Былы палітвязень Юры Рубцоў заклікаў апазыцыйныя палітычныя сілы ў Беларусі дамовіцца пра байкот выбараў, які разглядае не як самамэту, а як сродак прымусіць улады пайсьці на перамовы аб новых выбарах праз 2 гады.
За гэты пэрыяд улада мусіць даць апазыцыі час на тэлебачаньні, мяркуе Юры Рубцоў. Што ж тычыцца заклікаў да Плошчы, дык чалавек, які публічна патрабаваў ад Лукашэнкі адстаўкі, гэтага не падтрымлівае.
«Ніколі мірны народ ня зможа зрынуць уладу, якую абараняюць узброеныя сілы і міліцыя. Ні ў якім разе ніводная палітычная сіла ня мае права браць удзел у спэктаклі, які называецца выбарамі. Каб браць удзел у выбарах, трэба сама меней 2 гады, падчас якіх апазыцыя будзе дапушчаная на тэлебачаньне, а пакуль гэтага няма. Таксама, каб браць удзел у выбарах, спачатку трэба дамагчыся зьменаў у выбарчы закон, якія б гарантавалі празрыстасьць падліку галасоў. Трэцяя ўмова — трэба адмяніць сыстэму рабскіх працоўных кантрактаў, бо сябры ўчастковых выбарчых камісіяў працуюць па кантрактах і вымушаныя не лічыць галасы, а пісаць тыя лічбы, якія дае ўлада. А пакуль выбараў у нашай краіне няма, і ніякая Плошча ня зможа адолець гэтую сілу, якая захоўваецца ўзброеным войскам і міліцыяй. Тады ўзьнікае пытаньне — а як змагацца, як зьмяніць гэтую ўладу? Адказ — перамовы. Так, перамовы з гэтай уладай. А прымусіць улады сесьці за стол перамоваў магчыма праз байкот выбараў».
Юры Рубцоў выказаў жаль, што некаторыя апазыцыйныя палітыкі, як ён сказаў, «дагэтуль заклікаюць людзей на Плошчу». Паводле Рубцова, гэта заганны і неэфэктыўны шлях, бо нават калі будзе кінуты заклік выйсьці зь віламі, «супроць вілаў выставяць танкі і кулямёты».
Ці варта чым падмацаваць байкот выбараў, які прапануе Юры Рубцоў?
Так, ён раіць зьвярнуцца да міжнароднай супольнасьці, каб у Беларусь не пасылалі назіральнікаў за выбарамі, і праз гэта прымусіць улады адкласьці выбары на 2 гады і ўнесьці зьмены ў выбарчы закон.
«Я хацеў бы, каб мяне пачулі ўсе апазыцыйныя палітыкі», — дадаў Юры Рубцоў.
Паводле былога палітвязьня, адсутнасьць апазыцыі ў тэлевізарах беларусаў прыводзіць да таго, што пра яе дзейнасьць людзі нічога ня ведаюць. «Нават мае суседзі ня ведалі пра тое, за што мяне пакаралі», — дадаў Юры Рубцоў, якога ўлада пачала перасьледаваць пасьля публічнага нашэньня майкі з надпісам «Лукашэнка, сыходзь».
Як канкрэтна ўяўляе сабе Юры Рубцоў прысутнасьць апазыцыі ў «блакітнай тэлевізійнай скрыні»? Можа, гэта мае быць двухгадзінная «прамыўка мазгоў» гледачам, але ўжо з боку апазыцыянэраў, альбо ток-шоў з удзелам вядомых апазыцыянэраў, альбо недзяржаўны тэлеканал?
Пэўна на гэта пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода Юры Рубцоў не адказаў, паабяцаўшы падумаць над магчымымі варыянтамі.