Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крым наш!» Ну, атрымайце і падпішыцеся!


Дзьмітрый Патапенка
Дзьмітрый Патапенка

Прадпрымальнік Дзьмітрый Патапенка упэўнены, што расейская эканоміка яшчэ шмат гадоў будзе ісьці пад адхон.

Дзьмітрый Патапенка, адзін з заснавальнікаў сеткі расейскіх прадуктовых гіпэрмаркетаў «Пяцёрачка», сёньня кіраўнік кампаніі Management Development Group Inc, мяркуе, што рост коштаў на прадукты харчаваньня забясьпечаны як мінімум на 40%; расейскі вытворца не заменіць імпартнай прадукцыі; і «рускага Майдану» ня будзе.

РС: Прайшло амаль пяць месяцаў з моманту абвяшчэньня эмбарга на прадукты харчаваньня з ЭЗ, ЗША, Канады і Аўстраліі. Кантрабанда квітнее, часьцей за ўсё згадваюць пастаўшчыкоў зь Беларусі, якія спрытна перапакоўваюць тавар пад мясцовага вытворцу, і на расейскіх прылаўках зноў зьяўляюцца тыя ж францускія сыры, польскія яблыкі, вугорскія сьлівы, але з іншага маркіроўкай.

Зьявіліся знакамітыя беларускія крэвэткі і ласось, вельмі нядрэнныя казахстанскія ананасы, пармэзан няблага робяць зноў-такі нашы браты-беларусы

Патапенка: Усё дакладна так (з сарказмам). Зьявіліся знакамітыя беларускія крэвэткі і ласось, вельмі нядрэнныя казахстанскія ананасы, пармэзан няблага робяць зноў-такі нашы браты-беларусы. Сэрбы пачалі вырошчваць нэктарыны, ізраільцяне — у іх таксама нядрэнна пайшлі польскія гатункі яблыкаў плюс марскія прадукты. А яшчэ ў Ізраілі жыта, практычна, закаласавала. Але калі вы ідыёты, чаму людзі не павінны зарабляць? Іншая справа, што за гэта ўсё расейцы плацяць і пераплачваюць! Паколькі ўсе пляскалі ў далоні, што ўра, «Крым наш!», ну, атрымайце і падпішыцеся!

РС: Вы ня раз казалі, што для імпартазамяшчэньня неабходна мінімум пяць гадоў, прыкладам, каб дрэва вырасла і пачало даваць плады. Вы адчулі, каб расейскія фэрмэры неяк заварушыліся, ці ўсе чакаюць, калі адменяць эмбарга і пытаньне вырашыцца само сабой?

Патапенка: Айчынны вытворца не можа заварушыцца ў існуючых эканамічных умовах. Пры такіх дзікіх працэнтах на крэдыты нават марыхуану нявыгадна вырошчваць, ня кажучы пра гераін, нельга займацца прастытуцыяй, сабе даражэй, плюс падаткі, якія нам падвысілі. Нагадаю, ніякага эмбарга яшчэ не было, але падарунак гэтага года — павелічэньне страхавых узносаў на суму, якая перавышае 42 тысячы рублёў. Гэта дазвол любому паліцэйскаму ўзбуджаць крымінальныя справы па падатковых злачынствах, у якіх ён ні храна не разумее, гэта павелічэньне кадастравага кошту і, адпаведна, падатку на нерухомасьць. Гэта самы амаральны, злачынны гандлёвы збор, які плаціцца гамузам за тое, што ты проста адкрыў гандаль, але яшчэ не пачаў гандляваць. І такія эканамічныя злачынствы ажыцьцяўляюць чыноўнікі-мардавароты з экранаў фэдэральных каналаў, я магу тут памнажаць прыклады. Яны робяць гэта цягам апошніх 25 гадоў!

РС: Ці можаце сказаць, якія прадукты рэзка падаражэюць у новым годзе, а якія не адразу, але паступова?

