Вітаўт, 5 гадоў

Вітаўт – старэйшы сын у сям’і Барыса і Надзеі Гарэцкіх. Але да самага нараджэньня жонка вагалася, ці варта так называць дзіця.

«Мне страшна не падабалася імя, – кажа Надзея. – Яно здавалася жалезабэтонным. Я хадзіла і ўсім казала: «Барыс прыдумаў жалезабэтоннае імя для сына”»

Да канца цяжарнасьці Надзея звыклася зь імем. Думала, што ласкава сына можна будзе называць Вітошам. Калі ён быў малы, бацькі называлі сына Вітохам ці Вітусём. Але цяпер ён часьцей за ўсё Вітаўт.

Бацькі Надзеі былі ў жаху, калі даведаліся, што ў іх будзе ўнук Вітаўт. Але пасьля таксама прызвычаіліся. Маці Надзеі, калі Вітаўт яшчэ не нарадзіўся, зьвярталася да яго «ваша вялікасьць». На працы хвалілася, што ў яе будзе ня просты ўнук, а вялікі князь.

А вось сябры Гарэцкіх прынялі Вітаўта без пытаньняў. У царкве, куды ходзіць сям’я, ёсьць Альгерд, Язэп. І Вітаўт на іхным фоне ня моцна выбіваецца.

«Нашы сябры – апазыцыйныя дзеячы, журналісты. Яны хутчэй бы зьдзівіліся, калі б сына назвалі Іванам», – кажа Барыс.

Паводле бацькоў, яны не імкнуліся да эксклюзіўнасьці, калі выбіралі імя сыну. Бацька Барыс хацеў назваць сына ў гонар сябра Віктара. А пасьля прыйшла ідэя зь Вітаўтам. Па-першае, гэта сугучна зь Віктарам. Па-другое, гэта беларускае імя.

«У Літве ж ёсьць такая фішка, што дзяцей называлі Вітаўтамі, каб Саветам паказваць, што ў нас не Іван, ня Саша», – кажа Барыс.

Таксама для бацькоў было важна, што Вітаўт быў хрысьціянінам. У гонар князя-паганца яны б свайго сына не назвалі. Барыс лічыць, што Міндоўгамі і Рагвалодамі сваіх дзяцей называюць тыя, хто захапляецца паганствам.

«Я бы свайго сына Рагвалодам не назваў, – кажа Барыс. – Мне здаецца, гэта ўжо такая дрымучасьць. Не крытыкую тых, хто так робіць. Але для мяне было б важна, каб быў нармальны “бэкграўнд” у чалавека».

Незнаёмыя людзі ўспрымаюць імя Вітаўта па-рознаму. На дзіцячай пляцоўцы часта перапытваюць, цікавяцца, чаму так назвалі.

«У краме аднойчы запыталі, як яго завуць. Прадавачка пачула і кажа: «Цяжка будзе жыць». А чалавек, які стаяў за мной, сказаў, што, наадварот, гэта крутое імя. Я таксама лічу, што крутое», – кажа Барыс.

Кім быў ягоны легендарны папярэднік, Вітаўт ужо ведае. Але часам блытае яго з Францішкам Скарынам.

— Вітаўт, хадзі сюды, – кліча бацька сына. – А хто такі Вітаўт быў?
— Вітаўт — князь.
— А што ён рабіў?
— Пісаў Біблію.
— Пераблытаў усё на сьвеце. Асабліва маладафронтаўска-патрыятычнае выхаваньне ў дзецях не прымянялі. Пакуль ім цікавыя больш гімнастыка, бег, скачкі.

Пяцігадовы Вітаўт любіць скакаць і лазіць па парэнчах. Зараз хоча пайсьці ў басэйн. А яшчэ бясконца задае пытаньні бацькам. Ён вельмі актыўны хлопец, але пры гэтым сарамлівы.

«Малодшая Караліна на пляцоўцы першай пойдзе знаёміцца. А Вітаўт з бацькамі больш. Такі трошкі сацыяфоб», – кажа Надзея.


Альгерд, 5 гадоў

Арцём Шаркоў думаў назваць сына Альгердам яшчэ ад школьных гадоў, калі на ўроку гісторыі Беларусі праходзілі Вялікае Княства Літоўскае.

