Тым часам акруговы адміністрацыйны суд Кіева сёньня пачынае разгляд справы паводле пазову Міністэрства юстыцыі Ўкраіны да «Камуністычнай партыі Ўкраіны». Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт міністэрства.
Мін’юст Украіны 8 ліпеня зьвярнуўся ў суд з пазовам аб забароне дзейнасьці гэтай партыі. Паводле інфармацыі міністра юстыцыі Паўла Пятрэнкі, доказная база супрацьпраўнай дзейнасьці КПУ складае 129 старонак, яна ўтрымлівае відэа- і аўдыёматэрыялы.
Міністар паведаміў, што сабраныя факты сьведчаць пра садзейнічаньне прадстаўнікоў КПУ акупацыі Крыму Расеяй, пра іх датычнасьць да паставак зброі і фінансаваньня баевікоў на ўсходзе Ўкраіны, а таксама да правядзеньня сэпаратысцкіх рэфэрэндумаў у Луганскай і Данецкай абласьцях.
Лідэр камуністаў Пятро Сіманенка назваў спробу забараніць КПУ «цемрашальствам і барацьбой супраць іншадумства».
Учора Пятра Сіманенку выштурхалі з сэсійнай залі Вярхоўнай Рады, за ім пайшлі ўсе іншыя прадстаўнікі фракцыі КПУ.
24 ліпеня ў афіцыйным друкаваным органе Вярхоўнай Рады «Голас Украіны» абнародуюць прыняты раней большасьцю дэпутатаў і падпісаны прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам закон, які дазваляе распускаць парлямэнцкія фракцыі пры пэўных умовах.
З гэтага часу «дэпутацкая фракцыя (дэпутацкая група), склад якой стаў меншым за мінімальную колькасьці дэпутатаў, устаноўленую рэглямэнтам, праз 15 дзён пасьля дня наступленьня такога факту аб’яўляецца старшынёй Вярхоўнай Рады распушчанай», — гаворыцца ў законе.