Патапенка: Прадукты, якія хутка псуюцца, падаражэюць хутчэй, чым прадукты доўгага захоўваньня, але сутнасьць у іншым. У студзені-лютым пачне адыгрывацца курс даляра і эўра. Цяпер адыгрываюцца гэтыя «санкцыйныя гісторыі». Я свой прагноз не мяняю. Нагадаю, што артыкул «Да канца наступнага году ўсе мы зьбяднеем адсоткаў на 40» я напісаў яшчэ ў траўні, тады не было размовы ні пра санкцыі, ні пра эмбарга, ні пра «чорны аўторак». Па-ранейшаму прытрымліваюся таго, што ў расейцаў як мінімум 40 адсоткаў проста забяруць з кішэні. Іх абрабуюць! Калі б штучна створанага нашымі ўладамі, абсалютна злачыннага крызысу не было, яго трэба было прыдумаць.

РС: Фэдэральная антыманапольная служба можа ўмяшацца ў сытуацыю і замарозіць цэны на прадукты? Ці былі такія прыклады?

Патапенка: Тэхнічна паводле закону можа. Але як толькі яна гэта зробіць, адбудзецца тое ж, што адбылося на аптэчным рынку, на рынку лекавых прэпаратаў. Усе танныя прэпараты былі вымытыя абсалютна, больш за тое, там прысутнічае рэгуляваньне, жорсткае рэгуляваньне цэн. Я выступаў на канфэрэнцыі якраз сярод вытворцаў мэдыкамэнтаў, і яны ў адкрытую, у адрозьненьне ад прадстаўнікоў астатніх галінаў, лаюць Міністэрства аховы здароўя, прычым абсалютна абгрунтавана. Пры ўсіх лёзунгах пра імпартазамяшчэньне падтрымліваюцца выключна буйныя транснацыянальныя карпарацыі, якія вырабляюць лекі, і толькі яны займаюць у нас ільвіную долю рынку. Таму, як толькі Фэдэральная антыманапольная служба ці іншае ведамства пачне рэгуляваць цэны, гэта прывядзе да поўнай адсутнасьці айчыннай прадукцыі, якая цяпер на прадуктовым рынку дыхае на ладан, і да замены прадуктаў на лёзунгі.

РС: Ваш сябар і партнэр, фэрмэр Павел Грудзінін лічыць, што ўлады адменяць эмбарга?

Я ўжо гавару ня першы год, у любой дзяржаўнай установе можна транспарант вывесіць: «Так, мы афігелі, ну і што? І што вы зробіце? Нічога вы не зробіце!»

Патапенка: Вельмі на гэта спадзяюся, але веру зь цяжкасьцю. Пры любой канфрантацыі ва ўладаў, у заканадаўцаў будзе заробак 400 тысяч рублёў і бутэрброд з ікрой ў Дзярждуме за 26 рублёў. Пры гэтым пад азадкам «Аўдзі А8», кіроўца, сакратарка, офіс, яго зарплата — гэта амаль чысты прыбытак. Сёньня яны рэальна могуць ставіць над грамадзянамі экспэрымэнты, як над трусамі. Цынізм абсалютны! Я ўжо гавару ня першы год, у любой дзяржаўнай установе можна транспарант вывесіць: «Так, мы афігелі, ну і што? І што вы зробіце? Нічога вы не зробіце!»

РС: Ці правільна я зразумеў, абывацель будзе плаціць больш, трываць і жыць далей?

Цяпер ворагі для грамадзян — гэта сусьветная закуліса, ЗША, Эўропа, а калі скончацца зьнешнія ворагі, зьявіцца ўнутраны — гандаль

Патапенка: Больш за тое, ён будзе такіх прадпрымальнікаў, як я, і фэрмэраў, як Грудзінін, лічыць вылюдкамі, але мяне больш . Улада будзе даказваць, што яна не вінаватая, ёй трэба знайсьці ворага. Цяпер ворагі для грамадзян — гэта сусьветная закуліса, ЗША, Эўропа, а калі скончацца зьнешнія ворагі, зьявіцца ўнутраны — гандаль. У падаражаньні коштаў у нас традыцыйна вінаваты умоўна раздробны гандаль, сеткавы, ня сеткавы, ня мае значэньня. Усё — барыгі і спэкулянты! Гэта ўкараняецца ў сьвядомасьць сто гадоў.