«Альгерд — гэта князь, які тры разы хадзіў на Маскву, — кажа Арцём. — Я яго вельмі паважаю як дзяржаўнага дзеяча. І мне хацелася назваць сына ў яго гонар»

Яго непакоіла, што ў Беларусі мала хто называе дзяцей нацыянальнымі імёнамі. І Арцём захацеў даць пачатак гэтай справе ўласным прыкладам. Калі яны з жонкай даведаліся, што ў іх будзе сын, разам вырашылі, што назавуць яго Альгердам.

Пярэчаньняў з боку жончыных сваякоў не было. Яе бацька — гісторык па адукацыі. А вось Арцёмавы бацькі, хоць і ведалі, хто такі Альгерд, але не да канца разумелі, навошта дзіця так называць. Прапаноўвалі назваць унука Ромам ці якім іншым вядомым імем. Маўляў, незразумела, як яго ласкава зваць.

«Розныя „адмазкі“ знаходзілі. Але потым яны прызвычаіліся. Калі мы сказалі, што другога назавем Дамінікам, то ўвогуле не было пытаньняў», — кажа Арцём.

Пасьля народзінаў узьніклі праблемы з рэгістрацыяй сына ў ЗАГСе. Для бацькоў было прынцыпова, каб на расейскай мове імя было запісана як Альгерд, а не «Ольгерд». Але супрацоўнікі ЗАГСу настойвалі, што варта запісваць яго праз «о», бо так у даведніку напісана. Але бацькі засталіся на сваім, і сына зарэгістравалі «Альгердам» на абедзьвюх мовах.

«У садку нас добра прынялі, — кажа Арцём. — Мы ходзім у беларускамоўную групу. Калі мы толькі прыйшлі, выхавальніца адразу сказала: „Альгерд — як вялікі князь“. Не было пытаньняў».

Незнаёмыя людзі ўспрымаюць імя па-рознаму. Некаторыя зусім не разумеюць, што яно значыць. Іншыя, наадварот, адразу пазнаюць пераемнасьць ад вялікага князя.

Бацькі называюць сына Альгерд, Альгердзік, Альгуша.

«Калі, я скарджуся, магу сказаць „Альгірдас“ з такім жамойцкім акцэнтам, — кажа Арцём. — Тады ён разумее, што трэба прыслухацца».

Час ад часу Шарковы распавядаюць, кім быў князь Альгерд, але ня робяць культу з сынавага імя.

«Дома мы маем каляндарыкі з выявай Альгерда. Гістарычныя сьцягі і гербы, натуральна, ёсьць. Аднак пакуль чалавека не нацягваем на гісторыю. Пакідаем яму дзяцінства. Даём вывучаць тое, што яму цікава».

Пакуль Альгерду цікавыя мовы, геаграфія, матэматыка. Летась хлопец хадзіў на гімнастыку. Сёлета бацькі спрабуюць аддаць яго ў футбольную сэкцыю. Але яму яшчэ ня вельмі падабаецца футбол.

Па статыстцы імя Альгерда сёньня папулярнейшае за ўсе іншыя княскія імёны. Шаркоў лічыць, што людзі паважаюць вялікага князя за ягоныя паходы на Маскву.

«Вітаўт, вядома, быў вялікім князем, але не было б дасягненьняў Вітаўта, калі б не было Альгерда. Ён заклаў пачатак вялікай краіны», — кажа Арцём.


Ефрасіньня, 10 гадоў

10 гадоў таму ў сям’і Януковічаў чакалі на дачку Стэфанію. Зь імем ужо ўсе пагадзіліся. Але ў апошні момант блізкія сябры запыталіся, ці ня хочуць Надзея і Ўладзімер назваць дачку Ефрасіньняй? Маці Надзеі падабалася, як гучыць поўнае імя. Але яна баялася, каб дачку не пачалі дражніць Фросяй Бурлаковай. Гэта гераіня фільма «Прыходзьце заўтра», які ад дзяцінства памятала Надзея.

Трэцім варыянтам для дачкі было імя Ганна. У сям’і было прынята называць дзяцей у гонар сьвятых, чые імяніны прыпадалі на гэты дзень. Дактары дакладна прызначылі дату родаў — 2 жніўня. У гэты дзень акурат прысьвятак Ганны.

Але прагноз ня спраўдзіўся. Дачка нарадзілася на два тыдні раней — 19 ліпеня. А 20 ліпеня — імяніны Ўльляны і Ефрасіньні.

«Атрымліваецца, дачка сама выбрала сабе імя, — кажа Надзея. — Гэта быў знак для нас».

