Гаворачы па-беларуску, пры формах вышэйшай ступенi параўнаньня прыметнiкаў i прыслоўяў трэба ўжываць канструкцыi з прыназоўнiкам. Найчасьцей гэта прыназоўнiк за. Мы звычайна кажам: ня бачылiся больш за месяц, кот меншы за сабаку, зрабiлi раней за вызначаны тэрмiн. Радзей побач з названай ужываецца ў лiтаратурным маўленьнi канструкцыя з прыназоўнiкам ад: мацней ад грому, глыбейшы ад акiяну. Ёсьць яшчэ ў тым самым значэньнi рэдкiя цяпер беларускiя злучэньнi з словам над: прыкладам, разумнейшы над яго. “Над яго работу лепшай ня знойдзеш” , – гэты сказ я выпiсаў з слоўнiка Янкi Станкевiча. Нароўнi з памянёнымi канструкцыямi цалкам натуральныя ў мове й параўнальныя звароты. Можам сказаць: больш за палову; больш, як палова; больш, чым палова.
Савецкiм часам зьявiлася ў беларускай мове крыху падпраўленае расiйскае злучэньне больш таго. З граматычнага ладу нашае мовы яно выбiваецца, таму варта на яго месцы ўжываць беларускiя адпаведнiкi: больш за тое, яшчэ больш або мала таго. І яшчэ адно пытаньне. На дварэ 20 градусаў вышэй нуля цi ўсё ж вышэй за нуль? Пры сыстэмным падыходзе да нормаў мовы i ў гэтым выпадку перавагу трэба аддаць прыназоўнiкавай канструкцыi. Скажам: на тэрмомэтры – дваццаць градусаў вышэй за нуль або дваццаць вышэй ад нуля.
Вышэйшая ступень параўнаньня прыметнiка або прыслоўя павiнна быць для нас сыгналам на тое, каб скарыстаць канструкцыю з прыназоўнiкам або параўнальны зварот. Гаворым правiльна: удзел у выбарах узяла больш як палова грамадзянаў краiны, тэмпэратура паветра вышэйшая за норму, праўда даражэйшая за золата.