Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: Крэмль запатрабаваў суняць хвалебныя водгукі пра Трампа


Адміністрацыя прэзыдэнта Расеі запатрабавала ад дзяржаўных СМІ зьменшыць колькасьць хвалебных выказваньняў пра прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Пра гэта паведамляе амэрыканскае агенцтва Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы.

Паводле аднаго з суразмоўцаў агенцтва, у адміністрацыі прэзыдэнта РФ тлумачаць сваё рашэньне тым, што расейскія гледачы губляюць цікавасьць да таго, як прыходзіць да ўлады новая адміністрацыя ЗША. Іншы суразмоўца мяркуе, што ня варта чакаць хвалю крытыкі на адрас прэзыдэнта ЗША ў дзяржаўных СМІ, проста ўзгадак пра яго стане менш. У студзені імя Трампа расейскія СМІ ўзгадвалі часьцей, чым імя Пуціна.

Пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра «захоп» Крыму Расеяй, расейскія чыноўнікі, якія «раней ахвотна камэнтавалі мясцовым СМІ навіны з Вашынгтону, раптам сталі меней гаваркімі»

Bloomberg піша, што ў Крамлі растуць асьцярогі наконт таго, што палітыка Трампа ў Расеі будзе менш прыязнай, чым меркавалася раней. Таксама адзначаецца, што рашэньне «сьцішыць публічныя чаканьні» з нагоды паляпшэньня адносін дзьвюх краін зьявілася пасьля звальненьня дарадцы прэзыдэнта ЗША Майкла Фліна, які сышоў у адстаўку на тле скандалу з-за яго кантактаў з расейскім амбасадарам.

Акрамя таго, агенцтва піша, што пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра «захоп» Крыму Расеяй, расейскія чыноўнікі, якія «раней ахвотна камэнтавалі мясцовым СМІ навіны з Вашынгтону, раптам сталі меней гаваркімі».

Пра існаваньне даручэньня Крамля раней паведаміў журналіст Канстаньцін Эгерт. Ён расказаў, што супрацоўнікам ВГТРК паступіў загад зьвесьці да мінімуму асьвятленьне падзеяў у ЗША.

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў назваў інфармацыю Bloomberg «качкай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG