Мікалай Статкевіч заявіў, што сябрам аргкамітэту кангрэсу было адмоўлена ў прадстаўленьні памяшканьня. Паводле ягоных слоў, літаральна ўчора яны абышлі 13 памяшканьняў у Менску, і ва ўсіх выпадках кіраўніцтва заяўляла, што на бліжэйшы час усё занята.
«Такім чынам, мы маем справу з палітычным рашэньнем уладаў, накіраваным на зрыў кангрэсу», — кажа Статкевіч.
Але ён падкрэсьлівае, што ўстаноўчая сэсія кангрэсу ўсё роўна пройдзе.
Статкевіч заклікае ўсіх прыходзіць 15 траўня да помніка Янку Купалу а 12-й гадзіне, каб падтрымаць дэлегатаў кангрэсу, «падтрымаць нашу барацьбу». Палітык таксама заклікае прыходзіць эўрапейскіх дыпляматаў, каб яны самі пабачылі, ці ёсьць пазытыўныя зьмены ў палітыцы беларускіх уладаў.
Уладзімер Някляеў сказаў, што ўстаноўчая сэсія кангрэсу, такім чынам, фактычна ператвараецца ў несанкцыянаванае мерапрыемства, і яны разумеюць, што наступствам гэтага можа быць адміністрацыйная адказнасьць удзельнікаў.
Правядзеньне кангрэсу дэмсіл з мэтай кансалідацыі апазыцыі ініцыявала 17 сьнежня мінулага году група грамадзкіх дзеячаў. На наступны дзень Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў і Станіслаў Шушкевіч абвясьцілі пра стварэньне аргкамітэту па падрыхтоўцы кангрэсу.