«Зьніжсэрцавіўся сваёй зямлі». Паэт-дзівак з Лагойску здымаўся ў культавым кіно і жыў са сьвіньнямі «Зьніжсэрцавіўся сваёй зямлі»
«Зьніжсэрцавіўся сваёй зямлі»
Паэт-дзівак з Лагойску здымаўся ў культавым кіно і жыў са сьвіньнямі

У 1988 годзе на «Беларусьфільме» выйшла драма рэжысэра Валерыя Рыбарава «Мяне завуць Арлекіна». Фільм застаецца самым касавым за ўсю гісторыю беларускага кіно. Здымкі праходзілі ў Горадні і Менску. Аднак больш за астатнія гарады «Мяне завуць Арлекіна» любілі ў Лагойску. Бо ў ім здымалася мясцовая гарадзкая легенда – Стась Пшэўлоцкі.
Лагойск канца 1980-х. Ваколіцы Стасевай хаты. Фота з архіву Валерыя Рыбарава
У сцэнары Стась – паэт-дзівак, жыве ў зямлянцы, чытае незразумелыя вершы. Менавіта такім яго і ведалі ў Лагойску. Стась гуляў сам сябе. А ў фільме зачытваў уласныя вершы.
Пшэўлоцкі ніколі не вучыўся акторскаму майстэрству, але зьняўся ў трох фільмах Валерыя Рыбарава. У пачатку 1980-х рэжысэр разам з апэратарам Феліксам Кучарам езьдзіў па Лагойшчыне ў пошуках натуры.
«Рэжысэры звычайна хаваюцца за актораў, а мы здымалі іншыя фільмы, — кажа Рыбараў у інтэрвію Свабодзе. – Каб паказаць пласт жыцьця, абавязкова трэба здымаць неактораў»..
Стась на здымках кіно. Фота з архіву Валерыя Рыбарава
Рыбараў з Кучарам заехалі на абед у Лагойск. І тут ён пабачыў дзіўную карціну. Праз цэнтральную плошчу ішоў высокі моцны чалавек, а за ім, як сабачка, перабірала нагамі карова.
«У яго быў чэрап, як у рымскага імпэратара, вельмі выразны, – кажа Рыбараў. — Я адразу запрасіў яго здымацца ў кіно. І Стась быў вельмі рады».
Валеры Рыбараў
Стась зьняўся ў эпізодах фільмаў “Сьведкі” і “Чужая бацькаўшчына”. А ў «Мяне завуць Арлекіна» ён меў ужо паўнавартасную ролю і тройчы зьявіўся ў кадры. Момантам, дзе ён чытае свой верш, заканчваецца кіно.
«Зь першага дубля Стась паводзіў сябе натуральна, быццам у яго на двары здымалі, — кажа Рыбараў. — Ён быў маім талісманам. Калі ён у карціне, то яна будзе пасьпяховай».
Прыяжджаў празь месяц і глядзеў, як жывуць ягоныя парсюкі
Здымкі фільма ніяк не паўплывалі на Стасеў лёс. Пасьля выхаду “Мяне завуць Арлекіна” ён прадоўжыў працаваць грузчыкам на хлебазаводзе, штодня цягаў там мяхі з мукой. А яму ў гэты час было ўжо пад 80 гадоў.
На здымках фільма «Чужая Бацькаўшчына»
«Кожны дзень ён пераносіў па 15 тон мукі! – прыгадвае свайго грузчыка Віктар Ждановіч, былы галоўны інжынэр хлебзаводу. – Кожны мех па 70 кіляграмаў. Вельмі здаровым быў Стась».
Да позьняй восені Пшэўлоцкі хадзіў у майцы, а зімой купаўся ў рэчцы. А яшчэ жыў у хаце без ацяпленьня і электрычнасьці. З часам хата разбурылася і ператварылася ў зямлянку. А каб туды не нацякала вада пасьля дажджу, ён перанёс бліжэй да хаты земляны насып вышынёй з тры паверхі.
Самае дзіўнае, чым Стась запомніўся ў горадзе, – гэта сваёй дыетай. Ён увесь час бадзяўся з трохлітровым бітончыкам. Калі прыходзіў у сталовую, дык зьмешваў у ім усе стравы – першую, другую і напой. І так еў. Казаў, што ўсё адно ў страўніку ўсё перамяшаецца.
Таксама ён меў асаблівы падыход да жывёлаў. На двары заўжды трымаў шмат сабак. Козы і сьвіньні стаялі ў той жа зямлянцы, дзе ён сам жыў. Калі яшчэ была жывая маці, разам зь ёй разводзіў парсюкоў. Часам прыяжджаў да пакупнікоў і глядзеў, як там ягоныя былыя гадаванцы.
