Безь цябе. Як «справа «Белага Легіёну» зьмяніла жыцьцё сем’яў арыштаваных
Безь цябе
Як «справа «Белага Легіёну»
зьмяніла жыцьцё сем’яў арыштаваных

Па «справе патрыётаў» за кратамі застаецца 16 чалавек. Дагэтуль ня ўсе сваякі ахвотна ідуць на кантакт з журналістамі. Некаторыя цураюцца нечаканай публічнасьці, іншыя проста баяцца нашкодзіць блізкаму чалавеку неакуратна сказаным словам. Свабода сабрала гісторыі пяці сем’яў, якія чакаюць з турмы бацьку, мужа, сына, брата.
Ганна Дундукова і Міраслаў — жонка і сын Андрэя Дундукова
"Міраслаў цяпер ня ведае, дзе тата. Мы кажам яму, што тата паехаў у горы. І што мы дасылаем пасылкі тату, бо ён ня мае чаго там есьці. Вось так і ходзім у СІЗА зь перадачамі, а сын думае, што гэта пошта і мы дасылаем пасылкі. Першыя дні мы казалі Міраславу праўду, ён жа бачыў працэс затрыманьня. Але сын быў у вельмі жахлівым стане. Плакаў, пад ложак хаваўся. Расказваў нешта пра злых людзей, якія прыйшлі па тату. Прыйшлося амаль на месяц аддаць Міраслава маім бацькам. Каб ён ня бачыў, чым я тут займаюся. Каб забыў усё.
Цяпер Міраслаў ужо крыху апамятаўся. Толькі пытае, дзе тата, дзе хросны (Міраслава Дундукова хрысьціў Міраслаў Лазоўскі, таксама затрыманы па справе "Белага Легіёну"). Вельмі радуецца, калі лісты прыходзяць. Гэта для сына сапраўднае сьвята. Вельмі чакае, потым глядзіць, што там напісана. Малюнкі разглядвае. Тата нам малюе малюнкі. Казкі піша для сына.
На кватэру іншую пераехалі. Раней на найманай жылі, а цяпер, каб зэканоміць, вырашылі пераехаць. Жывём у Сьвятланы, нявесты Міраслава Лазоўскага. У нас увогуле ўсё зьмянілася ў жыцьці. Галоўнае — ня стала побач таты і мужа. Мне цяпер самой трэба выхоўваць сына, клапаціцца пра мужа. Гэта і фінансава вельмі цяжка, і маральна. Сын маленькі, чатыры гады. У Менск мы пераехалі пяць месяцаў таму, вось-вось павінны былі вырашыць з садком. А цяпер зноў пераехалі, зноў усё нанова.
Бацькі падтрымліваюць. Зь першай гадзіны. Мне бяз гэтага было б нашмат цяжэй. У розных пытаньнях. Я яшчэ нічога дрэннага ня чула ад бацькоў. Толькі спачуваньне. Альбо нейкая дапамога. Нават фільмы гэтыя, паказаныя па БТ, ня вельмі паўплывалі.
Я ў адзін дзень дарослай стала. Мне побач з Андрэем заўсёды падавалася, што я такая маленькая дзяўчынка. Ён мужны, сталы. А я пры ім. А цяпер у адзін момант зразумела, што сям’я на мне. Што яму патрэбная мая дапамога. Ён пра мяне сем гадоў клапаціўся, а цяпер… Хаця ён і цяпер спрабуе. Празь лісты, празь сяброў падтрымлівае. Але я ж разумею, што яму цяпер падтрымка патрэбная больш.
Самае складанае, што мы ня ведаем. Ня ведаем, што адбываецца, ня ведаем, колькі чакаць суду. Хлопцы там таксама ня маюць інфармацыі. Гэта вельмі цяжка".
Аляксей Кавальчук — брат Івана Кавальчука
"Як я даведаўся, што брата затрымалі? Ад сяброў. Яны пачалі яго шукаць. Потым я ўжо сам шукаў. У РУУС, у ізалятары пачаў тэлефанаваць. І мне толькі ў КДБ не далі адказу. А на наступны дзень пазваніў дзяжурны адвакат, ці як гэта называецца. Дзяржава яго дае. Ну вось, адвакат мне сказаў, дзе брат.
Мы з Іванам ня разам жылі. Ён у студгарадку, а я тут, у Каменнай Горцы. Іван маладзейшы за мяне на 6 гадоў. Апошнім часам мы ня вельмі часта бачыліся. Іван пісаў дыплёмную, працаваў. У яго зусім часу не было. Я таксама сваёй працай заняты. Але раз на тыдзень прыкладна сустракаліся. У Менску па справах сустракаліся, піва папіць. Да бацькоў разам езьдзілі, па гаспадарцы ў іх разам нешта рабілі, каля дому.
