Жэрар Дэпардзьё прынёс прыніжэньне сваёй нацыі, ягоныя ранейшыя заявы пра Пуціна давялося б «запікваць» у эфіры, сказаў у інтэрвію Радыё Свабода трэці прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка, які неаднаразова прымаў францускага актора ў сваім доме.
Ганна Соўсь: У час, калі мы з вамі праводзім інтэрвію, зьявіліся інфармацыя, што Жэрару Дэпардзьё забаранілі на пяць гадоў уезд ва Ўкраіну за антыўкраінскія выказваньні. Некалі актор прыяжджаў ва Ўкраіну, сустракаўся з вамі, гаварылася нават, што вы сябры. Вышыванку ён адзяваў. Усё ў парадку было. Я цяпер вы ацэньваеце антыўкраінскія заявы Дэпардзьё? Як гэта ўсё стасуецца з тым, што было раней?
Віктар Юшчанка: Мне балюча гаварыць, шчыра скажу. Я ня тое што не разумею, што робіць Жэрар апошнія некалькі гадоў. Я быў глыбока перакананы, што ў тых адносінах, якія былі ў мяне зь ім, у маёй сям’і, гэты чалавек правільна клясыфікаваў, хто такі Пуцін. Прычым ён гэта гаварыў дзясяткі разоў. З этычных меркаваньняў я не буду называць ягоныя словы, таму што вы «запікаеце» ў эфіры. Я лічыў, што гэта былі ягоныя перакананьні. І я сёньня не магу ўявіць сілу іншых матываў, якія прымусілі чалавека ў гадах так памыляцца. Я думаю, што ён прынёс прыніжэньне сваёй нацыі тым, што ён зрабіў апошнія два гады ў сваёй прарасейскай ідэнтыфікацыі.
Францзскі актор Жэрар Дэпардзьё неаднаразова наведваў Украіну ў часы прэыздэнцтва Віктара Юшчанкі. У 2007 годзе разам зь сям’ёй Юшчанкаў сустракаў Каляды. Прэса пісала пра сяброўства францускага актора і трэцяга прэзыдэнта Ўкраіны. Дэпардзьё выказваў інтарэс да ўкраінскіх вінаграднікаў у Крыме і Закарпацьці.
Днямі францускаму актору Жэрару Дэпардзье, які атрымаў грамадзянства Расеі і вядомы сваімі антыўкраінскай заявамі, на 5 гадоў забаронены ўезд ва Ўкраіну. «Служба бясьпекі Ўкраіны прыняла рашэньне аб забароне яму ўезду на пяць гадоў на падставе звароту Міністэрства культуры Ўкраіны», — паведаміла прэс-сакратар СБУ Алена Гітлянская. 22 ліпеня грамадзкія актывісты перадалі ў Міністэрства культуры сьпіс 567 дзеячаў культуры з замежжа з патрабаваньнем забараніць прысутнасьць гэтых асобаў у тэлерадыёпрасторы Ўкраіны за іх публічныя антыўкраінскія заявы.
Днямі, пабываўшы ў Беларусі, Дэпардзьё заявіў, што не разумее, чаму ў прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі дрэнная рэпутацыя на Захадзе, а таксама падтрымаў увядзеньне ў Беларусі падатку з дармаедаў.