На гэтым месцы да пачатку 2000-х была хата Стася Пшэўлоцкага. Потым участак прадалі з аўкцыёну і тут пасяліліся новыя жыхары
«Калі парася няправільна даглядалі, забіраў яго назад, а грошы вяртаў, — распавядае Мікола Куніцкі, які жыў недалёка ад Стася. — Мы таксама куплялі ягоных парасятаў. Сьвінаматка ягоная пасьвілася, была такая свойская».
Максіму Танку казаў: «Вы ніякі ня танк, а танкетка»
Пры ўсіх сваіх дзівацтвах Стась Пшэўлоцкі быў вельмі пісьменным чалавекам. Ён днямі сядзеў ў бібліятэцы, хадзіў на ўсе сустрэчы зь лектарамі, якія прыяжджалі ў Лагойск. Ягоных пытаньняў заўжды асьцерагаліся арганізатары.
Валеры Рыбараў зь вершамі і фотаздымкамі Стася
«Лектары ўцякалі са сцэны, бо ён ставіў іх у няёмкае становішча сваімі пытаньнямі, — узгадвае Куніцкі. — Нават памятаю, як адзін раз пытаў: «Вось вы сказалі, што капіталізм загнівае і бурыцца. А скажыце, ці можа гнілое бурыцца?»
Рыбараў застаўся пад вялікім уражаньнем ад таго, наколькі адукаваны быў Пшэўлоцкі. Яны размаўлялі пра мастацтва, Стась ледзь не гадзіну запар мог цытаваць розныя вершы. А на здымкі «Мяне завуць Арлекіна» ўвогуле прыехаў са зборнікам П’ера-Жана дэ Бэранжэ – францускага паэта-сатырыка першай паловы ХІХ стагодзьдзя.
«Уявіце, як мужык, «піет», як ён сябе называў, прыяжджае не зь Ясеніным, ня з Пушкіным, а зь Беранжэ, — кажа Рыбараў. – Пытаю: «Пакажаш на здымках зборнік?» Калі Стась ляжыць у кустах і чытае кнігу ў фільме, гэта ён зь Бэранжэ там».
У фільме «Мяне завуць Арлекіна» Пшэўлоцкі атрымаў сваю саму сур’ёзную ролю – гуляў самога сябе
Стась лічыў сябе вельмі дасьведчаным у літаратуры і не баяўся спрачацца з прызнанымі паэтамі. Рыбараў памятае гісторыю пра тое, як Стась раскрытыкаваў Танка падчас выступу ў Лагойску.
«Калі Танк скончыў, Стась устае і кажа: «Ведаеце, што? Вось вы Танк. Дык я вам скажу: ніякі ня Танк вы, а танкетка. Няма чаго ўзвышацца». І пасьля гэтага прачытаў нейкі свой верш».
Ён быў крышку не ў сабе, нічога не маглі ў друк даць
Стась Пшэўлоцкі шмат пісаў. Звычайна на доўгіх і вузкіх кардонках. Прычым некаторыя радкі маглі быць наўмысна напісаныя наўскасяк ці размашыста. Вершы насіў з сабой, зачытваў іх мінакам, дарыў. Часам прыходзіў у рэдакцыю раённай газэты і прапаноўваў апублікаваць.
Так выглядаюць вершы Пшэўлоцкага
«Так, ён прыносіў да нас свае вершы, — распавёў Свабодзе Віктар Несьцяровіч, адказны сакратар газэты з 1980-га да 1996 году. — Ён вельмі культурны, вытрыманы быў, ведаў сабе цану. Па-свойму цікавы, па-свойму мудры, але дзіўны, крышку не ў сабе. Ну мы зь ім па-добраму, а нічога не маглі ў друк даць».
Несьцяровіч кажа, што нейкай тэмы ў Стасевых вершах не было. «Тэматычная раскіданасьць думкі, дзе нешта разумнае праглядвалася», — так ён азначае паэзію Пшэўлоцкага. Таксама, паводле Несцьяровіча, да ягоных філязофскіх вершаў розумам дайсьці было цяжка.
Жыхарам Лагойску вершы запомніліся найперш тым, што яны былі напісаныя па-беларуску. Стась заўжды размаўляў па-беларуску, а яшчэ выпраўляў тых, хто няправільна казаў. Вера Цывака працавала загадчыцай бібліятэкі, куды ён часта прыходзіў. Падчас чарговай сустрэчы зь літаратарам Стася разьюшыла, што Цывака часам казала не «далонь», а «ладонь».
