Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПРЫМУСЯЦЬ ПРЭЗЫДЭНТА ЛІТВЫ ПАЙСЬЦІ Ў АДСТАЎКУ?


Тацяна Поклад, Вільня

Парляманцкая камісія, якая праводзіць дасьледваньне, названая «Камісія па дасьледваньні магчымай небясьпекі нацыянальнай бясьпекі.» У цэнтры дасьледваньня апынуўся прэзыдэнт Літвы Раландас Паксас і ягонае атачэньне. Дараднікі прэзыдэнта, якіх закранула дасьледаваньне, ўжо падалі у адстаўку. У панядзелак у парляманце апытваўся і сам прэзыдэнт. Паседжаньні камісіі праводзяцца адкрыта, іх наўпрост трансьлююць тэлевізія і радыё.

На падставе дакумэнтаў, запісаў тэлефонных размоваў і апытаньняў выяўленыя парушэньні у фінансаваньні перадвыбарчай кампаніі Паксаса, а таксама сувязі прэзэдэнтуры са злачыннымі групоўкамі, у прыватнасьці з былым віцэ-прэзыдэнтам «Асацыяцыі ХХІ стагодзьдзе», цяперашнім дараднікам г.зв. расейска-беларускага саюзу Анзора Кікалашвілі-Аксенцьевым, які прызнаны пэрсонай нон-грата у Літве.

Учора віцэ-сьпікэр Сойму Артурас Скарджус паведаміў, што цяперашняя парляманцкая дасьледчая камісія сабрала “дастаткова інфармацыі” дзеля стварэньня камісіі па абвінавачаньні прэзыдэнта. У Літве буйнейшыя парляманцкія фракцыі пачалі рыхтавацца да працэсу абвінавачаньня прэзыдэнта Раландаса Паксаса.

На паседжаньнях буйнейшых апазыцыйных фракцыяў лібэралаў і цэнтрыстаў ужо абмяркоўвалася, як можа разьвівацца палітычная сытуацыя у выпадку прымусовай адстаўкі прэзыдэнта і новых прэзыдэнцкіх выбараў.

Сябры абедзьвух фракцыяў ня маюць сумлеваў, што высновы дасьледчай камісіі Сойму дадуць падставы дзеля працэдуры абвінавачаньня прэзыдэнта. Сябры кіруючай парляманцкай сацыял-дэмакратычнай фракцыі азнаёмленыя з тэхнічнымі аспэктамі працэдуры абвінавачаньня. Калі пасьля высноваў камісіі пачнецца працэдура абвінавачаньня, трэба будзе зьбіраць подпісы парлямантароў, стварыць новую камісію, і пасьля судовага працэсу у Сойме мае адбыцца галасаваньне. Прэзыдэнт будзе змушаны да адстаўкі, калі за гэта прагаласуе ня менш за 85% сябраў Сойму.

Ці магчыма падобнае разьвіцьцё сытуацыі у Беларусі у выпадку абвінавачваньняў у адрас Лукашэнкі? Тое, што магчыма пры цяперашнім узроўні дэмакратыі у Літве, як мяркуюць, у Беларусі немагчыма наагул. Аналітык Літоўскага грамадзкага цэнтру “За дэмакратыю для Беларусі” Алег Аблажэй:

(Аблажэй: ) “Дакладней, гэта было б магчыма, але проста пра гэта ніхто б і не даведаўся. У Беларусі б гэта ўсё проста было б схавана пад дыван, і пра гэта ніхто не даведаўся б.”

У цяперашнім парляманцкім дасьледваньні злачынных сувязяў прэзыдэнтуры час ад часу ўзгадваецца і Беларусь. У сёньняшнім парляманцкім апытаньні згадваліся факты злоўжываньняў работнікаў прэзыдэнтуры у камэрцыйнай дзейнасьці, злучанай з гандлёвымі дачыненьнямі зь беларускімі кампаніямі.

У прыватнасьці, гэта тычыцца дарадніка прэзыдэнта па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Рэмігіюса Ачаса, якога абвінавачваюць у ліку іншага і ў махінацыях з транспартным гандлем празь беларуска-літоўскія мытні.

Цяперашняя сытуацыя з прэзыдэнтам выклікае асацыяцыі з суседняй Беларусьсю. На сёньняшнім парляманцкім паседжаньні гучалі параўнаньні паводзінаў Р. Паксаса з А. Лукашэнкам. Учора Літоўская нацыянальная тэлевізія паказвала дакумэнтальны фільм Юрыя Хашчавацкага “Звычайны прэзыдэнт”.

Ці можна вызначыць падабенства літоўскага прэзыдэнта і А. Лукашэнкі? Аналітык Літоўскага грамадзкага цэнтру “За дэмакратыю для Беларусі” Алег Аблажэй:

(Аблажэй: ) “Тут настолькі розная агульная сытуацыя і характар гэтых двух людзей, што практычна ніякага падабенства няма. У Варшаве на сустрэчы з прэзыдэнтам Квасьнеўскім Р. Паксас на пытаньне, ці не зьбіраецца ён у адстаўку, сказаў: “Мяне выбіралі не палітыкі, не партыі, а народ, і я ў адстаўку ня зьбіраюся”. Пад гэтай фразай мог бы падпісацца і А. Лукашэнка.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG