвышэйшай меры пакараньня.
Вярнуцца да галоўнай старонкі