Хоць сам ён у сваіх вершах часта выкарыстоўваў наватворы. «Зьніжсэрцавіўся сваёй зямлі», «я скраманьёніў, зьнеандэрталіў» – так піша ён. Аднак на гэтае дзівацтва па-іншаму глядзіць Валеры Рыбараў. Ён называе творчасьць Пшэўлоцкага філязофскай лірыкай у стылі Ўолта Ўітмэна – амэрыканскага паэта ХІХ стагодзьдзя, які пісаў вольным вершам.
«Гэта проста філязофскія думкі, дзе няма тыповага верша, — кажа Рыбараў. — Што ён думае ці бачыць, гэта і апісвае. Я думаю, калі б да гэтага рэдактара прыйшоў Ўітмэн, то ў яго б таксама б не ўзялі вершаў».
Пра Стасевы вершы ў Лагойску ведалі ўсе. Але захаваліся яны толькі ў Рыбарава. Усё, што меў Стась, пасьля ягонай сьмерці згарэла разам з «хатай». Гаспадары, якія пабудавалі свой дом на ягоным участку, кажуць, што там не было чаго захоўваць, бо гэта былі ня вершы, а «пісаніна псыхічна хворага чалавека». Жытло з усім, што там было, проста спалілі.
«Большасьць у Лагойску лічаць яго проста вар’ятам, — кажа Рыбараў. – Але колькі разоў бывала, шэдэўры сусьветнай літаратуры доўга ляжалі ў куфрах, а потым іх вымалі адтуль і прызнавалі за геніяльныя».
Нельга, каб у Стася было ўсё па-нармальнаму
Сьвіньні, козы, сабакі, бітончыкі, зямлянка і па-дзівацку напісаныя вершы. Усё гэта быў Стась Пшэўлоцкі, пра якога засталіся толькі ўспаміны ў людзей старэйшага ўзросту. У краязнаўчым музэі пра яго ведаюць, але ня маюць ніводнага здымка. Нічога зь ягоных вершаў не захавалася ў літаратурным музэі, які працуе ў школе №1 у Лагойску.
Дарога на Юркавічы. Калі Стась працаваў у мясцовай школе, ён пешшу праходзіў 16 км у адзін бок
«Ён пісаў такія вершы, ну разумееце, — тлумачаць Свабодзе ў музэі. — У нас літаратурны музэй з творамі, якія вывучаюцца ў школьнай праграме. Тое, што ўключана ў зборнікі. А гэта быў… ну вы разумееце».
Віктар Несьцяровіч кажа, што бачыў Стасеў пашпарт, дзе было напісана, што ён нарадзіўся ў 1912 годзе. Такое дзіўнае прозьвішча меў праз сваё польскае паходжаньне. Стасеў дзед ці прадзед быў садоўнікам, якога граф Тышкевіч прывёз у Лагойск.
Стась хадзіў у Лагойску ў школу. Ягоны брат быў бургамістрам гораду падчас нямецкай акупацыі. Але за сувязь з партызанамі яго расстралялі.
Пасьля вайны Стась працаваў у школе настаўнікам фізкультуры ў вёсцы Юркавічы, што ў 16 кілямэтрах ад Лагойску. Штораз на працу хадзіў пешшу.
У Юркавічах яго памятаюць старэйшыя людзі. Кажуць, што працаваў тут нядоўга – адразу пасьля вайны. Запомніўся тым, што «быў добрым і насіў дзяцей на руках».
За ровам, які насыпаў Стась, была ягоная “хата”. Фота з архіва Валерыя Рыбаврава
Ніякіх сваякоў у Стася не было. Толькі пасьля сьмерці на мяжы 1990-х і 2000-х аб’яўляліся “людзі зь Менску і з Амэрыкі”. Але ні кантакты тых сваякоў, ні нават месца, дзе пахаваны Стась, нікому невядомыя.
«Ён быў вельмі асаблівы чалавек, — кажа Рыбараў. – А вершы – гэта ягоны жыцьцёвы стыль. Нельга, каб у Стася было ўсё па-нармальнаму. У любой размове, сытуацыі ён заўжды меў нечаканы паварот. Не таму, што яму гэта нецікава: ён зь іншага боку на гэта выходзіць. Ва ўсіх формах мае нечаканасьці. Гэтым ён быў цікавым».

