Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: Сэпаратысты не выконваюць умоваў перамір’я


Украінскі танк каля вёскі Пяскі ў Данецкай вобласьці
Украінскі танк каля вёскі Пяскі ў Данецкай вобласьці

У адказ прадстаўнікі сэпаратыстаў кажуць пра «падрыхтоўку правакацый» з боку ўкраінскіх вайскоўцаў.

Ад пачатку ўвядзеньня рэжыму спыненьня агню сэпаратысты 112 разоў атакавалі сілы «антытэрарыстычнай апэрацыі» (АТА), 88 разоў наносілі ўдары па Дэбальцаве і навакольных паселішчах.

Пра гэта паведаміў прэс-цэнтар АТА раніцай 16 лютага.

«Аналізуючы першыя суткі пасьля пачатку перамір’я, можна сьцьвярджаць: незаконныя ўзброеныя фармаваньні не выконваюць падпісаных пагадненьняў» – заявілі ў штабе АТА.

Паводле згаданага прэс-цэнтру, ад пачатку рэжыму «цішыня» праціўнік 31 раз ужываў рэактыўныя сыстэмы залпавага агню, 4 разы танкі, 56 – артылерыю і мінамёты.

Агенцтва Ройтэрс паведаміла, спасылаючыся на крыніцу ва ўкраінскіх узброеных сілах, што ад пачатку спыненьня агню, якое мелася наступіць ў нуль гадзін 15 лютага, у выніку абстрэлу з боку сэпаратыстаў загінулі чатыры ўкраінскія вайскоўцы, а 21 быў паранены. Пазьней зьявіліся паведамленьні пра прынамсі 5 забітых і 25 параненых вайскоўцаў.

«Нашы вайскоўцы агонь адкрывалі толькі ў адказ» – адзначае прэс-цэнтар АТА.

Тым часам Эдуард Басурын, адзін з вайсковых камандзіраў самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі», заявіў, што ўкраінскія сілавікі рыхтуюць правакацыі ў раёне Арцёмаўска, Міронаўскага і Луганскага, каб абвінаваціць «апалчэнцаў» у зрыве менскіх дамоўленасьцяў.

«Паводле нашых дадзеных, камандаваньне узброенымі сіламі Ўкраіны таемна падцягнула цяжкія артылерыйскія сыстэмы на пазыцыі каля населеных пунктаў Арцёмаўск, Міронаўскі, Сьвятадарскае, Луганскі. Адначасова імі ў перадавых падразьдзяленьнях на ўчастку фронту Арцёмаўск і Валаданскае засяроджана некалькі групаў журналістаў з фота- і відэакамэрамі, у тым ліку замежных СМІ» – сказаў Басурын. Паводле яго, украінскія сілавікі маюць намер «адкрыць агонь, справакаваўшы на дзеяньні ў адказ».

«І зафіксаваць, што мы парушаем менскія дамоўленасьці, і абвінаваціць нас у тым, што мы іх зрываем» – цытуе Басурына расейскае агенцтва «Новости».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG