31 кастрычніка ў Менск прыбываюць дэлегаты так званага XXXV зьезду Саюзу камуністычных партыяў — Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу (СКП-КПСС).
Заяўлена, што сярод удзельнікаў партыйнага форуму, які пройдзе 1 лістапада, будуць старшыня КПРФ Генадзь Зюганаў, кіраўнікі кампартыяў Украіны і Малдовы Пятро Сіманенка ды Ўладзімер Варонін. Дэлегацыю Беларусі ачольвае першы сакратар ЦК КПБ, намесьнік старшыні Менскага гарвыканкаму Ігар Карпенка.
Стваральнікі СКП-КПСС прадстаўляюць сябе як «добраахвотную непалітычную міжнародную грамадзкую фэдэрацыю камуністычных партыяў на постсавецкай прасторы». Такіх партыяў знайшлося 18. Перад распадам СССР саюзных рэспублік было 15, але цяпер у фэдэрацыю «падцягнулі» яшчэ камуністаў зь непрызнаных бальшынёй краінаў сьвету Прыднястроўя, Абхазіі, Паўднёвай Асэтыі.
Кіруе імі галоўны камуніст на постсавецкай прасторы Генадзь Зюганаў. Ён ачольвае «грамадзкую фэдэрацыю» з 2001 году.
Папярэдні зьезд праходзіў чатыры гады таму ў Маскве. Чаму цяпер камуністы зьбіраюцца ў Менску? Арганізатары тлумачаць гэта так: «XXXV зьезд СКП-КПСС — юбілейны. А менавіта ў Менску адбыўся першы зьезд РСДРП (Расейскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі). Таму ў гонар юбілею і было вырашана, што зьезд вернецца ў гэты цудоўны горад».
Лідэр беларускіх камуністаў Ігар Карпенка лічыць, што для Менску «гэта ганаровае і адказнае даручэньне — прымаць такі аўтарытэтны форум камуністаў з краін постсавецкай прасторы».
Гісторык жа Ігар Кузьняцоў уважае, што для беларускай сталіцы гэта ганьба:
«Ужо сёмы раз беларуская грамадзкасьць, у адрозьненьне ад дзяржаўных структураў, адзначае Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Гэты дзень зьвязаны з драматычнымі падзеямі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году, калі НКВД у Менску расстраляла 132 відных прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. І вось уявіце: на тле Дзядоў і Дня памяці праходзіць зьезд камуністаў. Гэта свайго роду выклік грамадзтву — перамогу адзначаюць патомкі тых, хто зьніштажаў нашых суайчыньнікаў у 20–50-я гады мінулага стагодзьдзя».
Настрой, зь якім сустракаюць камуністычны зьезд яго прыхільнікі, відаць з анонсу на іхнім афіцыйным сайце:
«Юбілейны зьезд зьяўляецца галоўнай палітычнай падзеяй для ўсіх пасьлядоўнікаў бесьсьмяротных ідэяў Кастрычніка. 1 лістапада ў Менску сустрэнуцца тыя, каму не абыякавая будучыня брацкіх народаў, тыя, хто верыць у аб’яднаньне брацкіх рэспублік і стварэньне новага саюзу».
«Хоць гэтыя людзі і ўжываюць слова „будучыня“, рэальнай будучыні ў іх няма», — кажа гісторык Анатоль Сідарэвіч:
«Я зьдзівіўся, калі пачуў пра гэты форум. Хочацца спытацца ў арганізатараў такіх зьездаў: чаму гэта я, гісторык, які пільна сочыць за палітычным жыцьцём, не заўважыў такіх „эпахальных“ падзеяў?!
Бальшавізм узьнік на пэўнай глебе. Гэтаксама як, напрыклад, нацызм у Нямеччыне альбо фашызм у Італіі. І заўсёды будуць існаваць нейкія рудымэнты — і нацызму, і фашызму, і бальшавізму. Атавізмы гэтых палітычных плыняў будуць існаваць. І ўжо залежыць ад грамадзтва, наколькі яны дадуць гэтым элемэнтам разьвіцца і стаць сур’ёзнай палітычнай сілай.
Я думаю, што ў іх няма пэрспэктываў. Камунізм, асабліва ў форме бальшавізму, сябе ўжо даўно дыскрэдытаваў. Будучыні ў яго няма. І таму ў Менску зьбіраюцца людзі ўчорашняга дня».
Ня бачыць пэрспэктываў у камуністаў і намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі Яўген Крыжаноўскі. У размове са Свабодай ён адзначыў:
«Гэта была самая рэвалюцыйная партыя. Людзі ішлі ў бой з партбілетамі ля сэрца. Гэтыя білеты прабівалі кулі. А пасьля, калі развальваўся Савецкі Саюз, ніводзін, я падкрэсьліваю, ніводзін камуніст ня ўзяў у рукі зброю, не пайшоў абараняць СССР і сваю партыю. Гэтая партыя ператварылася з баявой у партыю баязьліўцаў.
Сёньня, і гэта ўсе ведаюць, мы будуем капіталізм. Тады чаму ж камуністы не ствараюць узброеных атрадаў, чаму сядзяць як мышкі ў норцы?
У камуністаў амаль няма моладзі. Дык пра якія пэрспэктывы яны гавораць?!»
Яўген Крыжаноўскі кажа, што ніколі не ўваходзіў у КПСС:
«Я працаваў у Купалаўскім тэатры. А гэта ж — нацыянальны, прыдворны тэатар. І мне прапанавалі ўступіць у партыю. А я ведаў, што ніводзін вялікі актор альбо рэжысэр туды добраахвотна не ішоў. А вельмі многія наагул былі беспартыйнымі. У тым ліку і наш галоўны рэжысэр Раеўскі. І кожны раз, калі яго прымушалі, ён казаў: я яшчэ не сасьпеў.
Пэўны час я карыстаўся рэцэптам ад нашага галоўнага. А калі адкруціцца ўжо не выходзіла і на партыйным сходзе мяне хацелі прыняць у партыю, я, шчыра прызнаюся, тады не знайшоў нічога лепшага, як моцна напіцца. І ў такім стане прыйсьці на сход. І, вядома, мне сказалі: «Вон з нашых шэрагаў, вон!»
Пра тое, у якім будынку пройдзе зьезд СКП-КПСС, дзе будуць пражываць яго дэлегаты, партыйныя функцыянэры маўчаць. Пакуль толькі вядома, што «ў рамках мерапрыемства дэлегаты ўскладуць кошыкі з кветкамі да стэлы „Менск — горад-герой“».
Афіцыйна апошнім зьездам КПСС лічыцца 28 зьезд, які праходзіў у 1990 годзе. Пасьля путчу ГКЧП у 1991 годзе КПСС была ліквідаваная.