Бацькі сталі чытаць, што значыць імя Ефрасіньні. У перакладзе з грэцкай — «радасьць, адкрытая, добрая».

Некаторыя пасьля перапытвалі, чаму Януковічы так назвалі дачку. Маўляў, ёсьць жа імя Караліна ці Дыяна.

«А мы пабачылі, што гэтае імя ёй пасуе, — кажа Надзея. — Зьезьдзілі ў Полацак, паразмаўлялі з бацюшкам. Ён сказаў, што гэта цудоўнае імя, што яно такое намоленае і будзе абараняць дзіця. Казаў, што мы малайцы».

За дзесяць гадоў зь імем Ефрасіньні не здаралася непрыемных гісторый. Асьцярогі наконт фільму таксама ня спраўдзіліся, бо тое старое кіно ніхто зь дзяцей ня бачыў.

«Калі яна была ў садку, то хлопчыкам вельмі падабалася гэтае імя. І ўсе яе пяшчотна называлі Фросечкай, Фросенькай».

Дарэчы, імя Стэфанія ня зьнікла. Так Януковічы назвалі другую дачку.

«А для Ефрасіньні мы ня можам падабраць ніякая іншае імя, якое б ёй пасавала», — кажа Надзея.

Дарослыя, калі чуюць імя дачкі, часта згадваюць Эўфрасіньню Полацкую. А для дзяцей звычайна гэта проста імя. Хоць сёлета 1 верасьня ім у школе расказвалі пра асьветніцу Эўфрасіньню.

У чацьвёртаклясьніцы Фросі кожны дзень расьпісаны ад раніцы да вечара. Раней яна хадзіла ў тэатральную студыю. Сёлета сказала, што будзе хадзіць у мастацкую студыю, на танцы, на лыжы. Яна займаецца ўсходнімі адзінаборствамі — ушу. Маці кажа, што Фрося — вельмі баявая дзяўчынка.

У школе Ефрасіньні падабаецца літаратура і ангельская мова. Яна гуманітарый, з матэматыкай усё складана.

«Нам адны знаёмыя сказалі, што мы складанае імя выбралі і будзе няпроста ў жыцьці дачцэ, — кажа Надзея. — Я лічу, што гэта моцнае імя па энэргетыцы. Яно нясе моц, пазытыў і радасьць. І Фросечка апраўдвае сваё імя».


Гедымін, 3 гады

Гедымін расьце ў сям’і стаматолягаў Алега Ярыліна і Ірыны Корчык. Называць сына ў гонар вялікага князя ў сям’і ніхто не зьбіраўся. Сваё імя, паводле бацькоў, ён выбраў сам.

Першая палова цяжарнасьці Ірыны была складанай, і бацькі нават не задумваліся, як назваць дзіця. Калі стала лягчэй, пачалі падбіраць імя. Але доўга не маглі вызначыцца.

«Я зь дзяцінства пыталася, чаму мяне, беларуску, завуць Ірынай. Бабуля ў мяне была полька, яе звалі Цэцылія. Дык чаму мне не далі беларускае ці польскае імя?», - кажа Ірына

Бацькі вырашылі падабраць старабеларускае імя. Калі Ірына дайшла да Гедыміна ў даведніку імёнаў, сын адгукнуўся: пачаў стукацца. Пасьля вырашылі паўтарыць, і зноў на Гедыміна ён пачаў рэагаваць.

«Чалавек сам ведае сваё імя. Навошта нешта выдумляць?» — кажа Алег.

Ірына нараджала ў абласной радзільні. Прымаў роды загадчык аддзяленьня. Калі лекар пачуў ад маці, што немаўля завецца Гедымін, то сказаў: «Ліцьвін сёньня нарадзіўся».

Сябры і бацькі адразу прынялі незвычайнае імя Алега і Ірыны. Пытаньні ўзьніклі толькі ў царкве. Бацюшка сказаў, што гэта не імя, а мянушка.

У храме ў гонар Усіх Сьвятых на вуліцы Каліноўскага сына пагадзіліся ахрысьціць толькі пад імем Уладзімер. Таму што Гедымін — паганскае імя.

Больш нідзе праблем зь імем не было. У ЗАГСе Алегу і Ірыне далі даведнік беларускіх імёнаў, па якім зьвяралі напісаньне імя. Па-беларуску сын запісаны як «Гедымін», а па-расейску — «Гедимин». Дома бацькі называюць сына на беларускі лад — «Гедымін» ці «Гедымінка».

Перад рэгістрацыяй бацькі Алег і Ірына правяралі, ці ёсьць у Беларусі іншыя Гедыміны. Знайшлі аднаго ў Віцебску. Таксама ведаюць, што пасьля нарадзіўся прынамсі адзін Гедымін у Менску — яму паўтара года.

З такім імем сына паўсюль запамінаюць. Калі яго прывялі да таго ж афтальмоляга праз два гады, лекар успомніў сына па рэдкім імі.

Гедымін — супэрактыўнае дзіця. Бацькі называюць яго «ракетай». Ад дзяцінства ён мае добрую памяць, здольны да розных вынаходніцтваў і акторскіх гульняў.

«Калі яму што-небудзь патрэбна, то яго не спыніць, ён будзе дамагацца гэта любымі спосабамі», — кажа Алег.

У Гедыміна інтарэс нумар адзін — аўтамабілі. Цацачных машынак, жартуе бацька, у яго больш, чым ва ўсім таксапарку Менску. Хлопец рамантуе іх цацачнымі ключамі, нават сьпіць разам з машынкамі. Але больш за цацкі ён любіць глядзець гонкі «Формулы-1», тэлеканалы пра тунінг аўтамабіляў.

«Калі мне трэба яго супакоіць, я ўключаю канал пра машыны. Яго гэта цікавіць больш за мульцікі», — кажа Ірына.

Над прыватным домам бацькоў Гедымiна часта лятаюць самалёты, што iдуць на пасадку ў «Нацыянальны аэрапорт Менск». Гедымiн любiць углядацца ў неба ды махаць самалётам.

«Ёсьць павер’е, што тыя, на чыiм домам лятаюць самалёты, самыя шчасьлівыя людзi», — кажа Алег.


Рагнеда, 13 гадоў

У Тацяны Яворскай у сям’і цэлы пантэон гучных імёнаў — Кастусь, Альгерд, Рагнеда, Даніла.

«Калі зацяжарала першым дзіцем, у мяне зьявілася шмат вольнага часу. Я перачытала, што ў школе недавучыла. Паглыбілася ў гэта ўсё. Так на сэрцы лягло: Кастусь, Альгерд, Рагнеда», — кажа Тацяна.

Для Рагнеды быў яшчэ варыянт Эмілія — у гонар Плятэр, удзельніцы паўстаньня 1831 году.

«Пакуль дзіця не народзіцца, пакуль не пабачыш, ці пасуе імя на 100%, ня прымеш канчатковага рашэньня».

Калі нараджаліся дзеці, Тацьцяна ня ведала іншых бацькоў, якія называлі б сваіх сыноў і дачок у гонар гістарычных постацяў. Кастусём часта называўся той, хто быў Канстанцінам у пашпарце. Таму ня дзіўна, што сваякі вельмі катэгарычна ўспрымалі нетыповыя імёны дзяцей.

«Пасьля Альгерда і Кастуся сваякам было ўжо прасьцей успрыняць Рагнеду, — кажа Тацяна. — Так, гістарычныя асацыяцыі людзі маюць. Могуць пасьмяяцца і сказаць: „Я ведаю, як завуць ваша чацьвёртае дзіця. Гедымін?“»

Імя дачкі ў сям’і скарачаюць як Рада ці ласкава называюць Рагнедкай. Яна добра ведае, кім была Рагнеда.

«Рагнеда зрабіла шмат для Беларусі. Можа быць, калісьці і я шмат зраблю для яе», — адказвае Рагнеда на пытаньне, чаму бацькі так яе назвалі.

Рагнеда вучыцца ў коласаўскім ліцэі. У большасьці яе аднаклясьнікаў традыцыйныя беларускія імёны: Мірон, Франак, Усяслаў, Каміла, Данута. Самае простае імя — Паліна.

Калі Рагнеда вучылася ў 23-й гімназіі ў Менску, ёй давялося змагацца за правільнае напісаньне свайго імя на расейскай мове. У пашпарце і па-беларуску, і па-расейску ў яе напісана «Рагнеда». Так яна і падпісала сшытак па расейскай мове. Але выкладчык выправіў яе імя на «Рогнеда». Дзяўчына паправіла літару «о» на «а». Толькі калі яна патлумачыла выкладчыку, што ў пашпарце яе імя пішацца праз «а», ён перастаў выпраўляць.

Больш праблемаў зь імем у Рагнеды не было. На дзіва, складанасьці ўзьніклі толькі з рэгістрацыяй Кастуся ў 2001 годзе. Супрацоўнікі ЗАГСу казалі, што такога імя не існуе, як доказ паказвалі даведнік імёнаў. Але бацькі настаялі, і Кастусь ня стаў Канстанцінам.

«У 2000-х гадах такія імёны былі рэдкімі. А цяпер і Альгерды ёсьць, і Рагнеду іншую ведаю», — кажа Тацьцяна.

Тацяна прыгадвае гісторыю, як выкладчык Беларускага калегіюму Аляксандар Грыцан выказваўся, наколькі важна называць дзяцей беларускімі імёнамі. Грыцан прамовіў такую фразу: «Вінцэсь ніколі ня будзе мачыцца ў пад’езьдзе».

«Імя, якое даецца чалавеку, абавязвае, — кажа Тацяна. — Сапраўды лічу, што ня можа быць звычайным чалавек з такім імем. Неабавязкова, што будзе змагаром, нацыянальнай ідэяй захоплены. Але ён ня будзе з тых людзей, якім нічога нецікава ў жыцьці».


Усяслаў, 4 гады

Андрэй і Алёна Ягоравы доўга падбіралі імя свайму сыну. Ад пачатку ў іх было два крытэры: сына мусяць назваць ці ў гонар кагосьці са сваякоў, ці ў гонар гістарычнай постаці. Андрэй ад пачатку арыентаваўся на беларускія імёны. Ён вельмі хацеў назваць дзіця ў гонар кагосьці з пантэону Вялікага Княства Літоўскага.

Жонка пагаджалася з канцэпцыяй, але ёй не падабаліся імёны. Калі перабралі ўсё, што ведалі, сталі шукаць у слоўніках. Андрэй прапанаваў выбраць імя з «Крыўскага (беларускага) іменьніка» Вацлава Ластоўскага.

Бацькі разглядалі імя Рысь — беларускі варыянт Рычарда. Усяслаў стаў кампрамісным варыянтам.

Адзінае ваганьне Алёны было ў тым, каб імя сына не скарачалі як «Слава». Але ў Ластоўскага Ўсяслаў скарачаўся як Ясь альбо Весь.

«Ніякага Славы ў Ластоўскага не было, — кажа Алена. — Гісторыю ў школе я вучыла слаба, але Ўсяславу Чарадзею ўвесь час сымпатызавала».

Цяпер Усяслава называюць Ясем, Яськам ці Ўсяслаўчыкам. Па-расейску імя гучыць як «Всеслав». Сам Усяслаў раней прадстаўляўся як «хлопчык Ясь». Цяпер ён «хлопчык Усяслаў Ягораў».

На момант нараджэньня Ягоравы ня чулі, каб нехта называў сваіх сыноў Усяславамі. Альгердаў было шмат, а Ўсяславаў — ніводнага. Ужо пазьней даведаліся, што сын гісторыка Генадзя Сагановіча таксама завецца Усяславам.

Ад полацкага князя Ўсяслаў пераняў камандзерскі характар.

«Калі гуляецца зь дзецьмі, спрабуе іх арганізоўваць і раздаваць заданьні, — кажа Алена. — Ён можа быць вельмі самастойным, а можа прыліпнуць. Гэта ўсё залежыць ад дня, зорак, сонейка».

У садку разам з Усяславам у групе ёсьць Васіліса, Майкл, некалькі Данікаў. Ягоравы маюць знаёмага ў Гомлі, які назваў сына Альгердам, бо князь Альгерд вызваляў Гомель ад татараў.

«Але я не казаў бы пра нацыянальны трэнд, — кажа Андрэй. — Зараз бацькі проста выбіраюць незвычайныя імёны».

Малы Ўсяслаў любіць гуляцца з канструктарам. Цяпер яго цікавяць дзеці, асабліва старэйшыя за яго. Быў час, калі ён захапляўся сабакамі, будаваў з Lego «армію» сабак. Зараз пайшоў на плаваньне і любіць скакаць з борціка.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу мы знайшлі каля дваццаці дзяцей з гістарычнымі імёнамі. Калі вы ведаеце людзей, названых у гонар Рагвалода, Ізяслава, Міндоўга або іншых князёў, напішыце нам. Мы абавязкова зробім працяг.


Свае камэнтары вы можаце пакінуць у нашых сацыяльных сетках Facebook і Вконтакте