Уладзімер Жолудзь лічыць, што на БТ існуе несправядлівая сыстэма аплаты працы. Паводле яго слоў, на Белтэлерадыёкампаніі супрацоўнікі маюць невялікія аклады (сам гукарэжысэр атрымлівае 600 тысяч на паўстаўкі, астатні заробак — ганарары).
Непасрэднай падставай для галадоўкі паслужыла апошняя відэатрансьляцыя нацыянальнага адбору на Эўрабачаньне. За гэтую «складаную» і «тэхналягічную» працу ён атрымаў 600 тысяч рублёў.
Жолудзь неаднаразова агучваў гэтую праблему перад кіраўніцтвам, аднак нічога так і не зьмянілася. У рэшце рэшт яму прапанавалі звольніцца альбо зьвярнуцца да аднаго з кіраўнікоў Белтэлерадыёкампаніі. Плянавы прыём прызначаны на 23 лютага.
«Пасьля таго, як даведаліся, што я запісаўся на прыём да старшыні, мне парэкамэндавалі забраць заяву на звальненьне — я так і зрабіў. Пры гэтым я поўны рашучасьці і зь сёньняшняга дня, 15 лютага, абвяшчаю галадоўку. Гэта ня нейкія ультыматумы — я проста хачу, каб кіраўніцтва кампаніі зьвярнула ўвагу на існую праблему», — сказаў Уладзімер Жолудзь у відэазвароце.
Па словах Жолудзя, спыніць ён галадоўку ці працягне — залежыць ад вынікаў сустрэчы 23 лютага.