80 асуджаных да абмежаваньня волі з папраўчай установы адкрытага тыпу №20 паставілі свае подпісы пад калектыўнай скаргай ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС. «Хімікі» паскардзіліся на зьдзекі ахоўнікаў, а таксама на адсутнасьць працы, з-за чаго ў шмат каго зь іх няма заробку, што прыводзіць да голаду. Пра скаргу «хімікаў» з Мазыра паведаміў сайт праваабарончай арганізацыі «Вясна».
«Некаторыя супрацоўнікі насаджаюць парадкі, як на зоне. Урываюцца падчас праверак у пакоі, сьвецяць у твар ліхтарамі, скідаюць з паліц на падлогу рэчы, ледзьве ня топчуцца па іх, калі знойдуць недаедзеныя макароны ці кашу, выкідаюць у вакно. І гэта пры тым, што мы тутака і так не жыруем, мякка кажучы. Ёсьць асуджаныя, якія месяцамі харчуюцца толькі ролтанамі, былі выпадкі і прытомнасць ад голаду гублялі на праверцы», — паведаміў праваабаронцам «Вясны» «хімік» Мікалай.
Паводле «хіміка» Уладзімера, некаторыя зь ягоных калегаў атрымліваюць за працу на «хіміі» ўсяго па 150-200 тысяч рублёў, пры тым, што зь іх па 150 тысяч вылічаюць за інтэрнат. У такой сытуацыі выратоўвае ад голаду толькі дапамога сваякоў, але што рабіць тым, у каго няма родных ці людзей, якія могуць аказаць дапамогу грашыма ці харчамі?
«Я 8 месяцаў прасядзеў у інтэрнаце бяз працы і, нарэшце, мяне працаўладкавалі. Калі ішоў першы дзень на працы, у мяне ад голаду падкашваліся ногі. Сядзець у інтэрнаце ўвесь час, нічога не рабіць — горш чым у турме адчуваеш сябе», — распавёў мазырскі «хімік» Уладзімер.
Як раней пісала Радыё Свабода, былы палітвязень Юры Рубцоў адбыў на «хіміі» пад Пружанамі амаль паўгоду. На судзе над Юрыем Рубцовым сьведкі-«хімікі» казалі, што зарабляюць усяго па 200-300 тысяч рублёў у мясцовай гаспадарцы і таксама наракалі на тое, што большасьць заробку ў іх адлічаюць на інтэрнат. «Хімія» — гэта выкарыстаньне рабскай працоўнай сілы. Людзей голадам даводзяць да такога стану, калі яны рады працаваць нават не за грошы, а каб далі паесьці», — заяўляў Юры Рубцоў на сваім працэсе, калі яго судзілі за адмову ад працы.
Паводле Юрыя Рубцова «хімікі» рэдка скардзяцца на адміністрацыю, бо за гэта ім пагражаюць новыя рэпрэсіі.