Топ-мэнэджэр самага вядомага беларускага хакейнага клюбу быў арыштаваны ў ліпені 2015 году і абвінавачаны паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ў нанясеньні стратаў у асабліва вялікім памеры праз злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, а таксама завалоданьні грашовымі сродкамі клюбу з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў.
Паводле праваахоўнікаў, Максім Суботкін заснаваў прадпрыемства «Маркетынг ХК „Дынама“», у якім штомесяц атрымліваў заробак 45 мільёнаў рублёў, да таго ж незаконна атрымаў праз гэтае прадпрыемства 400 мільёнаў рублёў. Пасьля арышту Максіма Суботкіна абавязкі гендырэктара часова стаў выконваць Уладзімер Беражкоў, якога празь месяц таксама арыштавалі і абвінавацілі ў службовых злоўжываньнях. У пачатку году Сьледчы камітэт паведаміў, што справы Суботкіна і Беражкова аб’яднаныя ў адну. Між тым у красавіку 2016 году Ўладзімер Беражкоў выйшаў на волю, а праз два месяцы стала вядома, што крымінальную справу супроць яго закрылі, і ён кампэнсаваў нанесеныя клюбу страты. На волі Ўладзімер Беражкоў сказаў, што не перасякаўся ў сьледчым ізалятары з Максімам Суботкіным.
Знаходзячыся пад вартай, Максім Суботкін падаваў у суд на клюб «Дынама-Менск» за незаконнае, як ён лічыў, звальненьне з пасады гендырэктара, але працэс прайграў.