Вершы Стася Пшэўлоцкага. Правапіс прыведзены ў арыгінале

***

Я скраманьёніў
Само з сабой.
Я скраманьёніў – зьлюдаваў:
Праз усё жыцьцё
не знаравіў
Душою ад Вымастачы.
Стукам бясконцых
няўзгодзьдзяў
У стуках не без вымодзьдзяў,
Змачы скрозь
немажлівае,
Немажлівы
жахлівае.
Такі не знеандэрталіўся,
К Мастацтву
не паскнарыўся.
***

Прожить
Веточки будь лист,
Или иной народ,
Жизненного отфиналия
черед,
Как в каждом лишь
сама во промежности
Судьбины
Борьба неизбежности.

19.10.1987
Кіцулёчак 1

У лісьці качаесься,
шкрабаеш.
Яшчэ дзянёчкаў паўста
Сьняжочак замены адведаеш,
А там – траваньку
у калясе спіцу
(Сьцягу працы пестраты)
Году, на бяззмрочную
Белы колер — дзяньніцу,
на ўсе вякоў і,
Як Усесусьветанка,
А зялёны – будзеня
лікоўя.
(Зь ім чырвоны –
заўжднасьці зары
Скрозь дзяньніцавенная,
Любым мазалём
у прыгаршню бяры)
Усесусьветнаму
(нечытэльнае слова - Р.С.) грунт,
***

Калыскаю сяброўству!
“Па чым” – ліхадзеяству –
перца фунт,
Няхай ня прэ
з усякім: адпёрці.
Ёсьцека чым
жыцьцю не вымёрці:
Ён, зялёны, з Сонейкам
уначу
Ідэалесінхроннасьці
На ўсё моцы
перамножваць вагу!
Качайся, кіцулёк,
лісцем шуршы,
Пакуль траўка
не, не ў пруж
Ад усяе шчыраснае
душы!
Ня толькі з табой,
што мне не на сум,
Я – гэта водзека ты –
Ўсешчасьціявіцца,
ня дацца на глум.
Анішто б я, нат.
Кіцулёчак 2

не мыдлячына,
Не з тваім сэрцам
маё
На вякі вякоў
закантачана.
Ты мне не “пасунься” –
дось прастору
Тут табе, мілы,
наўкруг:
Й дол кліча ў даліну,
й дрэва ўгару:
Па маёй гойдай,
зайчуў плечаве,
Грудзі расхрыстгаліннай,
Пакуль аж тата, дол,
не пазаве.
Да пазваньня ж усяму
Здарыцца.
Спяшыць ня раю, родны,
Нашто вунь неба
Раптам хмарыцца.
***

Ох, засьпяваць бы,
Не паміраць бы.
…зьніжсэрцавіўся
Сваёй зямлі
І во дзе
майго ўзгодзьдзе
Звонам граднінчан.
Credits

Аўтар: Антон Трафімовіч. Фота: Радыё Свабода, Дызайн і распрацоўка Pangea Design.

2016 © Pangea Digital, Радыё Свабода