Пасьля затрыманьня брата маё жыцьцё стала "да арышту" і "пасьля". У бацькоў таксама… Увогуле першы час я ня мог ані працаваць, анічога. Справамі Івана займаўся пераважна. Ва ўнівэрсытэт трэба было паперы адвозіць. Па працы трэба было нешта зрабіць за яго... Туды пад’ехаць, там нешта вырашыць. З адвакатам кантактаваць трэба. Дзе мог, там дапамагаў. Даводзілася круціцца. Перадачы, сустрэцца з кожным… Першы час я ўвогуле на заспакаяльных сродках сядзеў. І бацькі таксама. Цяпер ужо прасьцей стала.
Іван калі піша ліст бацькам, то яны мне тэлефануюць. Калі мне піша — я ім званю. Часьцей сталі размаўляць… Родныя іншых затрыманых звоняць, дапамогу прапаноўваюць. Мы так перазнаёміліся крыху. Я Івану пасьля затрыманьня кожны дзень пісаў ліст, акрамя выходных. А потым адвакат мне сказаў, што за першыя два тыдні ён не атрымаў ніводнага. Пазьней стаў нумараваць лісты, то пачалі даходзіць. Я і цяпер пішу ліст у дзень яму. Але даходзяць не ад усіх. Ведаю, што сябры, знаёмыя пішуць Івану. Але з 50 лістоў даходзіць толькі каля 5.
Я "Ўкантакце" суполку стварыў. "Падтрымка Івана Кавальчука". Пішу туды навіны ад яго, лісты публікую. Усякае такое. Ужо каля ста падпісчыкаў там. Сябры, знаёмыя, аднакурсьнікі. У яго добрыя сябры. Часам прыяжджаюць, грошы прывозяць, падтрымліваюць.
Што далей будзе, я ня ведаю. Думаю, некага асудзяць на большыя тэрміны, некага на меншыя. Некага адпусьцяць. Цяжка сказаць".
Віка Мароз і Ярамір — жонка і сын Віктара Мароза
"Сыну нічога не кажу. Дакладней, кажу, што бацька ў камандзіроўцы. Але ён адчувае, пастаянна пытае, калі ўжо тата прыедзе. Калі ідзём на дзіцячую пляцоўку, то Ярамір іншых татаў хапае за рукі. Таму што тата зь ім пастаянна гуляў на вуліцы. У футбол яны гулялі, іншае такое.
Вядома, што цяжка. Складана перажываць усё гэта. Мы вельмі моцна чакаем. Спадзяёмся, што тата вернецца.
Я не працавала, пакуль Віктар быў на свабодзе. А цяпер шукаю працу. Ярамір трохі хварэе. Як паправіцца, то пойдзе ў сад. Ужо дамовіліся наконт гэтага. А я пайду працаваць… Гэта зьвязана ня толькі з тым, што недахоп грошай і што мы жывём на найманай кватэры. Мне трэба неяк адцягнуць увагу. Хачу сысьці ў працу, каб можна было спакойна чакаць мужа. Я ж пастаянна думаю пра гэта. Пра тое, дзе ён цяпер. Гэта вельмі цяжка.
Нашы знаёмыя не маглі паверыць, што Віктар за кратамі. Дагэтуль ня могуць. "Віцю? Куды? Як гэта?". Два тыдні прайшло, усе пыталіся, ці ня выпусьцілі. Людзі ж ня ведаюць нічога, як усё працуе. Дзіўна ўсё гэта неяк.
Ад людзей падтрымкі неяк больш. І спачуваньне ў вачах бачу. Асабліва калі сын іншых мужчын за руку возьме. Але суседзі ўсе разумеюць, гуляюць зь ім. Дапамагаюць нам добрымі словамі".
Анатоль Яўдаха — бацька Алеся Яўдахі
"Пра тое, што Алеся затрымалі, нам паведамілі яго сябры. Пазванілі амаль адразу пасьля затрыманьня. Я напачатку ня ведаў, што мне думаць. Ён не такі чалавек, каб нейкую непрыемную сытуацыю стварыць. Алесь дысцыплінаваны. Кнігамі захоплены. Увесь яго сьвет — гэта беларускія кнігі… Мы дзейнічалі па законе. Паехалі ў РУУС, напісалі заяву. Аб зьнікненьні. А потым у нас быў ператрус. Прыехалі а 12-й. Уначы.
Пішам сыну лісты. Пра што? Пра што бацька сыну можа пісаць. Пра ўсё добрае. Мая задача цяпер — максымальна яго падтрымаць. Як толькі можна. Пра сямейныя справы расказваю. Алесю там вельмі няпроста, мы разумеем. Часта пішам яму. Ён часта адказвае. Алесь не патрабавальны да зьместу перадачаў, але пра канвэрты, паперу і асадкі пастаянна просіць. Гэта для яго самае галоўнае.
У нас не было з Алесем праблем. Але мы сталі яшчэ больш блізкімі цяпер. Усё адчуваецца больш востра. Адчуваеш, што яго няма побач.
Ці зьмянілася жыцьцё пасьля 21 сакавіка? Не скажу, што радыкальна зьмянілася. Але цяпер мы шмат часу сыну аддаём. Трэба займацца яго справамі, сустракацца зь сябрамі, рабіць нешта яшчэ.
Мая жонка, маці Алеся, перажывае. Вельмі перажывае. Ёй, як і ўсім нам, цяжка. Яна стараецца не расслабляцца. Сытуацыя непрадказальная. Ніхто ня ведае, чаму так стала, чым усё гэта завершыцца. Я ня ведаю. Я спадзяваўся, што затрыманьне Алеся зьвязана з Днём Волі, што гэта часова ўсё. А цяпер, бачыце… Час ідзе, а толькі горш. Інфармацыі няма. Вельмі хочацца, каб усё гэта скончылася. Усім людзям, якія трапілі ў гэтую сытуацыю, якія там за кратамі, якія чакаюць сваіх блізкіх на свабодзе, усім нам вельмі няпроста".
Сьвятлана — нявеста Міраслава Лазоўскага
"Мы зь Міраславам Лазоўскім знаёмыя вельмі даўно. Але блізкія адносіны ў нас гады чатыры таму склаліся.
Я ня ведала пра затрыманьне Міраслава, калі да нас дадому прыехалі з вобшукам. Па тэлефоне зь сяброўкай размаўляла, і тут грукат у дзьверы. Я ня так даўно пераехала да Міраслава, таму не пайшла адчыняць. Суседзяў ня ведаю. Хто там можа быць? Я не рэагавала. Але стук паўтараўся. Замок пачалі адчыняць. Мужчынскія галасы. Жаночыя. У мяне першая думка была — бандыты. Хацела ў міліцыю званіць, Міраславу. Раптам мужчына ў чорным зьявіўся, зь ліхтарыкам. Уключыла сьвятло, а ў яго на форме надпіс: "Міліцыя". Потым прывялі Міраслава. У кайданках. Мне дазволілі толькі вады яму падаць. Размаўляць не дазволілі.
Цяпер ад Міраслава ўжо нармальна лісты даходзяць. Напачатку было горш. Другі ліст прыйшоў, а першы зьнік, потым затрымкі былі. Мае не даходзілі лісты да яго. Магчыма, іх прытрымлівалі. А цяпер рэгулярна даходзяць.
У мяне цяпер у жыцьці самае галоўнае — праверыць паштовую скрыню. З працы адразу да яе, паглядзець, ці ёсьць што. Калі ёсьць, то бягу чытаць, пішу адказ потым. Вось учора так было акурат. А цяпер вось хачу пасьпець на Галоўпаштамт. Там ёсьць скрыня, куды калі да 9 раніцы кінуць ліст, то яго сёньня ж і даставяць. Магчыма, раніцай заўтра.
Зь некаторымі сябрамі Міраслава мы пачалі больш размаўляць. Прыемна зьдзіўленая была, калі ў першы ж дзень званілі. Прапаноўвалі дапамогу. Як толькі кароткая навіна выйшла пра яго затрыманьне. Людзі звоняць. Каву-гарбату са мной п’юць, пытаюць, што мне трэба. Машынай падвозяць да КДБ. Сапраўдныя сябры ў бядзе праяўляюцца. А ёсьць і іншае. Мяне непрыемна зьдзівіла, што некаторыя людзі, на якіх разьлічвала, сябе ніяк не праявілі. Я думала, што хоць слова падтрымкі мне скажуць. А людзі не патэлефанавалі нават. Нехта вітацца перастаў. Кожны сам выбірае, зрэшты. Але ў Міраслава шмат сяброў, шмат людзей прапаноўвае мне дапамогу.
У мяне зьмяніліся прыярытэты. Тое, што некалі падавалася вельмі важным, цяпер не турбуе зусім. Сышло на вельмі далёкі плян. Побытавыя праблемы падаюцца такімі сьмешнымі. Калі людзі пачынаюць скардзіцца, я сяджу і думаю — мне б вашы праблемы, турботы. А некаторыя знаёмыя, хто раней любіў пазваніць, паскардзіцца на сваё жыцьцё, цяпер маўчаць. Людзі разумеюць, што іх праблемы ў параўнаньні з маімі проста сьмешныя. Чалавек да ўсяго прывыкае, але я дагэтуль не прывыкла, што Міраслава няма побач, што ён у СІЗА. Я вельмі цяжка гэта перажываю і праз два месяцы.
Мы зь ім цяпер думаем пра шлюб. Магчыма, нават пакуль ён будзе ў СІЗА. Абмяркоўваем. Таму што невядома, як далей будзе разьвівацца сытуацыя. Які будзе суд, тэрмін. Гэтая бяда нас зблізіла яшчэ больш".

Радыё Свабода


2017 ©Радыё Свабода