Былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш і яго жонка Барбара адзначылі 69 гадавіну вясельля . Па словах прадстаўніка Буша Джыма Макграта, былы прэзыдэнт і першая лэдзі адзначылі гэтую дату ў сябе дома ў Тэхасе. Барбара Буш, якой 88 гадоў, у мінулыя выхадныя дні была выпісана з бальніцы, куды яна шэсьць дзён таму была шпіталізавана з пнэўманіяй, перадае вашынгтонскі карэспандэнт Радыё Свабода.
Джордж Буш пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай на школьных танцах, калі яму было ўсяго шаснаццаць гадоў. Праз паўтара года яны заручыліся, але будучага прэзыдэнта прызвалі ў войска, і ён адправіўся на фронт. У 1944 годзе самалёт, які ён пілятаваў, быў зьбіты ў баі над Ціхім акіянам. Неўзабаве пасьля гэтага яго дэмабілізавалі. 6 студзеня 1945 года будучы прэзыдэнт і першая лэдзі ЗША ўзялі шлюб у штаце Нью-Ёрк.
У пары Бушаў шасьцёра дзяцей. Старэйшы зь іх Джордж Уокэр Буш быў прэзыдэнтам ЗША з 2001 па 2009 год. Дачка Бушаў Палін памерла ў 1953 годзе ва ўзросьце 4 гадоў.
Шлюб Бушаў зьяўляецца самым доўгім шлюбам кіраўніка дзяржавы ў гісторыі ЗША.