РС: На што вы намякаеце?

Патапенка: Пры любой рэвалюцыі громяць заўсёды крамы. Паверце мне, я не пацан са сталёвымі яйкамі, я выдатна разумею, што першымі паляць крамы, дзе б гэта ні адбывалася.

РС: І што, чамадан — вакзал — Эўропа?

Патапенка: Так, чамадан — вакзал — Эўропа. Для ўсіх! І для мяне, і для Грудзініна. У мяне будуць паліць крамы, у Грудзініна трактары, дамы, спаляць парк, вось гэты прыгожы дзіцячы сад, падобны на казачны замак, які ён пабудаваў у саўгасе. Тут будуць каго-небудзь вешаць. Я вывучаў гісторыю 1917 года. Я заўсёды кажу, любая рэвалюцыя — гэта бандытызм. Але ня кожны бандытызм — гэта рэвалюцыя.

РС: Які выхад з гэтага?

Патапенка: Калі вы хочаце атрымаць нейкую падтрымку ад дзяржавы, не трэба ў яе прасіць грошай, таму што яны іх паміж сабой расьпіляць. Трэба, каб было падатковае вызваленьне. У сельскагаспадарчых вытворцаў не павінна быць ніякіх падаткаў! Яны самі выжывуць, да іх прыйдуць самі інвэстары, яны будуць разумець, што гэта выгадны сэктар ўкладаньня грошай. Таму на сёньняшні дзень слова «адказнасьць» няма, трэба будзе паказаць ворага, а вораг у нас заўсёды адзін — гандаль.

У Ленінградзкай вобласьці, у якой самая вялікая канцэнтрацыя розьнічнага гандлю і вытворцаў, людзі эшалёнамі ходзяць у «Фінку». Народ купляе фінскія прадукты. Можа быць, ня вельмі патрыятычна, але сумленна!

РС: Згодна з апытаньнямі, народ аддае перавагу айчынным прадуктам перад імпартнымі. Для вас як для рэтэйлера мае значэньне, што прадаваць, сваё ці чужое? Як наконт патрыятызму?

Патапенка: Калі гэта лайно айчыннага разьліву, я не буду ім гандляваць, хай ім гандлюе хто-небудзь іншы. Вызначае ўсе наш спажывец, а ён паказвае ўсе нагамі і грашыма. У Ленінградзкай вобласьці, у якой самая вялікая канцэнтрацыя розьнічнага гандлю і вытворцаў, людзі эшалёнамі ходзяць у «Фінку» [крама тавараў з Фінляндыі — заўвага рэд.]. Народ купляе фінскія прадукты. Можа быць, ня вельмі патрыятычна, але сумленна! Значыць, наш айчынны прадукт, які прысутнічае і ў розьнічных сетках Санкт-Пецярбурга і Ленінградзкай вобласьці — горшы, гэта трэба прызнаць.

РС: Калі адкінуць эмацыйныя моманты, расейскі бізнэс прайшоў праз 90-е, празь некалькі крызысаў. Можа, выкруціцца і на гэты раз?

Патапенка: Эканоміка будзе ісьці ў бліжэйшыя пяць-сем гадоў пад адхон. Гэта ня дрэнна і ня добра. Зь іншага боку, канкурэнцыя яшчэ досыць малая, у краіне можна разьвівацца, зарабляць грошы. І там: чамадан — вакзал — Парыж, гэта будзе толькі ў той момант, калі на вуліцах зьявяцца танкі. А да таго часу, пакуль эканоміка падае, я заўсёды кажу, і даю гэтую фразу ўсім прадпрымальнікам у падарунак: бізнэсмэнам можа называцца толькі той, хто ўмее зарабляць на рынку, які стрымгалоў падае.

Цалкам інтэрвію чытайце тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG