Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Барак Абама падпісаў указ аб увядзеньні санкцыяў супраць Крыму.
Згодна з указам, поўны тэкст якога апублікаваны на сайце міністэрства фінансаў ЗША, забараняецца экспарт амэрыканскіх тавараў, тэхналёгій і паслуг у Крым. Забараняюцца таксама амэрыканскія інвэстыцыі ў Крым ды імпарт тавараў і паслуг адтуль. Як гаворыцца ў апублікаванай Белым домам заяве прэзыдэнта Абамы, гэтыя захады прымаюцца з мэтай пацьвердзіць пазыцыю ЗША, якая заключаецца ў тым, што яны не прызнаюць далучэньня Крыму да Расеі. «Я зноў заклікаю Расею спыніць акупацыю і спробы анэксіі Крыму, спыніць падтрымку сэпаратыстаў ва ўсходняй Ўкраіне і выконваць свае абавязальніцтвы ў адпаведнасьці з дамовамі ў Менску», — гаворыцца ў заяве Барака Абамы.
Указам прэзыдэнта даецца права міністэрству фінансаў ЗША ўжываць санкцыі супраць тых прыватных асобаў і арганізацый у Крыме, якія з пункту гледжаньня ўраду ЗША спрыялі дэстабілізацыі становішча ва Ўкраіне.
Па дадзеных міністэрства фінансаў, у санкцыйных сьпіс у агульнай складанасьці трапілі 24 грамадзяніны Расеі і Ўкраіны і некалькі кампаній, у тым ліку інвэстыцыйная фірма Marshall Capital Partners, на чале якой стаіць расейскі бізнэсмэн Канстанцін Малафееў. У сьпіс таксама ўключаныя байкерскі клюб «Начныя ваўкі» і партыя «Наваросіі».