Беларусы адзначаюць старажытнае паганскае сьвята Русальле. Фотарэпартаж
Беларусы адзначаюць старажытнае паганскае сьвята Русальле

Штогод на Любаншчыне ладзяць старадаўні дахрысьціянскі абрад – Русальле. У 1970-я гэты абрад зьнік, аднак у 2002 годзе быў адноўлены як рэгіянальнае сьвята некалькіх вёсак. Лічыцца, што падчас вяснова-летняга квітненьня русалкі выходзяць з вады і гуляюць па навакольлі. Русальле праводзілі, каб паспрыяць урадлівасьці зямлі і разьвітацца зь вясной.
ААбрад Русальле, ці Провады русалкі, досыць разнастайны, у кожнай мясцовасьці мае свае асаблівасьці. Галоўным пэрсанажам можа быць дзяўчына ці лялька замест яе. У некаторых мясцовасьцях сустракаюцца і дзьве гераіні абраду: русалка і яе дачка..
На ролю русалкі выбіралі дзяўчыну з доўгімі валасамі. Распускалі ёй косы, здымалі адзеньне. Пасьля апраналі толькі ў кашулю альбо белую сукенку.
У пляценьні вянка павінна была ўдзельнічаць кожная дзяўчына. Іншы раз плялі некалькі вянкоў – на галаву, на шыю, на рукі. Бывала, што ўпляталі крапіву ў касу. Строй русалкі быў белым, як строй маладой на вясельле.
Ад кожнай вёскі выбіралі сваю русалку.
“«Правядзём русалку да бору, за гору, да рачное вады. Правядзём русалачку ў буйнае жыта, каб была наша доля сыта. Завядзём яе – вянок разарвём – а самі ўцякаць будзем».
Хлапцам выпадала роля чарцей, якія мусяць даганяць русалак.
Вогнішча раскладалі калодзежам і вадзілі карагоды. Спачатку кожная вёска вадзіла свой карагод. Потым усе аб’ядноўваліся ў адно вялікае гуляньне.
Была традыцыя спальваць зелянец, каб сышла хвароба і ўсё дрэннае.
Гаспадыні смажаць яечню – галоўную страву сьвята. Кожная гаспадыня мае свой асаблівы рэцэпт.
Кола пераносяць з аднаго вогнішча ў другое, як пераход сонца на лета.
Credits

Аўтар: Уладзь Грыдзін. Дызайн і распрацоўка Pangea Design.


2017 © Pangea Digital, Радыё Свабода